Вы тут

Паштовая дынастыя Вольскіх


У РУП «Белпошта» працуе нямала сямейных дынастый. Тры, чатыры, радзей пять чалавек, шасцёра ўвогуле не так часта... Таму і не паверыў адразу, калі ў Дзяржынскім РВПС дачыненне да пошты мелі і маюць на дадзены момант адразу сямёра членаў адной сям'і. З прадстаўнікамі гэтай вялікай паштовай дынастыі мне і давялося нядаўна пазнаёміцца.


Цяперашні старэйшына гэтай дынастыі — Генадзь Вольскі. Разам з ім на сустрэчу прыйшлі яго пляменнікі — Вадзім і Павел. Яны працягнулі справу свайго бацькі — Валерыя Вольскага, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. А ў свой час браты — Генадзь і Валерый — таксама вырашылі пайсці па шляху бацькі: Мечыслава Станіслававіча Вольскага, які з'яўляецца родапачынальнікам гэтай шматлікай паштовай сям'і. Прычым усе мужчыны працавалі і працуюць на пошце кіроўцамі. А калі дадаць да гэтага нявестак, якія працуюць аператарамі паштовай сувязі, то якраз і атрымаецца сапраўдны сямейны септэт.

Генадзь Вольскі.

— На пошце я працую ўжо 32 гады, — заўважыў Генадзь Мечыслававіч. — Прыйшоў пасля арміі, каб працягнуць справу бацькі. Вельмі падабалася ездзіць па ўсім раёне, наведваць вёскі і іх жыхароў. Цяпер іншай работы для сябе і не ўяўляю. Асабліва ўзрадаваўся, калі па маёй парадзе паштовымі кіроўцамі прыйшлі працаваць пляменнікі. Дарэчы, і мая дачка пэўны час таксама працавала на пошце.

Выбарам такой спецыяльнасці я абавязаны свайму бацьку, які яшчэ ў дзяцінстве браў мяне ў свае службовыя паездкі. Тады я і спазнаў асаблівасці цяперашняй работы, тады, можна сказаць, і нарадзілася ў мяне любоў да гэтай прафесіі — паштовага кіроўцы, якая прыносіць сапраўдную карысць людзям. Многія нават не ведаюць, з якой цеплынёй і радасцю нас сутракаюць вяскоўцы, як чакаюць яны карэспандэнцыю, газеты і часопісы, пасылкі, некаторыя спажывецкія тавары. Мы для іх — жывая сувязь са знешнім светам. І тыя цёплыя словы ўдзячнасці, якія я чую ад людзей, — самая вялікая для мяне ўзнагарода.

Яшчэ мяне радуе, што ў наш дружны працоўны калектыў у апошні час прыйшло шмат маладых работнікаў. Дзяўчат і хлопцаў. З імі вельмі прыемна працаваць і проста мець зносіны. І хоць нашу працу і не назавеш лёгкай (у дзень прыходзіцца праязджаць прыкладна 250 кіламетраў па трох раёнах), у добрым калектыве падобных цяжкасцяў проста не адчуваеш.

Па словах Генадзя Вольскага, з таго моманту, як ён уладкаваўся на пошту, умовы працы змяніліся. Цяпер кіроўцам Дзяржынскага РВПС даводзіцца аб'язджаць тры раёны: акрамя Дзяржынскага, дабавіліся Уздзенскі і Стаўбцоўскі. Але на сучаснай тэхніцы вялікія адлегласці нават не заўважаеш. Машыны камфортныя, хуткія, лёгкія. У параўнанні з цяжкімі грузавікамі, якія выкарыстоўваліся раней, за рулём новых паштовых фургонаў не стамляешся. Ну і кіроўцы да новых машын адносяцца вельмі ўважліва: берагуць, імкнуцца не дапусціць паломак. Калі раней атрымаць новую машыну было даволі цяжка, то сёння аўтапарк РВПС абнаўляецца рэгулярна.

