Вы тут

«Мая галоўная матывацыя — жыць на поўную». Што выйдзе ў новым нумары «Алесі»


Што выйдзе ў шостым нумары часопіса «Алеся».


У рамках праекта «Жаночая сіла: змяняць, ствараючы» чытайце інтэрв’ю з мастацкім кіраўніком Маладзёжнага тэатра эстрады, драматургам, рэжысёрам, уладальнікам «Медаля Францыска Скарыны» Уладзіславай Арцюкоўскай.

— Рэжысёр па сутнасці — гэта аналітык, — пераканана суразмоўца. — З вялікай колькасці інфармацыі ён павінен скласці, як «кубік Рубіка», тую палітру, якая яму патрэбна. За кожным, на першы погляд, лёгкім праектам крыецца вялікая праца.

Прачытаўшы гутарку з Уладзіславай Арцюкоўскай, вы даведаецеся, як у яе нараджаюцца ідэі шматлікіх праектаў, што ёй удалося змяніць у тэатры за час свайго кіраўніцтва, па якіх крытэрыях яна фарміруе сваю творчую каманду, якія кнігі хоча напісаць і каму больш за ўсё ў жыцці ўдзячная. 

«Помнік Любові застаўся загадкай»

7 чэрвеня Галіна Левіна адзначыла прыгожы юбілей, які справядліва можна назваць творчым росквітам. Адоранасць яе выявілася рана і была клапатліва выгадавана ў сям’і, а настаўнікам у прафесіі стаў бацька — Леанід Левін, Заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўных прэмій, адзін з аўтараў мемарыяла «Хатынь», архітэктар мемарыяла «Чырвоны Бераг» і многіх іншых знакавых для нашай краіны аб’ектаў. Галіна Левіна годна працягвае справу жыцця бацькі і сама з’яўляецца арыгінальным,
тонкім мастаком.

— Я вучылася ў яго памяці — нешаблоннай, сумленнай. Цяпер вельмі важна таму, хто працуе над гэтай тэмай, быць шчырым, утрымацца ад фармальнага рашэння мастацкіх задач, — падкрэслівае Галіна Леанідаўна. 

Аб іншых уроках бацькі, а таксама жахах вайны, якія адбіліся на лёсе яе продкаў, аб творчым шляху і марах чытайце ў размове з вядомай мастачкай. 

«Аперыруючы, становішся іншым чалавекам»

Кампліменты сваім залатым рукам і словы падзякі яна чуе ад пацыентаў увесь час ужо на працягу чвэрці стагоддзя. З якімі праблемамі часцей за ўсё да яе звяртаюцца? Як новыя тэхналогіі і падыходы робяць медыцынскую дапамогу больш эфэктыўнай? Гутарым пра гэта з загадчыцай аддзялення сківічна-тварнай хірургіі і рэканструктыўнай стаматалогіі Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі (МНПЦ ХТіГ) Аленай Рудой.

Жадаеш быць шчаслівай? Будзь

Пра што трэба памятаць, каб не ператварыцца ў стомленую функцыю, а стаць лепшай версіяй самой сябе? Аб сэксуальнасці, аб тым, як яна фарміруецца, што яе развівае, а што знішчае, расказвае кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры інавацыйнага ўпраўлення Інстытута бізнесу БДУ, практыкуючы псіхолаг, коуч Наталля Плаўнік.

«Сухія кветкі магу маляваць бясконца» 

Графік, кніжны ілюстратар, жывапісец, аўтар экслібрысаў, паштовак, канвертаў, марак... За сорак гадоў напружанай творчай працы мастак з Барысава Мікола Рыжы напоўніцу праявіў свой рознабаковы талент. Сёлета таленавітаму творцы магло б споўніцца семдзесят. Шэсць гадоў як мастака няма з намі, але яго работы па-ранейшаму выклікаюць цікавасць, прыцягваюць увагу. «Многія мастакі з’язджаюць за мяжу, страчваюць ьсваю нацыянальную асаблівасць дзеля таго, каб зарабляць грошы, — казаў Мікола Рыжы. — Я на гэтую „хваробу“ не пакутую». Пра асобу мастака, яго творчы пошук і жыццёвыя каштоўнасці ўспамінае пісьменніца і зямлячка Алена Брава. 

Падведзены вынікі літаратурнага конкурсу «Старэйшыя мае, мне з вамі добра», абвешчанага часопісам «Алеся» сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і прысвечанага сям’і. Чытайце ў чэрвеньскім нумары творы пераможцаў — дыптых Алены Басікірскай «Сямейная гісторыя» і апавяданне Алены Беланожкі «Сукенка». 

Касметолаг Наталья Паўловіч пазнаёміць з сучаснымі тэхналогіямі амаладжэння як альтэрнатывай пластычнай хірургіі, а візажыст Вераніка Хандога растлумачыць, як з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі завуаліраваць узроставыя недахопы, дамагчыся таго, каб адлюстраванне ў люстэрку ўсяляла аптымізм, а не псавала настрой. 

Напэўна многім цікава будзе прачытаць пра тое, як зрабіць дом месцам, дзе знаходзіш адчвуванне спакою, прымірэння, дзе можна па-сапраўднаму адпачыць і перазагрузіцца. Таксама з гэтага нумара «Алесі» вы даведаецеся пра тое, чаму варта адмовіцца ад празмернага ўжывання салодкага і пра сакрэты прыгатавання дражджавого цеста, якое традыцыйна лічыцца дастаткова капрызным і не ва ўсіх гаспадынь атрымліваецца. А модніцам мы падскажам, якія модныя ўпрыгожванні зараз на піку папулярнасці. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.