Вы тут

Кібербяспека, дзяржаўны аўдыт і мікрабіялогія


17 ліпеня ў вышэйшых навучальных установах нашай краіны стартуе заключны этап уступнай кампаніі. Упершыню адбор прэтэндэнтаў на вышэйшую адукацыю распачаўся фактычна яшчэ зімой — з правядзення ўнутрыўніверсітэцкіх алімпіяд у рэгіянальных ВНУ. Дарэчы, іх пераможцы ўжо сталі студэнтамі. У чэрвені частка бюджэтных месцаў запоўнілася маладымі людзьмі, якія паступалі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і здавалі экзамен па першым профільным прадмеце непасрэдна ў ВНУ. На некаторых спецыяльнасцях у медыцынскіх універсітэтах мэтавы набор даходзіў да 80 працэнтаў ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў.


Таксама ўпершыню ў краіне прайшоў цэнтралізаваны экзамен, таму абітурыенты будуць падаваць у прыёмныя камісіі сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання і цэнтралізаванага экзамену: гэта тычыцца выпускнікоў адзінаццатых класаў бягучага года. Да таго ж выпускнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і каледжаў трэба будзе прадставіць у прыёмную камісію характарыстыку са сваёй навучальнай установы — гэта яшчэ адно новаўвядзенне. Яна не дае перавагі абітурыентам пры паступленні, але дапаможа вызначыць далейшую траекторыю работы са студэнтам у ВНУ. Форма характарыстыкі ўстаноўлена пастановай Міністэрства адукацыі, яна даецца на працягу пяці дзён з моманту запыту.

Асабістыя кабінеты

Прыём дакументаў распачнецца 17 ліпеня. Усяго ва ўстановы вышэйшай адукацыі плануецца прыняць 52,2 тысячы чалавек. З іх за кошт сродкаў бюджэту будуць навучацца 28,4 тысячы першакурснікаў і 23,8 тысячы — на платнай форме навучання. У параўнанні з папярэднім годам агульная лічба набору скарацілася на 900 чалавек. Пры гэтым на бюджэтную форму навучання набяруць на 600 чалавек больш, чым летась, а на платныя месцы набор, наадварот, скароціцца на 1,5 тысячы абітурыентаў. У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы сёлета на два працэнты будзе скарочаны прыём у сталічныя ўстановы вышэйшай адукацыі і прыкладна на столькі ж павялічаны прыём у рэгіянальныя ВНУ. Гэта абумоўлена неабходнасцю ўмацавання і замацавання кадраў у абласцях.

Калі паглядзець у разрэзе спецыяльнасцяў, то прыём абітурыентаў сёлета павялічыўся на медыцынскія (каля 10 працэнтаў) і асобныя педагагічныя спецыяльнасці, перш за ўсё фізіка-матэматычныя. Таксама павелічэнне набору закранула «Дашкольную адукацыю» і «Пачатковую адукацыю». Рост склаў каля 4 працэнтаў.

Падаць дакументы адначасова ў дзве ВНУ будзе немагчыма. Пералік дакументаў вызначаны Правіламі прыёму, і там дакладна прапісана, што ў прыёмную камісію павінны былі быць пададзены арыгінал дакумента аб адукацыі і арыгіналы сертыфікатаў ЦЭ і ЦТ.

Прыёмныя камісіі ў апошні дзень прыёму працуюць да 18.00. У рамках вызначанага для падачы дакументаў перыяду можна забіраць і перападаваць дакументы колькі заўгодна раз. Можна забраць іх і аднесці ў іншую ВНУ, дзе ёсць больш шанцаў на паступленне. У многіх ВНУ і на факультэтах ёсць агульны конкурс, які прадугледжвае падачу дакументаў адразу на некалькі спецыяльнасцяў аднаго кірунку.