— Ганаруся тым, што пайшоў па шляху майго бацькі і брата, падтрымаў сямейную традыцыю, — падкрэсліў Генадзь Мечыслававіч. — Менавіта яны падалі прыклад астатнім членам нашай сям'і, тым, хто і сёння дастаўляе пошту ў населеныя пункты раёнаў. Ну а паколькі ў мяне дзве дачкі, за руль іх, вядома, не пасадзіш. Але адна з іх да дэкрэтнага водпуску працавала начальнікам паштовага аддзялення. Магчыма, што і вернецца да былой работы. Вельмі радуе, што побач працуюць пляменнікі. З імі мне лягчэй і весялей працуецца.

Як расказаў Павел Вольскі, рашэнне аб тым, каб уладкавацца працаваць на пошту, ён прыняў пад уплывам свайго бацькі — Валерыя Мечыслававіча, які адпрацаваў у гэтай прафесіі 32 гады.

Павел Вольскі.

— Мне было вельмі цікава наведваць населеныя пункты нашага раёна, знаёміцца і мець зносіны з людзьмі, — адзначыў суразмоўнік. — Да гэтага я некалькі гадоў працаваў на будоўлі, але новая работа мне спадабалася куды больш. Яшчэ вельмі важным было тое, што я вярнуўся працаваць на радзіму, а ў мяне на той момант ужо была свая сям'я. Вось так і адпрацаваў кіроўцам пяць гадоў, але аб прынятым рашэнні я ніколі не шкадаваў і не шкадую.

У калектыве сустрэлі цёпла, хутка я атрымаў новую машыну, адным словам, умовамі працы вельмі задаволены. Але самае добрае ўражанне ў мяне застаецца ад зносін з людзьмі, жыхарамі вёсак, куды я дастаўляю лісты, паштоўкі, газеты, спажывецкія тавары. Вяскоўцы іх заўсёды чакаюць, а атрымаўшы, вельмі радуюцца. Вельмі прыемна адчуваць, што ты з кожным прыездам прыносіш ім сапраўдную радасць. Іншы раз людзі звяртаюцца з просьбамі, напрыклад, адзінокія бабулі просяць прынесці ў хату вады. Ніколі ім не адмаўляю, і яны мне вельмі ўдзячныя за гэта.

Трэба дадаць, што ў Паўла Вольскага вялікая сям'я — чацвёра дзяцей, усе хлопчыкі. Для старэйшых (13 і 12 гадоў) няма большай радасці, як праехаць з бацькам на паштовай машыне. Адчуваецца, што прафесія кіроўцы ім падабаецца. Як жартуе дзядзька Генадзь, добрая змена расце. Будзе каму працягваць сямейную справу.

Вадзім Вольскі.

Многія гадзіны ў кабіне машыны правёў у дзяцінстве і другі пляменнік Генадзя Вольскага — Вадзім. Менавіта тады, у дзіцячыя гады, у яго з'явілася мара пайсці па шляху бацькі і стаць кіроўцам.

— Для мяне бацькоўскія адносіны да працы сталі добрым прыкладам, — падкрэсліў Вадзім. — Ён быў вельмі адказным, старанным работнікам. Глядзеў на яго, і мне хацелася гэтак жа прыносіць карысць людзям. Дарэчы, і мой бацька, і дзядзька Генадзь самі пайшлі па шляху нашага дзеда Мечыслава Станіслававіча, які і з'яўляецца родапачынальнікам нашай сямейнай паштовай дынастыі. Так што мы з Паўлам — ужо кіроўцы ў трэцім пакаленні. У калектыве дзед карыстаўся вялікай павагай, старэйшыя калегі да цяперашняга часу ўспамінаюць яго самымі добрымі словамі. Для кожнага з нас ён — бясспрэчны аўтарытэт.

— На такіх супрацоўнікаў, як сям'я Вольскіх, заўсёды можна разлічваць, — адзначыла начальнік Дзяржынскага РВПС Алена Баднарашак. — Старанныя, добрасумленныя супрацоўнікі, настаўнікі, з якіх неабходна браць прыклад маладым кіроўцам. На такіх, як яны, можна сказаць, трымаецца ўвесь калектыў вузла. Менавіта старэйшыя прадстаўнікі гэтай дынастыі закладвалі тыя добрыя традыцыі, якія да гэтага часу існуюць у нашым працоўным калектыве.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.