Вы тут

Пліта з узарванага ў Магілёве сабора знайшлася ў Арле


Некалькі дзён таму завуч магілёўскай школы № 34 Галіна Бяляева паведаміла карэспандэнту «Звязды» сенсацыйную рэч. Надмагільная пліта, знойдзеная ў Арле, належыць архіепіскапу Магілёўскаму і Мсціслаўскаму Яўсевію, які спачыў у 1883 годзе. Гэта адзін з трох праслаўленых пастыраў, якія былі пахаваныя ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Магілёве. Сярод іх быў свяціцель Георгій Каніскі, які шмат зрабіў для захавання праваслаўнай веры і асветы жыхароў Магілёва. Сабор быў узарваны ў савецкі перыяд і да нядаўняга часу нічога не было вядома ні пра тыя пліты, ні наогул пра іншыя рэчы, звязаныя з храмам. Але тайны пачынаюць прыадкрывацца.


Архіепіскап Яўсевій пайшоў з жыцця ў 1883 годзе.

Сігналы з мінулага

Святыня вярнулася дзякуючы сумесным намаганням магілёўскіх гарвыканкама і гарсавета, а таксама Магілёўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. А пачалося ўсё пяць гадоў таму. Галіна Бяляева па адукацыі гісторык і спецыялізуецца на даследаваннях старадаўніх надмагілляў.

— Імя архіепіскапа Яўсевія ўсплыло, калі я працавала ў піцерскіх архівах, — расказвае суразмоўніца. — У дакументах вядомага вучонага, выдаўца і гісторыка вялікага князя Мікалая Міхайлавіча Раманава, дзядзькі цара Мікалая ІІ, я знайшла цікавы рапарт, дзе была інфармацыя пра тое, што ў Спаса-Праабражэнскай царкве былі пахаваныя магілёўскія архіепіскапы Георгій Каніскі і Яўсевій і епіскап Віталій Грэчулевіч. Гэтая інфармацыя спатрэбілася князю, каб сістэматызаваць даныя па ўсіх правінцыяльных могілках, у тым ліку тых, якія знаходзіліся на тэрыторыі сённяшняй Беларусі — на той момант часткі Расійскай Імперыі. З тае падачы ў 1908—1911 гадах Магілёўская епархія правяла маштабную работу па перапісе даных з надмагільных пліт. Гэты абагульнены звод павінен быў увайсці ў адзін з тамоў спецыяльнага выдання. Але адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, і сабраныя звесткі ляглі ў архівы. Што датычыцца Спаса-Праабражэнскага храма, то ён быў знесены ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца Следчы камітэт Магілёўскай вобласці.

Духоўны шлях архіепіскапа Яўсевія

Пакуль даследчыца рыхтавала да выдання кнігу «Неапублікаваны рускі правінцыяльны некропаль Мікалая Міхайлавіча Раманава» і размяшчала ў інтэрнэце інфармацыю пра тых знакавых для Магілёва асоб, прозвішчы якіх яна выпісала з архіва, на яе выйшлі краязнаўцы і паведамілі, што ў Арле на могілках знаходзіцца пліта магілёўскага архіепіскапа.

— Гэта была неверагодная інфармацыя, — не хавае свайго хвалявання суразмоўніца. — Клубок гісторыі паціху пачаў раскручвацца, і звесткі, быццам пазлы, сталі складвацца ў адзін малюнак.

Ад краязнаўцаў Галіна Бяляева атрымала фотаздымак пліты і даведалася, што магілёўскі архіепіскап Яўсевій родам з Тульскай губерні. З 1850 да 1856 года ён узначальваў Самарскую епархію, з 1856 да 1860-га — Іркуцкую. На апошнім месцы толькі за год яго служэння праваслаўе прынялі 720 буратаў з 10 тысяч. Каб мясцовыя маглі разумець Слова Божае, ён раіў тамтэйшаму духавенству прапаведаваць на нацыянальных мовах, увёў у праграму вывучэння Іркуцкай духоўнай семінарыі мангольскую мову і вельмі жадаў, каб свяшчэннікі вывучалі медыцыну. Адчувалася вялікае ўздзеянне лам, якія сваімі прыёмамі перашкаджалі насельніцтву далучыцца да хрысціянскай веры. У Магілёўскую епархію свяшчэннаслужыцель трапіў ў 1860 годзе.

— Гэта быў вельмі складаны для губерні перыяд, — сведчыць гісторык. — Ішла негалосная барацьба паміж трыма канфесіямі — праваслаўем, каталіцызмам і ўніяцтвам. Разам з тым айцец Яўсевій зрабіў шмат для асветы насельніцтва. Лічыцца, што каля вытокаў расійскай педагогікі стаяў Канстанцін Ушынскі. Але яшчэ за некалькі дзесяцігоддзяў да яго першыя работы па выхаванні дзяцей напісаў айцец Яўсевій, або, як яго называлі па-свецку, Яфім Палікарпавіч Арлінскі. Яго таксама ведаюць як заснавальніка Іверскага жаночага манастыра ў Самары і мужчынскага Спаса-Праабражэнскага ў горадзе Бузулуку (цяпер Арэнбургская вобласць Расіі).

Надмагільная пліта архіепіскапа Магілёўскага Яўсевія была знойдзена настаяцелем царквы ў гонар Іаана Прадцечы протаіерэем Уладзімірам і дзяком Сяргеем Зайцавым. Яны пачалі вывучаць пліты на могілках і вельмі здзівіліся, калі на магіле дзяўчынцы Любові Лісавай, якая памерла ад сухотаў у 1872 годзе, убачылі пліту архіепіскапа Яўсевія. Паведамілі аб сваёй знаходцы ў мясцовы музей, старшы навуковы супрацоўнік якога Ганна Шацеева і выйшла на магіляўчан.

