Вы тут

З кнігі «Сэлфі з часам»


Трымаю ў руках кніжку вершаў Міколы Шабовіча «Пад маміным крылом» з дарчым надпісам і са скрухай успамінаю нашу апошнюю размову, калі Мікола ляжаў у бальніцы.


Дакладней, нават не размову, а мае разгубленыя словы: «Мікола, калі ласка, трымайся!» і яго слабы голас у адказ: «Дзякуй, Навуме, пастараюся!»

Не змог... Гэта было так нечакана і вусцішна, бо Мікола, заўсёды бадзёры, шумлівы, здаецца, зусім нядаўна перад гэтым чытаў мне па тэлефоне свае пераклады на рускую маіх вершаў, якія ён добра ведаў у арыгінале.

Ён дэкламаваў мне ў слухаўку іх па меры чарговага перакладу, і яго звонок мог нечакана заспець мяне і на працы, і дома, і ўдзень, і ўвечары.

І ў жыцці, і па тэлефоне мы пагаварылі нямала.

Памятаю, як, пачуўшы мой голас, жонка гучна клікала яго з суседняга пакоя:

— Ідзі, зноў табе твой Гальпяровіч тэлефануе.

Мікола... Колькі разоў ён клікаў мяне з сабой у сяброўскія кампаніі, колькі разоў мы выступалі разам у самых розных аўдыторыях, колькі разоў гулялі па вуліцах нашага горада, колькі песень праспявалі ў час такіх праходак!..

Гэта ў апошнія гады, так сталася, мы бачыліся радзей, і Мікола шчодра дзяліў запас сваёй дабрыні і энергіі з Дзімам Пятровічам, чый сыход перажываў вельмі балюча.

Але сувязі нашы не перарываліся, і, хоць мы бачыліся радзей, тэлефон да­ваў магчымасць часта быць разам.

Я шмат разоў запрашаў яго на свае перадачы, але Мікола заўсёды адмаўляўся, спасылаючыся на тое, што баіцца мікрафона. Затое мог сам патэлефанаваць і прапанаваць чарговую кандыдатуру на перадачу — маладую паэтэсу, барда. Ён любіў дапамагаць маладым творцам, і многія ўдзячна лічаць яго сваім духоўным настаўнікам.

А пазнаёміў нас незабыўны Алесь Пісьмянкоў падчас свайго рэдактарства ў «ЛіМе»:

— Прыходзь, сёння цябе з адным прафесарам пазнаёмлю.

«Прафесарам» аказаўся якраз Мікола Шабовіч, які прынёс у рэдакцыю свае новыя вершы. Зрэшты, «прафесарам» Пісьмянкоў называў яго заўсёды.

Памятаю, падчас той сустрэчы мы, а да нас далучыўся таксама і Віктар Шніп, склалі з некалькіх вершаў падборку, якую Алесь назваў «Маладое лета», і якая неўзабаве з’явілася на старонках штотыднёвіка.

А праз нейкі час ужо Мікола запрасіў мяне на творчую сустрэчу са сваімі сту­дэнтамі, і я стаў з яго лёгкай рукі даволі частым госцем у студэнцкіх аўдыторы­ях, пазнаёміўся з многімі цудоўнымі ўніверсітэцкімі выкладчыкамі роднай мовы.

Ён тады рыхтаваўся да абароны дысертацыі. Мы ўжо даволі блізка таварышавалі, а абарона ўсё адкладвалася. Мікола чамусьці дужа хваляваўся, нават баяўся, і амаль перад самай вызначанай датай абароны заявіў:

— Усё! Не пайду на абарону, рашыў канчаткова.

Доўга ўгаворваў яго тады і паабяцаў, што буду з ім сярод прыхільнікаў пад час абароны.

І ўсё, дзякуй богу, прайшло выдатна, і я адным з першых віншаваў сябра з тым, што ён стаў кандыдатам навук.

Мікола ўвогуле быў у нечым падобны на дарослае дзіця. І сваімі перажываннямі, і вось гэтай няўпэўненасцю, і нават бояззю дактароў, тэлекамер, хаця, здавалася ўсім, ён такі зухаваты, рашучы, смелы.

І дзіцячасць гэтая праяўлялася ў адносінах да маці. Нездарма яго апошняя кніга носіць назву «Пад маміным крылом». Ён заўсёды думаў пра маму, увесь летні выкладчыцкі адпачынак праводзіў у роднай вёсцы, у мамы. Касіў, палоў, рабіў усё па гаспадарцы.

