Вы тут

Сёлета — юбілей забытага рускага паэта з Смаргоншчыны


На Смаргоншчыне, паблізу ад Жодзішак, ёсць вёска з прыгожай, сімпатычнай назвай — Дабраўляны. Яна і ўваходзіць у Жодзішкаўскі сельсавет. Жыхароў сёння тут зусім няшмат. Усяго меней ста чалавек.


Некалі паселішчам валодалі Зяновічы, пасля падкаморнік Адам Роскі. 1526 год — вёска згадваецца як валоданне Леона Роскага Барэйшы. Былі гаспадарамі Дабраўлян Свірскія, Стаброўскія, Падбіпяткі, Войцех Жабінскі... І нават — князь Геранім Сангушка, апошні ваявода валынскі... У 1824 годзе граф Адам Гюнтэр і яго жонка Аляксандра Канстанцыя Гюнтэр (з Тызенгаўзаў) заклалі вуглавы камень пад новы палац у Дабраўлянах. Жыццё ў гэтых мясцінах апісана ў мемуарах іх малодшай дачкі — Альбіны Габрыелы Пузыны з Гюнтэр (1815 — 1869)... Не меней цікавымі падаюцца іншыя гістарычныя старонкі жыцця Дабраўлян і яе насельнікаў.

У 1888 годзе, 17 студзеня, у Дабраўлянах нарадзіўся рускі паэт і празаік Артур Сігізмундавіч Хамінскі. Звестак пра жыццё літаратара даволі мала. Вядомы такі факт: уладальнік маёнтка Дабраўляны бацька паэта — інжынер Сігізмунд (Зыгмунт) Станіслававіч (1860 — 1937) прайграў свае ўладанні ў карты. Маці літаратара — Францішка (нараджэннем Горват) памерла 9 лютага 1888 года, калі будучаму паэту быў усяго толькі месяц. Дарэчы, дзед Артура Хамінскага — Станіслаў Фадзеевіч Хамінскі (1807 — 1886), ваенны губернатар Ковенскай губерні, валагодскі губернатар у 1861 — 1878 годзе, генерал-лейтэнант. Нарадзіўся на Мядзельшчыне...

У 1906 годзе Артур закончыў Першую Кіеўскую гімназію. Напрыканцы 1900-х — у пачатку 1910-х гг. Хамінскі выдаў у Кіеве і ў павятовым горадзе Кіеўскай губерні Звянігарадку некалькі паэтычных кніг на рускай мове, а таксама зборнік прозы: «Для страстной мечты» (1908), «Обман» (1913), «Счастье» (1913), «Уют Дженкини» (1914). «Моя осень» (1914), «Возлюбленная псу: Сильная поэма» (1916). Як правіла, кнігі Артура Хамінскага выходзілі накладам у 100 экзэмпляраў. Магчыма, і гэтая абмежаванасць ў тыражах з’яўляецца прычынай малавядомасці нашага земляка ў літаратурнай біяграфіі XX стагоддзя.

Артур Хамінскі быў прыхільнікам творчасці вялікага рускага паэта Аляксандра Блока. Напісаў яму два лісты. У адным з іх расказаў пра заснаванне «таварыства імя Блока». Рабіў спробы сустрэцца з Аляксандрам Аляксандравічам, які ўжо быў на той час легендай Сярэбранага паэтычнага века. Але ці прыхільнікі настолькі дакучалі аўтару «Вершаў пра Прыгожую Даму» і «Снежнай маскі» ці паўплывалі нейкія іншыя прычыны, сустрэча ўсё ж не адбылася. Ды і Першая Сусветная вайна пачала дыктаваць новыя абставіны. Блок патрапіў на беларускае Палессе. А жыццёвыя сляды Артура Хамінскага пасля 1915 года згубіліся... Гісторыя літаратуры XX стагоддзя напоўнена рознымі легендамі і прыгодамі. Мо сляды Хамінскага трэба шукаць у краінах, куды з Расісйкай імперыі хлынулі патокі эміграцыі — прыкладам, у Кітаі ці ў адной з краін Еўропы..?

На пачатку новага, XXI-га, стагоддзя былі зроблены некаторыя спробы ўзнавіць імя, творчасць нашага земляка. У маскоўскім выдавецтве «Водолей» у 2013 годзе пабачыла свет асобнае выданне творчай спадчыны «Возлюбленная псу. Полное собрание сочинений». Укладальнікам і выдаўцом выступіў Аляксандр Львовіч Собалеў. З’явілася рэцэнзія ў прэстыжным часопісе «Новый мир». На кнігу адгукнуўся і літаратуразнаўца Алег Юр’еў. Вось што, у прыватнасці, ён напісаў: «... Хамінскі — той рэдкі ў гісторыі літаратуры выпадак, калі развіццё і змена мадэляў, у тым ліку альтэрнатыўныя варыянты, дэманструюцца як быццам адначасова, гэта значыць як мінімум у межах аднаго тэкста. Асабліва гэта заўважна ў прозе, паколькі паэтычныя тэксты валодаюць куды большай стылістычнай інерцыяй і доўгі паток аднародных стылістычных блокаў (спярша гімназічнай лермантаўшчыны, пасля побытавага сімвалізму) толькі вельмі коратка перабіваецца дзіўным паваротам звычайна абсурднай ці абсурдна-натуралістычнай дэталі».

...Відавочна, каб шырэй зразумець велічыню асобы паэта — ураджэнца Дабраўлянаў, трэба прачытаць яго вершы і паспрабаваць болей уважліва зазірнуць у атмасферу, у якой ён жыў, фарміраваўся як асоба... Мо з часам гэта і атрымаецца зрабіць праз нястомны гісторыка-літаратурны пошук...

Кастусь ХАДЫКА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.