Вы тут

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi


Гiсторыя паралiмпiйскага спорту — паказчык развiцця краiны, яе прагрэсу, адкрытасцi грамадства. Iнклюзiўная адукацыя, безбар’ернае асяроддзе, сацыяльныя адаптацыя iнвалiдаў — самыя вiдавочныя пытаннi, звязаныя з развiццём паралiмпiйскага руху. Узначальваць паралiмпiйскi рух — значыць адказваць за ўсё i ўсiх. З гэтай задачай больш за 20 гадоў спраўляецца Алег Шэпель, чалавек, якi стаяў каля вытокаў развiцця паралiмпiйскага спорту ў Беларусi. На Паралiмпiйскiх гульнях 1988 года на спаборнiцтвах па лёгкай атлетыцы ён заваяваў тры залатыя медалi, першыя паралiмпiйскiя ўзнагароды ў гiсторыi беларускага спорту. За сваю спартыўную кар’еру Алег Шэпель стаў пяцiразовым чэмпiёнам i тройчы бронзавым прызёрам Паралiмпiйскiх гульняў, чатырохразовым чэмпiёнам свету, шасцiразовым чэмпiёнам Еўропы, 13 разоў аднаўляў сусветныя рэкорды. Таксама Алег Шэпель — самы малады заслужаны майстар спорту СССР у лёгкай атлетыцы. У 2001 годзе чэмпiён скончыў спартыўную кар’еру i ўзначалiў Нацыянальны паралiмпiйскi камiтэт.


Фота: БелТА.

Iгар Бокiй, Ганна Канюк Ядзвiга Скорабагатая, Васiль Шапцябой, Святлана Саханенка i многiя iншыя беларускiя спартсмены ўпiсалi свае iмёны ў гiсторыю айчыннага паралiмпiйскага спорту. Iмi захаплялiся, за iх радавалiся мiльёны людзей па ўсiм свеце. Але з’явiлiся i тыя, хто вырашыў адабраць у паралiмпiйцаў справу iх жыцця. У лiстападзе 2022 года на пазачарговай генеральнай асамблеi ў Берлiне Мiжнародны паралiмпiйскi камiтэт (МПК) прыняў рашэнне аб прыпыненнi членства Паралiмпiйскiх камiтэтаў Расii i Беларусi. Прычынай адхiлення МПК назваў «няздольнасць выконваць абавязацельствы па членстве ў адпаведнасцi са Статутам МПК». За гэтымi сухiмi словамi стаiць лёс 98 членаў беларускiх нацыянальных i зборных каманд па паралiмпiйскiх вiдах спорту, якiх у Беларусi 14 (для нашай невялiкай краiны — красамоўная лiчба). Але апусцiць рукi i здацца на волю лёсу — не для паралiмпiйцаў. Яны так нiколi не рабiлi i рабiць не будуць. А што будуць рабiць i як далей будзе развiвацца паралiмпiйскi спорт у Беларусi, «Звяздзе» расказаў Алег Шэпель, якога ў пачатку студзеня пераабралi на пасаду старшынi Нацыянальнага паралiмпiйскага камiтэта.

— Алег Аляксандравiч, самае злабадзённае пытанне. Як вырашаецца праблема з прыпыненнем членства нашага паралiмпiйскага камiтэта ў Мiжнародным камiтэце?

— Сумесна з юрыстамi, спецыялiстамi Мiнiстэрства юстыцыi i Мiнiстэрства замежных спраў мы падрыхтавалi дакумент, дзе ў 27 пунктах абгрунтавалi, што мы не парушылi нi аднаго пункта Канстытуцыi Мiжнароднага паралiмпiйскага камiтэта, не парушалi Алiмпiйскую хартыю, этычныя нормы. На жаль, падвойныя стандарты, пра якiя сёння так шмат кажуць, дайшлi i да паралiмпiйскага спорту. Я ўжо неаднаразова казаў, што калi раней спорт быў проста з элементамi палiтыкi, то зараз цалкам стаў палiтыкай, што зусiм не радуе. Спорт павiнен не раз’ядноўваць, а аб’ядноўваць, асаблiва людзей з абмежаванымi магчымасцямi. На пазачарговай асамблеi Мiжнароднага паралiмпiйскага камiтэта, дзе было прыпынена наша членства, са 184 краiн прысутнiчалi толькi 117 дэлегацый. З iх 54 прагаласавалi супраць нас, 45 — за. А яшчэ 16 устрымалiся, пераважна краiны Лацiнскай Амерыкi, якiм паабяцалi фiнансавую падтрымку. I, што самае цiкавае, на асамблеi не прысутнiчалi краiны постсавецкай прасторы, дэлегацыям якiх не далi вiзы. Думаю, постсавецкiя краiны нас падтрымалi б i праўда была б на нашым баку.

