Вы тут

Сакрэты высокіх ураджаяў. Як беларускія селекцыянеры працуюць на харчовую бяспеку краіны


Словазлучэнне «харчовая бяспека» на слыху: аб неабходнасці яе забеспячэння гавораць на Усходзе і на Захадзе. Дасягненне стану эканомікі, пры якім, незалежна ад уплыву любых знешніх фактараў, людзям гарантуецца даступнасць харчавання той якасці і ў той колькасці, якая неабходна для актыўнага, здаровага жыцця, — залог паспяховага развіцця любой краіны.

Адну з вядучых роляў у вырашэнні гэтага надзённага пытання сучаснасці адыгрываюць дасягненні селекцыі. Ці можам мы адчуваць сябе ў харчовай бяспецы і што для гэтага робяць беларускія навукоўцы, мы спыталі ў доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, першага намесніка генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве» Эромы Урбана.


Што ў прыярытэце?

— Эрома Пятровіч, ад якіх культур сёння залежыць харчовая бяспека нашай краіны?

— Ад цэлага спектра сельскагаспадарчых культур. Збожжавыя ў нас займаюць больш за 2 млн га пасяўных плошчаў, і больш за 70 % ураджаю ідзе на кармавыя мэты. У нас высокаразвітая жывёлагадоўля — малочная, адкорм буйной рагатай жывёлы, свінагадоўля, птушкафабрыкі, і ўсю гэтую гаспадарку важна па максімуме забяспечыць якаснымі айчыннымі кармамі. Найважнейшая роля ў пытанні харчовай бяспекі належыць збожжавым культурам — гэта пшаніца, жыта, трыцікале, а апошнім часам — азімы ячмень, пасяўныя плошчы якога ў гэтым годзе плануецца павялічыць у 5-6 разоў. Справа ў тым, што нават ва ўмовах засухі сёлета азімы ячмень паказаў высокую ўраджайнасць — звыш 40 ц/га. Акрамя таго, гэта самая ранняя культура: пакуль астатнія культуры даспяваюць, гаспадаркі поўным ходам вядуць уборку азімага ячменю.

А ў цэлым, Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве вядзе селекцыю, а таксама арыгінальнае і элітнае насенняводства 38 відаў сельгасраслін. За гады існавання навуковай установы (з 1965-га) нашымі селекцыянерамі створана 494 сарты збожжавых, зернебабовых, кармавых, тэхнічных і крупяных культур, а з улікам даччыных арганізацый (Інстытута лёну, Палескага інстытута раслінаводства, Доследнай станцыі па цукровых бураках) — каля 600. За апошнія 3 гады ў Дзяржрэестр уключана 22 новыя сарты нашай селекцыі, 30 сартоў праходзяць дзяржвыпрабаванні.

— Ці з’явіліся новыя прыярытэты ў селекцыйнай стратэгіі з улікам змены клімату — у сувязі з засухамі, нечаканымі вясновымі замаразкамі, сярэднегадавым павышэннем тэмпературы?

— Галоўным прыярытэтам селекцыі была і застаецца высокая ўраджайнасць. Усе зарэгістраваныя сарты цэнтра маюць высокі ўзровень ураджайнасці: напрыклад, у збожжавых — больш за 100 ц/га, а ў гібрыдаў цукровых буракоў — да 75 т/га, што дае ім магчымасць паспяхова канкурыраваць з найлепшымі ўзорамі замежнай селекцыі. Гэта ацанілі практыкі. Так, у 2022 годзе на палях краіны вырошчвалася каля 180 сартоў сельскагаспадарчых раслін селекцыі НПЦ па земляробстве, якія займалі больш за 80 % пасяўных плошчаў, а па азімым жыце, аўсе, кармавым ячмені, грэчцы, яравой пшаніцы айчынныя сарты займаюць больш за 90 %. Сарты селекцыі цэнтра ўсё большае распаўсюджванне атрымліваюць у краінах СНД — дастаткова адзначыць, што 46 з іх уключаны ў дзяржаўныя рэестры для выкарыстання ў 37 рэгіёнах Расіі.

Грэчка «Дэліва».

