Вы тут

Зборнік Маргарыты Латышкевіч «Вершнікі на дарозе»


Калі я чую словазлучэнне «беларускае фэнтэзі», на думку адразу ж прыходзіць творчасць Маргарыты Латышкевіч. На працягу некалькіх гадоў у беларускіх літаратурных часопісах выходзілі асобныя аповесці свету Вугеры, а таксама грунтоўны раман «Век людзей» з гэтага ж цыклу. І вось нарэшце чатыры аповесці з вугеркаўскага сусвету ўвасобіліся ў кнізе «Вершнікі на дарозе». Удвая больш прыемна, што менавіта гэтая кніга адкрывае цэлую серыю «Фантастыка і фэнтэзі».


Перш чым распавесці пра змест зборніка, варта адзначыць стыльнае афармленне кнігі. Мастачка Ірына Андрэева ўклала шмат высілкаў і таленту, каб кніга выглядала неверагодна прыгожа. Шыкоўная вокладка і ілюстрацыі да кожнай аповесці не могуць не прывабіць, ну і, пагадзіцеся, прыгожую кнігу хочацца чытаць! І магу запэўніць, што прачытаць «Вершнікаў на дарозе», безумоўна, варта.

Па-першае, гэта вельмі якасная літаратура. Маргарыта выдатна валодае словам, яе адметны аўтарскі стыль немагчыма пераблытаць з чыімсьці іншым. А чытаць кнігу на чыстай беларускай мове, без нагрувашчвання запазычанняў, чым нярэдка грашаць сучасныя аўтары, — адна асалода.

Па-другое, фэнтэзійны вугеркаўскі цыкл не з’яўляецца чымсьці далёкім ці чужым. Выдатнае веданне беларускай міфалогіі і фальклору дазволіла аўтарцы стварыць свет, які ўспрымаецца як цалкам свой, родны. Вядомая рэч, у аповесцях можна адшукаць алюзіі і на кельцкую, і на скандынаўскую міфалогію, але ўсе гэтыя моманты настолькі натуральна і па-майстэрску ўплецены ў агульны беларускі кантэкст, што абсалютна ніякага дысанансу не выклікаюць.

Ну і, па-трэцяе, чытаць «Вершнікаў на дарозе» проста цікава. Сюжэт кожнай з аповесцей дынамічны, таму засумаваць пасярод радка дакладна не атрымаецца, усе героі прапісаны максімальна дасканала, яны жывыя, за іх хочацца хвалявацца, ім суперажываеш. А гэта надзвычай важна, бо ў наш час цікавае і небанальнае фэнтэзі — рэдкасць. Напрыклад, самыя «разрэкламаваныя» фэнтэзійныя серыялы сучаснасці — «Дом цмока» і «Пярсцёнкі ўлады» — анічога, акрамя расчаравання не выклікаюць. І, па шчырасці, назіраць за тым, што ў іх адбываецца, можа надакучыць.

Адзначу, што зборнік Маргарыты Латышкевіч будзе цікавы як дзецям, так і дарослым. Бо тэмы, якія пісьменніца закранае ў аповесцях — пытанне выбару, пошук сябе, сяброўства і здрада, спрадвечная барацьба дабра і зла, — актуальныя ў любым узросце. І пры гэтым яны яшчэ і шчодра прыпраўлены захапляльнымі звышнатуральнасцямі і містыкай.

«Вершнікі на дарозе» — знакавая з’ява ў беларускай літаратуры. І я вельмі спадзяюся, што неўзабаве асобнай кнігай выйдзе і раман «Век людзей».

Яўген ПАПАКУЛЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.