Сёння абмяркоўвацца прапанова аб тым, што выканкам Мiжнароднага паралiмпiйскага камiтэта можа прымаць любыя рашэннi аб дысквалiфiкацыi спартсменаў, трэнераў, нацыянальных паралiмпiйскiх камiтэтаў без тлумачэння прычын. Гэта ж беззаконне! Яны разумеюць, што парушылi ўсе нормы i зараз iм патрэбен дакумент, якi будзе гэта апраўдваць. Мы таксама падалi апеляцыю ў трыбунал Мiжнароднага паралiмпiйскага камiтэта. На працягу трох месяцаў яны павiнны стварыць камiсiю, якая будзе разглядаць нашу апеляцыю. Але мы разумеем, што з гэтым яны будуць цягнуць да апошняга. Зараз мы на свае вочы назiраем раскол у сусветным паралiмпiйскiм руху. Некаторыя краiны нас падтрымлiваюць: Азiяцкi паралiмпiйскi камiтэт, Катар, Саудаўская Аравiя, нават Латвiя за нас. Усе разумеюць, што без расiйскiх i беларускiх паралiмпiйцаў узровень чэмпiянатаў Еўропы i свету, Паралiмпiйскiх гульняў знiжаецца. А гэта ўплывае на колькасць тэлегледачоў, рэкламнае супрацоўнiцтва, на чым завязаны фiнансавыя паступленнi. Канешне, iм гэта нявыгадна. Але, я думаю, калi прынялi такое рашэнне, значыць, нехта грошы падкiдвае. Для даведкi: штаб-кватэра Мiжнароднага паралiмпiйскага камiтэта знаходзiцца ў Боне на тэрыторыi Вышэйшага пасольства ЗША.

Пакуль мы чакаем, што дасць наша апеляцыя ў трыбунал МПК. Затым, магчыма, прымем рашэнне аб падачы iска ў суд Германii па месцы знаходжання МПК. Нямецкiя адвакаты, якiя займаюцца спартыўнымi арбiтражнымi справамi, кажуць, што ў нас высокая верагоднасць перамогi.

— Як у гэтых умовах адчуваюць сябе спартсмены?

— Яны трэнiруюцца, нiхто не апусцiў рукi. Спорт — сэнс iх жыцця. Яны праз спорт даказваюць, што паўнавартасныя члены грамадства, запатрабаваныя, паспяховыя. Таму матывацыi ў iх хапае. У нас расце моцная перспектыўная моладзь. Таму зараз можам спакойна прайсцi змену пакаленняў у нацыянальных камандах, узмацнiць iх. Мы супастаўляем вынiкi, якiя нашы спартсмены паказваюць, з вынiкамi мiжнародных стартаў. На адкрытым чэмпiянаце Беларусi па плаваннi нашы спарстмены ўстанавiлi шэсць сусветных рэкордаў. Гэта яркае сведчанне таму, што сусветны паралiмпiйскi рух сапраўды многае згубiў ад нашай iзаляцыi.

— Але ў зiмовых вiдах ужо другi сезон праходзiць без мiжнародных стартаў. Для спартсменаў гэта адчувальна...

