Чарговая кніга журналіста і пісьменніка Паўла Жукава «Тут зямля такая», складзеная з апавяданняў і нарысаў, — кніга пра ўлюбёнасць да роднай старонкі, да Мядзельшчыны. Так склалася ў лёсе творцы, што ён доўгія гады тут працуе, прыкіпеў душою і сэрцам да гэтага края. І як журналіст на старонках «Нарачанскай зары», і як аўтар мастацка-публіцыстычных кніг, імкнецца выкласці даніну павагі да Мядзела і яго ўраджэнцаў, людзей, якія жывуць і працуюць тут альбо некалі жылі.
З уступным словам да зборніка «Тут зямля такая» выступае заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Зіновій Прыгодзіч. Пра адзін з твораў, якія ўвайшлі ў кнігу, ён піша наступнае: «Не часта мы сустракаемся з такой суровай праўдай, якой напоўнены гэты нарыс. Да гонару аўтара ён змог сказаць пра пакручасты чалавечы лёс чэсна, аб’ектыўна, узважана. Застаецца толькі пагадзіцца з яго простай і адначасова такой глыбокай высновай: калі на зямлю прыходзіць вайна, людзі могуць трапляць у розныя сітуацыі. Пры гэтым нярэдка ад іх мала што залежыць... Але галоўнае — заставацца чалавекам, патрыётам сваёй Айчыны.
Гэтую выснову, гэты жыццёвы дэвіз можна прыкласці да ўсіх герояў новай кнігі Паўла Жукава».
Многія старонкі выдання — аповед пра шчырых рупліўцаў зямлі мядзельскай, людзей, якія ствараюць матэрыяльныя каштоўнасці, напаўняюць усебеларускую скарбніцу збожжам, малаком, іншымі здабыткамі вясковага гаспадарання, аповед пра людзей, якія працуюць у мядзельскіх, нарачанскіх санаторыях. Расказвае пра іх Павел Жукаў лёгка, нязмушана, з веданнем дэталяў побыту, веданнем многіх жыццёвых калізій.
Чытаючы кнігу «Тут зямля такая», неўпрыкмет задумваешся, што такога характару публіцыстычных і мастацкіх твораў не хапае, не стае ў рэспубліканскім друку. З вышыні сталічных рэдакцыйных гмахаў часам не відаць жывога жыцця. А ў кнізе таленавітага публіцыста яно прысутнічае, яно прыцягвае і якраз яно прымушае ўважліва перагортваць старонкі кнігі, знаёміцца з рознымі яе героямі.
Як на мой прыватны погляд, такія кнігі павінны выходзіць і ў дзяржаўных кніжных выдавецтвах (зборнік Паўла Жукава накладам 220 экзэмпляраў аддрукаваны ў Друкарскім доме «Вішнёўка»). Дарэчы, летась, у 2021 годзе, у агульных абсягах выдадзеных у краіне болей як дзевяці тысяч назваў кніг і брашур публіцыстыка займае ўсяго толькі каля 30 назваў... «Тут зямля такая» — адна з іх.
Мікола БЕРЛЕЖ
У сталіцы адкрылася ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш.
«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».
«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.