Вы тут

Адзіны стопакаёвы палац на беларускіх землях


Палацава-паркавы ансамбль Булгакаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму, пабудаваны ў XIX стагоддзі. Ён зняходзіцца ў аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь як помнік архітэктуры міжнароднага значэння. Калі вы лічыце, што ўсе беларускія замкі размешчаны на захадзе нашай краіны, то вам абавязкова трэба здзейсніць падарожжа на Магілёўшчыну.


«Жыліцкі Версаль» — менавіта так у свой час ахрысцілі палац, збудаваны ў дваранскім маёнтку Добасна дзвесце гадоў таму. Архітэктурная жамчужына не толькі ўсяго прыдняпроўскага краю, але і, без перабольшання, адзін з найлепшых узораў спадчыны беларускай культуры, некалі належала старажытнаму роду Булгакаў. Велічны палацава-паркавы комплекс, будаўніцтва якога пачалося ў 1823 годзе і працягвалася аж да пачатку ХХ стагоддзя, па прыгажосці і маштабе не саступаў Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў. Тут мелася нават свая аранжарэя, якая па памерах і колькасці экзатычных раслін лічылася найлепшай у беларускіх губернях.

Сам будынак уражваў архітэктурай, а таксама дэкаратыўным аздабленнем фасадаў і ўнутраных памяшканняў. Гэта быў адзіны стопакаёвы палац на беларускіх землях. Дызайн пакояў не паўтараўся нават у дробных дэталях. Унікальныя кесонныя столі, багата аздобленыя паза­лотай, да гэтага часу з’яўляюцца візіткай радавога маёнтка Булгакаў. Палац уражваў раскошнымі інтэр’ерамі, дарагой мэбляй, камінамі з мармуру, бібліятэкай у сем тысяч тамоў і каштоўнымі калекцыямі прадметаў мастацтва.

Сядзібу ў Жылічах неаднаразова наведваў знакаміты фатограф Ян Булгак. Захавалася каля трыццаці яго здымкаў палаца. Улетку 1877 года ў гэтых месцах спыняўся Напалеон Орда, які падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Літве, Польшчы, робячы замалёўкі архітэктурных помнікаў. Яго творы адрозніваліся строгай дакументальнасцю і сёння служаць каштоўнай крыніцай для гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў. Знакаміты мастак адлюстраваў палац Булгакаў на двух малюнках.

Фота: БелТА.

У розны час сядзіба служыла рэзідэнцыяй, шпіталем, дзіцячым домам і навучальнай установай. Нягледзячы на тое, што за сваю гісторыю гэты архітэктурны шэдэўр пабачыў многае: пампезнае будаўніцтва, раскошу і багацце, запусценне і заняпад, неаднойчы яго рабавалі і раскрадалі, — палацу быў наканаваны шчаслівы лёс. Ён перажыў усе войны: на яго не ўпала ні адна бомба, ён ні разу не гарэў. Гэта адзіны ў Беларусі палацавы будынак, у якім захаваліся ўпрыгажэнні, у тым ліку ляпніна.

Радавы маёнтак Булгакаў сталі аднаўляць больш за дзесяць гадоў таму. Рэстаўрацыя ў чатыры чаргі тут вядзецца з 2009 года. Першая прадугледжвала аднаўленне заходняй часткі палаца і была завершана ў 2011 годзе. Тут размясцілася дзіцячая школа мастацтваў. Затым вярнулі ранейшае аблічча флігелю галоўнага корпуса, разбуранаму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Трэцяя чарга ўключала адраджэнне ўсіх гістарычных памяшканняў у галоўным корпусе і частцы паўночнага, дзе практычна поўнасцю размесціцца музей, а адзін з флігеляў зойме сельская бібліятэка. У цяперашні час залы комплексу напаўняюцца антыкварнай мэбляй, а таксама сучаснымі копіямі мэблі XIX стагоддзя, карцінамі, нанава ствараецца аранжарэя, разбураная ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і капліца. Чацвёртай чаргой запланавана аднаўленне парку, разбітага яшчэ ў XIX стагоддзі, і воднай сістэмы.

Нягледзячы на рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, якія працягваюцца 14 гадоў, наведаць сядзібу ўжо можна. Для турыстаў адкрыты другі паверх — там праводзяць экскурсіі.

У хуткім часе палацава-паркавы комплекс будзе цалкам адноўлены, і ўжо відавочна, што ён увойдзе ў лік найбольш цікавых гіста­рычных помнікаў на тэрыторыі Беларусі, зойме сваё заслужанае месца сярод культурных здабыткаў беларускай нацыі і стане перспектыўным турыстычным аб’ектам, нароўні з Нясвіжскім і Мірскім замкамі.

