Вы тут

Інтэрактыўны арт-аб’ект «Нулявая экспазіцыя» адкрыўся ў Батанічным садзе


У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі размясціўся інтэрактыўны арт-аб’ект «Нулявая экспазіцыя». Выстаўка ўяўляе сабой люстэркі, асноўная ідэя якіх — паказаць, які ўплыў аказвае чалавек на розныя экалагічныя працэсы. Пабачыць экспанаты наведвальнікі змогуць да 30 верасня. 


Арт-аб’ект састаіць з шасці люстэрак. Кожнае з іх сімвалізуе асобнае экалагічнае альбо сацыяльнае пытанне, якія тычацца выкарыстання вады, забруджвання глебы і атмасферы, утылізацыі адходаў, безадказнага спажывання алкаголю і невыканання правілаў бяспекі. Калі хтосьці захоча даведацца падрабязней пра арт-аб’екты, у гэтым дапаможа QR-код, што мае кожны экспанат. 

Як паведамляе адзін са стваральнікаў арт-аб’ектаў, старшыня манументальнай секцыі Беларускага саюза мастакоў, аўтар інклюзіўных праектаў Васіль Зянько, рэалізацыя гэтай ідэі пачалася яшчэ ў мае. Было вельмі важна адлюстраваць асноўную задумку праекта: гледзячы ў люстэрка, людзі бачаць галоўнага вінаватага цяперашняй экалагічнай сітуацыі ў свеце і адначасова галоўнага выратавальніка Зямлі. 

— Нам хацелася, каб, гледзячы на сваё адлюстраванне, чалавек задаваў сабе пытанне: «А што менавіта я зрабіў дзеля таго, каб палепшыць гэты свет?». Калі адказ чалавека не задаволіць, наша выстаўка будзе невялікім, але такім важным штуршком, каб змяніць нешта да лепшага, — перакананы Васіль Зянько. — Праект сімвалічна называецца менавіта «Нулявая экспазіцыя», бо хацелася б, каб шкода, якую чалавек наносіць экалогіі, імкнулася «да нуля». 

Сярод усіх экспазіцый мастак асабліва выдзяліў люстэрка з подпісам «Гэта той, хто павінен цябе берагчы!» На яго думку, гэта экспазіцыя найбольш дакладна адлюстроўвае галоўную ідэю праекта і той пасыл, які хацелі данесці аўтары.

— Сярод астаткіх арт-аб’ектаў таксама вылучу экспазіцыю з пластыкавымі дзіцячымі цацкамі. Мне прыйшлося некалькі разоў ездзіць у краму за «матэрыялам»: яго заўсёды было мала, — удакладняе мастак.

Аўтары лічаць, што дадзены інтэрактыўны арт-аб’ект не пакіне раўнадушнымі мінчан і гасцей сталіцы, бо цікавага ў гэтай выстаўке шмат: пачынаючы ад месца яе размяшчэння і заканчваючы тэмамі, якія арганізатары ў ёй паднімаюць. Але варта наведаць гэтую арыгінальную экспазіцыю нават і дзеля таго, каб захапіцца гульнёй прасторы і люстэрка, паназіраць, як прыгожа ў новых экспанатах адлюстроўваецца неба і расліны, быццам ландшафт сада крочыў па той бок люстраной прасторы.

Тэкст Кацярыны КУРДО

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў рэйд разам з супрацоўнікамі МУС.

Грамадства

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Каб «ціхае паляванне» не стала пошукавай аперацыяй.