Вы тут

Сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр


«Крытыка мяне стымулюе на творчасць і натхняе на новыя эксперыменты», — адзначае мой суразмоўца. І па тым, дзе рэалізоўвае сябе сёння Алесь Мойскі, можна добра прасачыць яго працавітасць, творчы запал і, галоўнае, любоў да ўсяго, за што ён бярэцца. Сцэнарыі — яго праца, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а марыў ён у дзяцінстве ўвогуле пра футбол. Але, як кажуць, нічога не бывае проста так... Таму пры сустрэчы распытала ў рэдактара Белтэлерадыёкампаніі і мастацкага кіраўніка Народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» пра закуліссе творчага працэсу, любімых класікаў роднай літаратуры і эксперыменты, якія даюць глебу для адкрыцця новага.


— Тое, адкуль я родам, на многае паўплывала ў маім лёсе. Я сам з Мінска. Але мая мама нарадзілася на Лагойшчыне, а бацька — у Вілейскім раёне. Мама з вёскі Мачаны. У часы Янкі Купалы там быў хутар, дзе будучы паэт (паколькі яго бацька быў беззямельны арандатар і пераязджаў з месца на месца) пэўны час жыў са сваімі роднымі. І Купала тады вучыўся ў Бяларуцкім народным вучылішчы. Пасля мая мама хадзіла ў Бяларуцкую школу імя Янкі Купалы. Вілейшчына з Мядзельшчынай — суседнія раёны, там, у Пількаўшчыне, нарадзіўся Максім Танк, імя якога таксама стала знакавым у маім лёсе (акрамя таго, што я скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, яшчэ і кандыдацкую дысертацыю пісаў па яго творчасці). Таму першыя свае вершы на беларускай мове ў 15 гадоў я пачаў пісаць, натхнёны мясцінамі вялікіх класікаў. Кожнае лета праводзіў у бабулі ў Мачанах і сузіраў, мабыць, тыя ж краявіды, што і Купала, адчуваў смак калодзежнай вады, пах хваёвага лесу пасля дажджу, прыгажосць возера Вяча...

Класа да 9-га ў школе я быў проста хлопчыкам, які вельмі хацеў вучыцца, шмат чытаў. А пасля настаўніца па гісторыі Іна Бранштэйн (дачка літаратурнага крытыка Якава Бранштэйна) натхніла мяне займацца даследчыцкай дзейнасцю. Я даследаваў пытанні Халакосту на тэрыторыі Беларусі і пісаў для міжнародных вучнёўскіх канферэнцый навуковую працу пра беларускіх Праведнікаў народаў свету (беларусаў, якія ратавалі яўрэяў падчас Вялікай Айчыннай вайны). І мае першыя публікацыі ў перыядычным друку былі аб Праведніках свету. Тады ж пачаў весці школьныя канцэрты, хадзіць у тэатральны гурток, дзе іграў ролі ад Маленькага прынца да князя Мышкіна. У выніку вырашыў, што пасля школы буду паступаць на журфак. Але падчас першай спробы мне не хапіла аднаго бала, каб прайсці на бюджэт. На платнае вучыцца я не пайшоў, бо не такі высокі дастатак быў у сям'і. Бацькі — простыя рабочыя на заводзе. Таму год працаваў пазаштатным карэспандэнтам газеты «Раніца». Паралельна ўладкаваўся ў сваю родную школу начным вартаўніком. І працягваў ім працаваць яшчэ і на першым курсе ўніверсітэта. І вось калі ўжо паступаў другі раз, то не рызыкнуў ісці ў БДУ, а пайшоў у педуніверсітэт, дзе была спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Журналістыка».

— А калі трапіў у народны літаратурны тэатр «Жывое слова?

