Вы тут

Старажытны аксэсуар зноў у модзе?


І гэта сапраўдныя творы мастацтва. Развіваецца гэта рамяство на базе Смаргонскага дома рамёстваў, а канкрэтна — у яго філіяле ў Залессі. Аграгарадок знакаміты сваім палацава-паркавым ансамблем, дзе жыў у ХІХ стагоддзі вядомы палітычнаы дзеяч і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Зараз у сядзібе створаны музей і шмат цікавых лакацый. Напрыклад, у летні сезон па дарожках парка шпацыруюць кабеты ў старадаўніх уборах і з летнімі парасонамі. Вось гэтыя самыя парасоны і пляце супрацоўніца Залескага дома рамёстваў Ніна Кенько.

І нагода расказаць аб цудоўных вырабах ёсць. Бо 10 лютага адзначаецца Міжнародны дзень парасона.


Трэба сказаць, што гэта вельмі рэдкі кірунак творчасці. На Гродзеншчыне, напрыклад, такіх майстроў больш няма. Мабыць, з-за незвычайнай спецыфікі гэтай справы, да таго ж і попыт на іх яшчэ не вельмі шырокі. І ўсё ж да падобных аксэсуараў паступова з’яўляецца інтарэс.

Як расказала сама майстар, галоўным штуршком да гэтай справы паслужыла суседства з вядомай сядзібай Агінскага. Пасля маштабнага рамонту, які працягваўся некалькі гадоў, сядзібны комплекс поўнасцю аднавіўся. Тут сталі праходзіць балі, фестывалі, імпрэзы, якія адпавядалі мінулай эпосе. У Доме рамёстваў прапанавалі дапоўніць старадаўнія касцюмы прагожымі парасонамі, якія таксама сугучныя тым часам і таму ладу жыцця. Такім чынам спецыяльна для музея было выраблена восем рознакаляровых аксэсуараў — у тон шляхецкаму адзенню.

Яшчэ каля дзесятка парасонаў раз’ехаліся па свеце. Адзін набыў сталічны фотасалон, два прыдбалі сёстры з Ізраіля, якія гасцявалі ў Залессі, яшчэ адзін стаў падарункам ад бабулі на вяселле ўнучцы, што жыве ў ЗША, яшчэ адзін парасон паехаў у далёкі расійскі Хабараўск. Маюць такі парасон і беларускія модніцы. Дарэчы, і самі работнікі дома рамёстваў бяруць іх падчас летніх паездак на фестывалі і кірмашы. Прыгожы парасон абавязкова прыцягвае ўвагу да павільёна, у якім яшчэ могуць прапанаваць і іншыя вырабы залесскіх майстроў: саломку, вышыўку, кераміку, вязаныя цацкі. Па словах Ніны, яна такіх парасонаў яшчэ ніколі на кірмашах не бачыла.

—  Як вы заўважылі, амаль кожны парасон мае свой адметны ўзор. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца ўзор з кветкай у цэнтры, пялёсткі якой вязаныя ажрнай клеткай. Такіх парасонаў у маёй калекцыі некалькі. Калі вызначаць самы папулярны колер, то большасць аддаюць перавагу беламу, я яго таксама люблю, белы парасон стварае асаблівую лёгкасць, пяшчоту, — заўважае субяседніца.

У справе «хэнд мэйд» ці папросту ручнога майстэрства, складана абысці бокам пытанне: як жа пачалося захапленне ніткамі? Аказалася – з дзяцінства. Як некаторыя творчыя асобы спяваюць ці малююць, колькі сябе памятаюць, так і Ніна пачала рукадзельнічаць з пачатковай школы. Спярша маці навучыла вязать на спіцах, потым сястра прызвычаіла да кручка. Аказалася, не дарма. Навыкі сталі не толькі хобі, але і прафесійнай справай. Дарэчы, у самім Доме рамёстваў толькі яна адна валодае такім сваеасблівым відам творчасці.

Першы парасон добра памятае, бо ён быў зроблены на старой аснове і хутка зламаўся. З тае пары ў ход ідуць толькі новыя канструкцыі. Купляецца парасон, здымаецца тканіна, а замест яе прыкладаецца ажурны купал. Зразумела, што такія парасоны не аўтаматы і існуюць, што называецца, " у поўны рост«. Але для іх выбіраюцца меншыя канструкцыі.

— Выраб аднаго парасона займае больш за тыдзень, калі толькі гэтым займацца. Затым трэба аздобіць край карункамі, якіх патрабуецца да пяці метраў. У самой аснове пераважна карыстаюся акрылавымі ніткамі слонімскай фабрыкі. Гэты матэырял эластычны, мяккі, ён лягчэй мыецца. Таксама вязала і з хлопкавых нітак, а нядаўна паспрабавала лён. Такі парасон выглядае прыгожа, але невядома, наколькі ён практычны, бо нітка цяжэйшая і можа з цягам часу зламаць металічную канструкцыю. Тым не менш, такія парасоны ў трэндзе, — расказвае Ніна.

Яна лічыць, што распрацаваная лінія апрабавана і мае падмурак для далейшага развіцця. Зараз Дом рамёстваў рыхтуецца да ўдзелу ў чарговым Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які адбудзецца ў чэрвені. Мяркуецца, што разам з іншымі творамі дэкаратыўнага-прыкладнога мастацтва, у экспазіцыі будуць прысутнічаць і прыгожыя парасоны ад Ніны Кенько. Майстар збіраецца пачаць работу над імі ў сакавіку.

Даведка: 10 лютага адзначаецца Міжнародны дзень парасона. Сапраўды, гэты аксэсуар варты таго, каб яго ўслаўлялі. У непагадзь кожны чалавек у першую чаргу паклапоціцца аб тым, каб узяць з сабой на вуліцу парасон.

Гісторыя сведчыць, што ў Кітаі гэты аксэсуар сталі выкарыстоўваць ў ХІ стагоддзі. Парасоны рабілі з паперы, якая была прасякнута воскам. А вось палатняныя парасоны першымі з’явіліся ў Францыі ў ХVII стагоддзі, яны абаранялі ад сонца і атрымалі адпаведную назву — «парасоль», што азначае «супраць сонца». Канструкцыя рабілася з кітавага вуса, аснову складалі шоўк, аксаміт, тафта і карункі, упрыгожвалі іх паўлінавыя пер’і, каштоўныя камяні. Гэта былі прадметы раскошы. А вось наш сённяшні парасон , які выратуе ад дажджу, прапанаваў англічанін Джон Хенвей у 1772 годзе. У якасці пакрыцця ён ужыў шчыльную тканіну і хадзіў з ім па Лондане пад дажджом. Напачатку ХІХ стагоддзя такі парасон таксама атрымаў шырокае распаўсюджванне ў Еўропе. На працягу ХХ стагоддзя канструкцыя яго пастаянна ўдасканальвалася, ён станавіўся больш лёгкім і кампактным, з аўтаматычным механізмам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота прадастаўлена гераіняй матэрыяла

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.