Вы тут

Ці ўсё залежыць ад перапрацоўкі ў справе абяшкоджвання бытавых адходаў?


Мінулым летам з сумнай нагоды давялося быць на сталічных могілках «Міханавічы». На адным з участкаў мяне ўразіў «стог» са штучных вянкоў і кветак. Па ўсяму было бачна, што ўтрамбаваная рознакаляровая вялізная гурба не адзін дзень фарміравалася. Гэта ж колькі атруты можа трапіць у зямлю толькі з адных могілак! — падумалася тады. 


Традыцыя літаральна завальваць месцы спачыну яркімі штучнымі кветкамі мяне даўно абурае. Могілкі, якія паводле вызначэння з’яўляюцца месцам роздуму, памяці, смутку, стараннямі родзічаў памерлых выглядаюць у нас часам нібы мексіканскія карнавалы. Амаль нідзе ў свеце няма такой моды, вось толькі ў нас яна прыжылася не без дапамогі вытворцаў і гандляроў танным таварам. Але зараз гаворка не пра культуру і эстэтыку, найбольш — пра здароўе. Менавіта на здароўе аказвае прамы ўплыў такое бяздумнае забруджванне прыроды. Для фарбы замежныя вытворцы выкарыстоўваюць самыя розныя кіслоты, чытай, атруту. Калі яна трапіць у зямлю, то праляжыць там дзесяцігоддзі, і можа вярнуцца да нас з вадой, ежай — як жывёльнага, так і расліннага паходжання. Тут ужо ўся надзея на перапрацоўку і гэтых, і іншых, самых розных адходаў. А іх мы выпрацоўваем у працэсе жыццядзейнасці з кожным годам усё больш і больш. 

У Брэсце пачынаючы з 2012 года спецыялізаванае прадпрыемства сартыруе і перапрацоўвае бытавыя адходы. З іх атрымліваюць электрычную і газавую энергію, здабываюць сыравіну для далейшай вытворчасці. У цэлым па вобласці паказчык выкарыстання цвёрдых бытавых адходаў складае 36,6 працэнта. Але ж застаюцца рэгіёны, дзе адходы пакуль што цалкам вывозяцца на палігоны. 

— Мясцовыя органы ўлады, дэпутаты ўсіх узроўняў адказваюць за арганізацыю работы з адходамі. Гэта даволі складаная і шматпланавая праблема. У нашай вобласці 2150 населеных пунктаў. Фактычна ў кожным выбудавана сістэма па зборы, сарціроўцы, утылізацыі адходаў. Але ж работу трэба ўдасканальваць, даводзіць да лагічнага завяршэння ў выглядзе глыбокай перапрацоўкі, — расказаў старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, сенатар Юрый Наркевіч. — Гэта пытанне мы не так даўно абмяркоўвалі на пасяджэнні экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі, які праходзіў у Баранавічах. 

Гаспадары пасяджэння тады дзяліліся вопытам і планамі. На савеце адзначалася, што ў Брэсцкай вобласці выбудавана канцэпцыя па рабоце з камунальнымі адходамі. Неўзабаве ў рэгіёне будуць уведзены ў эксплуатацыю чатыры рэгіянальныя комплексы. Напрыклад, у Брэсцкую зону ўваходзяць Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Маларыцкі і Камянецкі раёны. Названы комплекс, аснову якога складае Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод, ужо дзейнічае. Сюды прывозяць ЦБА з абласнога цэнтра і з трох раёнаў. Маларыцкі раён далучыцца пасля таго, як палігон на тэрыторыі раёна будзе запоўнены. Вядуцца работы па Пінскай і Баранавіцкай зонах. 

У Баранавічах правялі мадэрнізацыю сартавальнага комплексу, у выніку яго магутнасці павялічаны ўдвая. Гэта дазволіць сартаваць адходы з Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Ганцавіцкага раёнаў. З пачатку гэтага года ЦБА ўжо прывозяць і з тэрыторыі Баранавіцкага раёна. Далучэнне астатніх раёнаў будзе ісці паступова па меры падрыхтоўкі аб’екта. Работу запланавана завяршыць у наступным годзе за кошт сродкаў абласной інвестыцыйнай праграмы і ўдзелу аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў. 

Тым часам рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для Пінскай зоны. Там ідзе рэканструкцыя палігона цвёрдых бытавых адходаў. На ўсё плануецца выдаткаваць каля 100 мільёнаў рублёў. Зона ахоплівае Пінск і Пінскі раён, а таксама Іванаўскі. 

Рэгіянальны комплекс па сарціроўцы і выкарыстанні цвёрдых адходаў неўзабаве з’явіцца і ў Кобрыне. Сюды павязуць смецце з Драгічынскага і Пружанскага раёнаў. Распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на названы комплекс пачнецца сёлета. 

Варта сказаць, што за апошняе дзесяцігоддзе аб’ём нарыхтоўкі цвёрдых бытавых адходаў у вобласці вырас у некалькі разоў. Калі, напрыклад, у 2010 годзе іх нарыхтавалі 13,8 тысячы тон, то летась лічба была — 106,6 тысячы тон. Для сарціроўкі смецця выкарыстоўваецца 22 тысячы спецыяльных кантэйнераў, а зборам і выманнем другасных рэсурсаў займаецца 14 аб’ектаў гаспадарання. З увядзеннем у строй названых комплексаў, несумненна, паказчыкі перапрацоўкі ў разы вырастуць на карысць аздараўлення навакольнага асяроддзя. І ўсё ж... 

Сітуацыя з зямлёй, вадой, паветрам не цалкам залежыць ад сістэмы і якасці перапрацоўкі. Яна залежыць і ад дакладнай работы многіх структур і свядомасці суайчыннікаў. Пра шматлікія парушэнні, выяўленыя Брэсцкім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, гаварылі на пасяджэнні аблвыканкама на гэтым тыдні. Старшыня камітэта Ян Вянсковіч прывёў прыклады парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства ў Івацэвіцкім і Пінскім раёнах, калі своечасова не вывозяцца адходы і не ліквідуюцца стыхійныя звалкі. Зноў гаворка зайшла пра гурбы смецця на вясковых могілках. Як вядома, большую частку гэтага смецця складаюць вянкі і штучныя кветкі. 

Дарэчы, гэтай вясной перад Радуніцай Мінпрыроды зноў выступіла з заклікам адмовіцца ад упрыгожвання месцаў спачыну штучнымі кветкамі. Але ж неяк дзяжурна і не вельмі ўпэўнена прагучаў голас галоўнага прыродаахоўнага ведамства. Відавочна, што больш настойлівая павінна быць прапаганда, больш шырокая тлумачальная работа.

Скажам, адзін святар у Драгічынскім раёне аб’явіў, што не будзе асвячаць магілы са штучнымі кветкамі. І людзі хутка знайшлі замену шкоднаму пластыку пры добраўпарадкаванні. І калі аблкамітэт аховы прыроды ў ходзе падрыхтоўкі да выканкама прыняў пэўныя меры ўздзеяння, многае было выпраўлена вельмі аператыўна. Нам усім разам трэба шукаць шляхі памяншэння аб’ёму адходаў. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.