Вы тут

На тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны змагаліся звыш 370 тысяч партызан


Ні ў адной краіне свету, ні ў адной рэспубліцы былога Савецкага Саюза ў час Другой сусветнай вайны не было столькі партызан, колькі ў Беларусі: сотні брыгад і атрадаў, у якіх змагаліся звыш 370 тысяч народных мсціўцаў: можна сказаць, сапраўдны фронт у тыле ворага...


Дз. Б. Шрэйн

У нашым раёне дзейнічала 18 партызанскіх палкоў, 9 брыгад. Наш зямляк (ураджэнец вёскі Пагост) Максім Іванавіч Жукоўскі адным з першых сярод народных мсціўцаў ва ўсім Савецкім Саюзе і ў першыя ж месяцы вайны быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Сярод партызан Бярэзіншчыны значыцца і грамадзянін Францыі Раман Дзюбаст. У Беларусь ён трапіў не па добрай волі: яго прымусілі надзець ваенную форму пад пагрозай пакараць родных, пагналі на ўсход, на ўдзел у карных экспедыцыях. Аднак пад нямецкім шынялём білася сэрца чалавека, які толькі чакаў зручнага моманту, каб перайсці на бок партызан. І такі выпадак надарыўся: хлопец стаў байцом атрада імя Шчорса.

Вясёлага і мужнага француза, які ніколі не хаваўся за спіны іншых, любіў спяваць савецкія песні (любімая — «Тры танкісты») і марыў пасля вайны вырошчваць буракі, хутка палюбілі партызаны. Але да светлага дня Перамогі ён не дажыў: 10 кастрычніка 1943-га нёс патрульную службу каля вёскі Марысіна, заўважыў на дарозе калону немцаў, адправіў таварыша ў штаб з данясеннем, а сам распачаў бой…

Імя адважнага партызана Рамана Дзюбаста значыцца на помніку ў скверы райцэнтра.

...Камандзірам партызанскай роты стаў былы чырвонаармеец Дзмітрый Барысавіч Шрэйн. На чале з ім для ўстанаўлення сувязі з ЦК КПБ і Беларускім штабам партызанскага руху ў Маскве адважныя партызаны перайшлі лінію фронту, абмінаючы варожыя гарнізоны, адолелі шлях у 600 кіламетраў.

Начальніку штаба Дзмітрый Барысавіч давёў тады інфармацыю аб дзеяннях партызан у Асіповіцкім раёне, пасля чаго тая ж група адважных — ужо з радысткай і радыёстанцыяй, з інструктарамі-падрыўнікамі — накіравалася назад у атрад.

Баявы шлях Дз. Б. Шрэйна адзначаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені. У мірны час персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння працаваў у леспрамгасе, начальнікам Бярэзінскага сплаўучастка.

...На авіяцыю ў пачатку вайны партызаны разлічвалі мала, аднак з вясны 1942-га становішча стала мяняцца. Народныя мсціўцы Бярэзінска-Клічаўскай зоны прымалі грузы на аэрадроме каля вёскі Галынка, а дастаўлялі іх авіятары пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза гвардыі палкоўніка Валянціны Грызадубавай. «Што тут рабілася!» — пісаў пра пасадку першага самалёта былы партызан Мікалай Ратушнаў. Абдымкі, пацалункі, радасныя воклічы!.. У кожнага было жаданне не толькі бліжэй убачыць, але і дакрануцца да лётчыкаў, да самалёта, упэўніцца, што гэта не сон, а самая сапраўдная ява.

М. І. Жукоўскі

У ноч на 17 сакавіка 1943 года з тога ж аэрадрома Галынка экіпажам Сцяпана Запылёнава быў вывезены адмысловы стол, які ў вёсцы Нядашкава (непадалёк ад Магілёва) змайстраваў столяр-чырванадрэўшчык Якаў Арлоў. Яго мазаічныя самабытныя вырабы з розных парод дрэва адзначаліся ўзнагародамі на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы, на Усесаюзнай сельскагаспадарчай у Маскве... Да 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў падарунак Сталіну майстар вырашыў зрабіць двухтумбавы пісьмовы стол з адпаведным дароўным надпісам.

Вайна прыпыніла работу ўмельца, аднак фашысты нейкім чынам дазналіся пра схаваны ў хляве падарунак і вырашылі адправіць яго Гітлеру — загадалі былы надпіс змяніць на новы «Вялікаму фюрэру Гітлеру ад беларускага народа ў знак удзячнасці за вызваленне».

Фотаздымкі гэтага падарунка былі змешчаны ў нямецкіх газетах, з Берліна да Арлова прыязджалі нямецкія чыноўнікі, захапляліся. Акрамя стала запатрабавалі, каб Арлоў зрабіў для Гітлера і адмысловае крэсла.

Падарунак хацелі даставіць у Германію да дня нараджэння фюрэра, таму ўмельца, можна сказаць, не выпускалі з хаты... Але ж сакрэты ў вёсцы не жывуць. Патрыёты ўстанавілі сувязь з партызанскім атрадам. Дачакаўшыся ночы, народныя мсціўцы ўзвода разведкі Івана Пархаўчэнкі ў цемрані падышлі да хаты Арлова, знялі вартавога, стол разабралі, паклалі на санкі і разам з майстрам, які папрасіўся ў партызанскі атрад, выехалі з вёскі.

Фашысты былі раз’юшаны: каб вярнуць абяцаны падарунак Гітлеру, яны задзейнічалі сваю авіяразведку, прачэсвалі ўсе навакольныя лясы. Аднак пошукі аказаліся марнымі.

Пасля вайны замест дароўных надпісаў майстар зрабіў на стальніцы прыгожы арнамент і незадоўга да смерці перадаў свой шматпакутны твор у Магілёўскі абласны краязнаўчы музей.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ

г. Беразіно

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.