Вы тут

У Прэзідэнцкай бібліятэцы праходзіць выстава да 30-годдзя Канстытуцыі


Ад Статута Вялікага Княства Літоўскага да апошняй рэдакцыі Асноўнага Закона Беларусі: з унікальнымі дакументамі і выданнямі з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, а таксама іншых навуковых устаноў краіны можна азнаёміцца на выставе да 30-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інстытута прэзідэнцтва. Экспазіцыю прадставілі ў Прэзідэнцкай бібліятэцы.


Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Юлія Сярмяжка

Задача выставы — паказаць гісторыю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адзначыла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Прэзідэнцкай бібліятэкі Юлія Сярмяжка. Увазе грамадскасці прапануюцца рарытэты не толькі з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі, але і з Нацыянальнага архіва Беларусі і Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Напрыклад, унікальныя дакументы аб абмеркаванні Канстытуцыі і ўнясенні прапаноў.

— Мы захоўваем нашу гістарычную памяць, і на выставе прадстаўлены ўсе дакументы, пачынаючы ад Дэкларацыі, якая змяніла Канстытуцыю 1978 года, да Канстытуцыі 1994 года, а таксама наступныя рэдакцыі са зменамі на падставе рэферэндумаў. Яшчэ тут прадстаўлены прыклады газетных артыкулаў аб тым, як ішло абмеркаванне. Унікальныя і выданні сучаснай Канстытуцыі: падарункавыя, кішэнныя, яны таксама маюць гістарычную каштоўнасць, — расказала Юлія Мікалаеўна.

У прыватнасці, ёсць на выставе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь шрыфтам Брайля (для сляпых і чытачоў са слабым зрокам). Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі выдаў Канстытуцыю Беларусі шрыфтам Брайля ў 2022 годзе. Выданне знаходзіцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Ці даступны асноўны закон?

Законы сваёй краіны трэба ведаць. Ці даступная Канстытуцыя Беларусі для шырокага кола чытачоў?

— Напярэдадні Дня Канстытуцыі мы правялі даследаванне, каб даведацца, наколькі даступны наш Асноўны Закон, — расказала намеснік дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь па асноўнай дзейнасці Ала Пенда. — Быў праведзены маніторынг усіх кнігарняў не толькі Мінска, але і рэгіёнаў. Мы высветлілі, што выданні Канстытуцыі ў абавязковым парадку прысутнічаюць ва ўсіх кнігарнях (ад 10 да 526 экзэмпляраў). Цэны вельмі дэмакратычныя. Самае даступнае выданне Канстытуцыі каштуе 1 рубель 32 капейкі (у мяккай вокладцы). Самае дарагое, якое было намі выяўлена, — падарункавае, з дзвюх кніг: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь на беларускай і рускай мовах, аб’яднанае ўпакоўкай-корабам. Каштуе яно 36 рублёў 85 капеек: таксама дастаткова даступны кошт. Ёсць у продажы і выданне кішэннага фармату, якое было прадстаўлена на адзіным дні галасавання ў выглядзе падарунка для тых, хто, дасягнуўшы 18-гадовага ўзросту, упершыню прыняў удзел у выбарах. Такую ініцыятыву прапанавала Цэнтральная выбарчая камісія. Выданне, створанае сумесна з камандай Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, унікальнае і тым, што зроблена выключна з беларускіх матэрыялаў, пачынаючы ад паперы (Добрушская фабрыка) і заканчваючы вокладкай.

Таксама супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі правялі маніторынг віртуальнага гандлю: Канстытуцыя прысутнічае і ў асартыменце электронных магазінаў. Працуюць усе віды дастаўкі, ад самавывазу да дастаўкі на дом, расказала Ала Пенда.

— А тыя, хто хоча скарыстацца сваім правам на бясплатны доступ да інфармацыі, прыходзяць у бібліятэкі, — працягнула Ала Аляксееўна. — Маніторынг паказаў, што ва ўсіх бібліятэках Беларусі Канстытуцыя ёсць у неабходнай колькасці, і нават калі ўсе выданні знаходзяцца на руках, прапануецца электронны варыянт, размешчаны на афіцыйным прававым партале і ў шматлікіх базах даных, якія прадстаўлены ў кожнай бібліятэцы. Калі чалавек прывык чытаць друкаванае выданне, ён можа выкарыстаць міжбібліятэчны абанемент. Друкаваны экзэмпляр будзе дастаўлены ў любую бібліятэку краіны, — падсумавала яна.

Намеснік дырэктара паведаміла, што Канстытуцыя — лідар па частаце чытацкіх запытаў і выдачы чытачам на рукі сярод прававой літаратуры. Хто ж чытае Канстытуцыю?

— У большасці гэта моладзь: студэнты, магістранты, аспіранты, слухачы розных ВНУ нашай краіны. Пішуць яны курсавую работу або дысертацыю, з’яўляюцца фізікамі ці лірыкамі, усё роўна звяртаюцца да Асноўнага Закона. Старэйшае пакаленне цікавяць каментарыі, дзе праз прававыя акты падрабязна распісаны ўсе дзеянні кожнага артыкула. Правёўшы даследаванне, мы зрабілі выснову, што Асноўны Закон Беларусі — Канстытуцыя — даступны абсалютна ўсім грамадзянам нашай краіны, — падвяла вынікі Ала Пенда.

