Вы тут

«Вянок», «Светач», «Веды» — завіталі ў легендарныя мінскія кнігарні


Якія сакрэты хаваюцца «На кніжных паліцах»? Якімі шчодрымі дарамі асыпаюць яны неўтаймоўных шукальнікаў ісціны? Толькі новыя пытанні, яшчэ большая прага да пошукаў і вечны душэўны неспакой — вось чым адорваюць кніжныя паліцы сваіх заўзятых прыхільнікаў. Чаму ж, нягледзячы на ўсё гэта, людзі ўпарта працягваюць пакланяцца кнізе, зноў і зноў звяртаючыся да яе? Адказ на паверхні: кніга — наш даўні сябар, наш пастаянны суразмоўца. Страціць яго — значыць страціць тое натхняльнае адчуванне адкрыцця, што прыносіць чытанне. Страціць кнігу — значыць страціць фантазію, а з ёй канчаткова забыцца на фарбы і смак. Словам, страціць кнігу — усё адно што страціць блізкага! Пазбегнуць гэткай нядолі чалавецтву на працягу стагоддзяў дапамагаюць адданыя рупліўцы. У розныя часы іх называлі па-рознаму: кніганошы, карабейнікі, кнігары. Сярод іх у асобную касту заўсёды вылучаліся букіністы — надзеленыя асаблівым статусам і дапушчаныя да сакральных крыніц «жрацы»…


Букіністычная кнігарня «Вянок»

Бадай, галоўнай букіністычнай пляцоўкай у краіне была і застаецца сталічная кнігарня «Вянок», што на ўскрайку Траецкага прадмесця. Па словах Уладзіміра Матусевіча, генеральнага дырэктара прадпрыемства «Белкніга», на балансе якога крама знаходзіцца з 2016 года, «кніга, старая кніга ўвасабляе сабой нейкія былыя часы, часы, калі стаўленне да друкаванага слова было больш узвышаным. Такія выданні перадаюць атмасферу мінулага, аўру аўтараў, чытачоў, якія калісьці імі валодалі, іх гарталі, захоўваюць цяпло рук і, што называецца, подых часу». Сакрэтамі пра тое, чым сёння жыве букіністыка і ўласна кнігарня «Вянок», з намі падзялілася загадчыца гэтай легендарнай крамы Наталля Чыжэўская.

Наталля Чыжэўская.

— Ад якога моманту вядзе свой летапіс «Вянок»?

— Гісторыя кнігарні налічвае больш за сорак гадоў. Пачалося ўсё ў 1980-я. Тады, у рамках рэканструкцыі Траецкага прадмесця, гэты будыначак на набярэжнай атрымаў другое жыццё. Па задуме архітэктараў, якія кіравалі працэсам, тут павінна была размясціцца букіністычная крама пад назвай «Вянок» — у гонар адзінага прыжыццёвага зборніка Максіма Багдановіча (ён у гэтым квартале нарадзіўся). Уласна, крама была здадзена ў эксплуатацыю раней за афіцыйнае адкрыццё ўсяго адрэстаўрыраванага комплексу — у 1982 годзе.

На самым старце «Вянок» быў на сто працэнтаў букіністычным, працаваў толькі са старой кнігай, антыкварнымі выданнямі, паштоўкамі і падручнікамі. Пазней узніклі цяжкасці: ад першага паверха, дзе раней працавалі таваразнаўцы, змяшчаўся картатэчны пакой і прымалі кнігі ў насельніцтва, давяло­ся адмовіцца, і з цягам часу крама перайшла на баланс Паліграфкамбіната. Значна пазней, у 2016 годзе, яна стала часткай «Белкнігі». Тут з’явіліся паліцы з новай літаратурай, але ў вельмі аб­межаваных аб’ёмах. Асноўным напрамкам працы быў і застаецца гандаль старой кнігай.

— Чым адрозніваецца асартымент крамы «Вянок» ад асартыменту іншых падобных аб’ектаў на балансе «Белкнігі»?