— Я сустаракаўся з мiнiстрам спорту Расii Алегам Матыцыным, прэзiдэнтам Паралiмпiйскага камiтэта Расii Паўлам Ражковым. Мы выпрацавалi кiрункi, па якiх будзем працаваць. Ужо вярстаецца каляндар сумесных спаборнiцтваў Беларусi i Расii. Найблiжэйшы турнiр па лыжных гонках i бiятлоне ў лютым прыме Беларусь. Плануем яго правесцi ў Мiнску цi ў Лагойску. Магчыма, матывацыя спарстменаў будзе не такой як, напрыклад, на чэмпiянаце свету. Але гэты перыяд трэба перажыць. У рэшты рэшт любая вайна заканчваецца мiрам.

— Для правядзення турнiраў патрэбна безбар’ернае асяроддзе. У якiм стане яно на нашых спартыўных аб’ектах?

— У тых жа Раўбiчах нядрэнныя ўмовы. Не скажу, што ўсё iдэальна, але паралiмпiйцам там зручна. У Брэсце выдатны басейн з гасцiнiчным комплексам, кафэ. Адзiны невялiкi недахоп — не хапае лiфту, каб спартсмен мог з кафэ перайсцi ў спартыўны комплекс. Але губернатар Брэсцкай вобласцi Юрый Вiтольдавiч Шулейка запэўнiў, што сёлета гэта праблема будзе вырашана. Калi прыязджалi расiйскiя спартсмены, асаблiва з невялiкiх гарадоў, захаплялiся тым узроўнем унiверсальнага асяроддзя, што ёсць у Беларусi, пачынаючы з аэрапорта i чыгуначнага вакзала.

— Якi ўдзел у стварэннi безбар’ернага асяроддзя бярэ Нацыянальны паралiмпiйскi камiтэт?

— У гэтай справе актыўны ўдзел прымае грамадскае аб’яднанне iнвалiдаў. Створаны межведамсны савет па правах iнвалiдаў пад кiраўнiцтвам намеснiка прэм’ер-мiнiстра Iгара Петрышэнкi. Раз на квартал мы збiраемся ў пэўным рэгiёне i абмяркоўваем найбольш актуальныя праблемы, у тым лiку i безбар’ернае асяроддзе. Адно з самых важных дасягненняў — у будаўнiчнае заканадаўства ўключаны нормы, якiя патрабуюць каб толькi пабудаваныя аб’екты цi адрэстаўрыраваныя абавязкова былi з унiверсальным асяроддзем. Праект нi аднаго жылога дома, нi аднаго спартыўнага, медыцынскага, культурнага i iншага аб’екта не будзе зацверджаны, калi там не будзе створана стапрацэнтнае ўнiверсальнае асяроддзе. Апошнi з такiх станоўчых прыкладаў — новая палiклiнiка ў Гомелi, дзе створаны выдатныя ўмовы, каб кожны чалавек адчуваў сябе камфортна.

— Нягледзячы нi на што, паралiмпiйскаму спорту патрэбен рэзерв. Цi дастаткова якасна ў краiне працуюць секцыi для дзяцей з iнвалiднасцю?

