Вы тут

Якія перспектывы супрацоўніцтва ў піцерскага магазіна «Дом кнігі» і «Белкнігі»


У рамках XVIII Санкт-Пецярбургскага міжнароднага кніжнага салона, які праходзіў у культурнай сталіцы СНД 18—21 мая, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь супольна з кнігагандлёвай сеткай «Белкніга» адкрылі секцыю беларускіх выданняў у самай вялікай і найстарэйшай кніжнай краме паўночнага горада — «Доме кнігі». 


Падчас цырымоніі адкрыцця секцыі беларускіх выданняў у Санкт-Пецярбургу генеральны дырэктар прадпрыемства «Белкніга» Уладзімір Матусевіч заўважыў: «Варта адзначыць, што супрацоўніцтва “Белкнігі” з “Домам кнігі” не абмяжоўваецца толькі продажам беларускіх выданняў. У планах — абмен вопытам, рэалізацыя праектаў, сумесны ўдзел у мерапрыемствах, інфармацыйнае забеспячэнне кнігагандлёвай дзейнасці. Упэўнены, што такое ўсебаковае супрацоўніцтва будзе на карысць і беларускім, і расійскім кнігараспаўсюджвальнікам». Па падрабязнасці мы звярнуліся да намесніцы генеральнага дырэктара Святланы Гук.

— Беларускія кнігі з’явіліся толькі ў «Доме кнігі»?

— Так, на дадзеным этапе гаворка ідзе толькі пра названую краму. Раней, некалькі гадоў таму, у нас ужо была падобная спроба. Тады беларускія паліцы з’явіліся ў «Кніжнай краме пісьменнікаў» — таксама папулярнай гандлёвай пляцоўцы з гісторыяй, якая знаходзіцца на Неўскім праспекце. Каля трох гадоў з імі папрацавалі, пакуль акцыя не перапынілася. Чаму так? Цяжка сказаць. Сыграла сума фактараў.

— Адкуль пайшла ідэя кніжнага дэсанту ў расійскія кнігарні і чаму першай мішэнню быў выбраны менавіта Санкт-Пецярбург?

— На мінулым Санкт-Пецярбургскім міжнародным кніжным салоне адбылася сустрэча намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Бузоўскага з віцэ-губернатарам Санкт-Пецярбурга Барысам Піятроўскім. Уласна, падчас гэтай сустрэчы была дасягнута дамоўленасць аб адкрыцці беларускай кніжнай паліцы ў Доме кнігі пасля яго аднаўлення. Работы па аднаўленні гістарычнай крамы ў легендарным Доме кампаніі «Зінгер» завяршыліся ў лістападзе 2022 года. Акурат да адкрыцця сёлетняга, 18-га, «Кніжнага салона» ідэя рэалізавалася на практыцы.

— Якім выданням выпала прадстаўляць Беларусь гэтым разам?

— Выданні самыя розныя: і дзіцячыя, і навукова-папулярныя, і краязнаўчыя, і ваенна-гістарычныя, прысвечаныя генацыду беларускага народа, культуры і традыцыям нашай краіны. Словам, самы шырокі асартымент. Крыху менш хіба што мастацкай літаратуры, бо мастацкай літаратуры ў Расіі з лішкам хапае і сваёй. Натуральна, мы не бяром з сабой падручнікі, таму што ў іх свая навучальная праграма. Асобнае месца займаюць выданні выхаваўчага характару (напрыклад, шырока прадстаўлена выдавецтва «Народная асвета»). Ёсць кнігі і на беларускай мове. У асноўным гэта, праўда, альбомы, зразумелыя носьбітам розных моў, але маюцца і некаторыя іншыя выданні. Прыярытэт аддаецца літаратуры прыкладнога, сацыяльнага, краязнаўчага і дзіцячага напрамкаў.

— Што можна сказаць пасля амаль трох тыдняў работы беларускай секцыі? Як паказвае сябе ініцыятыва?

— Дакладна можна сказаць, што цікавасць да нашых паліц ёсць, гэта пацвярджаюць і ў самой краме, але аб выніках пакуль гаварыць рана.

— Ці назіраецца ўвогуле цікавасць да беларускай культуры сярод расіян? Як бы вы ацанілі ўзровень гэтай зацікаўленасці?

— Акурат на гэтым тыдні ў Маскве завяршыўся IX кніжны фестываль «Красная плошча», у якім удзельнічае і наша кнігагандлёвая сетка. Можна сцвярджаць, што інтарэс да айчыннай літаратуры высокі.

— Беларускія кніжныя паліцы ў Санкт-Пецярбургу назаўсёды?

— Мы прыкладзём максімум намаганняў, каб гэта было доўгатэрміновае супрацоўніцтва.

Гутарыў Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.