Ён не любіў дрэнных навін, не любіў сварыцца і часам нават пазбягаў вострых размоў, бо яго ўнутраная дабрыня патрабавала светлага, прыгожага, вясёлага.

Усе, хто яго ведаў, скажуць, што ён быў душой любой кампаніі, сыпаў жартамі, а я ведаў, што за гэтай знешняй весялосцю і адкрытасцю хавалася чуй­ная тонкая душа, як і належыць паэту. Таму так многа ў яго вершаў пра кахан­не, пра пяшчоту.

Мікола…

Шмат гадоў я віншаваў яго ў студзені, чацвёртага, у дзень святога Міколы, з яго ўласным днём нараджэння.

Адзін толькі раз, даўно, закруціўся і не патэлефанаваў, а ён страшна перажываў, шукаў прычыну, і мне доўга давялося вінаваціцца за сваю няўважлівасць.

Нас яшчэ яднала памяць пра Алеся Пісьмянкова, якога ён вельмі любіў як чалавека і паэта.

Яму ён прысвячаў вершы, не забываў­ся наведваць Кальварыйскія могілкі, дзе Алесь знайшоў свой вечны спачын.

Мікола... Ён так многа дабрыні адда­ваў людзям... Я часта думаю, што нам вельмі не хапае гэтай дабрыні да сваіх блізкіх і сяброў. Мы часам шкадуем, што не сказалі адзін аднаму шмат цёплых харошых слоў, не зрабілі нейкіх патрэб­ных учынкаў, калі чалавека ўжо не стала з намі.

Мікола Шабовіч паспеў зрабіць шмат добрага людзям, напісаў нямала шчырых паэтычных радкоў у сваім сумленным жыцці. Пад маміным крылом і пад крылом любай Айчыны.

Мікола Ермаловіч

Нарач, пансіянат «Будаўнік» ...Мне, уласнаму карэспандэнту Беларускага радыё, прафсаюз выдзеліў пуцёўку на адпачынак у гэты прыгожы азёрны край.

Шчыра кажучы, проста валяцца на пляжы ці праходзіць працэдуры я ніколі не ўмеў.

Штодзённы рытм рэпарцёра радыё вымушаў быць заўсёды ў руху, і на такі пасіўны адпачынак я не разлічваў.

Не ведаю, ці ўцёк бы дадому раней, як гэта ўжо бывала ў такіх выпадках, калі б на прыёме ў доктара разам з рэкамендацыямі аздараўленчага лячэння не пачуў, што ён цікавіцца беларускай літаратурай, імкнецца нават гаварыць па-беларуску. Так ён стаў маім штодзённым суразмоўцам, і мы па вечарах рабілі доўгія пешаходныя вандроўкі ўздоўж нарачанскага берага.

А ў адзін з выхадных дзён, даведаўшыся, што ў яго ёсць машына, я прапанаваў з’ездзіць разам у Маладзечна. З сабой я прыхапіў на адпачынак стос экзэмпляраў маёй першай паэтычнай кніжачкі «Брама», балазе яна была не надта аб’ёмная і каштавала ўсяго дваццаць капеек. Дарэчы, што можа дужа здзівіць сённяшняга чытача — наклад першай кнігі маладога пісьменніка, што выйшла ў дзяржаўным выдавецтве, быў ажно чатыры тысячы экзэмпляраў.

Пра Маладзечна я ведаў, што там жывуць выдатныя дзеячы беларускай культуры Генадзь Каханоўскі і Мікола Ерамаловіч, і хоць ні з адным з іх не быў асабіста знаёмы, карцела сустрэцца і падарыць свае кнігі.

Мой доктар згадзіўся на паездку, і мы на яго «Жыгулёнку» раніцай выправіліся ў падарожжа.

Як шукаць славутых маладзечанцаў, я не ведаў, таму прапанаваў першай справай завітаць у мясцовую гасцініцу.

Надзіва, адміністратарша шматпавярховага гатэля не надта здзівілася маёй просьбе і тут жа заявіла, што Каханоўскага зараз у горадзе няма, а Ермаловіч, як заўсёды, дома.

Трымаючы ў руках паперку з адрасам, які дала жанчына, мы ўжо падымаліся па прыступках звычайнай «хрушчоўкі», і я з прыкметным хваляваннем націскаў на кнопку званка на дзвярах кватэры.

