Вы тут

«Трэба працаваць з поўнай аддачай». Падрабязнасці кадравага дня Прэзідэнта


Новыя кіраўнікі з'явіліся ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, найважнейшых арганізацый.


Першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла цяпер міністр ЖКГ. Такая ж ратацыя адбылася і ў міністэрстве транспарту і камунікацый. Першы намеснік міністра Аляксей Ляхновіч прызначаны міністрам транспарту і камунікацый. Былы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло прызначаны памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па Віцебскай вобласці.

«Акрамя задач, якія я хацеў перад вамі паставіць, думаю, важней тое, што вы лепш за мяне ведаеце, што трэба рабіць на даручаных вам участках работы. Шчыра скажу, я не памятаю выпадку, каб мы кіраўнікамі міністэрстваў, міністрамі прызначалі намеснікаў. Мы заўсёды шукалі новых людзей, падбіралі, каб новы чалавек прыйшоў, дасведчаны, прафесіянал, паглядзеў новымі вачамі на тое ці іншае ведамства. Але ў дадзеным выпадку я лічу, што і Генадзь Аляксеевіч, і Аляксей Аляксеевіч — людзі падрыхтаваныя. Не магу сказаць, што міністэрствы былі правальнымі і былыя міністры дрэнна працавалі. Таму мы і спыніліся на кандыдатурах намеснікаў. Але работы шмат», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да новых міністраў.

«Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінна быць бачным»

Прэзідэнт акрэсліў галоўныя задачы кіраўнікам ведамстваў. Ад новага міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзя Трубілы ён чакае таго, каб міністэрства было відаць, гэта па-першае. А па-другое, каб дадзенае ведамства нарэшце даказала, што яму быць, што міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў краіне патрэбнае. «Вы ведаеце і для вас не сакрэт, што мне ўвесь час уносіліся прапановы аб ліквідацыі гэтага міністэрства і ўключэнні ў нейкае іншае, таму што нібыта функцыі перасякаюцца. Многія функцыі рэалізоўваюцца мясцовымі органамі ўлады, некаторыя функцыі ўваходзяць у міністэрства будаўніцтва, сумежныя і гэтак далей», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што такія меркаванні не падтрымлівае, паколькі работы хопіць усім. «Натуральна, вам не трэба займацца тым, чым будуць займацца мясцовыя органы ўлады і міністэрства будаўніцтва. Я думаю, што міністэрства асабліва і не залазіць у гэтыя паўнамоцтвы і функцыі. Але чаму мяне непакоіць гэтае міністэрства і я яго захоўваю?
Ва ўсіх зваротах людзей на маё імя пытанне нумар адзін — гэта пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Вы павінны прыўносіць навінкі ў тую сістэму, вы павінны жорстка кантраляваць выкананне ўсяго функцыяналу, які ўскладзены на мясцовыя органы ўлады і іншыя арганізацыі. І хацелася б, каб гэтых скаргаў было менш. Я разумею, што заўжды так было. Заўсёды чагосьці не хапала: то агароджу не адрамантавалі, то дах, то балкон. Натуральна, балконы нам трэба рамантаваць, асобны чалавек гэта не зробіць. Але вось плот і дах прыватнага дома трэба адрамантаваць (гаспадару — Аўт.). Так, дах шматпавярховіка мы паправім. Гэта значыць, трэба дакладна размеркаваць абавязкі і дзесьці міністэрства павінна падключыцца, ну і агульнае кіраўніцтва», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Лагістыка ўскладнілася і тарыфы на нашы тавары — пытанне сур'ёзнае»

Што датычыцца міністэрства транспарту і камунікацый, то тут, па словах кіраўніка дзяржавы, хапае пытанняў і ўнутры краіны, і ва ўзаемаадносінах з нашымі галоўнымі партнёрамі — Расіяй і Кітаем. Асабліва Расія — транзіт і гэтак далей. Ён адзначыў, што адпаведныя пытанні абмяркоўваліся і на нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі.

Прэзідэнт са спасылкай на словы Уладзіміра Пуціна адзначыў, што расійскі калега новага беларускага міністра — вельмі здольны і таленавіты чалавек, можа працаваць. «Трэба дамаўляцца. Лагістыка ўскладнілася і тарыфы на нашы тавары — пытанне сур'ёзнае. Нам пажадана, каб гэтыя тарыфы былі меншыя. Каб прадпрыемствы з-за лагістыкі не ляглі і ў страты не сышлі. Таксама ведаеце гэтую праблему. І гэтак жа — рухомы састаў, іншыя пытанні. Шмат пытанняў з перавозкай людзей — усім гэтым трэба будзе займацца», — падсумаваў Прэзідэнт.