— Туды мне параіў пайсці мой аднагрупнік Леанід Падукоў. Я прыйшоў у 2007 годзе і так і застаўся. Спачатку, як і многія, хто прыходзіць, ты стаіш на святле, на гуку, пасля з'яўляюцца другасныя ролі. А курсе на чацвёртым-пятым дарастаеш да галоўных роляў. І тады я ўжо іграў у спектаклях «Злавіць будучыню» паводле твораў Рэя Брэдберы і «Афарызм» паводле твораў Уладзіміра Караткевіча. Апошні быў знакавы для тэатра «Жывое слова», таму што тады ў калектыве засталося мала людзей, пераважна выпускнікі. Калі паставілі «Афарызм», на спектакль прыйшло столькі гледачоў, што не змаглі ўсіх змясціць, і давялося ў адзін вечар двойчы іграць прэм'еру. А потым і новыя ўдзельнікі сталі прыходзіць у тэатр.

— Чым жыве сёння «Жывое слова»?

— Тэатр студэнцкі, існуе больш за 56 гадоў. У нас пастаянная цякучка, бо выпускнікі сыходзяць і прыходзяць першакурснікі. Як мы ні стараліся трымаць у рэпертуары тэатра некалькі спектакляў, не атрымліваецца. У кожным з іх замацаваны ролі за пэўнымі людзьмі, а калі яны выпускаюцца, увядзеш на іх месца новага чалавека, аднак пасля параўноўваеш і разумееш, што атрымліваецца ўжо зусім іншая пастаноўка. Таму пастаянна абнаўляемся. Так, у нас зараз у рэпертуары спектакль «Цень» паводле п'есы Яўгена Шварца. Там беларускія рэаліі з персанажамі, якія маглі б быць у нашай гістарычнай прасторы XVІ стагоддзя. Такі постмадэрнізм і ў нашых з Алесяй Сівохінай сумесных пастаноўках, як спектакль «Дудар», дзе знітаваны творы васьмі аўтараў.

— Чым абумоўлена ваша цяга да такога кшталту эксперыментаў?

— Наш тэатр занесены ў дзве энцыклапедыі — «Тэатральная Беларусь» і «Беларуская мова». Выступаем выключна па-беларуску. Вырашылі, што будзем ісці на эксперымент са словам, гуляць з тэкстамі. Не заўсёды нашы эксперыменты — новае. Напрыклад, Андрэй Каляда, заснавальнік «Жывога слова», некалі вырашыў зрабіць харавое чытанне, падгледзеўшы тое ў нейкім маскоўскім тэатры. У яго пастаноўцы, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, было задзейнічана каля ста чалавек, Андрэй Каляда дэбютаваў там як аўтар сцэнарыя і вядучы тэлевізійнай праграмы «Беларуская літаратура ў школе», якую вёў 20 гадоў. Кампазіцыя называлася «Вянок». Мы вярнулі гэтае харавое чытанне, хоць у нас было 20 чалавек. Паставілі паэму «Страцім-лебедзь». І тым самым атрымалася паказаць, што і пісьменнік мае нашчадкаў, і традыцыі Андрэя Каляды доўжацца.

Зараз працягваецца наша супрацоўніцтва з многімі бібліятэкамі, музеямі, школамі Мінска. Робім кампазіцыі да юбілеяў пісьменнікаў, ставім урыўкі паводле іх твораў. Напрыклад, да юбілею Якуба Коласа рабілі кампазіцыю «Водгулле сэрцаў». Абыгралі ў назве не толькі юбілей самога класіка, але і юбілей яго кнігі паэзіі «Водгулле» (1922 г.). У выніку атрымаўся паўнавартасны міні-спектакль.

— Ведаю, што вы праводзіце клуб творчых дыялогаў, займаецеся валанцёрскай дзейнасцю...

— Фармат творчых дыялогаў узнік яшчэ да майго прыходу ў тэатр. Распытваў пра яго ў нашых кіраўнікоў Наталлі Кухаравай і Уладзіміра Трапянка. Аказалася, былі сустрэчы з пісьменнікамі, якіх запрашалі да студэнтаў, і ў тэатры рабілі нейкую пастаноўку ці кампазіцыю па іх творах. Пасля гэты фармат у нас часова знік. Але да 100-годдзя Максіма Танка ў 2012 годзе мы вырашылі зрабіць кампазіцыю па яго творах і запрасілі на сустрэчу даследчыка яго творчасці Анатоля Вераб'я. І клуб творчых дыялогаў зноў аднавіў сваю дзейнасць.

