Вы тут

Што зменіцца на выбарах 2024 года?


Зараз ідзе грамадскае абмеркаванне двух асноўных законапраектаў — аб змене Выбарчага кодэкса і пра Усебеларускі народны сход. Абмеркаванне будзе доўжыцца да 2 лістапада. Ключавыя прапановы і навацыі ў эфіры тэлеканала АНТ расказаў старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка.


Ігар Карпенка расказаў, што зменіцца ў першую чаргу. «Па-першае, сам падыход да выбарчай кампаніі. Раней у нас выбары ў мясцовыя саветы асобна праводзіліся. Потым праз пэўны прамежак часу праводзіліся парламенцкія выбары і выбары прэзідэнта. Цяпер у нас будзе адзіны дзень галасавання, у які мы абярэм дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, абярэм дэпутатаў усіх мясцовых саветаў, пачынаючы ад пасялковых/сельскіх, заканчваючы абласнымі і Мінскім гарадскім саветам дэпутатаў, і пасля гэтага мы яшчэ абярэм членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ужо пасля адзінага дня галасавання. І вылучым, і абярэм дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад дэпутацкага корпуса і структур грамадзянскай супольнасці», — удакладніў Ігар Карпенка.

Ён патлумачыў, чаму абраная менавіта тэхналогія адзінага дня галасавання і ў чым яе перавага.

«Гэта канстытуцыйная норма, якая была вызначана ў выніку рэферэндуму гэтага года, і тут мы, напэўна, ўлічваем фармат прадастаўлення вялікіх часовых рамак для рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця. Таму што гэта, як правіла, цыкл у 4-5 гадоў дзейнасці тых ці іншых органаў. І атрымлівалася, што мы пастаянна знаходзіліся ў нейкім выбарчым працэсе. Цяпер мы крыху звузілі гэтыя рамкі для выбарчага працэсу і даем больш магчымасцяў для рэалізацыі намечаных планаў, праграм, у тым ліку праграм кандыдатаў», — падкрэсліў старшыня Цэнтрвыбаркама.

Ігар Карпенка ў прыватнасці інфармаваў, што ж мяняецца менавіта для людзей.

«Колькасць бюлетэняў будзе ва ўсіх розная. У кожным рэгіёне розная. Таму што, дапусцім, у Мінску будзе абірацца Мінскі гарадскі савет дэпутатаў і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Значыць, адпаведна, будзе два бюлетэні. Калі гэта сельская мясцовасць, дапусцім, Віцебская вобласць, — будзе чатыры бюлетэні максімальна. Гэта значыць, выбары дэпутатаў сельскага савета, выбары дэпутатаў раённага Савета, выбары дэпутатаў Віцебскага абласнога савета і выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў», — адзначыў ён.

Ён таксама распавёў, што будзе з заходнімі назіральнікамі, прадстаўнікамі розных арганізацый.

«Кодэкс выразна распісвае і называе ўсіх суб’ектаў, хто можа запрашаць замежных назіральнікаў. Гэта Прэзідэнт краіны, урад краіны, абедзве палаты парламента, МЗС і Цэнтральная выбарчая камісія. ЦВК, як правіла, запрашае сваіх калег, з якімі мы ўзаемадзейнічаем», — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Ігар Карпенка растлумачыў, які шлях простага чалавека ў дэлегаты.

«Тут некалькі шляхоў: альбо вы ідзяце ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, альбо спрабуеце выбрацца членам Савета Рэспублікі, альбо абіраецеся дэпутатам мясцовага савета і там ініцыюеце сваё абранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, альбо вы павінны ўсё ж пачаць хоць бы з элементарна простага — працаваць у грамадскіх арганізацыях, структурах, у палітычных партыях і гэтак далей», — сказаў на заканчэнне старшыня Цэнтрвыбаркама.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.