Вы тут

У гонар пісьменніка


У Гомелі на доме № 1 па вуліцы Яфрэмава ўрачыста адкрылі інфармацыйную дошку ў памяць пра лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, драматурга, празаіка, публіцыста Васіля Ткачова. У гэтай падзеі прынялі ўдзел актыў абласной пісьменніцкай арганізацыі, родныя і блізкія вядомага літаратара, прадстаўнікі працоўных калектываў ААТ «Гомсельмаш» і «Гомельскі завод ліцця і нармаляў».


Увесь студзень ва ўстановах адукацыі і культуры вобласці праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці Васіля Ткачова, — літаратурная грамадскасць рэгіёна такім чынам адзначыла 75-годдзе з дня нараджэння земляка, які заўчасна пайшоў з жыцця год таму. У гонар пісьменніка на працягу мінулага года былі праведзены два адкрытыя літаратурныя конкурсы сатырычнай і іранічнай паэзіі і прозы. У другім конкурсе прымалі ўдзел літаратары не толькі Беларусі, але і Расіі. Лаўрэатамі сталі Віктар Сабалеўскі (г. Узда Мінскай вобласці), Галіна Богдан (Гродна) і Кацярына Елісеенка (Магілёў). 

А завяршыліся памятныя мерапрыемствы адкрыццём інфармацыйнай дошкі, усталяванай на доме, у якім ён пражыў 40 гадоў.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч нагадаў прысутным аб вехах насычанай жыццёвай і творчай біяграфіі Васіля Ткачова, аб яго актыўным удзеле ў літаратурных акцыях і абласных фестывалях. Галоўны рэдактар газеты «Сельмашавец» Мікалай Дзямчыхін распавёў аб цеснай сувязі былога журналіста шматтыражкі з камбайнабудаўнічым прадпрыемствам і жыхарамі заводскага мікрараёна горада над Сожам. Прадстаўнікі кіраўніцтва ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармаляў», дзе вырабілі інфармацыйную дошку, таксама не маглі не сказаць некалькі слоў пра пісьменніка і драматурга. У сваю чаргу, цёпла падзякаваў ад імя сям’і літаратара кіраўніцтву абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і працоўным калектывам ААТ «ГЗЛіН» і «Гомсельмаш», усім, хто захоўвае памяць пра бацьку, старэйшы сын Васіля Юр’евіча — Юрый Ткачоў.

Пад апладысменты прысутных інфармацыйную дошку ўрачыста адкрылі Уладзімір Гаўрыловіч, Мікалай Дзямчыхін і ўдава пісьменніка Валянціна Ткачова.

Мікалай УЛАДЗІМІРАЎ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.