Таксама ў многіх ВНУ дзейнічаюць асабістыя кабінеты абітурыента. Электронны рэсурс дазваляе прайсці электронную рэгістрацыю: запоўніць анкету і заяву, загрузіць фота, размясціць адсканаваныя атэстат або дыплом, сертыфікаты цэнтралізаваных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы пры паступленні. Але электронны кабінет не замяняе падачу арыгіналаў дакументаў асабіста абітурыента, а толькі скарачае час знаходжання ў прыёмнай камісіі. Таксама ён дазваляе на працягу ўсёй прыёмнай кампаніі ў анлайн-рэжыме на асабістых камп’ютарах, планшэтах і смартфонах адсочваць падрабязную інфармацыю пра конкурсную сітуацыю і бягучы прахадны бал на выбраную спецыяльнасць. Сітуацыю з падачай дакументаў і сваё месца ў абітурыенцкім рэйтынгу трэба маніторыць пастаянна. Пазней у асабістым кабінеце абітурыента адлюстроўваюцца звесткі пра залічэнне ў студэнты.

Тэрміны падачы дакументаў

З 17 да 25 ліпеня вызначыцца з выбарам спецыяльнасці павінны ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты.

На дзённую форму па напрамках адукацыі «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы» на бюджэт і платную аснову і па ўсіх спецыяльнасцях у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, а таксама на ваенных факультэтах і ваенным інстытуце без права юрыдычнай асобы ў ВНУ за кошт бюджэтных сродкаў дакументы прымаюць з 17 да 27 ліпеня.

На завочную форму навучання ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю на бюджэт і на платнай аснове прыём дакументаў — з 15 лістапада да 5 снежня.

Усяго тры дні (з 17 да 19 ліпеня) адведзена на прыём дакументаў ад выпускнікоў профільных класаў педагагічнай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць без здачы экзаменаў па сумоўі на педагагічныя спецыяльнасці, напрамак «Фізічная культура і спорт» і «Падрыхтоўка педагогаў у галіне фізічнай культуры». Таксама гэта датычыцца тых, хто паступае на спецыяльнасці профіляў адукацыі «Тэхніка і тэхналогіі» і «Прыродазнаўчыя навукі» пасля навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Тут ёсць адна важная акалічнасць: абітурыенты павінны прайсці навучанне ў тэхнапарку ў тым жа навучальным годзе, у якім плануюць паступаць у ВНУ. Таксама ім спатрэбіцца рэкамендацыя ад назіральнага савета тэхнапарка.

Ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, але не здаюць уступныя экзамены ў ВНУ, дакументы будуць прымацца:

  • у Акадэмію МУС, Магілёўскі інстытут МУС, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС — з 17 ліпеня да 3 жніўня;
  • на дзённую форму навучання па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — з 17 ліпеня да 10 жніўня;
  • у іншых ВНУ — з 17 ліпеня да 9 жніўня.

Тэрміны залічэння абітурыентаў на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, наступныя: да 30 ліпеня — у Ваеннай акадэміі, Інстытуце пагранічнай службы, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС і на ваенных факультэтах ВНУ; да 4 жніўня — у іншых дзяржаўных ВНУ акрамя завочнай формы навучання ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.

На платную форму навучання залічэнне завяршаецца 11 жніўня (зноў-такі акрамя завочнай формы навучання ў сельскагаспадарчых ВНУ).

Льготы і прывілеі

Паводле новых Правілаў прыёму, без уступных іспытаў маюць права паступаць у ВНУ пераможцы міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму (уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў). Іх чакаюць на спецыяльнасцях, для якіх дадзены вучэбны прадмет, вызначаны першым ці другім прадметам профільнага іспыту, за выключэннем спецыяльнасцяў «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Дзяржаўнае кіраванне і права» і «Лінгвакраіназнаўства».

Трэба заўважыць, што раней пераможцы рэспубліканскай алімпіяды маглі арыентавацца толькі на першы профільны прадмет. Цяпер жа выбар для іх значна пашырыўся. А пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па інфарматыцы і астраноміі змогуць паступаць без экзаменаў на групы спецыяльнасцяў «Матэматычныя навукі і інфарматыка», «Фізічныя навукі» і профіль адукацыі «Тэхніка і тэхналогіі».

Паступаць без экзаменаў ёсць магчымасць і ў абітурыентаў, узнагароджаных у год прыёму або на працягу двух гадоў, якія папярэднічаюць году прыёму, нагрудным знакам «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў» за высокія дасягненні ў асобных прадметных сферах, якія адпавядаюць выбранай спецыяльнасці. Аналагічная прывілея ёсць і ва ўладальнікаў нагруднага знака «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі», калі іх творчыя дасягненні ў сферы культуры адпавядаюць абранаму профілю (кірунку) адукацыі.