Пра што раскажа Алеся

Штогод Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь выдаецца тыражамі ад 7 тысяч экземпляраў, паведамілі супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі. Але эпоха лічбавізацыі патрабуе і новых падыходаў да падачы прававой інфармацыі, у першую чаргу школьнікам і студэнтам. На маладую аўдыторыю (і не толькі) арыентаваны сумесны праект Прэзідэнцкай бібліятэкі з кампаніяй «Арфокс» — лічбавая Канстытуцыя. Праект пакуль далёкі ад поўнай рэалізацыі, але першыя вынікі ўжо ёсць. Ала Пенда пераканана, што ён стане прарывам у прававой асвеце. Пакуль на выстаўцы журналістам і наведвальнікам прапанавалі яго пілотную версію.

Ідэя праекта ў тым, каб прыцягнуць маладое пакаленне да ведання Асноўнага Закона краіны праз новыя тэхналогіі, расказалі распрацоўшчыкі праекта Яўген Цыбулёў і Сяргей Мінец.

— Адна з такіх ідэй прыйшла да спецыялістаў Прэзідэнцкай бібліятэкі, і мы вырашылі зрабіць канцэпт віртуальнага кансультанта, які ў дапоўненай рэальнасці будзе расказваць аб законах нашай краіны, — сказаў Яўген Цыбулёў.

Віртуальнага кансультанта завуць Алеся. Яна здольная цытаваць артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

— У далейшым мы плануем выйсці на такі фармат, калі перад карыстальнікам у поўны рост з’яўляецца кансультант — дзяўчына Алеся (яе вы бачыце праз смартфон або віртуальныя акуляры), і карыстальнік можа спытаць у яе дакладную фармулёўку любога артыкула Канстытуцыі, а таксама даведацца пра свае правы — вучня, студэнта ці ў цэлым грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, — і яна адкажа адпаведнымі цытатамі з Канстытуцыі. Праект знаходзіцца ў працэсе стварэння, над ім працуюць спецыялісты з Беларусі, — расказалі распрацоўшчыкі.

У Алесі блакітныя вочы і цёмныя валасы, яна апранута ў строгі шэры гарнітур. «Рада прадставіць вам унікальны праект, які зменіць наша ўяўленне аб прававых асновах нашага грамадства — праект лічбавай Канстытуцыі, — паведамляе яна. — Мы выкарыстоўваем перадавыя тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, каб дапамагаць вам, дзе б вы ні знаходзіліся. Кожны з вас у любым пункце свету можа атрымаць кансультацыю па розных пытаннях, якія датычацца нашай Канстытуцыі. Гэта інавацыя ў галіне даступнасці прававых ведаў. Адна з ключавых асаблівасцяў нашага праекта — магчымасць задаць любое пытанне па Канстытуцыі і атрымаць вычарпальны адказ. Ваша права на разуменне і веданне сваіх правоў павінна быць забяспечана».

— Кансультант працуе без дадатку, — тлумачыць распрацоўшчык. — З дапамогай тэлефона сканіруем QR-код, і камера пераходзіць у рэжым дапоўненай рэальнасці.

«Пакуль пілотны праект рэалізуецца на сродкі кампаніі-распрацоўшчыка, — расказала Ала Пенда, — але мы спадзяемся, што яго атрымаецца рэалізаваць на дзяржаўным узроўні». Іншыя праекты кампаніі «Арфакс» накіраваны на захаванне гістарычнай памяці: на выстаўцы, прысвечанай юбілею Канстытуцыі, распрацоўшчыкі прадэманстравалі стэнды аб генацыдзе беларускага народа і 80-годдзі вызвалення Беларусі. З дапамогай смартфона і QR-кодаў стэнды «ажываюць» — і карыстальнік атрымлівае відэашэраг з лічбамі, дакументальнымі кадрамі і іншай інфармацыяй.

— Мы вядзём працу з рознымі арганізацыямі, яны будуць размяшчаць у сябе такія стэнды, — адзначыў Яўген Цыбулёў. — У свеце распрацоўваюцца дэвайсы дапоўненай рэальнасці, яны ўкараняюцца ў паўсядзённае жыццё, гэта найбліжэйшая будучыня. Пакуль мы — адны з першых у нашай краіне, хто паказвае, як гэта можна рэалізаваць у тых ці іншых сацыяльных праектах.

У прыватнасці, у планах кампаніі — распрацоўка QR-кодаў для вакзалаў і аэрапортаў, з дапамогай якіх праз дапоўненую рэальнасць госці краіны змогуць пазнаёміцца з сімвалам беларускай дзяржаўнасці (сцягам) і ўбачыць відэаролік аб прыродзе і грамадзянах Беларусі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: На паперы і ў «дапоўненай рэальнасці»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.