«Віцебскую вобласць трэба ставіць на тое месца, на якім яна павінна стаяць»

«Табе, Ігар, я ўжо казаў. Калі ты гэта ўспрымаеш як ссылку — гэта твае праблемы. Табе трэба прайсці гэты этап. І калі ты там возьмешся моцна, то і вынік будзе, і для цябе асабіста будзе вельмі карысны вынік. Як вучоны чалавек, як ідэалагічны работнік ад практыкі ты гэтымі данымі валодаеш. Трэба запрагацца і паказваць вынік. Гэта мая табе прапанова», — сказаў Прэзідэнт новаму памочніку — інспектару па Віцебскай вобласці Ігару Брыло. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цэніць той факт, што Ігар Брыло ахвотна адпраўляецца на новы ўчастак работы. Ён таксама параіў памочніку не падмяняць губернатара рэгіёна, не прыціскаць і не займацца яго функцыямі. «Працуй праз кадры. Ты інспектар па кадрах. Там, як мяне інфармавалі і ты такога пункту гледжання прытрымліваешся, намеснікам па сяле працуе моцны гаспадарнік, таксама паглядзі, ці так гэта. Таму што кадравыя пытанні — гэта твае пытанні. Калі трэба, дакладвай непасрэдна. Але Віцебскую вобласць трэба ставіць на тое месца, на якім яна павінна стаяць. Сітуацыя няпростая, ты лепш за ўсіх гэта разумееш. Трэба працаваць там з поўнай аддачай», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта палітычнае прадпрыемства. Мы на гербе маем лён»

Новыя кіраўнікі з'явіліся ў найважнейшых арганізацый і прадпрыемстваў. Аляксей Бяўзюк, першы намеснік дырэктара ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання» — кіруючая кампанія холдынга «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» ўзгоднены на пасаду генеральнага дырэктара дадзенага прадпрыемства.

Алег Буянаў узгоднены на пасаду генеральнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната, да гэтага ён працаваў намеснікам дырэктара па камерцыі ААТ «Магатэкс». Прэзідэнт спытаў, ці сутыкаўся Алег Буянаў калі-небудзь з работай Аршанскага льнокамбіната? «Вядома, сутыкаўся. Я вывучаў усе матэрыялы па рабоце прадпрыемства. У прынцыпе прадпрыемства працуе дастаткова эфектыўна, ёсць перакосы ў некаторых паказчыках. У першую чаргу перакосы ў камерцыйнай дзейнасці. Ёсць праблемы з экспартам, пакуль не ўдалося кампенсаваць тыя пастаўкі, якія былі, дапусцім, у Еўропу. Неабходна працаваць над сыравіннай базай прадпрыемства, таму што гэта самае галоўнае, фундамент, які дае магчымасць развівацца. І пытанні паглыбленай перапрацоўкі сыравіны. Тры асноўныя задачы, якія я бачу і якія трэба будзе вырашаць прадпрыемству для таго, каб рухацца наперад», — адказаў Алег Буянаў.

«Карацей, з кароткага валакна порах вы зробіце?» — спытаў кіраўнік дзяржавы. Кіраўнік прадпрыемства адказаў станоўча. Порах з лёну сапраўды можа вырабляцца. Прэзідэнт растлумачыў, што трэба пашыраць лінейку вытворчасці прадукцыі на аснове льняной сыравіны. Па яго словах, трэба паглядзець шырэй — на тое, што на рынку сёння запатрабаванае.

