Вы тут

За 30 дзён да старту ІІ Гульняў краін СНД прэзентавалі медалі і экіпіроўку


Да старту ІІ Гульняў краін СНД застаўся роўна месяц. Арганізатары форуму і спартсмены адсвяткавалі гэтую сімвалічную дату. Адсвяткавалі, канешне, спартыўным святам. Сёння ў Мінску прайшоў велапрабег з удзелам кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму і беларускіх спартсменаў. Удзельнікі велапрабегу стартавалі ад аб’ектаў, дзе ў жніўні будуць праходзіць спаборніцтвы — ад Палаца мастацкай гімнастыкі, «Чыжоўка-Арэны», стралковага комплексу імя Цімашэнкі і стадыёна «Дынама». Сустрэліся ўсе ў самым цэнтры сталіцы — на пляцоўцы каля Палаца спорта, дзе запусцілі зваротны адлік да пачатку Гульняў. Старт яму далі вядомыя спартсмены: сярэбраныя прызёры Алімпійскіх гульняў Іван Ціхан і Дар’я Навумава, бронзавыя алімпійскія прызёры Настасся Пракапенка і Ванэса Каладзінская.


Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук нагадаў, што ІІ Гульні краін СНД будуць праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны, што дасць гасцям магчымасць бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю. «З задавальненнем хачу адзначыць, што больш за 20 краін пацвердзілі свой удзел у гэтым мультыспартыўным форуме. Я ўпэўнены, што гэтае мерапрыемства пройдзе на высокім узроўні. Упэўнены, што нашы спартсмены і трэнеры праявяць байцоўскі характар, пакажуць свае найлепшыя вынікі на гэтых спаборніцтвах. Упэўнены, што спартсмены, якія прыедуць да нас на спаборніцтвы атрымаюць задавальненне ад Гульняў. Я хачу пажадаць нам усім яркіх эмоцый, хачу пажадаць цудоўных вынікаў, каб мы сваімі вынікамі падзякавалі нашым балельшчыкам за тое, што яны любяць і падтрымліваюць спорт у дзяржаве, якая шмат укладае ў спорт», — адзначыў міністр.

Па яго словах, на сёння свой удзел пацвердзілі больш за тры тысячы спартсменаў. Але, Сяргей Кавальчук звярнуў увагу, гэтая лічба будзе расці. Канчатковыя лічбы па колькасці краін-удзельніц, па колькасці спартсменаў будзе вядома напрыканцы ліпеня, за два тыдні да старту Гульняў. На сёння тыя прагнозныя паказчыкі, якія сабе ставілі арганізатары ўжо рэалізаваны.

«У арганізатараў, як і ў спартсменаў заўсёды прысутнічае перадстартавае хваляванне. Любое мерапрыемства — гэта вопыт і вялікая адказнасць. У першую чаргу для нас мэта ІІ Гульняў краін СНД — гэта прагляд бліжэйшага рэзерву, наша мэта знайсці таленты, якія праз тры-чатыры гады будуць прадстаўляць нашу краіну на Алімпійскіх гульнях і на сусветных форумах», — расказаў Сяргей Кавальчук. Па яго словах, да правядзення стартаў усё гатовы, тэставыя спаборніцтвы, якія прайшлі ў чэрвені, паказалі некаторыя дробныя недахопы, якія хутка будуць выпраўлены. «Вопыт у нашых спецыялістаў назапашаны вялікі, асабліва шмат досведу мы атрымалі ў 2019 годзе падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў. Таму з улікам гэтага мы зможам усё арганізаваць на высокім узроўні», — запэўніў міністр.

Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў падкрэсліў, што Гульні краін СНД стануць добрым штуршком для папулярызацыі спорту сярод моладзі. Для аматараў у сталіцы будуць арганізаваны фан-зоны, падрыхтавана багатая культурная праграма. «Мінск — спартыўная сталіца, у якой жыве шмат прыхільнікаў розных відаў спорту. На сёння Мінск гатовы да правядзення мерапрыемства, уся інфраструктура знаходзіцца ў поўнай баявой гатоўнасці. Я ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы правядзем цудоўнае свята для шматлікіх балельшчыкаў», — сказаў Уладзімір Кухараў. Ён выказаў упэўненасць, што да спаборніцтваў ніхто не застанецца раўнадушным. Сам мэр прызнаўся, што хацеў бы наведаць усе спаборніцтвы ў рамках ІІ Гульняў краін СНД.

