Вы тут

Што вы не ведалі пра японскую тэхніку рукадзелля амігурумі


Наталля Беляшова — жыхарка аграгарадка Мышкавічы ў Кіраўскім раёне. Кожны яе дзень пачынаецца з клопатаў дома, потым — работа. Суразмоўніца займаецца фізічным выхаваннем у дзіцячым садку. Дома — зноў справы, агарод. І, здаецца, як у такім насычаным рытме жыцця знайсці час для крэатыву? Наталля падзялілася, з чаго пачаўся яе творчы шлях і як удаецца знаходзіць час для любімага хобі: цікавасць да рукадзелля ў яе з юнацтва.


— У школе ў нас была выдатная настаўніца працоўнага навучання. У той час больш за ўсё падабалася краіць, шыць і вязаць кручком. У старшых класах я самастойна рабіла для сабе ўборы, вязала сурвэткі. Потым гэтае хобі стала паступова знікаць, але навыкі і ўменні захаваліся. Неўзабаве я адкрыла для сябе новыя захапленні: вырошчванне хатніх кветак, выпечку, кансервацыю. Ужо працуючы і маючы двух дзяцей, некалькі гадоў таму зацікавілася выцінанкамі. Вязаннем плюшавых лялек занялася ў жніўні мінулага года. Якія яны мілыя! — пачынае свой аповед суразмоўніца.

У якасці матэрыялу Наталля выкарыстоўвае гіпаалергенную плюшавую пражу турэцкай вытворчасці. Напаўняльнікам для лялек служыць беларускі халафайбер. Свае вырабы майстрыха выконвае ў японскай тэхніцы амігурумі (літаральна «вязанае-загорнутае»). Такі спосаб рукадзелля заключаецца ў вязанні на спіцах ці кручком мяккіх звяркоў і чалавекападобных істот. Лялькі яна вяжа па гатовых майстар-класах, якія набывае ў расійскіх рукадзельніц. Як спыніцца і ісці адпачываць?

— Стварэнне новага плюшавага сябра вельмі захапляе. Калі шмат вяжаш, пачынаюць балець рукі, стамляюцца вочы. Любая ручная праца — працэс працаёмкі, але, калі бачыш вынік, сэрца радуецца, душа спявае і забываеш пра дыскамфорт. Выраб вышынёй 30 сантыметраў займае ў сярэднім два-тры дні, а можна пачаць вязаць у пяць-шэсць гадзін вечара і скончыць у тры-чатыры раніцы. Але лялька вяжацца на адным дыханні. Ды цэны на матэрыял... Нятанна...

Калекцыя Наталлі ўражвае — 30 розных персанажаў. Сярод іх — зайчыкі, тыгры, гусі, пчала, божая кароўка, алень, бычок, качка, мішка, янот, леў, сланяша, Дзед Мароз і Снягурка. Некаторым лялькам майстрыха дае імёны, а часам проста называе памяншальна-ласкальна.

— Складана сказаць, якія мае любімыя. Падабаецца ўсё: героі мультфільмаў, навагодняя тэматыка, сімвалы года, розныя мілыя звяркі. Дома ўсе ўжо прывыклі да маіх чарговых творчых задумак.

Фатаграфіі сваіх работ Наталля публікуе ў сацыяльных сетках. Здымкі лялек з плюшавай пражы атрымліваюць захопленыя водгукі падпісчыкаў.

— Я прымала ўдзел у раённым конкурсе ад прафсаюзаў «Новыя імёны Беларусі 2021», дзе атрымала дыплом першай ступені. Ужо сёлета паспрабавала сябе ў такім жа конкурсе, але ўжо на абласным узроўні, дзе атрымала дыплом удзельніка.

Сваім захапленнем Наталля натхніла адну з калег, якая таксама стала займацца вязаннем.

Суразмоўніцы ўдаецца знайсці час і для скрапбукінгу — вырабу і афармлення сямейных або асабістых фотаальбомаў. Па-ранейшаму яна захапляецца выцінанкай — выразаннем з паперы канцылярскім нажом.

— У асноўным я выразаю іх на стандартныя шклопакеты, якія складаюцца з трох секцый. Працую са звычайнай офіснай паперай і ватманамі, але з імі складаней з-за таўшчыні. Прамыя прарэзы робяцца хутка і лёгка, значна цяжэй з круглявымі элементамі і завітушкамі. У залежнасці ад складанасці на стварэнне кампазіцыі для адной секцыі акна сыходзіць ад адной да трох гадзін бесперапыннага выразання.

Ды аднаго жыцця на ўвасаблення ўсіх ідэй мала!

Лізавета МАЛЬЧУК, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ.

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.