Прэзідэнт нагадаў новаму кіраўніку Аршанскага льнокамбіната пра сваё асаблівае стаўленне да гэтага прадпрыемства, на якім у свой час працавала маці Аляксандра Лукашэнкі. «Глядзіце, я там часта бываю. Гэта роднае маё прадпрыемства. Але справа не ў тым, што гэта асабістае. Хоць усё роўна нейкая настальгія ёсць — школьнікам я там часта бываў, па гэтым ільнокамбінаце хадзіў. Вы ж ведаеце, што гэта палітычнае прадпрыемства. Мы на гербе маем лён.Таму вельмі хацелася б, каб вы там актыўна працавалі. Калі бачыце, чым можна паправіць сітуацыю ў сыравіннай базе, буду вам удзячны. Калі па экспарце, ну гэта ўжо вашы праблемы», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што і з еўрапейцамі трэба працягваць працаваць, нягледзячы на сітуацыі і санкцыі. «Лён патрэбны ўсюды. Пачынаючы ад Расіі, якая апрацоўвае лён, і заканчваючы на поўдзень ад нас — там лён не вырабляюць. А тканіны добрыя. Таму трэба проста заняцца арганізацыяй справы. З вамі мы там сустрэнемся ўжо праз некаторы час. Можа, налета. Вы раскажаце аб тых напрамках, якія павінны быць забяспечаныя на гэтым заводзе», — сказаў Прэзідэнт.

«Канкурэнцыю ніхто не адмяняў. І трэба мець шырокі спектр экспарту»

Кадравы дзень — гэта не толькі задачы тым, хто займае новыя для сябе пасады. Але і магчымасць даведацца, як ідуць справы на тых прадпрыемствах, дзе раней працавалі назначэнцы. Віталь Асіпенка — новы генеральны дырэктар ААТ «Светлагорск-Хімвалакно», раней ён быў першым намеснікам дырэктара — галоўным інжынерам ААТ «Гомельскі хімічны завод». Работай менавіта гэтага прадпрыемства пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. «На сёння забяспечваем усе заяўкі спажыўцоў па мінеральных угнаеннях пад будучую пасяўную. Робім новыя маркі ўгнаенняў. Такім чынам усе заяўкі для ўнутранага рынку будуць поўнасцю забяспечаныя», — расказаў Віталь Асіпенка.

Прэзідэнт спытаў, як ідуць справы з экспартам. Па словах Віталя Асіпенкі, экспарт у асноўным ідзе на расійскі рынак. Пры гэтым прапануюцца і нішавыя прадукты, за якія не бяруцца буйныя расійскія вытворцы. «Мы знайшлі сваю нішу і прапануем унікальны прадукт — з мікраэлементамі, з дабаўкамі. З задавальненнем расійскі пакупнік яго набывае», — растлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці карыстаюцца попытам на ўнутраным рынку комплексныя змешаныя ўгнаенні. Віталь Асіпенка расказаў, што зацікаўленасць ёсць. Ён падкрэсліў, што ў плане тэхнічнай часткі прадпрыемства можа забяспечыць усю патрэбу ўнутранага рынку па комплексных угнаеннях.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў гэтым плане неабходна правільна сарыентаваць урад і ўсіх адказных. «Разумееце, яны ў глебу кідаюць асобна кадмій, асобна фосфар, асобна азот. Вы робіце комплексна», — растлумачыў ён. А на Гомельскім хімічным заводзе ўсё робяць у адной грануле. «Ну і трэба закупляць. Гэта эфект дае добры. Яны ж у Расіі, па свеце прадаюць гэтыя прадукты. Але трэба ўсіх арыентаваць на тое, што нельга яйкі класці ў адзін кошык. Расія — блізкая, родная нам дзяржава. Але вы ж ведаеце, яны валодаюць гэтымі тэхналогіямі і вырабляюць гэтыя ўгнаенні. І змешаныя, комплексныя, і іншыя будуць вырабляць. Таму канкурэнцыю ніхто не адмяняў. І каб нас не выціснулі з аднаго-адзінага рынку, нам трэба мець больш шырокі спектр экспарту. Гэта ваша задача», — акцэнтаваў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што ў цэлым прадпрыемства працуе нядрэнна і мае перспектыву. Але ёсць пытанні па лагістыцы, якія трэба вырашаць.

Алег Жэбін, намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар завода «Палімір» ААТ «Нафтан» прызначаны генеральным дырэктарам ААТ «Нафтан». «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — яны пад павелічальным шклом. Глядзіце, каб у нас тут быў парадак. Здаецца ж, выраўняліся па рабоце заводы. І расіяне малайцы, Прэзідэнт Расіі. Выдатна дапамаглі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Алег Жэбін падкрэсліў, што сыравінай прадпрыемствы забяспечаныя і стабільна працуюць.