Сёння ў прыярытэце стварэнне сартоў, здольных адаптавацца да зменлівых умоў надвор’я. Жорсткая засуха гэтага лета, якая стварыла нямала цяжкасцяў аграрыям, для селекцыянераў спрацавала ў плюс: дала магчымасць ацаніць на практыцы жыццяздольнасць розных узораў, якія з’яўляюцца матэрыялам для селекцыі. Гэтак жа, як у сакавіку, калі нечакана прыйшлі маразы і надвор’е стварыла правакацыйны фон для перазімоўкі раслін, мы змаглі ацаніць устойлівасць узораў у нашай кліматычнай зоне. І практыка паказала, што многія сарты рапсу заходняй селекцыі былі пашкоджаны, у той час як айчынныя здолелі адаптавацца. Гэта дае магчымасць у тым ліку і вытворцам вырашыць, ці варта абіраць сарты замежнай селекцыі, калі яны не вытрымліваюць нашага клімату.

Яшчэ адзін прыярытэт у нашай працы — стварэнне сартоў мэтавага выкарыстання: адрасна, для пэўных мэт. Напрыклад, вядзецца селекцыя ячменю піваварнага напрамку — утрыманне бялку ў ім ні пры якіх умовах надвор’я не павінна перавышаць 11,5 %, плюс высокая экстрактыўнасць — тады атрымаецца якаснае піва. А вось ячмень для кармавых мэт, наадварот, каштоўны высокім утрыманнем бялку — на ўзроўні 14 %. Вядзём таксама селекцыю галазёрных сартоў ячменю і аўса з павышаным утрыманнем карысных тлушчаў — яны будуць выкарыстоўвацца ў дзіцячым харчаванні. Селекцыя пшаніцы і жыта шліфуе ўласцівасці культур, неабходныя для атрымання высакаякаснай пякарнай мукі. Сарты жыта для атрымання камбікармоў патрабуюць адсутнасці рэчываў, што выклікаюць раздражненне кішэчніка ў курэй.

Прыкмета часу

— Раскажыце, калі ласка, пра стэрэатыпы, якія селекцыянерам удалося паламаць...

— Ну, напрыклад, раней існавала меркаванне, што якаснае збожжа пшаніцы, прыдатнае для хлебапячэння, вырасціць у нашых умовах немагчыма. Але дзякуючы селекцыйнаму прагрэсу сёння створаны айчынныя сарты азімай і яравой пшаніцы высокай якасці, распрацаваны і ўкаранёны тэхналогіі іх вырошчвання. Гэта дазволіла павялічыць вытворчасць збожжа пшаніцы да 2 млн тон і адмовіцца ад яго імпарту. Айчынныя сарты азімай мяккай пшаніцы займаюць сёння 67 % пасяўных плошчаў, а яравой — больш за 90 %. Новыя сарты азімай пшаніцы, уключаныя ў Дзяржрэестр — гэта, у прыватнасці, «Велена», «Асіма», «Вара», патэнцыял іх прадукцыйнасці — больш як 100 ц/га (на Мазырскай станцыі селекцыі ўраджайнасць сорту «Асіма» склала 122 ц/га). Наш новы сорт азімай пшаніцы «Уладзі» ўключаны ў Дзяржрэестр селекцыйных дасягненняў суседняй Расіі. Таксама мы стварылі пяць новых сартоў яравой мяккай пшаніцы — «Эўрыка», «Ладдзя», «Весточка 17», «Вена», «Знамя», а ў 2022 годзе ў Дзяржрэестр уключаны новы айчынны гібрыд азімага жыта «Белгі», які забяспечвае прыбаўку ўраджаю ў адносінах да найбольш распаўсюджаных папулярных сартоў да 17 ц/га пры нізкім сабекошце.