— У Мінску на дадзены момант знаходзяцца тры букіністычныя крамы, якія належаць «Белкнізе»: «Вянок», «Букініст» на праспекце Незалежнасці і «Веды» на вуліцы Карла Маркса. Але ў адрозненне ад іншых дзвюх названых, якія яшчэ і паўнавартасна гандлююць новым таварам, мы прыярытэт аддаём менавіта букіністыцы. Акцэнт робіцца на рарытэтныя выданні гуманітарна­га напрамку: краязнаўства, гісторыя, паштоўкі, якія ўяўляюць інтарэс для калекцыянераў, беларускамоўная літаратура і літаратура на замежных мовах.

Нешматлікія сучасныя выданні прадстаўлены літаратурай дзяржаўных выдавецтваў. У асартыменце, аднак, няма такіх катэгорый тавараў, як школьныя падручнікі, метадычныя матэрыялы… Каля 80 %, такім чынам, прыходзіцца на букіністычную кнігу, астатнія 20 % — дзяржвыдат.

Якія яшчэ выданні, акрамя ўласна кніжных, можна знайсці на паліцах «Вянка»?

— На жаль, разбуральныя войны мінулага стагоддзя, якія пранесліся па тэрыторыі Мінска і Беларусі, знішчылі шмат каштоўных выданняў, чым вельмі ўскладнілі працу сучасных букіністаў. Сярод знішчанага ёсць, канешне, не толькі кнігі. Напрыклад, моцна пацярпелі картаграфічныя матэрыялы, таму даваенныя карты сёння — сапраўдная рэдкасць. Але затое картаграфія 1960—1970-х гадоў — цалкам існуючая з’ява. Даволі шмат карт прыносяць і нам.

Акрамя таго, нямала ў асартыменце старых паштовак. Так, ёсць у нас выдатная серыя паштовак рамантычнага напрамку недзе канца XIX стагоддзя — калекцыя прыгожых дзяўчын. Нярэдкія госці на нашых паліцах і сацрэалістычныя паштоўкі савецкага перыяду, канверты, знакі. Ёсць і фатаграфіі: фота з прыватных калекцый, партрэты розных знакамітых людзей, пейзажныя здымкі… Словам, шмат чаго цікавага можна знайсці.

— Як абыходзяцца з новапрыдбанымі кнігамі? У якім стане яны трапляюць у краму і ці праходзяць праз рэстаўрацыю?

— Вядома, бывае, што кніжка не ў вельмі добрым стане трапляе да нас, але — зраблю на гэтым асаблівы акцэнт — патэнцыяльны гаспадар заўсёды ведае лепш, як той ці іншы фаліянт павінен выглядаць. Таму ў нас катэгарычна забаронены скотч, клей і самавольная рэстаўрацыя. Некаторыя здаюць кнігі, ужо ўклаўшы грошы ў рэстаўрацыю, у вельмі прыгожым, адрамантаваным стане. Так што з кнігамі нічога не робім, бо, зноў жа, будучы гаспадар зробіць пасвойму і толькі ён ведае, наколькі той ці іншы карашок упішацца ў яго бібліятэку.

Мы ў сваю чаргу гарантуем захаванасць кнігі і беражлівае да яе стаўленне. У памяшканні падтрымліваецца тэмпературны рэжым. Што тычыцца зусім старых і крохкіх выданняў, якія ўяўляюць асаблівую гістарычную каштоўнасць, то такія мы бачым вельмі рэдка і найчасцей гэта музейныя экспанаты. Яны адпраўляюцца непасрэдна ў музей, дзе з імі працуюць інакш.

— Якімі кампетэнцыямі павінен валодаць букініст?

— Многія з тых, хто працуе ў букіністычных аддзелах і крамах, апантаныя сваёй працай, з радасцю размаўляюць з кнігалюбамі, ну і, трэба думаць, самі імі ж з’яўляюцца. Усё-такі прадаць кнігу не тое ж самае, што прадаць пачак пральнага парашку.

