Вы тут

Чым жыве прыгранічны Воранаўскі раён


Для чалавека неабходна стварыць годныя ўмовы працы і сапраўдны дабрабыт у жыцці, лічыць старшыня Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Захарчук. Тады ён не стане шукаць шчасце ў далечыні ад роднай зямлі. Будзе добрасумленна працаваць на ёй і будзе яе сапраўдным патрыётам.


— Дзмітрый Іванавіч, Воранаўскі раён прыгранічны. На яго тэрыторыі жывуць людзі розных нацыянальнасцяў. Як складваюцца адносіны паміж імі, як паўплывалі на гэта апошнія падзеі ў Еўрасаюзе?

— Воранаўскі раён у гэтым сэнсе, можна сказаць, унікальны. Больш за 80% яго насельніцтва складаюць палякі, 15% — беларусы, 3% — рускія, 1,5% — літоўцы і столькі ж — прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Што датычыцца веравызнання, то пераважае, безумоўна, каталіцкае. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 13 касцёлаў, у тым ліку з двухсотгадовай гісторыяй. У адным з іх гучыць дзеючы арган, ёсць магчымасць ажывіць арганы ў некаторых іншых каталіцкіх храмах. Праваслаўных цэркваў у раёне налічваецца тры.

Хачу адзначыць, што канфесіі жывуць дружна, нават царкоўныя святы прыхаджане адзначаюць разам. Ды і мы — прадстаўнікі органаў улады — знаходзім са святарамі поўнае паразуменне.

Не будзем забываць, што ў Воранаўскага раёна самая вялікая працягласць граніцы з Літвой. І нацыянальныя, і культурныя асаблівасці тут, што называецца, «змазваюцца». У свой час, калі існаваў Савецкі Саюз, некаторыя жыхары Воранаўскага раёна ездзілі на работу ў Вільнюс, тут усяго каля 50 кіламетраў. Літоўцы таксама часта наведваліся да нас. Гэта па-першае.

Па-другое, роднасныя сувязі. Некаторыя воранаўцы асядалі ў Літве ў савецкі час, а іх родныя засталіся на тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым хачу прывесці цікавы прыклад. 

У час ковідных абмежаванняў я звяртаў увагу на стан некаторых вясковых хат і прысядзібных участкаў. Не выконваўся дробны рамонт, не выкошвалася трава, не было догляду магіл. Проста дзеці пажылых грамадзян, якія жылі і працавалі ў Літве, не маглі наведаць сваіх бацькоў і дапамагчы ім па гаспадарцы. Да нас у райвыканкам звярталіся жыхары Літвы з пытаннем, ці можна ў камунальнай службе замовіць паслугу, каб навесці ў сваякоў парадак. Раённае прадпрыемства ЖКГ такія паслугі за адпаведную плату выконвала.

Калі граніцу адкрылі, усе падобныя праблемы вырашыліся, і жыхары Літвы змаглі наведваць беларускіх сваякоў. Увядзенне бязвізу — вельмі своечасовы і правільны крок з боку ўлад нашай краіны. Бо суседзей, як казаў кіраўнік дзяржавы, не выбіраюць, яны нам дадзены Богам. З імі неабходна сябраваць. І літоўцы пасля таго да нас зноў паехалі.

Няхай адрозніваецца ідэалогія, некаторыя нацыянальныя каштоўнасці, але сувязі паміж людзьмі застаюцца, і на гэта немагчыма паўплываць. Нават літоўская моладзь, з якой актыўна працуе заходняя прапаганда, убачыўшы нашу сучасную беларускую рэальнасць, ад здзіўлення «адкрывае рот». Чысціня, утульнасць, спакой, актыўнае будаўніцтва, багацце на прылаўках, ветлівасць беларусаў не могуць іх не здзіўляць. Дома ім малявалі зусім іншую карціну.

Дарэчы, для замежных гасцей Воранаўскага раёна мы сумесна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы распрацавалі некалькі арыгінальных турыстычных маршрутаў па воранаўскай зямлі: аграсядзібы, касцёлы. Адкрылі ў Воранаве інфармацыйна-турыстычны цэнтр. Сумесна з Лідскім раёнам распрацоўваем праграму так званага прамысловага турызму. Планы ёсць, у недалёкай будучыні іх неабходна ажыццявіць.

— Адной з галоўных задач органоў мясцовай улады з’яўляецца павышэнне якасці жыцця людзей. А гэта немагчыма зрабіць без развіцця сацыяльнай інфраструктуры. Як у Воранаўскім раёне ідзе работа ў дадзеным кірунку?

— Адной з галоўных праблем, з якой давялося сутыкнуцца калі я ўзначаліў Воранаўскі райвыканкам, была праблема кадраў. Многія з маладых спецыялістаў, адпрацаваўшы пэўны тэрмін, пакідалі раён. Нават выпускнікі школ пасля заканчэння вучобы імкнуліся асесці ў буйных гарадах — Мінску і Гродне.

Праблему пачалі вырашаць з жылля. Пачынаючы з мінулага года сталі выдзяляць для маладых спецыялістаў арэнднае жыллё. Цалкам добраўпарадкаваныя кватэры — толькі мэблю сваю занось. У мінулым годзе выдзелілі шэсць падобных кватэр для бюджэтнікаў. Прычым улічваўся склад сям’і. Адзін чалавек — аднапакаёвая, сямейная пара — двухпакаёвая, калі ёсць дзеці — трохпакаёвая.