Паломніцтва ў Арол

Спробы забраць пліту рабіліся і раней, але зоркі сышліся толькі сёлета.

Экспедыцыя з Магілёва ў складзе Галіны Бяляевай і кнігавыдаўца, прадстаўніка Магілёўскай епархіі Аляксандра Емяльянава паклапацілася наладзіць сувязі з расіянамі. Часовы прытулак вандроўнікам з Беларусі даў кіраўнік Арлоўскай епархіі ўладыка Ціхан. Адбылася таксама сустрэча з начальнікам упраўлення па дзяржаўнай ахове аб'ектаў культурнай спадчыны Іванам Алтуховым. Пліта, на шчасце, не трапіла ў спіс мясцовых культурных каштоўнасцяў, таму праблем з яе вывазам не ўзнікла.

Перадача святыні.

Асабліва рады беларусам былі ў краязнаўчым музеі. Ганна Шацеева потым у сваім акаўнце напісала: «Прыязджалі госці з Беларусі. Я пад такім уражаннем! Гэта цалкам іншыя людзі, чыстыя, пазітыўныя. Людзі з Белай Русі. Яны прыехалі з такой радасцю і мірам, які абдымае. Я ледзь-ледзь дапамагла, напісала ў Беларусь ліст, каб пліта архіепіскапа Яўсевія трапіла на радзіму, а людзі прыехалі з падзякай... Хочацца пасля такіх сустрэч быць светлымі, радаснымі і ўсіх любіць».

Галіна Бяляева падзялілася смелымі спадзяваннямі, што, магчыма, у Арле знойдуцца надмагіллі і астатніх свяшчэннікаў, якія былі пахаваныя ў Спаса-Праабражэнскім храме ў Магілёве. У музеі ёй расказалі, што пры рэстаўрацыі тамтэйшага моста праз Аку ў падмурку адной з апор знайшлі абломкі надмагілляў. Як трапіла ў Арол магілёўская пліта, наогул пытанне на засыпку. Магчыма, мяркуе гісторык, падобныя рэчы вывозіліся з Беларусі як будаўнічы бут для аднаўлення пасля вайны гарадоў Савецкага Саюза. Або пліту ратавалі вернікі. І, хутчэй за ўсё, для гэтых мэт выкарыстоўваўся менавіта чыгуначны транспарт.

— Арол і Магілёў насамрэч шмат што звязвае, — кажа Галіна Бяляева. — У лютым 1918 года Стаўка рускай арміі ў Магілёве пераехала ў Арол. У 1941 годзе пры абароне Крычава па-геройску загінуў ураджэнец Арлоўшчыны Мікалай Сірацінін. Жыхарам прыемна было даведацца, што памяць пра іх земляка шануецца ў Беларусі.

Спаса-Праабражэнскі сабор, які быў узарваны і дзе захоўваліся надмагіллі архіерэяў.

Арлоўскі бок арганізаваў здымкі на мясцовым тэлеканале, каб госці з Магілёва маглі падзяліцца ўражаннямі і просьбай дапамагчы далей разматаць клубок гісторыі. Пліта архіепіскапа Яўсевія праляжала на могілках прыкладна 30 гадоў. А першапачаткова была знойдзена сярод будаўнічага смецця ў раёне Вагонкі. На жаль, імёны тых людзей, якія перадалі Арлоўскай епархіі пліту, невядомыя. І вельмі хацелася б, каб яны адгукнуліся.

Няўрымслівая Галіна Бяляева ўжо будуе планы, як яшчэ раз з'ездзіць у Арол і вывучыць больш уважліва тую мясцовасць, дзе першапачаткова было знойдзена надмагілле магілёўскага святара. Вагонка ж — гэта чыгуначны раён на ўскрайку горада, які забудоўваўся пасля вайны. Цікава было б пахадзіць там з мясцовымі краязнаўцамі.


У тэму

Першае ўпамінанне аб Спаса-Праабражэнскай царкве, дзе былі пахаваныя магілёўскія іерархі, адносіцца да XV стагоддзя. Тут знаходзіліся жаночы і мужчынскі праваслаўныя манастыры. Праваслаўнае брацтва заснавала школу. У XVІІ стагоддзі храм некалькі дзесяцігоддзяў знаходзіўся ў руках уніятаў, потым зноў стаў праваслаўным. У XVІІ і XVІІІ стагоддзях ён некалькі разоў гарэў, на яго месцы быў пабудаваны каменны. Па запрашэнні архіепіскапа Георгія Каніскага яго будаваў вядомы віленскі архітэктар Ёган Крыштоф Глаўбіц. Сабор складаў крыжова-купальны храм з традыцыйным для культуры барока двухвежавым галоўным фасадам. Інтэр'ер храма быў багата ўпрыгожаны роспісам, у выкананні яго бралі ўдзел майстры Мірон Пігарэвіч і Пётр Сліжык. У 1762—1785 гадах побач з культавым будынкам узвялі архіерэйскі палац, семінарыю і кансісторыю. Спаса-Праабражэнская царква славілася іконай Божай Маці, якая, згодна паданню, цудатворным чынам калісьці праявілася на сцяне Магілёўскага замка. У 1918 годзе манастыр закрылі. Будынак храма быў пашкоджаны падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасля знесены.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.