Здараецца, чалавеку падаецца, што кніга, якую ён прынёс, каштуе вялізных грошай. Наша задача тут — прымаючы пад увагу назапашаныя маніторынгавыя звесткі аб продажы і попыце на падобную літаратуру, паставіць здаровую цану. Перад гэтым важна праверыць інфармацыю аб тыражнасці, аб годзе выдання, аб тым, як кніга збераглася з цягам гадоў… Безумоўна, кожнае выданне патрабуе індывідуальнага падыходу.

Наша праца вымагае адукацыі і пастаяннай самаадукацыі. Мы назіраем за актуальным рынкам, цікавімся кнігавыдавецкай справай XXI стагоддзя, сочым за кніжнымі і антыкварнымі аўкцыёнамі: што дзе прапаноўваецца (а раптам трапіцца на вочы ці ў рукі). Самаадукацыяй займаецца кожны букініст, бо гэта вельмі спецыфічны гандаль, у адрозненне ад гандлю новай кнігай. Новая кніга падпарадкоўваецца, так бы мовіць, законам моды: выйшаў, умоўна кажучы, «Гары Потэр», і ўсе кінуліся яго купляць. Букіністычная кніга — штосьці зусім іншае. Гэта вечны пошук нечага цікавага і незвычайнага…

— Вы ўзнялі цікавую тэму… Пэўна, існуе мода і ў букіністыцы?

— У нейкім сэнсе так, мода мае месца. Але ж гэта больш тычыцца маладых чытачоў. Скажам, нехта зацікавіўся Фрэйдам. Ён пачытаў, потым парэкамендаваў сябру, а той — свайму. Вось табе і попыт… Такое сапраўды існуе, але сярод сталага пакалення падобныя працэсы не назіраюцца. У гэтых колах, як правіла, пераважаюць людзі, кожны з якіх трымаецца свайго рэчышча: першы збірае тэматычную калекцыю, другі збірае кніжкі, праілюстраваныя канкрэтным мастаком, трэці — выключна дзіцячую літаратуру.

— І ўсе яны, відаць, часта наведваюц­ца ў краму… Ёсць любімыя заўсёднікі?

— Ведаеце, нашы пакупнікі — гэта наша сям’я. І яны, за выключэннем хіба што гасцей горада і краіны, практычна ўсе — заўсёднікі. (Дарэчы, турысты таксама завітваюць даволі часта.) Складана апісаць партрэт сярэдняга наведвальніка. Шмат творчай інтэлігенцыі: пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў…

— Можаце прыгадаць якія-небудзь цікавыя гісторыі з вашай практыкі? Якімі шляхамі і што за кнігі траплялі ў краму?

— Нягледзячы на тое, што кніжнаму гандлю я прысвяціла 38 гадоў свайго жыцця, у букіністыцы працую ўсяго сем — з 2016-га… Быў такі выпадак, калі з асабістай бібліятэкі аднаго вя­домага літаратуразнаўцы пасля яго смерці да нас трапіла прыжыццёвае выданне таго самага «Вянка» Максіма Багдановіча. Вельмі мала экзэмпляраў засталося на руках, і гэта стала для нас прыемнай нечаканасцю. Кнігу прапанавалі ў музей пісьменніка, і там з радасцю адгукнуліся. Такое задараецца даволі часта, калі нашчадкі знакамітых людзей распрадаюць кніжкі. Штосьці аддаюць у музеі, а штосьці трапляе на паліцы крамы.

— Якія самыя каштоўныя ці незвычайныя выданні можна знайсці ў «Вянку» цяпер?

— У нас шмат чаго ёсць. Напрыклад, асаблівай папулярнасцю карыстаюцца дзве буйнафарматныя кнігі на стараславянскай мове. Людзі часам просяць проста дакрануцца да іх, паглядзець. А гэта алтарныя кнігі, якія выкарыстоўваліся на царкоўных службах. Выглядаюць яны вельмі ўнушальна, таму заўсёды прыцягваюць увагу.

