Вы тут

Якія задачы ўскладзены на новы дзяржаўны школьны стандарт


Дзяржаўны школьны стандарт пачаў дзейнічаць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з 1 верасня.


Фота Лізаветы Голад.

Даручэнне распрацаваць дакумент, у якім будуць замацаваны дакладныя патрабаванні — пачынаючы ад арганізацыі ўрока, захавання школьнага этыкету і заканчваючы знешнім выглядам вучня і настаўніка, — было дадзена кіраўніком дзяржавы на Рэспубліканскім педагагічным савеце ў 2021 годзе. Школьны стандарт быў распрацаваны на падставе палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона «Аб правах дзіцяці», Кодэкса аб адукацыі і не толькі.

Яго мэта — умацаваць дысцыпліну і правапарадак у школе, стварыць бяспечныя ўмовы знаходжання вучняў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі, эфектыўнасць адукацыйнага працэсу і якасць агульнай сярэдняй адукацыі.

У дакуменце гаворыцца аб паўнамоцтвах і абавязках устаноў адукацыі, аб патрабаваннях да ўмоў рэалізацыі адукацыйных праграм, аб арганізацыі прапускнога рэжыму ў школах. Асобна прапісаны правы і абавязкі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, занатаваныя правілы карыстання мабільнымі тэлефонамі, вызначаны віды заахвочванняў і дысцыплінарная адказнасць вучняў. У прыватнасці, падчас заняткаў гаджэты павінны знаходзіцца ў бязгучным рэжыме ў спецыяльнай каробцы, якая ёсць у кожным класе. У перапынках паміж урокамі карыстацца мабільнымі сродкамі дазволена для аператыўнай сувязі з бацькамі і іншымі блізкімі сваякамі толькі ў выпадках вострай неабходнасці. За парушэнне гэтага правіла кіраўнік установы адукацыі можа накладаць на вучня спагнанне.

— Узаемаадносіны ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу (навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў, педагогаў) рэгламентуюцца ў стандарце праз вызначэнне іх правоў і абавязкаў. Стандарт у якасці ключавога права кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу вызначае павагу гонару, чалавечай годнасці і правоў. Гэта адносіцца да навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў і педагогаў. Рэалізацыя дадзенага права, на мой погляд, магчымая толькі тады, калі кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу строга выконвае свае абавязкі. Абавязкі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу вызначаны ў адпаведных раздзелах стандарту, — падкрэслівае дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук. — У абавязкі навучэнцам, напрыклад, ставіцца захаванне статуту ўстановы адукацыі, выкананне правіл унутранага распарадку і патрабаванняў адміністрацыі і педагогаў.

У час заняткаў навучэнцы павінны знаходзіцца ў школе, пакідаць тэрыторыю ўстановы адукацыі ў гэты час можна толькі з дазволу класнага кіраўніка або дзяжурнага адміністратара. Вучні павінны загадзя папярэдзіць класнага кіраўніка аб запланаваным наведванні арганізацыі аховы здароўя або іншай прычыне сваёй адсутнасці на ўроках. Навучэнцы абавязаны добрасумленна ставіцца да вучобы, своечасова і якасна выконваць дамашнія заданні, наведваць класныя і інфармацыйныя гадзіны, удзельнічаць у грамадска карыснай працы. Вучням забараняецца ва ўстанове адукацыі і на яе тэрыторыі курыць, выкарыстоўваць нецэнзурныя выразы, парушаць дысцыпліну падчас адукацыйнага працэсу.

Стандарт рэгламентуе правілы паводзін вучняў падчас урока, на перапынку, у сталовай, у спартыўнай зале і гардэробе. Так, напрыклад, навучэнцу трэба заняць сваё месца ў кабінеце не пазней чым за пяць хвілін да пачатку ўрока. Калі спазніўся, трэба растлумачыць педагогу прычыну. Калі пры напісанні кантрольных і самастойных работ навучэнец парушае ўстаноўленыя настаўнікам правілы, педагог мае права забраць у парушальніка работу і ацаніць толькі тую яе частку, якая была выканана ў адпаведнасці з правіламі.

Сярод абавязкаў бацькоў навучэнцаў — стварэнне неабходных умоў для паўнацэннага развіцця, выхавання, умацавання здароўя дзіцяці, падрыхтоўка іх да самастойнага жыцця ў сям'і і грамадстве. Бацькі абавязаны забяспечваць выкананне іх дзецьмі патрабаванняў устаноўчых дакументаў і правіл унутранага распарадку для вучняў.

Што датычыцца кадравага забеспячэння, то ўстановы адукацыі павінны быць укамплектаваны кваліфікаванымі педагагічнымі работнікамі. Стандарт абавязвае ажыццяўляць павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў не радзей як адзін раз на тры гады. Настаўнікі, у сваю чаргу, абавязаны ажыццяўляць сваю дзейнасць на прафесійным узроўні, які забяспечвае рэалізацыю адукацыйных праграм і праграм выхавання. Яны павінны захоўваць прававыя, маральныя і этычныя нормы, павышаць свой прафесійны ўзровень, праходзіць атэстацыю, прапагандаваць здаровы лад жыцця сярод вучняў. Валянціна Гінчук нагадала, што ў сваёй дзейнасці педагагічныя работнікі кіруюцца, акрамя Дзяржаўнага школьнага стандарту, Правіламі педагагічных работнікаў, якія таксама ўступілі ў дзеянне ў новым навучальным годзе.

Падрабязней азнаёміцца са зместам Дзяржаўнага школьнага стандарту можна на сайце Міністэрства адукацыі, нацыянальным адукацыйным партале і сайтах устаноў адукацыі. Стандарт абавязковы для прымянення ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.