Створаны айчынныя сарты піваварнага ячменю (7 сартоў з ураджайнасцю да 70 ц/га), а таксама тэхналогіі яго вырошчвання. Гэта дае магчымасць штогод нарыхтоўваць 100 тыс. тон збожжа, што поўнасцю закрывае патрэбы піваварнай галіны. Якасць айчыннага соладу — на ўзроўні еўрапейскіх стандартаў, а попыт на солад перавышае прапанову. Распрацаваны і 13 сартоў кармавога ячменю айчыннай селекцыі з ураджайнасцю 90 ц/га. І калі доля пасеваў айчынных піваварных сартоў ячменю перавышае 70 % па краіне, то доля пасеваў кармавых сартоў набліжаецца да 100 %. Актыўна вядзецца селекцыя і адпрацоўка тэхналогіі вырошчвання азімага ячменю. У 2021 годзе ўключаны ў рэестр сорт «Буслік», які ўжо ў 2022-м на палях краіны паказаў ураджайнасць больш за 80 ц/га. Было выраблена 260 тон насення вышэйшых рэпрадукцый гэтага сорту і перададзена элітавытворчым гаспадаркам пад ураджай 2023 года.

— Калі прыкметай апошніх гадоў сталі азімыя, якім сёння навука надае асаблівую ўвагу (і ў першую чаргу гэта ячмень), то перад гэтым на слыху быў рапс...

— Па рапсе праведзена вялікая работа. Сёння ў Дзяржрэестры — каля 40 сартоў і гібрыдаў айчыннай селекцыі, якія вырошчваюцца на больш чым 70 % плошчаў. Айчыннае насенне і тэхналогіі дазваляюць забяспечыць валавы збор 1 млн тон алейнага насення без павелічэння пасяўных плошчаў. Новыя сарты азімага і яравога рапсу («Маўр», «Віцень», «Медэй») і яравога рапсу («Фенікс», «Ізумруд», «Ягуар») могуць пахваліцца высокай зімаўстойлівасцю, раўнамернасцю паспявання, яны ўстойлівыя да палягання, абсыпання і хвароб. Адпрацавана вытворчасць уласнага якаснага насеннага матэрыялу, а гэта значная эканомія валюты для краіны. Заўважу, што 30 гадоў таму рапс вырошчваўся толькі як кармавая культура. Але з таго часу (з 1995 года) ураджайнасць рапсу вырасла больш чым у тры разы, а валавыя зборы павялічыліся амаль у 30 разоў. З’явілася і новая галіна прамысловасці, якая перапрацоўвае алейнае насенне. Вынік — і правільнае харчаванне насельніцтва (рапсавы алей, у прыватнасці, запаўняе дэфіцыт поліненасычаных тлустых кіслот, раней традыцыйны для нашага харчавання), і аздараўленне нацыі, і якасныя кармы для жывёлагадоўчай галіны — то-бок, у тым ліку і эканомія валютных рэзерваў.

Азімае жыта «Забава».

— Але, напэўна, самы яркі прыклад разбурэння шаблону — гэта беларуская кукуруза...

— Калі было прынята рашэнне заняцца ў Беларусі селекцыяй кукурузы, мы сутыкнуліся з недаверам. Многія казалі, што ў нашым клімаце гэта немагчыма, што кукуруза — «паўднёвы госць» на нашых палях. Сёння селекцыя кукурузы ідзе паспяхова, на долю гэтай культуры прыпадае да 46 % агульнага аб’ёму нарыхтоўкі травяністых кармоў, прычым больш чым палова пасяўных плошчаў кукурузы засяваецца беларускім насеннем. Буйным дасягненнем стала стварэнне ўпершыню ў гісторыі Беларусі ўласных гібрыдаў кукурузы, і ўжо больш за 50 % плошчаў прыпадае на долю беларускіх гібрыдаў. Стварэнне ўласных гібрыдаў кукурузы і развіццё насенняводства дазволілі скараціць імпарт насення з іншых краін: самазабеспячэнне насеннем кукурузы ў 2023 годзе склала каля 60 %. Сёння ў Дзяржрэестры — 14 гібрыдаў кукурузы айчыннай селекцыі, прыдатных для вырошчвання на зерне і зялёную масу ва ўсіх глебава-кліматычных зонах краіны. За апошнія гады створаны новыя гібрыды кукурузы ўніверсальнага выкарыстання, якія па патэнцыяле прадукцыйнасці перавышаюць замежныя аналагі («Вівален 1118», «Вівален 3218», «Дар’ян», «Вівален 3419»), наладжана іх насенняводства. Дадам, што яшчэ ў 2007 годзе кіраўніком дзяржавы і ўрадам была пастаўлена задача атрымаць на палях Беларусі мільён тон зерня кукурузы (у 2006-м збіралі толькі 150 тысяч тон). І гэты велізарны скачок здзейсніць атрымалася: у 2021 годзе АПК атрымаў больш за 1,5 млн тон зерня кукурузы. Без гэтай культуры сёння, мабыць, не было б поспехаў беларускай жывёлагадоўлі.