Цікава пакупнікам было глядзець і на 23-томную энцыклапедыю Южакова 1903 года. Прыгожае, кабінетнае, дыхтоўнае выданне. Ведаеце, чым прыгажэйшы карашок, тым большую цікавасць кніга выклікае!

Гутарыў Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота Кастуся ДРОБАВА


Цэнтральная кнігарня

Любы гандлёвы пункт, які знаходзіцца на балансе «Белкнігі», — няважна, крама гэта альбо кіёск, — мае сваё ўнікальнае аблічча, свой дух і сваіх заўсёдных пакупнікоў. Асабліва гэта датычыцца крам з гісторыяй. Адна з такіх — «Цэнтральная кнігарня» на праспекце Незалежнасці, 19 — яркім алмазам ззяе ў сэрцы сталіцы, не саступаючы іншым мінскім славутасцям, нанізаным на галоўную гарадскую магістраль. Цалкам адпавядаючы назве, гэтая кніжная крама займае цэнтральнае месца ў структуры гандлёвага прадпрыемства рэспубліканскага маштабу.

Галоўнымі «фішкамі» адной з самых старых мінскіх кнігарань з’яўляюцца найшырэйшы асартымент і скіраванасць менавіта на рознічны гандаль. Гэта значыць, што ў прыярытэт ставяцца патрэбы і фінансавае становішча кожнага патэнцыяльнага пакупніка. Калі чалавек пераступіў парог кнігарні, ён не павінен сыходзіць з пустымі рукамі. Незалежна ад густу, узросту ці таўшчыні кашалька чытач знойдзе тое, што шукаў, альбо, прынамсі, дастойную альтэрнатыву. На не самай вялікай плошчы ўмяшчаецца найвялікшы па колькасці найменняў асартымент сярод усіх кнігагандлёвых аб’ектаў у Беларусі. Супрацоўнікі трымаюцца наступнага крэда: «Мы “Цэнтральная” — значыць павінны мець усё і для ўсіх». Калі «Злачынства і пакаранне», то ў максімальна шырокім дыяпазоне — ад сямі рублёў для звычайных чытачоў да ста і тысячы — для прэміяльных. Таму кнігалюбы з усёй краіны і прыязджаюць сюды.

Зразумела, паліцы папаўняюцца не толькі за кошт айчыннай прадукцыі. Па словах загадчыцы філіяла Інгі Бекіш, у крамы ўсталяваліся блізкія партнёрскія сувязі з вядучымі расійскімі выдавецтвамі. Так, адным з дыпламатычных дасягненняў «Цэнтральнай кнігарні» з’яўляюцца прамыя пастаўкі кніг такіх буйных выдавецтваў, як «АСТ», «Эксмо», «Азбука» і «Махаон». Прычым па прыстойных цэнах, значна ніжэйшых за сярэднія на мясцовым рынку.

Падмурак, без якога немагчыма было б уявіць падобных поспехаў, — адданы ка­лектыў. Тут працуюць самыя вопытныя кнігазнаўцы, якія добра ведаюць, што яны прадаюць. І найчасцей пакупнік прыходзіць менавіта да прадаўца па рэкамендацыю, а не па канкрэтнае выданне: кожнаму гарантуецца індывідуальны падыход. «Нібы ў аптэцы!» — кажуць супрацоўнікі. «Тут на адзін квадратны метр спецыялістаў, якія абслугоўваюць пакупніка, больш, чым дзе б тое ні было», — зазначае Інга Бекіш. Сярод тых, хто працуе ў краме, па меншай меры палова мае за плячыма больш за 20 гадоў прафесійнага стажу, а па эканамічных паказчыках кнігарня з адрывам пераганяе многія іншыя.

Каміла НАВІНКІНА

Фота Кастуся ДРОБАВА


Дом кнігі «Светач» 

Выпраўляўчыся ў вандроўку па найбольш знакавых і заўважных крамах «Белкнігі», нельга абмінуць увагай адну — вельмі «іскрыстую»… Па значнасці і фінансавых параметрах Дом кнігі «Светач» не адстае ад «Цэнтральнай кнігарні», а па асобных паказчыках нават і пераганяе свайго пабраціма. Паглядзім жа, чым здзіўляе наведвальнікаў легендарная сталічная крама, якая летась адзначыла 45-гадовы юбілей.