Права паступлення без экзаменаў атрымалі і пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства (дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў) у адпаведнасці з пералікам, які ўстанаўліваецца Міністэрствам адукацыі, калі тыя праводзіліся ў год прыёму або ў годзе, які папярэднічае году прыёму. Галоўнае, каб кампетэнцыя, у якой яны дасягнулі высокага выніку, адпавядала абранаму профілю (кірунку) адукацыі.

Ёсць прывілеі і ў пераможцаў (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеняў) трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай у бягучым навучальным годзе. Яны могуць без экзаменаў паступаць у рэгіянальныя ВНУ на спецыяльнасці, для якіх дадзены вучэбны прадмет, вызначаны прадметам профільнага іспыту (за выключэннем спецыяльнасцяў «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Дзяржаўнае кіраванне і права» і «Лінгвакраіназнаўства»).

Такім чынам, поспех на абласным этапе дае права залічэння без экзаменаў у абласныя ВНУ, на рэспубліканскім — ва ўсе без выключэння.

Востразапатрабаваныя спецыяльнасці

Пры паступленні на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці без уступных іспытаў будуць залічвацца пераможцы (уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў) трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай у навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму, школьныя медалісты, уладальнікі дыпломаў аб сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай.

Пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў быў вызначаны пастановай Міністэрства адукацыі. Ёсць два пералікі: для падрыхтоўкі спецыялістаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. У пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў, па якіх рыхтуюць у ВНУ, увайшлі 53 спецыяльнасці: «Дашкольная адукацыя», «Камп’ютарная фізіка», «Матэматыка», «Радыёсістэмы і радыётэхналогіі», «Аўтамабілі, трактары, мабільныя і тэхналагічныя комплексы», «Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы», «Інжынерна-педагагічная дзейнасць», «Тэхналогіі і праектаванне адзення і абутку», «Меліярацыя і водная гаспадарка», «Водныя біярэсурсы і аквакультуры», «Ветэрынарная медыцына» і іншыя.

Па-за конкурсам на найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці могуць залічвацца ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, узнагароджаныя пахвальным водгукам, і асобы, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу і маюць рэкамендацыі воінскіх часцей ці органаў пагранічнай службы, калі яны паступаюць на завочную форму атрымання адукацыі. І першыя, і другія павінны мець у дакуменце аб адукацыі адзнакі не ніжэй за «6» балаў па прадметах уступных выпрабаванняў.

У школьных медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай ёсць права паступаць без здачы экзаменаў (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі) на педагагічныя спецыяльнасці, пералік якіх устанаўліваецца Міністэрствам адукацыі.

Таксама на педагагічныя спецыяльнасці без уступных іспытаў могуць паступаць пераможцы трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, калі дадзены вучэбны прадмет быў вызначаны прадметам профільнага іспыту. Ім таксама трэба мець рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі.

Новыя напрамкі падрыхтоўкі

Кожны год у беларускіх ВНУ адкрываюцца новыя спецыяльнасці: як прынцыпова новыя для рынку працы, так і новыя для канкрэтных універсітэтаў.

Для прыкладу, па ініцыятыве Камітэта дзяржаўнага кантролю з новага навучальнага года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адкрыецца новая спецыяльнасць — «Дзяржаўны аўдыт». Падрыхтоўка арыентавана на фінансава-эканамічную дзейнасць дзяржаўных устаноў і органаў дзяржаўнай улады. Спецыялістаў будуць рыхтаваць не толькі для дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць кантрольную дзейнасць, але і для службаў унутранага аўдыту і ведамаснага кантролю дзяржаўных арганізацый.