Па словах кіраўніка дзяржавы, калі трэба больш сыравіны — не праблема. Галоўнае — каб складвалася эканоміка. «Калі эканоміка будзе не горшая, а лепшая — калі ласка, з сыравінай няма пытання. Збыт таксама ёсць. Попыт велізарны. Як мяне інфармуюць экспарцёры, колькі дасце, столькі мы і прададзім, то-бок у любой сітуацыі можна працаваць. Таму поспехаў вам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Кіно не мае роўных па ступені ўздзеяння»

Юрый Аляксей — новы генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». «Што датычыцца нашай кінавытворчасці, гэта бяда», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў, што запытанне будзе вельмі сур'ёзнае, і растлумачыў, чаму: «Таму што колькі можна мяняць кіраўнікоў, а выніку няма! А база нядрэнная, не горшая, чым у іншых краінах, у тым ліку і ў Расіі. Відаць, дзесьці мы недапрацоўвалі і ў кіраўніцтве. Можа быць, увагі менш аддавалі».

Аляксандр Лукашэнка працытаваў Уладзіміра Леніна, які казаў, што «З усіх мастацтваў найважнейшым для нас з'яўляецца кіно». «І гэта сапраўды так. У ідэалагічным, выхаваўчым плане кіно не мае роўных па ступені ўздзеяння», — сказаў ён, звярнуўшы ўвагу, што кіно сёння глядзяць не толькі па тэлевізары, але і ў інтэрнэце.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вельмі разлічвае на актыўную работу Юрыя Аляксея на новай пасадзе. «Трэба выдаць на-гара пэўную колькасць фільмаў — розных, для розных катэгорый. Можа быць, пайсці па расійскім шляху. Вядома, паменш бы гэтай крывішчы, бандытызму, забойстваў, пісталетаў-аўтаматаў, разборак і гэтак далей. Хоць і ў нас ёсць часы, якія мы павінны людзям паказаць, — што было насамрэч. Але галоўнае — актуальныя тэмы (іх таксама хапае), на базе якіх мы павінны здымаць фільмы і паказваць людзям, выхоўваючы іх», — арыентуе Прэзідэнт. Па яго словах, перспектыўным кірункам бачыцца супрацоўніцтва кінастудыі «Беларусьфільм» з нацыянальнымі тэлевізійнымі каналамі, Белтэлерадыёкампаніяй. «Таму трэба ўключацца і разам працаваць. Трэба аб'ядноўвацца і дзейнічаць», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

«Стаўка на вопытных людзей»

Юрый Голубеў цяпер узначальвае Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. «Я не думаю, што нейкія ў вас будуць там складанасці ў плане кіравання, падыходаў адпаведных. Вы — чалавек, які працуе і вырас на гэтым шляху. Але пытанні да гэтага ўніверсітэта былі, заўсёды былі. Я яшчэ з дэпутацкіх часоў тое памятаю. Ён заўсёды неяк праходзіў у спісе нядобранадзейных. Хацелася б, каб вы як чалавек патрыятычны выбудавалі там сістэму так, каб моладзь разумела, дзе яны жывуць і што яны павінны шанаваць. Я асаблівых праблем для вас тут не бачу», — сказаў Прэзідэнт. Ён пажадаў новаму рэктару не спыняцца ў кар'ерным прасоўванні, падкрэсліўшы, што ў сферы адукацыі заўсёды запатрабаваны прафесіяналы. «Ты ж ведаеш, што ў нас у адукацыі праблем нямала. Ідзе змена пакаленняў, таму стаўка сёння на вопытных людзей, і ніхто ад гэтага адмаўляцца не будзе», — адзначыў ён.

Кандыдатура Андрэя Рамашкі ўзгоднена на пасаду першага намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Былы дырэктар Беларускага інавацыйнага фонду Дзяніс Каржыцкі пераходзіць на пасаду першага намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. Віктар Рагускі цяпер намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама, будзе займацца пытаннямі будаўніцтва і ЖКГ. Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі ўзгоднены на пасаду члена Брэсцкага аблвыканкама. Старшыня камітэта па ахове здароўя Мінскага гарвыканкама Алена Богдан пераходзіць на пасаду намесніка дзяржаўнага сакратара — члена Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Сваімі планамі і мэтамі на новых пасадах назначэнцы падзяліліся з журналістамі

Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло расказаў, што Прэзідэнтам пастаўлены амбіцыйныя задачы, і перш за ўсё гэта работа з кадравым патэнцыялам, з тымі людзьмі, якія знаходзяцца ў рэзерве кіраўніка дзяржавы. Трэба звярнуць увагу на работу раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў».

«Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сельскагаспадарчую тэматыку і ў першую чаргу на выкананне тэхналогій у жывёлагадоўлі і раслінаводстве. Таму актыўна зоймемся тэхналагічнымі пытаннямі і пастараемся ў сціслы перыяд часу падцягнуць Віцебскую вобласць, каб больш выраблялася малака, мяса, запоўніць вытворчыя магутнасці мяса-малочных прадпрыемстваў. У нас дастаткова вялікі рэзерв у Віцебскай вобласці», — адзначыў Ігар Брыло. Ён падкрэсліў, што вялікая ўвага ў рэгіёне будзе ўдзелена жывёлагадоўчай галіне. «Калі 5-7 працэнтаў штогод будзем дабаўляць, то, думаю, на працягу трох-чатырох гадоў мы можам дастаткова нядрэнна нарасціць вытворчасць мяса і малака», — сказаў памочнік Прэзідэнта. Ён прызнаўся, што едзе на Віцебшчыну з баявым настроем: «Рэгіён ведаю не па чутках. На працягу дзесяці гадоў работы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання часта ўдавалася бываць у Віцебскай вобласці. Вобласць добрая, людзі добрыя».

Новы міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч расказаў аб першачарговых задачах, пастаўленых перад ведамствам. Першая задача — лагістыка: «З лагістыкай мы за мінулы-пазамінулы год крыху разабраліся, і калі ў нас былі праблемы летась па перавозцы асобных відаў грузаў, то падпісана адпаведнае пагадненне з Расійскай Федэрацыяй, і мы сёння едзем праз 19 партоў». Другая задача, пастаўленая Прэзідэнтам, — кошт лагістыкі, таму што адлегласці павялічыліся, і цяпер беларусы працуюць з Расійскай Федэрацыяй па зніжэнні тарыфаў. Па словах Аляксея Ляхновіча, першы раўнд перагавораў ужо праведзены. «Часткова нам панізілі, у залежнасці ад напрамкаў, тарыфы на чыгуначныя перавозкі ад 10 да 40 працэнтаў, і такая работа будзе прадаўжацца. Гэта асноўная задача, якая сёння стаіць перад міністэрствам», — расказаў міністр.

Генадзь Трубіла, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі, расказаў, што сёння ў жыллёва-камунальнай сферы назіраецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці скаргаў і зваротаў. Па яго словах, у 2022 годзе ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў параўнанні з 2021 годам яны знізіліся на 5-7 працэнтаў. Міністр падкрэсліў, што ў сферы капітальных рамонтаў робіцца вельмі шмат: «Мы ўпершыню дасягнулі капітальных рамонтаў 2,8 працэнта ад агульнага метражу па краіне. У нас мэта — тры працэнты рамантаваць штогод, і я думаю, гэтыя мэты дасягальныя». Што датычыцца рамонту пад'ездаў жылых дамоў, то, па словах Генадзя Трубілы, прыняты адпаведны нарматыўна-прававы дакумент, што такі рамонт ажыццяўляецца за кошт жыхароў, а гэта садзейнічае больш рупліваму стаўленню людзей.

Новы дырэктар «Нафтана» Алег Жэбін расказаў, што сёння прадпрыемства працуе стабільна. У нафтахімічным комплексе былі страчаны некаторыя рынкі, але знаходзяцца новыя. «У сакавіку быў уведзены комплекс запаволенага каксавання, практычна «Нафтан» завяршыў рэканструкцыю па нафтавым кірунку. З уводам гэтага комплексу глыбіня перапрацоўкі нафты дасягнула 92 працэнты. Цяпер асноўная задача — хімічны кірунак, яе давядзецца вырашаць», — адзначыў ён. Па словах кіраўніка прадпрыемства, па нафтаперапрацоўцы ёсць вялікі патэнцыял сыравіны для нафтахіміі. «Таму будзем разглядаць вытворчасць і падбор тэхналогій, якія дадуць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы і ў цэлым забяспечыць унутраныя і знешнія патрэбнасці, выпускаць ліквідную прадукцыю, запатрабаваную на ўнутраным і знешнім рынках», — растлумачыў Алег Жэбін.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.