На фоне іншых кнігагандлёвых пунктаў «Светач» вылучаецца ў першую чаргу сваімі памерамі. Вялізныя плошчы (без малога 2000 квадратных метраў і 2 паверхі) дазваляюць размясціць у залах максімальна шырокі асартымент, які не на шмат саступае па маштабах «Цэнтральнай кнігарні».

Усё гэта ў пэўнай ступені адбіваецца на выкладцы: кнігі можна адразу вялікай колькасцю выстаўляць на невысокія прылаўкі, каб гэта было заўважна і прыгожа глядзелася. Да таго ж многія з іх павернуты вокладкай да пакупніка, што дазваляе ствараць акцэнты і віртуозна жангліраваць попытам. Паводле назіранняў супрацоўнікаў, калі кніга стаіць «тварам» і на ўзроўні вачэй, продаж ідзе непараўнальна актыўней: «Чалавек адразу можа ўбачыць выданне. Вось ён прыходзіць, і адразу погляд падае на яркую прыгожую вокладку».

Прэзентацыя Алены Стэльмах у Светачы.

Адзін з самых папулярных аддзелаў, як сцвярджаюць супрацоўнікі, — беларускай літаратуры. У ім прадстаўлены кнігі дзяржаўных выдавецтваў: напрыклад, дакументальна-публіцыстычныя творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, гісторыка-геаграфічныя альбомы, у вялікай колькасці — альбомы беларускіх мастакоў… Багаты выбар мастацкай літаратуры, першынства ў якой — за класікай (у модзе зноў Уладзімір Караткевіч, Янка Купала, Якуб Колас). Шмат у аддзеле так­сама дзіцячай літаратуры.

Ва ўсёй гэтай разнастайнасці дапамагае арыентавацца адмысловая навігацыйная сістэма і інфакіёскі, размешчаныя на абодвух паверхах. Кожны пакупнік пры жаданні можа праверыць наяўнасць той ці іншай кнігі: альбо па імені аўтара, альбо па назве. Асабліва часта паслугай карыстаюцца турысты, якіх шмат сярод штодзённых наведвальнікаў кнігарні. І яны шукаюць не толькі літаратуру на замежных мовах. Спецыяльна для гасцей горада ў краме былі адкрыты вітрыны з сувенірнай прадукцыяй, такой у залах шмат.

Важным аспектам дзейнасці Дома кнігі «Светач» з’яўляецца прасоўванне кнігі і чытання. Так, у краме рэгулярна праводзяцца кніжныя прэзентацыі з удзелам аўтараў. Студэнты, людзі, апантаныя літаратурай, знакамітыя асобы дый проста цікаўныя завітваюць на імпрэзы ў «Светачы». Абсталяваная ўсім неабходным для падобных мерапрыемстваў (экранам з праектарам, гукавой сістэмай, мікрафонамі) прэзентацыйная пляцоўка размяшчаецца на другім паверсе. Тут жа знайшла прытулак і «Літаратурная кавярня» — адзіны ў сваім родзе гандлёвы пункт на балансе «Белкнігі» са смачнай кавай.

Каміла НАВІНКІНА

Фота Кастуся ДРОБАВА


Дом кнігі «Веды»

Адным з важных адрасоў на карце сеткі «Белкніга» з’яўляецца і сталічны Дом кнігі «Веды», што на вуліцы Карла Маркса. Крама была адкрыта ў 1968 годзе і першапачаткова насіла назву «Палітычная кніга». У 1996-м у кнігарні з’явіўся букіністычны аддзел, які з цягам часу стаў сімвалам крамы і сёння складае даволі важкую долю ад усяго яе тавараабароту. Гістарычна акцэнт у выкладцы рабіўся менавіта на грамадска-палітычную і юрыдычную літаратуру. Разбяромся ж, творы якога напрамку пераважаюць на кніжных паліцах «Ведаў» сёння.

