Вы тут

Паказы спектакляў з удзелам Сяргея Чэкерэса


Сёлета аднаму з самых яркіх артыстаў-горкаўцаў спаўняецца 50 гадоў — і гэта стала нагодай да стварэння рэпертуара тэатра ў лютым. З 11 па 22 лютага на галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага адбудуцца спектаклі з удзелам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Сяргея Чэкерэса. Адкрые серыю спектакль «Трамвай жаданне» паводле Тэнесі Уільямса, дзе акцёр выконвае ролю Стэнлі Кавальскі — гэта будзе свайго роду «пралог» да святкавання. І свой Дзень нараджэння юбіляр адзначыць на сцэне: 12 лютага гледачам прапануюць спектакль «Скарэнне свавольніцы» паводле Уільяма Шэкспіра, дзе ён прадстане ў галоўнай ролі (Пятручыа). А далей — «Пігмаліён» ( ў вобразе Генры Хігінса), «Граф Монтэ-Крыста» (пракурор Вільфор), «Выхадкі Ханумы» (Князь), «Сэлфі са склерозам» (Веніямін Іонавіч Есафаў), «Дванаццатая ноч» (Арсіна), «Небяспечныя сувязі» (Віконт дэ Вальмон), «Дзявішнік» (музыкант рок-гурта). Але і пасля ў спектаклях лютага можна будзе пабачыць Сяргея Чэкерэса — ён з тых артыстаў, якія плённа працуюць і занятыя ці не ў большай частцы рэпертуара — як драматычных, так і камедыйных пастаноўках.


Ну, што хаваць: яркі і абаяльны, ён прыцягвае харызмай, на якую звярнулі ўвагу гледачы адразу, калі гэты акцёр толькі з’явіўся ў беларускім тэатры. Выхаванец Кіеўскага тэатральнага інстытуту, ураджэнец Крывога Рогу, ён пачынаў кар’еру ў Херсонскім абласным музычна-драматычным тэатры. Але лёс распарадзіўся так, што разам з жонкай перабраўся ў Мінск, і з 1997 года служыць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. І не пярэчыць лёсу, адданы гэтаму тэатру, дзе яму давялося выконваць самыя розныя ролі ад шэкспіраўскага Гамлета да ролі ў спектаклях паводле беларускай літаратуры — Паніча ў купалавым «Раскіданым гняздзе» і Рогача ў «Лягендзе пра беднага Д’ябла» паводле Караткевіча і інш. За больш чым 25 гадоў яскравых увасабленняў, Сяргей Чэкерэс стаў любімцам гледачоў Беларусі. У тым ліку дзякуючы ўдзелу ў кіно, дзе ў яго з дзясятак роляў. Але нават без уліку кінапраектаў, напрацавана шмат. Сяргей Чэкерэс — прыклад артыста, які здолеў атрымаць любоў гледача ў першую чаргу дзякуючы тэатру, з якім у яго творчае супадзенне. Варта схадзіць на лютаўскія паказы з удзелам акцёра, каб гэта зразумець.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.