Вы тут

Вішневае Глыбокае. Як святкуюць самае доўгачаканае свята горада?


 

Апошнія пару дзён на вуліцах Глыбокага, не сціхаючы, іграла музыка, лунаў водар вішняў, чуліся смех і розныя гаворкі. Гэта глыбачане і госці вішнёвай сталіцы святкавалі Вішнёвы фестываль.


Пачалося свята 21 ліпеня ў рэзідэнцыі Вішнёвай Каралевы. Афіцыйным адкрыццём мерапрыемства стала традыцыйнае гашэнне паштовай маркі спецыяльным штэмпелем. Этна-вечарына «У вішнёвым садзе» сабрала на Цэнтральнай плошчы зацікаўленых беларусаў, а таксама замежных гасцей фестывалю.

Сёлета на вішнёвае свята завіталі жыхары Расіі, Кітая, Дагестана, Карэі, Малдовы. І калі вакальны калектыў вішнёвых прыгажунь з горада Уварава (Расія) прыязджае далёка не першы раз, то прадстаўнікі Кітайскай Народнай Рэспублікі, студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, завіталі сюды ўпершыню. Але адразу ж заўважылі гасціннасць і ветлівасць глыбачан.

— Калі я прыехаў на Вішнёвы фестываль, я ўбачыў, наколькі шчаслівыя людзі тут жывуць. Нам вельмі пашанцавала, што ў нас з'явілася магчымасць інтэгравацца ў вашу культуру, — дзеліцца ўражаннямі Сюй Жань, адзін са студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Танцы розных народаў падарылі прысутным цудоўны настрой, які захаваўся на ўсе астатнія мерапрыемствы. А іх арганізатары падрыхтавалі шмат! Працягнулася імпрэза канцэртнай праграмай «Віват, Вішня!», дзе гучалі ўсімі любімыя песні ў выкананні калектываў Cherry Town (Глыбокае) і «8-й регион» (Бягомль).

Адкрыццём другога дня фестывалю стала тэатралізаванае шэсце. Павітаць жыхароў Глыбоччыны і гасцей фестывалю выйшла Каралева Вішня разам са сваімі спадарожнікамі — баронам Мюнхаўзенам і маленькімі «вішанькамі». Сёлета Каралева змяніла сваю вішнёвую карэту на шыкоўны белы лімузін, а таксама займела новую сукенку, што зрабіла шэсце яшчэ больш эфектным. Перад стартам урачыстай працэсіі каля помніка вішні павіншавалі сем'і, што адзначылі пяць і дзесяць гадоў шлюбу, якія былі створаныя на мінулых фестывалях.

Адразу пасля таго пачаўся гала-канцэрт у амфітэатры каля возера. З прывітальным словам на ім выступілі ганаровыя госці — першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта СНД Леанід Анфімаў, намеснік начальніка аддзела работы арганізацый сферы культуры ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Агееў, старшыня нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Смаленскай вобласці Сяргей Крыўко, а таксама старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шубскі. Яны адзначылі важнасць дадзенага мерапрыемства, успомнілі, якім быў самы першы Вішнёвы фестываль і як павысіўся яго ўзровень за 11 гадоў, а таксама пажадалі святу далей расці і збіраць гасцей з розных куткоў свету.

— Наш фестываль вельмі юны — праходзіць усяго толькі ў 11 раз. Але ствараецца такое ўражанне, што мы святкуем яго на працягу многіх дзесяцігоддзяў, бо ён заснаваны на найлепшых культурна-народных традыцыях глыбачан. Вядома, па маштабе Вішнёвы фестываль меншы, чым Купалле ў Александрыі або «Славянскі базар у Віцебску», але мы разглядаем яго як злучальны масток паміж народамі нашых краін у справе ўмацавання дружбы і ўзаемаразумення, — адзначыў Леанід Анфімаў.

Фестываль здзіўляў сваіх гасцей рознымі мерапрыемствамі. Адным з самых урачыстых і прыгожых можна назваць «вішнёвае» вяселле, дзе свой шлюб узялі Ульяна і Антон Жук. Заручальныя пярсцёнкі ім паднесла асабіста Яе Вялікасць, а пасля правяла жаніха з нявестай па Алеі маладых.

З размахам прайшоў і традыцыйны конкурс гарманістаў, баяністаў, акардэаністаў «Вішнёвыя найгрышы». Сёлета ў ім узялі ўдзел 11 (які сімвалічны лік, праўда?) музыкантаў з Глыбокага, Лепеля, Браслава, Паставаў, Ушач і Докшыц. Пераможцай, уладальніцай Гран-пры і галоўнага прыза, вішнёвага баяна, стала глыбаччанка Ларыса Стэфановіч.

Згуляць у «вішнёвую» мафію, прадэгуставаць розныя віды вішнёвага варэння з сакрэтнымі інгрэдыентамі, паглядзець на забег вішнёвых слімакоў альбо паўдзельнічаць у анлайн-майстар-класе па маляванцы ад народнага майстра Беларусі Святланы Скавыркі — усё гэта можна было зрабіць падчас свята. Кожны дакладна знайшоў нешта цікавае для сябе на Вішнёвым фестывалі ў Глыбокім!

Кацярына КУРДО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.