— Вопыт гэтай узятай вышыні, напэўна, стварыў формулу поспеху для работы з іншымі культурамі? Напрыклад, пакуль у Беларусі не распрацавана сістэма атрымання і падрыхтоўкі насення цукровых буракоў...

— У Дзяржрэестры зарэгістраваны шэраг гібрыдаў цукровых буракоў розных фірм, у тым ліку 9 гібрыдаў айчыннай селекцыі, і яшчэ адзін — знаходзіцца на дзяржаўным сортавыпрабаванні. Гібрыды цукровых буракоў айчыннай селекцыі (гэта «Белполь», «Алеся», «Аліцыя» і іншыя) — нармальна-цукрыстага напрамку, высокатэхналагічныя, устойлівыя да хвароб і валодаюць добрай якасцю сыравіны, іх патэнцыяльная ўраджайнасць — звыш 70 т/га, утрыманне цукру ў караняплодах — на ўзроўні 16,5–17,6 %, а выйсце ачышчанага цукру — 8,5–10,7 т/га. Але што датычыцца насенняводства, гэта дастаткова працаёмкі працэс у нашым клімаце. Справа ў тым, што цукровыя буракі — двухгадовая культура, і для атрымання насення ў нашай кліматычнай зоне караняплоды неабходна выкопваць на зіму. Выкапаць, ачысціць, захаваць у адпаведных умовах, каб потым зноў пасадзіць увесну — строга вертыкальна, на адным узроўні з глебай. Пры вялікіх аб’ёмах гэта стварае пэўныя цяжкасці. Таму насенняводства цукровых буракоў больш рэнтабельнае ў рэгіёнах, дзе зімы цёплыя, і выкопваць караняплоды на прамежкавым этапе не патрэбна. Раней мы супрацоўнічалі ў гэтым напрамку з інстытутам у Сербіі, цяпер дасягнуты дамоўленасці з Краснадарскім краем, Кіргізіяй, іншымі паўднёвымі краінамі і рэгіёнамі, дзе ёсць заводы для ачысткі, сартавання і каліброўкі насення цукровых буракоў.

Трыцікале «Слаўко».

Для насенняводства кукурузы ў Беларусі былі пабудаваны калібровачныя заводы. Але што да цукровых буракоў, будаваць такое прадпрыемства са спецыфічным абсталяваннем у нашай краіне, напэўна, нерэнтабельна. Пасяўныя плошчы па цукровых бураках у нас — каля 100 тыс. га. Каб выдаткі на будаўніцтва завода акупіліся, плошчы трэба павялічыць да 400–500 тыс. га (мы пралічвалі). А ў гэтым, мабыць, няма вялікага сэнсу. У мінулым годзе мы атрымалі па цукровых бураках 4,2 млн тон валавога збору — і больш за 30 % ад колькасці атрыманага цукру краіна адправіла на экспарт, цалкам задаволіўшы патрэбы ўласнага насельніцтва. Падняўшы ўраджайнасць без павелічэння пасяўных плошчаў і атрымаўшы 5 млн тон цукровых буракоў, мы на поўную магутнасць загрузім нашы цукровыя заводы. Так што айчыннае насенняводства цукровых буракоў будзе развівацца паступова, але на дадзены момант гэта пытанне хутчэй навуковае, чым прыкладное.

Адказ «нябеснай канцылярыі»

— Дык ці можна падмануць капрызы надвор’я?

— Адказ на пытанне — хуткае ўкараненне сартоў і гібрыдаў з высокім патэнцыялам прадукцыйнасці і тэхналагічных уласцівасцяў, устойлівых да ўздзеяння абіятычных і біятычных фактараў асяроддзя. Гэта забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльна-фінансавых рэсурсаў, экалагічную бяспеку, энергазберажэнне і павышае рэнтабельнасць сельскагаспадарчай вытворчасці. Навука са свайго боку імкнецца па максімуме забяспечыць практыкаў сучасным, высокатэхналагічным пасяўным матэрыялам. Так, напрыклад, у 2019 годзе на нашым НПЦ уведзены ў эксплуатацыю комплекс для падрыхтоўкі селекцыйнага матэрыялу — новых сартоў збожжавых, зернебабовых, крупяных, алейных раслін і шматгадовых траў. Гэта першае ў Беларусі прадпрыемства, дзе рэалізаваны ўсе найноўшыя тэхналогіі.