— Мы ўдзяляем гэтай рабоце асаблiвую ўвагу. Нашы спартсмены рэгулярна праводзяць майстар-класы, каб дзецi разумелi нюансы паралiмпiйскага спорту. У мiнскай школе № 12 адкрыты музей паралiмпiйскай славы. У Гомельскай i Магiлёўскай абласцях трэнеры ўжо самi шукаюць дзяцей-iнвалiдаў, каб з iмi працаваць. Не заўсёды бацькi разумеюць, як гэта важна для дзiцяцi, некаторыя баяцца, што спорт можа нашкодзiць. Але пасля выступлення нашых спартсменаў на буйных стартах колькасць дзяцей i падлеткаў з iнвалiднасцю ў спартыўных секцыях узрастае. У Бабруйску працуе адпаведнае секцыя па плаваннi, у Магiлёўскай спартыўнай школе прафсаюзаў «Спартак» дзейнiчае аддзяленне па лыжах для паралiмпiйцаў. У Гомелi ёсць цэнтр паралiмпiйскiх i дэфалiмпiйскiх вiдаў спорту са сваёй нядрэннай базай. Наша лёгкаатлетка Ганна Канюк трэнiруе дзяцей у Гродне, а ў Маладзечне — Iгар Фартунаў. У Вiцебску трэнер Алег Кiрылаў арганiзаваў групу па мiнi-футболе для невiдушчых. Мы iмкнёмся, каб ва ўчылiшчах алiмпiйскага рэзерву былi iнтэграваныя групы, дзе спарстмены-паралiмпiйцы вучылiся б разам са здаровымi. Гэта дасць iм больш магчымасцяў для росту. Пакуль заканадаўчыя нормы такой магчымасцi не даюць. Але гэта пытанне жадання кiраўнiкоў. Не трэба мяняць заканадаўства — трэба проста адрэгаваць статут. Кiраўнiкi спасылаюцца на адсутнасць безбар’ернага асяроддзя, але мы плануем накiроўваць туды спартсменаў, каму яно менш патрэбнае. Пакуль гэта пытанне не вырашаецца. А гэта сапраўды важна. Па сабе ведаю, што такi падыход заўсёды дае вынiк. Па-першае, паралiмпiец цягнецца за спартсменамi, якiя ў нечым мацнейшыя, i такiм чынам павышае сваё спартыўнае майстэрства. А па-другое, калi спачатку да паралiмпiйцаў ёсць пэўная насцярожанасць, то потым яны становяцца сябрамi. Гэта i ёсць iнтэграцыя iнвалiда ў грамадства.

— З дзецьмi зразумела, а як у сённяшнiх умовах захаваць матывацыю i патэнцыял маладых спартсменаў, якiм прыйшоў час паказваць высокiя вынiкi?

— Думаю, у маладых спартсменаў нават больш матывацыi, чым у вопытных i вядомых. Зараз у iх ёсць магчымасць часцей выязджаць на спаборнiцтвы. Калi раней фiнанасаванне было накiравана ў асноўным на вядучых спартсменаў, то сёння мы можам дазволiць сабе вывозiць на спаборнiцтвы больш моладзi. Падтрымлiваем маладых спартсменаў матэрыяльна. Летась паралiмпiйцы атрымалi 22 стыпендыi ад Мiнскага гарвыканкама i пяць стыпендый ад кiраўнiцтва iншых рэгiёнаў. Сёлета нашым спартсменам прысуджана 24 стыпендыi ад рэгiёнаў, за выключэннем Мiнска. То-бок, нашых спартсменаў усё актыўней падтрымлiваюць рэгiёны. Наладжаны цудоўныя сувязi з Прэзiдэнцкiм спартыўным клубам. Усе нашы просьбы знаходзяць падтрымку. Сёлета 11 нашых спартсменаў — стыпендыяты Прэзiдэнцкага спартыўнага клуба. Скардзiцца не даводзiцца. У свой час для мяне найлепшай матывацыяй былi дадатковыя 200 грамаў смятаны, а сёння — i стыпендыi, i iнвентар, i зборы, i спаборнiцтвы.

— Калi чалавек з iнвалiднасцю не хоча будаваць спартыўную кар’еру, дзе яшчэ ён можа знайсцi сваё прызнанне?

— На прадпрыемствах Беларускага таварыства iнвалiдаў па зроку. У нас 18 прадпрыемстваў разам з фiлiяламi: ва ўсiх абласных гарадах, а таксама ў Полацку, Оршы, Бабруйску, Мазыры, Пiнску, Навагрудку, Слуцку, Маладзечне, Чэрвене, Барысаве. На прадпрыемстве працуе каля шасцi тысяч чалавек. Беларусь — адзiная краiна на постсавецкай прасторы, якая захавала прадпрыемствы, дзе могуць працаваць iнвалiды па зроку. Сёння мы можам працаўладкаваць любога iнвалiда па зроку, i калi ён адзiнокi i яму гэта трэба — выдзелiць месца ў iнтэрнаце. Вядома, апошнiя падзеi адбiлiся i на нас — мы страцiлi амаль 30 працэнтаў рынку (Украiна, Прыбалтыка, Польшча, Малдова, Румынiя). Гэта адчувальна, бо 60 працэнтаў сваёй прадукцыi мы экспартуем. Але апускаць рукi не ў нашых правiлах, таму шукаем новыя рынкi збыту, выпускаем новую прадукцыю. Усяго нашы прадпрыемствы выпускаюць больш за чатыры з паловай тысячы вiдаў прадукцыi. Самыя пазнавальныя — трыбуны на стадыёне «Дынама», «Мiнск-Арэне», Барысаў-Арэне" i iншых буйных спартыўных пляцоўках. Мы забяспечваем асвятленне вулiц у многiх гарадах, супрацоўнiчаем з вядучымi прамысловымi прадпрыемствамi. Працы хапае ўсiм.

