Вы тут

Пра вынікі саміту БРІКС і ўдзел у ім Беларусі


Пасля саміту БРІКС, які днямі прайшоў у ПАР, многія аналітыкі ў розных кутках свету сыходзяцца на тым, што гэты самы свет ужо не будзе ранейшым. Арганізацыя набірае моц, яна можа ў бліжэйшыя гады стаць самай уплывовай на планеце, дыктаваць не толькі эканамічны, але і палітычны парадак дня.. 


Для гэтага ёсць усе перадумовы БРІКС (BRICS — скарачэнне ад Brazil, Russia, India, China, South Africa) — гэта нефармальнае міждзяржаўнае аб’яднанне Бразіліі, Расіі, Індыі, Кітая і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. На долю краін, якія ўваходзяць у арганізацыю, прыпадае 26 працэнтаў тэрыторыі Зямлі, 42 працэнты насельніцтва планеты і 31,5 працэнта сусветнага ВУП. Гэта перасягае паказчыкі краін «Вялікай сямёркі», ВУП якіх складае 30,7 працэнта ад сусветнага і на якіх прыпадае каля 20 працэнтаў глабальнага гандлю і 25 працэнтаў прамых інвестыцый.

Ужо з 1 студзеня 2024 года да аб’яднання далучаюцца такія буйныя дзяржавы як Аргенціна, Егіпет, Іран, ААЭ, Саудаўская Аравія, Эфіопія. І гэта не мяжа — н саміце было недвухсэнсоўна заяўлена, што арганізацыя будзе пашырацца і надалей, адпаведна, пашырацца і сферы яе ўплыву.

Беларусь не застаецца ўбаку ад сусветных інтэграцыйных працэсаў, заснаваных на прынцыпах роўнасці і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка ў маі 2023 года афіцыйна выказаў намер краіны далучыцца да фармату БРІКС. А непасрэдна ў мерапрыемствах 15-га саміту БРІКС у ПАР прыняў удзел міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік. Ён правёў шэраг двухбаковых сустрэч, а таксама выступіў перад удзельнікамі саміту, агучыўшы пазіцыю і прапановы Беларусі. 

Адна з ключавых тэм — харчовая бяспека

На палях мерапрыемства кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства правёў двухбаковыя перагаворы з кіраўніком Эрытрэі, калегамі з Экватарыяльнай Гвінеі, Анголы, Саудаўскай Аравіі, ААЭ.

«Сустрэчы былі прысвечаны абмеркаванню прадметных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, тэме паставак беларускай прадукцыі на рынкі гэтых краін, сумесным кааперацыйным праектам, узгадненню графікаў маючых адбыцца кантактаў і візітаў на розных узроўнях, развіццю двухбаковай дагаворна-прававой базы», — расказалі БелТА ў прэс-службе МЗС.

Адной з ключавых тэм стала харчовая бяспека, якая непакоіць пераважную большасць краін свету. Гэта праблема асабліва востра стаіць для афрыканскага кантынента. «У сувязі з гэтым падрабязна абмяркоўваліся магчымасці па аказанні садзейнічання рэгіёну з боку Беларусі, у тым ліку пастаўкамі сельскагаспадарчай тэхнікі, абсталявання і падрыхтоўкай спецыялістаў, — адзначылі ў ведамстве. — З краінамі Заліва была дадаткова закранута тэматыка паставак беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі „Халяль“ і магчымасцей сумеснай работы з афрыканскімі дзяржавамі. Дасягнуты шэраг канкрэтных дамоўленасцей, рэалізацыя якіх пачнецца ўжо ў бліжэйшы час».

Краіны выступаюць за разнастайнасць шляхоў развіцця

У час абмеркавання сітуацыі ў свеце і ўзаемадзеяння на шматбаковых пляцоўках было канстатавана супадзенне падыходаў па ключавых бягучых праблемах. Бакі выступілі за разнастайнасць шляхоў развіцця, шматпалярнасць, недапушчальнасць націску і ўкаранення чужых каштоўнасцей у міжнародных адносінах. Была канстатавана безальтэрнатыўнасць дыпламатычнага шляху ўрэгулявання ўкраінскага крызісу.

