Вы тут

Запыталі ў спецыялістаў пра механізм і карысць накапляльнай пенсіі


Кожны чалавек, які афіцыйна працуе і якому засталося не менш як тры гады да пенсіённага ўзросту, з 1 кастрычніка можа ўзяць удзел у праграме страхавання дадатковай накапляльнай пенсіі. Работнік вырашае, ці трэба тое яму, самастойна, а работадавец будзе вымушаны ўдзельнічаць у праграме, каб выканаць жаданне работніка. Як гэта працуе і чым карысна, карэспандэнту «Звязды» расказалі спецыялісты.


Фота: pixabay.com

Работнік — збірае, работадавец — плаціць

Нагадаем, што ўдзельнікам праграмы фарміравання дадатковай пенсіі можа стаць любы працуючы беларус, за якога ўносяцца адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, і якому засталося не менш за тры гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту.

Механізм назапашвання большых грошай на старасць працуе паралельна з існуючай пенсіённай сістэмай і дазваляе чалавеку назапасіць на будучае дадатковыя пенсіённыя выплаты дзякуючы цяперашнім адлічэнням ад зарплаты. Дадатковая пенсія фарміруецца за кошт гэтых добраахвотных укладанняў работніка і сафінансавання дзяржавай праз удзел работадаўца.

Страхуе накапляльную пенсію дзяржаўнае прадпрыемства «Стравіта». Калі чалавек вырашыць назапасіць сабе на так званую другую пенсію, ён можа звярнуцца ў кампанію асабіста або праз электронную заяву на сайце «Стравіты».

Работнік можа адлічваць у лік будучых выплат ад 1 да 10 % ад сумы свайго заробку, якія будуць залічвацца на імянны асабовы рахунак чалавека. Пры гэтым ён будзе плаціць і абавязковыя адлічэнні на звычайную працоўную (салідарную) пенсію (1 % ад фактычнага заробку) у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Работадавец такога работніка павінен будзе таксама адлічваць на яго імянны рахунак ад 1 да 3 % ад выплат, якія ён (работадавец) звычайна плаціў за работніка ў фонд у лік звычайнай пенсіі, нагадала Алена Тулейка, намеснік генеральнага дырэктара «Стравіты»:

— Пры гэтым важна памятаць, што на адлічэнні на накапляльную пенсію налічваецца працэнт у памеры стаўкі рэфінансавання. А паніжаны памер абавязковых страхавых узносаў на пенсіённае страхаванне, якія пералічваюцца ў бюджэт фонду за працуючага грамадзяніна, не адаб'ецца на яго будучай працоўнай пенсіі ў бок паніжэння. За дзесяць дзён з моманту пачатку работы механізма добраахвотнага страхавання накапляльнай пенсіі па паслугу звярнулася ўжо больш як 1500 беларусаў. Прычым трэць з іх аформіла дагавор праз інтэрнэт.

Інструкцыя для арганізацый

Работнік, які заключыў дагавор добраахвотнага страхавання накапляльнай пенсіі, павінен паведаміць пра гэта свайму работадаўцу. Той, у сваю чаргу, мусіць рабіць адлічэнні на яго асабовы рахунак для назапашвання дадатковай пенсіі, расказаў Андрэй Бусько, вядучы спецыяліст аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:

— Зрабіць тое можна, скарыстаўшыся электроннай паслугай Агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы 3.64.01 «Дадатковае накапляльнае пенсіённае страхаванне», якая даступная на Адзіным партале электронных паслуг для юрыдычных асоб, чые работнікі сталі ўдзельнікамі праграмы добраахвотнага страхавання накапляльнай пенсіі. Паслуга бясплатная і даступная ў асабістым кабінеце арганізацыі пры строгай аўтэнтыфікацыі (з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу).

Каб атрымаць паслугу, кіраўнік арганізацыі, чые работнікі назапашваюць дадатковыя сродкі на пенсію, павінен аўтарызавацца на адзіным партале, скарыстаўшыся электронным лічбавым подпісам. Такім чынам работадавец актывуе свой асабісты кабінет фізічнай асобы.

Пасля яму трэба актываваць асабісты кабінет арганізацыі: аўтаматычна або (калі арганізацыя адсутнічае ў Адзіным дзяржаўным рэгістры) на падставе інструкцыі.

Наступны крок — дадаць у асабісты кабінет арганізацыі супрацоўнікаў з ліку фізічных асоб, якія аўтарызаваны на адзіным партале з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу.

Карыстаючыся паслугай, работадавец можа праверыць і атрымаць інфармацыю пра дагавор дадатковага накапляльнага страхавання ў дачыненні да супрацоўніка. А таксама накіраваць у кампанію «Стравіта» спісы, атрымаць агульныя звесткі аб іх і паглядзець іх статус, растлумачыў спецыяліст Цэнтра:

— У межах паслугі работадавец накіроўвае ў «Стравіту» спісы розных тыпаў. Спіс аб выплачаных страхавых узносах. Спіс карэкціровак (сумы, перыяд). Паведамленні аб спыненні працоўных адносін. Паведамленні аб рэарганізацыі, ліквідацыі ці банкруцтве.

Калі спіс накіраваны, работадавец можа бачыць яго статус. «Новы» — спіс загружаны ў сістэму страхаўшчыка — «Стравіты». «Прыняты» — даныя ў спісе звераны з данымі страхаўшчыка. «Патрабуе змяненняў» — у адпраўленым спісе выяўлены разыходжанні даных з тымі, што ёсць у страхаўшчыка ці ў ФСАН. «Апрацоўка фондам» — страхаўшчыком сфарміраваны спіс для адпраўкі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, робіцца абмен данымі з фондам. «Прыняты фондам» — атрыманы адказ ад ФСАН аб паспяховай апрацоўцы спіса. «Праведзены» — спіс паспяхова апрацаваны страхаўшчыком.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.