Ды галоўная задача нашых прадпрыемстваў — не толькi вытворчасць прадукцыi, але i сацыяльная адаптацыя сляпых i слабавiдушчых. I для гэтага шмат робiцца. На прадпрыемстве працуюць рэабiлiтолагi, iнструктары па спорце, дзейнiчае больш за 150 гурткоў па iнтарэсах. 14 калектываў мастацкай самадзейнасцi маюць званне народнага. Гэта, вядома, затратна: касцюмы, репетыцыi, паездкi i так далей. Але мы разумеем, што гэта ўсё для таго, каб чалавек мог працаваць i развiвацца ў розных кiрунках.

— Алег Аляксандравiч, у вашай бiяграфii шмат цiкавых старонак. Але, бадай, цi не самы цiкавы факт, што вы скончылi Iнстытут культуры. Чаму менавiта яго?

— Калi прыйшоў час паступаць у iнстытут, я ўжо быў майстрам спорту i мог без экзаменаў паступiць у iнстытут фiзкультуры. У мой час была такая прымаўка: «Калi няма розуму, паступаў у пед, калi няма культуры — у мед, а калi калi нi розуму, нi культуры — у iнстытут фiзкультуры». А я проста ўзяў даведнiк i, куды тыцнуў пальцам, туды i вырашыў падаваць дакументы, так i трапiў у iнстытут культуры. I не шкадую нi кроплi, на маёй рэжысёрскай спецыяльнасцi былi выкладчыкi ад Бога. Што такое рэжысёр? Гэта чалавек, якi ўмее кiраваць людзьмi, арганiзоўваць iх работу. Гэта важны навык у любой сферы дзейнасцi. Галоўнае — напiсаць сцэнарый, сабраць калектыў, зарадзiць яго iдэяй i не перашкаджаць камандзе працаваць. I мне гэта вельмi дапамагае.

— Вы чалавек, якi бачылi станаўленне паралiмпiйскага руху ў нашай краiне. Зразумела, што за 30 гадоў усё карэнным чынам змянiлася. А як пачыналася?

— У мой час умоў для паралiмпiйцаў было на парадак менш, чым цяпер. Спартсмены працавалi ў iмя энтузiязму i патрыятызму, гэта было вельмi важнае паняцце. Потым спорт стаў крыху прыносiць грошы. I, чаго ўтойваць, мы самi iх зараблялi. Многiя савецкiя спартсмены за мяжу вязлi савецкую прадукцыю, адтуль — замежную тэхнiку i нядрэнна на гэтым зараблялi. Мой самы вялiкi «ўлоў» — у Японii электрасамавар абмяняў на магнiтафон, якi потым прадаў за 1200 рублёў (за гэтыя грошы можна было купiць тры спальныя гарнiтуры). Сёння гэта можа здацца дзiкiм, але тады падтрымка спарстмена была далёка не такой, як зараз, таму прыходзiлася круцiцца самастойна.

— На пачатку года вас пераабралi на пасаду старшынi Нацыянальнага паралiмпiйскага камiтэта. Алег Аляксандарвiч, якiя мэты ставiце перад сабой на наступныя чатыры гады?

— Нашы мэты нязменныя i заўсёды важныя — працаваць над удасканаленнем заканадаўства, якое рэгламентуе паралiмпiйскi спорт, паляпшаць умовы для нашых спарстменаў. I, канешне, дабiвацца вяртання на мiжнародную арэну, дзе нашы спартсмены, я ўпэўнены, будуць паказваць яшчэ лепшыя вынiкi.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.