Вы тут

Юныя «кулібіны» Гомельшчыны паспрачаюцца за званне лепшых на выставе тэхнічнай творчасці


Больш ста пяцідзесяці механізмаў і прылад, распрацаваных навучэнцамі і іх педагогамі ва ўстановах прафесійнай адукацыі Гомельскай вобласці, адабраныя для ўдзелу ў рэспубліканскай выставе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. 


Вось такі веласіпед з прычэпам дапаможа падарожнічаць з камфортам. Нягледзячы на габарыты транспарт вельмі манеўраны. Рухацца, руляваць, разварочвацца на ім, нават у абмежаванай прасторы, адно задавальненне. Незвычайную мадэль вела-«абгрэйда» прадэманстраваў старшы майстар Гомельскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў Уладзімір Васюта. Увогуле пад яго кіраўніцтвам навучэнцы змайстравалі некалькі важных і карысных прылад.

— Прадстаўляем дзве мадэлі нашых веласіпедаў. Акрамя манеўровага з прычэпам яшчэ лячэбны, прызначаны для аднаўлення пасля хваробы, — тлумачыць Уладзімір Вячаслававіч. — Прадстаўляем таксама шрэдэр для пластыка — своеасаблівы станок для перапрацоўкі другаснай сыравіны. Працуе такім чынам: загружаем пластык у бункер, уключаем падагравальны элемент, рэгулюем тэмпературу і на выхадзе атрымліваем пластыкавы дрот, які можна выкарыстоўваць у самых розных мэтах.

Вынаходкі навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў — адны з больш як ста пяцідзесяці работ устаноў прафесійнай адукацыі рэгіёна, што адабраныя для ўдзелу ў рэспубліканскай выставе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Лепшыя з лепшых экспанатаў можна было ацаніць на выставе-прэзентацыі ў Гомельскім абласным доме навучэнцаў і супрацоўнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.

Цікавую распрацоўку прадставіў Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж. Гэта пошук дзіцяці па мабільным дадатку «Беражы сябе». Дарэчы, навучэнцы каледжа «напісалі» дадатак з нуля.

— Вы можаце на тэлефон дзіцяці ўсталяваць гэты дадатак і адсочваць, дзе знаходзіцца дзіця, — патлумачыў майстар вытворчага навучання ўстановы адукацыі Юрый Ядранцаў. — Можна ўсталяваць небяспечную зону — напрыклад, будаўнічыя аб’екты ці вадаёмы. Калі дзіця да іх набліжаецца, на тэлефон адразу прыходзіць паведамленне.

На выставе свае распрацоўкі прадставілі ўсе ўстановы прафесійнай адукацыі Гомельшчыны. Як распавяла загадчык аддзела тэхнічнай і мастацкай творчасці Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і супрацоўнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Жана Дзянісава, агляд работ праводзіцца па 24-х намінацыях тэхнічнага і дэкаратыўна-прыкладнога кірункаў.

Усе механізмы, прылады і распрацоўкі, якія сталі прызёрамі абласнога адбору, будуць намінавацца да ўдзелу ў рэспубліканскім адборачным этапе.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.