Азімы ячмень «Буслік».

— Да якіх культур у сувязі з пацяпленнем клімату сёння прыглядаюцца селекцыянеры?

— Як я ўжо казаў, правільны падбор культур і рацыянальная структура пасяўных плошчаў — найважнейшы фактар зніжэння страт сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўмовах змянення ўмоў надвор’я. Сёння вядзецца работа над пераглядам відавога і сартавога складу сельскагаспадарчых культур з мэтай адбору засухаўстойлівых відаў і сартоў — больш прадукцыйных з улікам выкарыстання дадатковых цеплавых рэсурсаў, абумоўленых пацяпленнем пры дэфіцыце вільгаці. Так, у паўднёвых рэгіёнах краіны пашыраюцца плошчы, занятыя азімымі збожжавымі — больш ураджайнымі, чым яравыя культуры. Пры ранняй уборцы з’яўляецца магчымасць больш дакладна падрыхтаваць глебу для наступных культур, акрамя таго, змяншаецца напружанасць у перыяд вясновай сяўбы. Для прыкладу: на супясчаных і пясчаных глебах Гомельскай вобласці са збожжавых у засуху больш устойлівыя ўраджаі забяспечвае дыплоіднае азімае жыта, авёс, пялюшка, грэчка, шырокае распаўсюджванне тут павінна атрымаць кукуруза на зерне. На лёгкіх глебах высокія ўраджаі з кармавых культур забяспечваюць, у прыватнасці, аднагадовыя бабовыя — лубін, пялюшка, якія высяваюцца ў сумесі з аўсом або крыжакветнымі. Ва ўмовах частых засух большае распаўсюджванне павінны атрымаць нетрадыцыйныя для нашай краіны культуры: проса, чуміза, баркун, рутвіца, эспарцэт, азімая свірэпіца, сорга-суданкавыя гібрыды. Дарэчы, асаблівая ўвага сёння — высокабялковым кармавым культурам, бо дэфіцыт бялку ў рацыёне жывёл прыводзіць да перарасходу кармоў на 30 % і больш. Таму сёння ідзе актыўнае развіццё культурнага травасеяння: у прыватнасці, створаны айчынныя сарты бабовых траў для любых тыпаў глеб Беларусі. Вяртаючыся да пытання змены клімату, асабліва хачу адзначыць проса — адну з самых засухаўстойлівых культур, якая на кілаграм сухога рэчыва выкарыстоўвае ўсяго 277 л вады (для параўнання, кукуруза — 349 літраў, збожжавыя — 520, канюшына — 720). Ураджайнасць зялёнай масы проса складае 400–450 ц/га, з яе атрымліваюць сілас з утрыманнем бялку, што пераварваецца, у 1,8 раза вышэйшым, чым у кукурузным сіласе. Салома з проса змяшчае 6,5 % бялку (для параўнання аўсяная — 3,5%). Пры гэтым проса мае расцягнуты перыяд сяўбы — з мая да ліпеня. Прыглядаюцца селекцыянеры таксама да такой культуры, як соя. А ў цэлым, ва ўмовах дэфіцыту ўвільгатнення эфектыўна выкарыстанне ранневясновых запасаў вільгаці, «сыход ад засухі». Напрыклад, увосень — пасеў азімага жыта ў сумесі з азімай свірэпіцай, а ўвесну — уборка на зялёную масу. Далей — пасеў па ржышчы проса або іншай засухаўстойлівай культуры (напрыклад, кукурузы) на зялёную масу або зерне. Словам, вывераны навуковы падыход да выбару культур, іх сартоў і гібрыдаў і, вядома, сучасныя тэхналогіі іх вырошчвання павялічваюць ураджайнасць і скарачаюць выдаткі. То-бок, шмат у чым якраз і гарантуюць харчовую бяспеку краіны.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота: РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.