Яны адчыніліся не адразу. Мы ўжо збіраліся паварочваць назад, але шчоўкнуў замок, і на парозе з’явіўся пажылы мужчына ў вялікіх акулярах у хатняй выцвілай кашулі і тапках на босую нагу.

— Мікалай Іванавіч, прабачце, да вас вашы чытачы з Наваполацка, хачу кніжку вам падараваць.

— Хто-хто? З Наваполацка? Ці не Навум Гальпяровіч? Нешта голас дужа падобны.

Я, ды і мой спадарожнік, былі ў шоку. Як? Літаральна адна фраза, і сам Ермаловіч пазнае мяне па голасе!

— Ведаеце, — прамовіў гаспадар, у не надта відушчых людзей слых абвостраны. Ды я яшчэ ваш пастаянны слухач. Праходзьце, калі ласка!

Да гэтага часу шкадую, што не было з сабой майго рэпарцёрскага магнітафона. Не ўзяў яго ў адпачынак, бо гэта цяпер можна запісваць суразмоўцу на звычайны смартфон, а тады мая рэпарцёрская прылада важыла пад два кілаграмы і элементарна не ўлазіла ў дарожную валізу.

Ды і жонка казала: «Ты ж адпачываць едзеш — навошта табе лішні груз?!».

Мікалай Іванавіч быў відавочна рады нашаму прыходу.

Таму гутарка зацягнулася, і гаспадар не надта спяшаўся развітвацца з гасцямі.

Гэта быў пачатак дзевяностых, многа светлых мар і надзей.

Мой спадарожнік таксама быў узрушаны. Ён нічога раней не ведаў пра гаспадара кватэры. Праўда, па дарозе я паспеў яму коратка распавесці пра славутых маладзечанцаў, але тое, што ён убачыў і пачуў, перапаўняла яго, і на зваротным шляху доктар шмат гаварыў пра свае ўражанні ад сустрэчы.

Наступны раз мы пабачыліся з Міколам Іванавічам у Мінску на з’ездзе Саюза пісьменнікаў.

Ён спачатку не пазнаў мяне, калі я яго аклікнуў, але далей, пачуўшы голас, адразу згадаў нашу сустрэчу ў Маладзечне.

Ён ужо жыў у Мінску, яго працы пабачылі свет, але настрой быў, мне здаецца, горшы, чым падчас нашай мінулай гаворкі.

Здавалася, прыйшло прызнанне, стаў даступны плён яго шматгадовай напружанай працы, ды нешта непакоіла Ермаловіча, рабіла яго самотным. І я пабачыў неўзабаве пацвярджэнне майго ўражання.

Падчас з’езда тады панавала мітынговая раскаванасць, якая часам пераходзіла ў крыкі і ўзаемныя знявагі.

Прыкра было бачыць, як адзін з творцаў груба адпіхнуў Ермаловіча ад трыбуны.

Ён бездапаможна глядзеў сваімі падслепаватымі вачыма, і было відаць, як яму непрыемна адчуваць такое стаўленне ад сваіх былых аднадумцаў.

Увогуле, пасля заслужаных захопленых водгукаў на яго публікацыі часам у яго адрас пачалі гучаць папрокі ў непрафесіяналізме, у гістарычнай недакладнасці, у няслушнасці яго пэўных высноў.

Хутка і я стаў мінчанінам, але з Ермаловічам сустракацца і размаўляць больш не даводзілася.

Ды нечакана лёс зноў далучыў мяне да яго асобы. На жаль, у сумную і горкую гадзіну. Я працаваў у Саюзе пісьменнікаў, і адным з першых даведаўся пра трагічную вестку аб тым, што Мікалай Іванавіч загінуў пад коламі машыны.

Разам з прыхільнікамі яго творчасці мы адпраўлялі яго ў апошні шлях у родны горад, у якім не так даўно ён стаў Ганаровым грамадзянінам.

На могілках у Маладзечне мне давялося весці жалобнае развітанне, гаварыць разам з іншымі словы ўдзячнасці і памяці славутаму чалавеку, вернаму сыну Айчыны.

Людзей на развітанні было нямала. Разам з тымі, хто прыехаў з Мінска, у сумным маўчанні стаялі землякі, суседзі, былыя вучні і калегі па працы.

Назад мы вярталіся позна. Было сказана шмат слоў, выпіта горкая чарка. І я ўспамінаў па дарозе тую даўнюю нашу сустрэчу і шчаслівыя хвіліны судакранання думак і радасць узаемаразумення.

2008 г.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.