Пра валанцёрства... Быў у нас новы праект гэтай зімой. Тэатр «Жывое слова» ажыццявіў яго сумесна з народным ансамблем беларускай песні і музыкі «Ярыца». Гэта таксама калектыў пры БДПУ. У іх ёсць праграма з народных песень, але яны хацелі яе тэатралізаваць. Разам мы зрабілі праект «Цуд перад Калядамі», у якім удзельнікі нашага тэатра пераўвасабляюцца ў кананічныя вобразы вешчуноў, Дзевы Марыі, мядзведзя, што ходзіць з калядоўшчыкамі, Казы і іншых персанажаў. Атрымалася цікавая праграма, якую паказвалі і ў дамах састарэлых, і дзіцячых дамах.

— А як ты адрэагаваў, калі Алеся Сівохіна прапанавала табе кіраваць разам з ёй тэатрам «Жывое слова»?

— З ахвотай пагадзіўся. Паколькі я на той час ужо пісаў вершы і прозу, мог паспрабаваць сябе ў новай якасці — драматурга. Спачатку для некаторых канцэртных праграм пісаў вясёлыя мініяцюры, а потым наважыўся на п'есу. Мы яе паставілі ў фармаце «Атрасін» (вечарыны ўласнай творчасці студэнтаў). Так я сам напісаў і сам зрэжысіраваў, як мы яго назвалі, «Эпісталярны дэтэктыў», а пасля шматлікіх дапрацовак ён стаў п'есай «Хрыстос пад вадой». Гэта адзіная п'еса па-беларуску, якая была надрукавана ў альманаху кінасцэнарыяў «Адваротная перспектыва», што выйшаў у Санкт-Пецярбургу. Я разумеў, што мне цікава паспрабаваць сябе і ў якасці рэжысёра, каб потым паставіць свой твор. Калі мы з Алесяй прыдумваем новыя праграмы, існуе і раздзяленне абавязкаў: я больш выступаю ў якасці сцэнарыста выступаю, яна — як пастаноўшчык лепш бачыць сцэнаграфію, касцюмы, дэкарацыі, музычнае афармленне... Калі пачаў пачаў кіраваць тэатрам, некаторы час не выходзіў на сцэну. Але ў нас, бывае, не хапае хлопцаў у пастаноўках. Тады ролі даставаліся мне. Напрыклад, у кампазіцыі па творах Якуба Коласа «Водгулле сэрцаў» Андрэя Лабановіча граў я. І ў «Цудзе перад Калядамі» ў мяне была роля Чорта.

— Ці не думаў ты пра тое, што з дадатковай адказнасцю часу на творчасць стане менш? Плюс пасля ж з'явілася ў тваім жыцці тэлебачанне...

— Мае бацькі Валянціна Іванаўна і Чэслаў Станіслававіч выхоўвалі ўва мне з дзяцінства нейкую ўнутраную адказнасць, арганізаванасць. І ў тэатры мае арганізатарскія рысы праявіліся. Дапамагло мне тое пасля і ў Белтэлерадыёкампаніі. Я, па сутнасці, прыйшоў з вуліцы на праект «Хачу ў тэлевізар» (гэта быў конкурс, у якім шукалі новых вядучых). Тэлеканалам, які запусціў праект, кіравала Наталля Марынава (сёння дырэктар «Беларусь 3»), якая мне сказала, што работа за кадрам не менш важная, а можа, і больш адказная, чым у кадры. Ішоў на тэлепраект з думкай, што гатовы ўзяцца за любую працу на тэлебачанні. Толькі вазьміце мяне. Прыйшоў і сказаў, што хачу быць спартыўным каментатарам. Беларускамоўных спартыўных каментатараў не так шмат у нас, да таго ж у дзяцінстве і ў юнацтве я гуляў за аматарскія міні-футбольныя каманды. Удалося прайсці кастынг, трапіў у рэаліці-шоу. А потым фіналістам прапанавалі работу ў Белтэлерадыёкампаніі. Я ўладкаваўся спецыяльным карэспандэнтам прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі. Там праявіў свае здольнасці па арганізацыі нейкіх праектаў і мерапрыемстваў, але душа цягнулася да творчасці. Тады я паралельна пачаў быць аўтарам сцэнарыяў некаторых тэлевізійных праектаў. І ў выніку цяпер займаюся гэтым у аддзеле рэдактараў.