Летась пачалі будаваць 40-кватэрны дом, дзе бюджэтнікам будзе выдзелена ўжо 29 кватэр. Такім чынам, аб’ём арэнднага жылля мы павялічылі ў чатыры разы. І гэта дало станоўчы вынік — напрыклад, па медыцыне мы замацавалі 100% маладых спецыялістаў.

Для таго каб кадры заставаліся на месцы, мы пачалі шчыльна працаваць з мэтавымі дагаворамі. Напрыклад, захацеў малады чалавек вывучыцца на ветэрынарнага ўрача, паступіў у акадэмію — гаспадарка выплачвае яму стыпендыю ў памеры 20 базавых велічынь. Згадзіцеся, добры стымул! 

І ён ведае, што на радзіме яго чакаюць. 

А яшчэ малады чалавек павінен ведаць, што пасля заканчэння вучобы ў ВНУ ў вёсцы яго чакаюць добраўпарадкаваны дом, сур’ёзны заробак, а хутка з’явіцца і аўтамабіль.

Рабоце з маладымі спецыялістамі мы ўдзяляем вялікую ўвагу. Кожны год адбываецца мая з імі сустрэча, дзе абмяркоўваюцца праблемныя пытанні. Для іх арганізоўваюцца культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, экскурсіі ў працоўных калектывах, прычым не толькі па Беларусі, але і ў Расійскую Федэрацыю, практыкуем туры выхаднога дня ў санаторыі.

Ідзе работа і ў галіне аховы здароўя. У мінулым годзе ў райцэнтры было адкрыта новае стаматалагічнае аддзяленне. Выдзелены сродкі на рэканструкцыю галоўнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы, ідзе абнаўленне спецыяльнага транспарту і абсталявання, зусім нядаўна закуплены новы мабільны ФАП. Бо Воранаўскі раён — гэта 337 населеных пунктаў, 1640 хутароў, 900 кіламетраў толькі мясцовых дарог і 104 кіламетры рэспубліканскіх.

Ёсць змены і ў галіне адукацыі. Напрыклад, у мінулым годзе быў заключаны дагавор з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, які прадугледжвае павышэнне прафесійнага майстэрства сярод настаўнікаў школ, што забяспечваюць выкладчыкі ўніверсітэта.

Сярод вучняў пашыраецца алімпіядны рух. Літаральна на працягу года мы павялічылі колькасць пераможцаў і прызіёраў школьных алімпіяд. Ёсць дасягненні сярод вучняў у ІТ-сферы. Нашы дзеці рэгулярна наведваюць ІТ-лабораторыю пры ўніверсітэце і Парк высокіх тэхналогій у Мінску. Далучаем дзяцей да навукова-даследчай і культурна-выхаваўчай дзейнасці. Як вынік гэтых намаганняў — 25% выпускнікоў воранаўскіх школ сталі студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ствараем у Воранаве клас кітайскай мовы.

Вялікая ўвага ў раёне — спартыўнаму руху. Наш гонар — прызёры Алімпійскіх гульняў — ураджэнцы Воранаўскага раёна. У 2021 годзе быў рэалізаваны сумесны праект з РУП «Белмытсэрвіс» па стварэнні залы цяжкай атлетыкі. Працуюць дзве залы па ўсходніх адзінаборствах, стварылі шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку для камандных відаў спорту. Цяпер прыступаем да стварэння ў раёне сучаснага фітнес-цэнтра. Ёсць умовы для заняткаў тэнісам. Не хапае магчымасцяў толькі для водных відаў спорту. Астатнія — калі ласка!

Паступова ў раёне развіваваюцца сферы гандлю і паслуг, што дае магчымасць ствараць новыя рабочыя месцы.

Што датычыцца росту заработнай платы, то ён летась быў на ўзроўні больш за 130%.

Годная зарплата, добрыя ўмовы жыцця, якасная вулічна-дарожная сетка — усё гэта складнікі таго, што чалавек не пакіне свой родны кут і застанецца тут назаўсёды.

— Аснова эканомікі Воранаўскага раёна — сельская гаспадарка. З якімі вынікамі, на ваш погляд, падыдуць працаўнікі на фініш уборачнай кампаніі?

— Адразу хачу адзначыць, што ў нас у раёне ёсць і свая прамысловасць. 

Я маю на ўвазе мясцовую «Сельгастэхніку». Гэта, можна сказаць, невялічкі завод, на якім працуе прыкладна 100 чалавек. Там вырабляюцца прычэпы і паўпрычэпы, гноераскідальнікі, адаптары, каляскі.

У параўнанні з мінулым годам, калі ўраджайнасць збожжавых культур у нас склала 50,5 ц/га, сёлета вынік будзе больш сціплы. Адбіліся ўмовы надвор’я. Пацярпеў яравы ячмень. Разлічваем на 44 ц/га. Але сёлета мы чакаем гістарычны для раёна рэкорд па ўраджайнасці рапсу. Яна складае 43 ц/га, а ў мінулым годзе было 38,6 ц/га.

Падрыхтоўка да ўборачнай была праведзена своечасова і ў неабходных аб’ёмах: падрыхтавалі тэхніку, укамплектавалі экіпажы, стварылі запас паліва. Для сельскагаспадарчых арганізацый прадугледзелі так званыя фінансавыя «падушкі». Ну, а галоўнае — надалі людзям сапраўдны баявы настрой, з якім яны паспяхова працавалі ўвесь час кампаніі.

Два гады запар мы першыя заканчвалі ўборку ў Гродзенскай вобласці, дапамагалі суседзям. Скажу шчыра, у нас, у Воранаўскім раёне, не прынята весці «бітву за ўраджай». У нас ідзе планавая камандная работа. Добрая падрыхтоўка складае 70% поспеху.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.