Першы намеснік Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных дзяржаў Леанід Анфімаў адзначыў, што ў стратэгічных дакументах СНД спорт вызначаны як важнейшы элемент, які дае магчымасць паглыбляць узаемадзеянне, наладжваць дыялог паміж дзяржавамі, умацоўваць дружбу і мір паміж народамі, краін-удзельніц СНД. «Прыняцце рашэння аб правядзенні Гульняў краін СНД стала новым этапам у супрацоўніцтве краін Садружнасці незалежных дзяржаў. Першыя гульні пакінулі незгладжальныя ўражанні ад павагі, сяброўства, узаемаразумення і бескампраміснай барацьбы, якая разгарнулася на спартыўных пляцоўках. Я думаю, што цалкам заканамерна, што эстафета правядзення гэтага спартыўнага свята пераходзіць да Рэспублікі Беларусь, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю віду спорту і фізічнай культуры. Мінск — спартыўная сталіца Садружнасці Незалежных Дзяржаў у гэтым годзе. Я перакананы, што ІІ Гульні краін СНД пакінуць яркае ўражанне ва ўсіх, хто прыедзе ў Беларусь, і стануць візітнай карткай Беларусі як краіны адкрытай, чыстай, гатовай да супрацоўніцтва з усімі краінамі, якія прыходзяць да нас з добрымі намерамі», — адзначыў ён.

У сталічнай ратушы былі прэзентаваны галоўныя элементы Гульняў — медалі. Усяго падчас ІІ Гульняў краін СНД спартсмены разыграюць 1672 медалі. У аснове дызайна — лагатып Гульняў, натхнёны кветкай васілька. Усе пераможцы і прызёры спаборніцтваў акрамя медаля атрымаюць на памяць і талісман Гульняў — Рысіка. Талісман крыху меншага памеру будзе прыносіць удачу кожнаму ўдзельніку Гульняў. Не будзе недахопу і ў сувенірнай прадукцыі. Як расказаў першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дараховіч, канцэрн «Беллегпрам» актыўна працуе над тым, каб брэнд Гульняў захапіў кепкі, майкі, шоперы — рэчы, якія летам карыстаюцца вялікім попытам. Гульні абяцаюць быць і смачным, вядучыя кандытарскія прадпрыемствы краіны таксама прадставяць свае сувеніры. Па словах Аляксандра Дараховіча, першыя сувеніры можна будзе набыць ужо ў гэтую суботу падчас свята Купалле ў Александрыі. Для гасцей краіны таксама распрацавана і карта госця. Сваім уладальнікам яна гарантуе зніжкі для наведвання 500 цікавых мясцін краіны.

Неад’емны элемент кожнай каманды на буйных міжнародных стартах — экіпіроўка. Форму беларускай каманды таксама прадставілі за 30 дзён да старту Гульняў. Распрацоўкай формы займаўся Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, што лагічна, улічваючы яго вопыт у распрацоўцы формы да Алімпійскіх гульняў, Еўрапейскіх гульняў, Юнацкіх алімпійскіх фестываляў і іншых важных спаборніцтваў. Пра гэта расказала выканаўчая абавязкі генеральнага сакратара НАК Беларусі Ксенія Санковіч: «Форма была распрацавана для чатырох катэгорый: афіцыйных спартыўных дэлегацый, для валанцёраў, форма для спецыялістаў спартыўнай медыцыны і нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва. За аснову бралася форма Токіа-2020. Мы ўлічылі некаторыя недахопы і пастараліся зрабіць зручную і прыгожую форму. За аснову быў узяты брэндынг ІІ Гульняў краін, які ўдала ўпісаўся на адзенне. Лічым, што наша каманда будзе прадстаўлена годна».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.