Натуральна, за апошнія гады асартымент моцна змяніўся, і са спецыялізаванай крама ператварылася ў паўнавартасную кнігарню з шырокім выбарам кніг. Зрэшты, калі прыгледзецца, можна ўсё ж заўважыць у ім перавагу пэўных катэгорый тавараў. І, хоць на паліцах у прыкладна роўных прапорцыях прадстаўлены ўсе віды выданняў (ад вучэбна-метадычнай літаратуры да мастацкай), тэматычны ўхіл у бок эканомікі і права адчувальны. Тым не менш, як запэўніваюць супрацоўнікі, любым выданням знойдзецца месца ў краме.

Акрамя таго, Дом кнігі «Веды» з’яўляецца «апорным пунктам» дзяржаўнага Выдавецкага дома «Беларуская навука». Вялікі стэнд цалкам запоўнены кнігамі выдавецтва — у асноўным гэта навуковая, энцыклапедычная і тэхнічная літаратура. Асобнай вітрынай прадстаўлена сувенірная прадукцыя аб’яднання «Белмастпромыслаў»: паштоўкі, цацкі, дэкаратыўны посуд…

Побач з аддзелам новай кнігі вось ужо не першае дзесяцігоддзе працуе букіністычны аддзел. «У нас, атрымліваецца, дзве крамы. Як кажуць, дзяржава ў дзяржаве», — адзначаюць у кнігарні. Старых кніг па-сапраўднаму шмат: тут вам і мовазнаўства, і псіхалогія, і кулінарыя, і мастацкая літаратура, і, само сабой, рарытэтныя фаліянты, якія трапляюцца нячаста… Іншымі словамі, букіністыка — гэта не проста нейкі дадатак. Тут сфарміраваўся ўжо свой попыт, свая аўдыторыя. Многія з пакупнікоў завітваюць у краму амаль кожны дзень.

Каміла НАВІНКІНА

Фота Кастуся ДРОБАВА


Генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч: 

— Старыя сцены памяшканняў, у якіх гадамі прадаваліся і набываліся кнігі, захоўваюць асаблівую энергетыку, ствараюць атмасферу. Мы стараемся ўлічваць такія моманты. Адна з самых старых і разам з тым найбуйнейшая ў нашай сетцы кніжная крама — гэта «Цэнтральная кнігарня» на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Яна адкрылася ў 1952 годзе і з таго часу паспела стаць сапраўдным сімвалам сталіцы. Не меншае значэнне для гісторыі горада мае кнігарня «Веды» непадалёк ад Купалаўскага тэатра (раней яна называлася «Палітычная кніга»). Працягваюць гэты шэраг «Светач» на праспекце Пераможцаў і крама, якая цяпер называецца «Кнігі & Кніжачкі», а раней насіла назву «Падпісныя выданні». Тут жа назавём і «Вянок», што ў Траецкім прадмесці. Усе ці амаль усе пералічаныя аб’екты знаходзяцца ў будынках — помніках архітэктуры. 

Маюцца гістарычныя крамы і ў іншых гарадах. Напрыклад, «Слова» ў Барысаве (1952 года адкрыцця). Быццам бы звычайны будынак, але ж таксама ўжо з гісторыяй. Гэта і крама «Спадчына» ў Маладзечне, і шэраг гандлёвых пунктаў у Гомелі, якія размясціліся на вуліцы Савецкай і вакол яе. 2-гі, 3-ці, 9-ты «Букініст» вылучаюцца прыгожым унутраным убраннем, адмысловай энергетыкай. Нельга абмінуць увагай краму «Раніца» ў Гродне, ваўкавыскія «Кнігі» і «Школьнік». Словам, ёсць шмат такіх аб’ектаў, завітваючы куды пакупнікі, спадзяюся, адчуваюць атмасферу кніжнасці, далучэння да слова.


Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.