Вы тут

Ветэрану вайны і педагагічнай працы споўнілася 100 гадоў


...Знаёмства і кожная сустрэча з Уладзіславам Мікалаевічам Васільевым  — былым выкладчыкам нашага аграрна-тэхнічнага каледжа — рэдкая ўдача, а то і шчасце, бо ён заўсёды шчыры, сабраны, адказны, з выключным пачуццём гумару, з уменнем гаварыць душой... Зусім нядаўна, 5 жніўня, ветэрану вайны і педагагічнай працы споўнілася 100 (?!), і ці не ўсе гэтыя гады прысвечаныя стварэнню.


Калі пачалася Вялікая Айчынная, Уладзіслаў Мікалаевіч быў маладзейшым за сённяшніх навучэнцаў каледжа, жыў з сям’ёю на поўначы. У 1942-м, скончыўшы 10 класаў і Кузнецкае кулямётнае вучылішча, разам з іншымі выпускнікамі трапіў пад Ленінград, у Другую ўдарную армію генерала Уласава, а калі па шчырасці — то ў самае сапраўднае пекла. Навабранцам не хапала прадуктаў, абмундзіравання, боепрыпасаў, а Васільеву да таго ж не пашчасціла з вінтоўкай. «Яна няспраўная... Як быць?» — спытаў у «бацькоў-камандзіраў. — «Лепшую знойдзеш там», — сказалі яму ў адказ і паказалі ў той бок, дзе грымеў бой, дзе было шмат забітых і таварышаў, і ворагаў, дзе заставалася ўжо непатрэбная ім зброя.

У першы дзень верасня тога самага 1942-га Уладзіслаў Мікалаевіч быў паранены ў руку і досыць цяжка — у шыю. Аднак і ў гэткім стане (раненых было шмат) разлічваць мог толькі на сябе, на ўласныя сілы. І таму, нягледзячы ні на што, змог адолець начны 15-гадзінны пераход па забалочанай мясцовасці…

Пасля ранення яму доўга давялося ляжаць у шпіталі, многае перадумаць, канчаткова зразумець, як жа нялёгка забіваць людзей, хоць яны і ворагі.

Ветэрану да сёння цяжка ўспамінаць і час сваёй службы ў блакадным Ленінградзе, калі на суткі давалі 125 грамаў хлеба, калі…

Жахі блакады досыць падрабязна апісаны ў гістарычнай і мастацкай літаратуры. Іншая рэч — успаміны жывых людзей. Ва Уладзіслава Мікалаевіча дагэтуль у памяці, як гарэлі склады з прадуктамі харчавання, як плавіўся цукар, а людзі потым збіралі зямлю, на якую ён выцякаў, разводзілі вадой, гатавалі і пілі брудную салодкую вадкасць, каб хоць неяк падтрымаць сілы.

Калі ў горад прыехаў К. Я. Варашылаў, Уладзіславу Мікалаевічу давялося яго ахоўваць. Праз некалькі гадоў пасля вайны ён убачыў гэты сюжэт у фільме «Блакада».

...Пасля таго як яе прарвалі, стала хоць трохі лягчэй, але вайна працягвалася, і гінулі ў ёй не толькі гарады і людзі. Ветэран часта ўспамінае адно з наступленняў немцаў. Іх, ворагаў, паводле загаду камандавання, трэба было падпусціць як мага бліжэй. А ў лесе гармата страляе прама, і снарад часцяком трапляе ў дрэвы. Па словах ветэрана, вусцішна глядзець было, як яны тады падскоквалі і падалі на зямлю.

...У 1944-м франтавіка Васільева адправілі ў Ленінград на курсы, дзе рыхтавалі сакрэтную «каманду восем», якая збірала шыфравальную інфармацыю ворага. Зразумела, што курсантамі станавіліся толькі найлепшыя з найлепшых, — тыя, хто заслужыў асаблівы давер.

Чым? Сваёй падрыхтоўкай, працай, учынкамі. Ва ўмовах вайны, як кажа ветэран, досыць хутка праяўляюцца характары, бо чалавек там проста не можа прыкідвацца…

Радасную вестку аб Перамозе Уладзіслаў Мікалаевіч пачуў будучы ў Прыбалтыцы, але дамоў вярнуўся толькі ў 1946-м і з моцна падарваным здароўем. Кантузіі і раненні, якія атрымаў на вайне, нагадвалі пра сябе яшчэ вельмі доўга. І ўсё ж ён дакладна ведае (і заўсёды кажа маладым), што ўсё ў яго жыцці атрымалася б значна горш, калі б ён быў слабым фізічна…

А таму нават сёння ветэран працуе над сабой, усе свае веды і ўменні стараецца перадаць маладому пакаленню. Балазе магчымасць такая ў яго заўсёды і ёсць, і была, бо пасля вайны Уладзіслаў Мікалаевіч паступіў у сельскагаспадарчы інстытут, скончыў факультэт земляробства і геадэзіі, стаў працаваць выкладчыкам у Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме.

Сцены яго карпусоў і чытальнай залы дагэтуль упрыгожваюць карціны: Уладзіслаў Мікалаевіч усё жыццё маляваў мясцовыя краявіды, цудоўна фатаграфаваў. У яго пасёлку Мар’іна ды ваколіцах няма, відаць, ніводнай хаты, ніводнай сям’і, для якой бы мастак не рабіў фотаздымкаў…

У яго багатая бібліятэка, якую разам з сям’ёю збіралі ўсё жыццё. Выпускнікі ўспамінаюць, якім ён быў класным кіраўніком, як са сваёй групай ставіў, у прыватнасці, п’есу Васіля Гарбацэвіча «Чырвоныя кветкі Беларусі»: дэкарацыі ствараў сам, касцюмы шылі маці і жонка…

Але ж ці не галоўнай справай мірнага жыцця ветэран лічыць добраўпарадкаванне брацкай магілы ў сваім пасёлку. Гэтай справай ён займаўся разам з навучэнцамі і сакратаром камсамольскай арганізацыі Віктарам Паўлоўскім, каб захаваць памяць пра тых, хто стаў на абарону Радзімы і не сустрэў Перамогу.

...Яшчэ нядаўна Уладзіслаў Мікалаевіч і ў святы, і ў будні быў частым госцем у каледжы. Цяпер гасцей прымае сам: яго дзверы заўсёды адчынены для родных, сяброў і суседзяў, навучэнцаў каледжа, выкладчыкаў. І з кожным, хто заходзіць, гаспадар гатовы дзяліцца ўспамінамі, ведамі, досведам. Можна сказаць, што ён па-ранейшаму дае ўрокі — такія патрэбныя для годнага жыцця чалавека, якому дарагія яго сям’я і яго радзіма.

Алена СВІРЫДАВА, выкладчыца

г. Мар’іна Горка, Пухавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.