А пакуль што ў аматараў даўніны ёсць выдатная магчымасць наведаць архітэктурны шэдэўр Магілёўшчыны віртуальна, зайшоўшы на сайт Магілёўскай абласной бібліятэкі. На галоўнай старонцы вы знойдзеце адметны інтэрнэт-рэсурс пад назвай «Жыліцкі Версаль», прысвечаны палацава-паркаваму комплексу. Унікальнасць яго ў тым, што сабраныя з розных крыніц па крупінках звесткі пра палац аб’яднаны ў адным рэсурсе і даступны кожнаму інтэрнэт-карыстальніку. Бо да гэтага часу не выдадзена ні аднаго фундаментальнага гісторыка-архітэктурнага нарыса пра сядзібу накшталт тых, што напісаныя пра іншыя беларускія замкі і палацы, няма ні аднаго прэзентацыйнага фотаальбома. У фондзе Магілёўскай абласной бібліятэкі, роўна як і ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, масіў дакументаў аб сядзібе ў Жылічах прадстаўлены выключна артыкуламі з перыядычных выданняў. З кніг жа маецца толькі малафарматнае выданне 1992 года аб’ёмам у 75 старонак — «Палац у Жылічах = Дворец в Жиличах» В. Ф. Марозава з серыі «Помнікі беларускага дойлідства». Галоўнай кніжнай скарбніцы краіны пашчасціла валодаць яшчэ зборнікам матэрыялаў Рэспубліканскага навуковапрактычнага семінара, які адбыўся на базе Жыліцкага гістарычнага комплексумузея ў 2017 годзе, ды адзінкавымі выявамі палаца ў камплектах паштовак. На гэтым усё.

З прычыны адсутнасці вартага ўвагі друкаванага выдання пра палац Булгакаў супрацоўнікі Магілёўскай абласной бібліятэкі палічылі неабходным ліквідаваць гэты прабел і стварыць віртуальны праект пра яго як альтэрнатыўную і сучасную крыніцу інфармацыі, не прэтэндуючы на выключную дакладнасць узнаўлення гісторыі. Бо чым далей ад нашага часу адбываюцца падзеі, тым менш сведчанняў пра іх трапляе ў рукі даследчыкаў…

Фота: БелТА.

Двухсотгадовая гісторыя радавога гнязда Булгакаў адноўлена ў сямі раздзелах праекта: «Сага пра Булгакаў», «Сядзіба Добасна», «Палацавыя залы», «Гады калектывізацыі», «Ваеннае ліхалецце», «Савецкі перыяд» і «Новае жыццё палаца». Інфармацыя прадстаўлена на рускай і беларускай мовах, ёсць сістэма пошуку па рэсурсе.

Вы пазнаёміцеся з уладальнікамі сядзібы і яркімі прадстаўнікамі вядомага дваранскага роду, убачыце арыгінальную архітэктуру ў стылі класіцызму з масонскім знакам на франтоне будынка, захопіцеся раскошнымі інтэр’ерамі пала­цавых залаў, павандруеце па алеях самага вялікага ў вобласці старадаўняга парку з дзівосным каскадам сажалак і надзвычай здзівіцеся, якая насычаная гаспадарчая дзейнасць вялася ў маёнтку Булгакаў.

Пры стварэнні базы даных выкарыстаны дакументы з фонду ўстановы культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», матэрыялы са свабодных інтэрнэт-крыніц, а таксама прадстаўленыя ДУК «Сетка бібліятэк Кіраўскага раёна».

Такім чынам, запрашаем здзейсніць віртуальнае падарожжа па самым вялікім палацы Беларусі, напоўніць душу святлом гісторыі і надоўга захаваць успаміны аб сустрэчы з «Жыліцкім Версалем»! Спасылку на рэсурс можна знайсці і ў самым папулярным інтэрнэт-даведніку ў свеце — Вікіпедыі, на старонцы «Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Жылічы)».

Ужо працяглы час публічныя бібліятэкі Магілёўскай вобласці выкарыстоўваюць свае сайты як платформу для арганізацыі аддаленага доступу да ўласных рэсурсаў, што робіць краязнаўчыя веды максімальна даступнымі для насельніцтва. Валодаючы каласальным масівам аўтарытэтных дакументальных крыніц, бібліятэкі напаўняюць інтэрнэт-прастору якасным і дакладным кантэнтам, што, безумоўна, прываблівае карыстальнікаў.

На сёння на сайтах бібліятэк Магілёўшчыны ўвогуле прадстаўлена больш за 150 рэгіянальных анлайн-праектаў, якія папулярызуюць гісторыка-культурную спадчыну вобласці ў сусветным інфармацыйным асяроддзі. У мэтах аб’яднання і сістэматызацыі звестак аб рэгіёне на адзінай інфармацыйнай платформе і спрашчэння пошуку краязнаўчай інфармацыі на сайце абласной бібліятэкі створаны даведнік па інтэрнэт-рэсурсах бібліятэк «Краязнаўчы партал Магілёўскай вобласці». Доступ да яго арганізаваны таксама на ўсіх сайтах гарадскіх і раённых бібліятэчных сетак.

Прыемна, што нашы інтэрнэт-рэсурсы выклікаюць цікавасць не толькі ў карыстальнікаў, пра што сведчыць статыстыка наведванняў, але і ў калег, прафесіяналаў бібліятэчнай справы. Удвая прыемна тое, што наша праца ацэнена на самым высокім дзяржаўным узроўні і па выніках 2020 года адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значныя дасягненні ў справе выхавання любові да роднага краю і стварэнне інфармацыйных рэсурсаў, прысвечаных тэме малой радзімы.

Юлія КАСЦЮК, вучоны сакратар

Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».