Вы тут

Новыя памкненні жывапісца Мікалая Таранды


У Мінску выйшаў альбом таленавітага творцы — жывапісца Мікалая ТАРАНДЫ з надзвычай характэрнай назвай «Экспрэсія». 


Па словах Альбера Камю, экспрэсія заканчваецца там, дзе заканчваецца мысленне. Сутнасць слова — у настроі. Псіхолагі сведчаць: «... Што такое экспрэсія і як яна працуе, добра назіраць на рэвалюцыйна настроеных людзях, генератарах энергіі і ківача, якія разгойдваюць ўвесь навакольны свет вакол сябе. Іх сакрэт у накіраваным дзеянні свайго душэўнага ўздыму, у тым, што сваю іскру яны нясуць з упэўненым разуменнем таго, што яна свеціць і грэе, а не сарамліва хаваючы яе пад палой...» 

У лаканічным, але разам з тым вычарпальна грунтоўным артыкуле-уступе да альбома кандыдат мастацтвазнаўства Міхась ЦЫБУЛЬСКІ зазначае: «Экспрэсіўны рэпертуар» Мікалая Таранды ўключае ўсе жанравыя формы, да якіх ён звяртаецца, і ўсё ж найбольш поўна прадстаўлены ў пейзажах. Шмат працуючы на пленэры, творца імкнецца захаваць адкрытасць і непасрэднасць ва ўспрыманні прыроды, абвастрыць і ўзмацніць перажытыя эмоцыі ў жывапісных палотнах. Аднак асноўную частку абстрактных і паўабстрактных кампазіцый ён піша ў майстэрні, абапіраючыся на ўбачанае і перажытае. Экспрэсія паўстае як інтэрпрэтацыя навакольнага свету, прыродных з’яў і праяўляе сябе ў шматлікіх варыянтах. Нават у рэалістычна пабудаваных творах мастак нярэдка падвяргае элементы рэчаіснасці падкрэслена аўтарскім кампазіцыйным і вобразна-сэнсавым трансфармацыям. У такіх творах няма дамінантнай ролі матыву, у іх валадараць колер і рытм. Увагу гледача прыцягвае не столькі прыгажосць знешняй рэальнасці, колькі суб’ектыўнасць уражанняў, фантазіі творца». 

«Вір», «Вечар», «Мелодыя лесу», «Вёска Зайцава» — працы, якія ўжо на пачатку знаёмства з альбомам рэпрадукцый, што выдадзены выдавецтвам «Аверсэв», ствараюць трывалы мост, шлях да паразумення з мастаком. Калі ўзіраешся ў карціну «Пасля дажджу», то сапраўды згадваеш свае ўласныя фізічныя і эмацыйныя адчуванні, што ёсць для цябе дождж, які настрой ён прыўносіць у характар твайго мышлення, што ты гатовы рабіць у гэты час, схаваўшыся ад яго пад дахам, знайшоўшы месца на любімай канапе... Чытаць любімага табой Канстанціна Паўстоўскага, Юрыя Казакова ці Міхася Стральцова..? Ці ўнікліва сягаць усёй свядомасцю ў неўміручыя вершы Пімена Панчанкі альбо Максіма Танка? Альбо аддацца развагам пра жыццё, у якім і дождж, і цёплае, без аблачынкі, надвор’е — усё і ёсць тая самая сапраўдная светласць. 

Экспрэсія з «мастацкімі адрасамі» — у працах Мікалая Таранды «Куток Адроўкі», «Вясна ў бярозавым балгарскім гаі», «Блакітная сінь Браслаўшчыны», «Перадгор’е Карпатыі. З серыі «Славакія», «Аршаншчына», "Цёплая восень Аршаншчыны«...Геаграфічна-мастацкае падарожжа з жывапісцам дадае канкрэтных уражанняў не меней, чым карціны, дзе прырода, тыя ці іншыя яе абсягі выпісаны «фатаграфічна». 

... У кожнага з прыхільнікаў выяўленчага мастацтва свае ўласныя зацікаўленні, свой пункт гледжання на жывапіс ці графіку, на творчасць таго ці іншага мастака... «Заканадаўчых» парад тут і быць, зразумела, не можа. Ды і не на карысць яны. Проста раю зазірнуць на старонкі мастацкага альбома Мікалая Таранды «Экспрэсія». Дарэчы. Ён і з дызайнерскага, паліграфічнага пункту гледжання выкананы бездакорна. Таму і дызайнераў нельга не назваць. Імі выступілі Канстанцін Вашчанка і Андрэй Ганчароў. Ды і тыраж у выдання даволі сімпатычны па сённяшнім часе — 500 асобнікаў. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.