Вы тут

Алесь Бачыла: Вартавы гармоніі і шчасця


Часам, аглядаючы гісторыю беларускай літаратуры, шкадуеш, што не давялося жыць у пару, калі на ніве беларускага прыгожага пісьменства працавалі яркія, цікавыя творцы, чые кнігі і зараз прыцягваюць, нязмушана трывожаць. Як, напрыклад, не захапляцца такімі паэтычнымі радкамі, многія дзесяцігоддзі з любоўю да роднага краю выпісанымі Алесем Бачылам: «Бярозкі, бярозкі...І кожная ў белым/ І постаццю кожная як на падбор./ Глядзіш, і здаецца, ну, чым не капэла?/ Чаго ты чакаеш? Прыходзь, дырыжор!/ Але дырыжор не прыходзіць. Густая,/ Ў сто тысяч ствалінак, капэла маўчыць,/ І голлем раз-поразу цяжка ўздыхае,/ Не могуць цяжкую крыўду змагчы». 


І вось бы, адкрыўшы гэтыя радкі, пра нешта пагаварыць з самім паэтам. А мо і памаўчаць дзе-небудзь у пералеску каля яго роднай Лешніцы, блізкай і знаёмай і мне. 

...Збіраючы старонка за старонкай літаратурна-краязнаўчую памяць Пухавіччыны (а Лешніца — гэта сённяшні Пухавіцкі раён), ведаючы, што на той час ужо не было сярод жывых самога паэта, я шукаў стасункаў з яго родзічамі. І вось Ніна Барысаўна Ватацы на паштоўцы ад 27 красавіка 1987 года піша мне: «Паважаны Алесь! 

Віншую Вас са святам 1-га Мая, жадаю поспехаў і шчасця. 

Высылаю Вам адрасы. 

Яўгеніі Яфрэмаўны Бачыла: 

Мінск. Ленінскі праспект, д. 19, кв. 98. Тэл. 20.98. 07...» 

Так паціху стаў збіраць усемагчымыя звесткі пра Алеся Бачылу. Пісаў пра паэта ў звязку Пухавіцкай тэмай у яго творчасці ў кнігах «І марам волю дам», «Пухавіччына: Літаратурнае гняздо Беларусі», у перыядычных выданнях. За гады сабраўся і некаторы фатаграфічны архіў з выявамі паэта, яго сяброў і паплечнікаў... Некаторыя са здымкаў, якія зараз прапаную ўвазе чытачоў, гледачоў, друкаваліся. Іншыя, здаецца, нідзе не сустракаліся... 

Персанажы на здымках — і пісьменнікі, і яго спадарожнікі, часам, відаць, зусім выпадковыя — з такімі прасветленымі, адкрытымі, аптымістычнымі тварамі, што выявы прыцягваюць, дадаюць і нам, сённяшнім, усмешак, падштурхоўваюць да той самай філасафічнасці, што гучала і ў вершах Алеся Бачылы і паэтаў яго пакалення... Канешне, яны, тыя, хто прайшоў праз выпрабаванні сацыяльна-эканамічных, палітычных змен, хто на вайне пабываў, хто на свае бачыў і неверагодныя пераабсталяванні жыцця да лепшага, хто адчуў усю жорсткасць рэпрэсіўнай машыны, былі і неверагоднымі летуценнікамі, імкнуліся зазірнуць у заўтра. Гэтыя радкі Алеся Бачылы былі надрукаваны ўжо пасля смерці (дарэчы, у часопісе «Маладосць»):

Дзве тысячы сто першы год — 

Час велічнай гармоніі і шчасця.

.............................................

Жаданы век! Працуй, твары, жыві, 

Ажыццяўляй людскія летуценні.

Я адкрываю шчыры свет любві,

Свет справядлівасці, гуманнасці, сумлення.

Углядаюся ў здымкі 1950-х... Вось на адным здымку з Каралішчавічаў — Рыгор Няхай, Максім Танк, Алесь Якімовіч, Янка Брыль, Алесь Бачыла, нехта яшчэ, мне, на жаль, не знаёмы... А вось ён, аўтар слоў песні «Радзімы маёй дарагой» (кампазітар — Уладзімір Алоўнікаў), за спінай у Якуба Коласа, у год, калі народны пясняр святкаваў свой 70-гадовы юбілей. А гэта — здымак з Карэліч. Пісьменнікі прыехалі на сустрэчу — 20 сакавіка 1960 года. Знаходзяцца ў сакратара райкома партыі, як пазначана чыёйсьці рукою. Побач з Алесем Бачылам — постаці, якіх нельга не пазнаць: Янка Брыль, Максім Танк, Іван Шамякін... З адрасам — і другі здымак: ужо з Берасцейшчыны, з Камянца. Задумлівы Алесь Бачыла і ўсмешлівы Максім Танк... Цікавымі падаюцца здымкі з вайсковых збораў — капітан Алесь Бачыла і старшы лейтэнант Уладзімір Юрэвіч, год 1965, Барысаў...Ёсць і здымак з Вялікай Айчыннай — літсупрацоўнік газеты «В бой за Родину» капітан Бачыла і адказны сакратар гэтага ж выдання Скрыганаў. Год 1945…

Фатаграфічныя памяткі з далёкіх часін — самыя выключныя, самыя дакументальныя сведчанні. Мо не такія красамоўныя, як іншыя дакументы, што схаваны ў архівах. І ўсё ж праз фотаздымкі мы бачым не толькі вочы паэта, яго адкрыты погляд, мы адчуваем сэрцабіццё яго радка... І як запавет на стагоддзі наперад гучаць і такія словы Алеся Бачылы: «...Душой адклікайся на душы людзей,/ Нясі ім спагаду, сардэчнасць,/ Знай: самай высокай з усіх прывілей — / І ёсць чалавечнасць!/ Спажыва жывога сумлення твайго — / Ад гора найлепшыя лекі.../ Таму і прасілі здавён аднаго: / — Будзь чалавекам!»

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.