Вы тут

Скандалы і інтрыгі як складнікі дачнага жыцця


Звады з-за парушэння межаў участкаў, з-за «не там» растуць дрэвы, «не так» жывуць суседзі, на жаль, атручваюць жыццё дачнікаў — часам не ў адным пакаленні.


Калі парушаюцца межы

У Алесі як спадчынніцы ўзніклі нейкія складанасці з дакументамі на ўчастак. Спачатку ёй прыйшлося падаваць заяву ў суд, каб давесці: яе бацька быў членам СТ з 90-х гадоў. Суд яна выйграла, і тут ёсць цікавы момант. Дакументы зніклі, калі мяняліся старшыні СТ. Але на іх як на фізічных асоб падаць у суд нельга, а толькі на СТ. Як бок, які выйграў, Алеся мела права патрабаваць з таго, хто прайграў, кампенсацыю за паслугі адваката і дзяржпошліну. Але, як патлумачыў адвакат, грошы будуць спагнаныя з садовага таварыства, гэта значыць з унёскаў кожнага дачніка. Алеся вырашыла, што суседзі не вінаватыя ва ўзніклай праблеме. Цікава, што тыя, хто быў «у контрах» з былымі ці цяперашнім старшынямі, асуджалі жанчыну, што яна не запатрабавала кампенсацыю. Нянавісць творыць цуды: маўляў, няхай бяруць грошы з нашых узносаў, толькі б была нагода для скандалу.

Але гэта не ўся гісторыя. Для нейкай інстанцыі Алесі спатрэбілася папера ад Тамары, што ў той няма тэрытарыяльных прэтэнзій да суседкі. Тамара ж адмаўлялася падпісаць дакумент, пакуль Алеся... не аддасць ёй частку ўчастка: маўляў, у яе там усё роўна толькі трава расце. Для пачатку Алеся ўзяла напракат лазерную рулетку, запрасіла старшыню СТ і двух членаў праўлення, каб вымераць участак. Аказалася, што Тамара «адшчыкнула» ад яе ўчастка два квадратныя метры зямлі. Акрамя таго, Тамара пабудавала лазню ў парушэнне ўсіх нормаў: на адлегласці менш за паўметра ад участкаў двух суседзяў. Прычым на ўчастак Алесі выходзіць акно. Члены праўлення былі шакаваны гэтым самабудам.

Тамара прыніжана прасіла нікога больш не выклікаць і падпісала патрэбную Алесі паперу. А Алеся нават не збіралася патрабаваць вярнуць захопленую зямлю. Маўляў, калі суседзям для поўнага шчасця не хапае двух метраў, дык на здароўе.

Дарэчы, многія іншыя дачнікі не змагаюцца за метры-сантыметры, таму што разумеюць: калі адзін участак увойдзе ў свае межы, то ўсім на вуліцы давядзецца таксама рухацца. Але ёсць і надта прынцыповыя, якія кожны сезон з некім судзяцца.

Распавядаюць, што першыя дзесяць гадоў у СТ не было агароджаў. Людзі ўзяліся ставіць іх, калі пачаўся крадзеж ураджаю ды інвентара. Але да таго часу ўжо нідзе не заставалася пазнак аб дакладных межах участкаў.

Чым незадаволена дама?

Гаспадыні двух суседніх участкаў «грызліся» чвэрць стагоддзя. Адна з жанчын памерла, і на лецішча прыехаў яе сын. Суседка не выказала нават фармальнага спачування, а адразу агрэсіўна пачала распытваць: «Ты будзеш сюды ездзіць або прадаваць?» Мужчыну шакавала тыканне, але ўсё ж ён пацікавіўся, чым дама незадаволеная. Аказалася, ёй перашкаджалі барбарыс і глог, якія былі пасаджаныя каля плота, фактычна на мяжы ўчасткаў. «І гэта ўсё?» — удакладніў спадчыннік. «Так!» — з выклікам адказала жанчына. Якое ж было яе здзіўленне, калі на працягу гадзіны ўсё было спілавана. Мужчыну яны былі проста не патрэбны. Ён наогул моцна прарэдзіў участак ад усякай расліннасці.