Яшчэ адна новая спецыяльнасць у БДУ — «Кібербяспека». Сёння важнай умовай функцыянавання дзяржавы і падтрымкі эканамічнай стабільнасці з’яўляецца надзейная абарона інфармацыі і бяспека інфраструктуры аб’ектаў інфарматызацыі, такіх як цэнтры апрацоўкі даных, камп’ютарныя і прамысловыя сеткі, тэлекамунікацыі, сістэмы кіравання тэхналагічнымі працэсамі. Патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты, якія валодаюць навыкамі распрацоўкі і прымянення айчынных, у тым ліку імпартазамяшчальных, бяспечных інфармацыйных тэхналогій. Рыхтаваць будучых спецыялістаў па кібербяспецы будуць два факультэты БДУ: радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій і факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Выпускнікі будуць працаваць у банках і іншых фінансавых установах, у арміі, органах унутраных спраў, на абаронных прадпрыемствах, ва ўрадавых структурах, медыцыне, транспартных арганізацыях, камунальных службах і іншых сферах.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы з гэтага года пачнуць рыхтаваць архітэктараў. Адпаведная спецыяльнасць упершыню адкрываецца на інжынерна-будаўнічым факультэце. Пры паступленні на яе прадугледжаны ўступны іспыт па творчасці, які здаецца непасрэдна ва ўніверсітэце. Пасля шасці гадоў навучання выпускнік атрымае кваліфікацыю «Архітэктар» і ступень магістра.

У пераліку спецыяльнасцяў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з новага навучальнага года з’явяцца дзве новыя — графічны і мультымедыя-дызайн, а таксама бізнес-адміністраванне.

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава будзе весціся набор на новыя спецыяльнасці «Мікрабіялогія» і «Сацыяльна-педагагічная псіхалагічная адукацыя» з прысваеннем кваліфікацыі «Педагог сацыяльны, педагог-псіхолаг».

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны сёлета адкрыты набор на новую спецыяльнасць — «Эканамічнае права».

З 2023 года на спецыяльнасць «Беспілотныя авіяцыйныя комплексы» ў Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі будуць прымаць дзяўчат. Варта адзначыць, што спецыяльнасць не новая, аднак да гэтага года паступаць на яе маглі толькі юнакі.

У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце з’явіцца прафілізацыя «Пераклад жэставай мовы» на спецыяльнасці «Перакладчыцкая справа» на перакладчыцкім факультэце. Здаць уступныя іспыты прапануюць выпускнікам Лінгвагуманітарнага каледжа, філіяла МДЛУ, якія завяршылі навучанне па спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне сурдакамунікацыі» ў 2023 годзе. Гэта значыць, што цяпер сурдаперакладчыкі могуць мець не толькі сярэднюю спецыяльную, але і вышэйшую адукацыю

Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, які рыхтуе кадры для гандлёвай галіны, адкрывае прыём на дзве новыя спецыяльнасці — «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» і «Электронная эканоміка». У МІТСО ў гэтым годзе адкрыюцца адразу дзве новыя спецыяльнасці — «Эканамічнае права» і «Эканамічная бяспека».

Меркаваць аб тым, якімі будуць прахадныя балы ў ВНУ сёлета, пакуль цяжка. Па-першае, у Беларусі ўпершыню праходзілі цэнтралізаваныя экзамены, дзе колькасць стабальных вынікаў аказалася даволі высокай. Шмат стабальных сертыфікатаў будзе выдадзена і па выніках ЦТ. І калі раней максімальна магчымыя 400 балаў былі ўнікальным выпадкам, то ў гэтым годзе такой сумай можа пахваліцца ўжо не адзін абітурыент.

Летась, напрыклад, у БДУ для паступлення на бюджэтную форму навучання па спецыяльнасці «Лінгвакраіназнаўства» патрабавалася мець 385 балаў, у БДУІР на «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» і «Электронныя вылічальныя сродкі» — 374, у БДМУ на «Стаматалогію» прахаднымі былі 369 балаў, у БНТУ на «Маркетынгу» — 346 балаў.

Падаваць дакументы лепш у першыя дні, бо калі ахвотных цягнуць да апошняга акажацца шмат, то конкурсная сітуацыя можа рэзка змяніцца ўжо пасля закрыцця прыёмнай камісіі, і абітурыент мае ўсе шанцы застацца за бортам. А вось сітуацыю з падачай дакументаў і сваё месца ў абітурыенцкім рэйтынгу трэба маніторыць пастаянна. Апошняе абнаўленне інфармацыі ў дзень закрыцця прыёмных камісій адбудзецца ў 17 гадзін.


Будзь у курсе!

«Гарачая лінія» для абітурыентаў у Міністэрстве адукацыі 8 (017) 222-43-12. Рабочая група Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам правядзення ўступных іспытаў у Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у Мінску +375 (17) 327-66-80.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?