— Сёння ты працуеш на некалькіх праектах. Як удаецца сумяшчаць і не губляць творчага запалу?

— Усё пачыналася з працы ў прэс-службе, што дазволіла пазнаёміцца са структурай Белтэлерадыёкампаніі, зразумець, якія творчыя каманды над якімі праектамі працуюць, дзе можна сябе праявіць. І дзякуй той жа Алене Мужычэнцы, якая была рэжысёрам праекта «Хачу ў тэлевізар» на «Беларусь 2» і якая першая прапанавала мне паспрабаваць сябе ў якасці аўтара сцэнарыя праграмы «Тэлебарометр». Там я зараз з'яўляюся шэф-рэдактарам. Прычым робім мы праграму практычна з той жа камандай, якая працавала на праекце «Хачу ў тэлевізар». Нам камфортна разам. З Наталляй Марынавай супрацоўнічаем на тэлеканале «Беларусь 3», якому сёлета спаўняецца 10 гадоў. Напрыклад, у праграме «Святыні Беларусі» я выступаю ў якасці дыктара. На «Навінах культуры» я і аўтар сцэнарыя, і карэспандэнт. Дарэчы, з лютага ў нас пачне выходзіць «Культурны тыдзень». З творчай камандай «Навін культуры» мы рыхтуем новы праект, з новай падачай матэрыялу пра культурныя падзеі, якія адбыліся за бягучы тыдзень. На праграме «Суразмоўцы» я працую як рэдактар. Навум Гальпяровіч — аўтар і вядучы праекта, а я вяду закадравую падрыхтоўку перад сустрэчай у эфіры. Летась удалося выказацца пра Коласа і Купалу ў іх юбілейны год — з'явіўся дакументальна-публіцыстычна-мастацкі цыкл праграм пра двух класікаў, які мы рабілі з творчай камандай «Беларусь 3».

— Каго і за што ты любіш з беларускіх класікаў?

— Максіма Багдановіча люблю за эксперымент, бо многія жанры, якія ён у паэзіі ўвёў, не былі распрацаваны да яго ў нашай літаратуры. Таксама за тое, што яго вершы, хоць могуць падавацца сумнымі, але ў іх заўсёды ёсць надзея. А вось Янка Купала як аўтар мне блізкі тым, што ў яго паэзіі я згадваю родныя і мне мясціны. Трэцім можна было б назваць Максіма Танка. Люблю яго, як і Багдановіча, за эксперымент. Калі паэзію часам разгадваеш як нейкі культурны код. Таксама назваў бы і Уладзіміра Караткевіча. Чалавек, які здольны сваімі творамі зацікавіць беларускай гісторыяй больш, чым любы школьны падручнік.

Бліц-апытанне:

1. Найлепшы суразмоўца для цябе — Мама, жонка, сям'я.

2. У дажджлівае надвор'е я люблю... — Пісаць уласныя творы.

3. Тры творы, якімі табе запомніцца мінулы год? — З задавальненнем перачытаў «Маленькага прынца» ў перакладзе Ніны Мацяш на беларускую мову. Яшчэ вылучу спектакль Дагестанскага тэатра лялек «Дзюймовачка», які я паглядзеў летам у Віцебску. І сюды ж дадам наведванне юбілейных выставак кніжнай графікі Валерыя Славука, творчасць якога вельмі люблю.

4. На сцэне ці на экране ты хацеў бы стаць знакамітым? — Зараз ужо разумею, што аднолькава паспяховым можна быць і за кулісамі, і за кадрам, да чаго і імкнуся.

5. Каго марыш перакласці на беларускую мову? — Я б хацеў працягнуць працу Андрэя Каляды над перакладам твораў Салтыкова-Шчадрына, якія ён не паспеў дарабіць...

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Алеся МОЙСКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.