За дзясяткі гадоў нават пасаджаныя па ўсіх нормах дрэвы разрастаюцца так, што кроны могуць дацягнуцца да суседняга ўчастка. Але хто не любіць канфліктаваць, той умее дамаўляцца. Напрыклад, людзям замінаў суседскі грэцкі арэх. Яны самі прапанавалі пажылой гаспадыні: а давайце мы яго «падстрыжом», балазе, хапае добрай тэхнікі. Жанчына пагадзілася.

Забытыя і закінутыя

Таня і Ігар купілі ўчастак, зрабілі рэканструкцыю дома, акультурылі сад. Насупраць іх дома — незаселены ўчастак, на якім тулілася абшарпаная бытоўка. І што зрабіў Ігар? Увесну скасіў дзьмухаўцы, улетку — сумнік. А яшчэ пафарбаваў бытоўку ў яркі бірузовы колер. Ну, не хоча чалавек бачыць са свайго акна разруху. Неўзабаве да яго наведалася дэлегацыя з прадстаўнікоў «старой гвардыі» і выставіла прэтэнзіі, што ён «усё зрабіў не так».

Дарэчы, запушчаных участкаў, куды людзі гадамі не прыязджаюць, новы старшыня налічыў 12. Былых старшыняў праўлення хвалявалі толькі ўзносы. Дзмітрый Антонавіч прыклаў нямала намаганняў, каб звязацца з усімі гаспадарамі. Хтосьці не мог прыязджаць на лецішча па стане здароўя. У некалькіх выпадках спадчыннікі сварыліся паміж сабой, а лецішча прыходзіла ў запусценне. У некаторых людзей былі аформлены не ўсе дакументы, і не хапала сіл ці грошай, каб завяршыць гэтую эпапею. Быў і ўнікальны выпадак: спадчыннікі не ведалі, што іх бацька некалі купіў участак. Яшчэ адна спадчынніца амаль два гады «не ўяўляла, як даехаць без машыны».

Відаць, дачнікі былі ўражаныя тым, што пра іх успомнілі. Практычна ўсіх Дзмітрый Антонавіч пераканаў як мінімум скасіць пустазелле, каб той жа сумнік не рассейваўся па іншых участках. Тым, у каго былі праблемы з дакументамі, расказаў, што і ў якой паслядоўнасці трэба аформіць.

Словам, выйсце з сітуацыі ёсць заўсёды, калі хочаш яго знайсці.


• Адлегласць ад вокнаў жылога дома да сцен суседскага, а таксама да гаспадарчых пабудоў — хлява, гаража, паводле санітарных і бытавых нормаў, павінна быць не менш за шэсць метраў.

• На тэрыторыі сядзібнай забудовы дапускаецца ўзвядзенне новага жылога дома, а таксама рэканструкцыя існуючага жылога дома на адлегласці менш як тры метры ад мяжы суседняга зямельнага ўчастка пры наяўнасці натарыяльна заверанай пісьмовай згоды яго ўладальніка і пры ўмове захавання супрацьпажарных, санітарных, экалагічных і іншых дзеючых нарматываў.

• Высакарослыя (больш за тры метры) пладовыя дрэвы павінны быць пасаджаны на адлегласці не менш як тры метры ад мяжы з суседскім участкам. Сярэднярослыя (да трох метраў) дрэвы можна саджаць на адлегласці не менш за два метры. Нізкарослыя (да двух метраў) расліны высаджваюць на адлегласць не менш за метр.

• Пляцоўка для аўтамабіля павінна знаходзіцца на адлегласці не менш як шэсць метраў ад вокнаў жылых памяшканняў суседскага дома і не менш як адзін метр ад мяжы ўчастка.

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.