У час саміту Сяргей Алейнік правёў кароткія размовы з прэзідэнтамі Бразіліі і Ірана, а таксама сустрэчы з прэм’ер-міністрам Бангладэш, міністрам замежных спраў Кітая, кіраўніком іранскай дыпламатыі, кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Індыі і Расіі, калегамі з Кубы, Кеніі, Алжыра, Туніса, Тога і кіраўнікамі шэрага іншых дэлегацый.

Не прымнажаць раздзяляльныя лініі, а прызнаць салідарную адказнасць

У час выступлення на пленарным пасяджэнні «БРІКС аўтрыч» Сяргей Алейнік падкрэсліў, што сёння першарадная роля павінна належаць структурам, якія не прымнажаюць раздзяляльныя лініі, а прызнаюць салідарную адказнасць за цяперашні час і агульную будучыню чалавецтва. «Як ніколі запатрабаваны аб’яднанні, удзельнікі якіх не процістаяць адзін аднаму, а разам шукаюць шляхі руху наперад. Дыскрымінацыя і неакаланіяльныя падыходы застануцца ў мінулым», — заявіў міністр.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што Беларусі ёсць што прапанаваць арганізацыі. Краіна гатова ў тым ліку ўносіць уклад у падтрыманне міжнароднай харчовай бяспекі.

Беларусь таксама падтрымлівае імкненне БРІКС да пашырэння ўзаемадзеяння ў галіне лагістыкі і трансгранічнай электроннай камерцыі. Сяргей Алейнік выказаў жаданне беларускага боку далучыцца да намаганняў БРІКС па павелічэнні ўзаемных разлікаў у нацыянальных валютах і стварэнні агульных плацежных інструментаў.

Міністр таксама пацвердзіў гатоўнасць зборнай Беларусі ў выпадку запрашэння прыняць удзел у спартыўных Гульнях краін БРІКС у 2024 годзе.


Меркаванне 

«Гэта аб’яднанне задае новую ідэалогію сучаснай архітэктуры міжнароднага кіравання»

Фота: БелТА

Наталля Качанава, старшыня Савета Рэспублікі:

— Непадробленая цікавасць шматлікіх краін да БРІКС з’яўляецца сведчаннем не толькі ўзаемнай павагі і даверу партнёраў, якія збіраюцца пад яго крылом, але і высокай значнасці палітычных пляцовак з ужо напрацаванымі практыкамі ўзаемадзеяння. На фоне фактычнага правалу шэрага міжнародных структур ва ўмовах нарастаючага крызісу чалавецтва аўтарытэт і роля гэтага аб’яднання будуць толькі ўзрастаць. У цяперашніх умовах БРІКС прэтэндуе стаць адным з ключавых цэнтраў генерацыі стратэгічнага рэгіянальнага і глабальнага парадку дня.

Безумоўнай перавагай БРІКС з’яўляецца яго нацэленасць на неканфліктнае пашырэнне альтэрнатыўных пазіцый, шырокі цывілізаваны дыялог і дасягненне ўсеагульнага дабрабыту замест дамінавання, стрымлівання, выключэння. Гэта аб’яднанне задае новую ідэалогію сучаснай архітэктуры міжнароднага кіравання. Пад яе непасрэдным уплывам фарміруецца асаблівы тып светапогляду з уласцівай яму сістэмай каштоўнасцей, што адпавядаюць сучасным запатрабаванням асноўнай часткі сусветнай супольнасці — салідарнае супрацоўніцтва ў імя будучага. Справядлівасць, адказнасць, раўнапраўе і партнёрская падтрымка, улік інтарэсаў адзін аднаго, выкананне прынцыпаў міжнароднага права, уключаючы суверэннае права кожнага народа на ўласную мадэль развіцця, нацэленасць на мір і стварэнне — галоўныя пастулаты дзейнасці БРІКС. Усё гэта складае альтэрнатыву таму светапарадку, які яшчэ спрабуюць навязваць ЗША і так званы калектыўны Захад, які ідзе на іх повадзе. Пры гэтым БРІКС не пазіцыянуе сябе антаганістам ні для каго, а дзейнічае выключна дзеля і на карысць, вырашаючы надзённыя міжнародныя праблемы. Гэта і абумоўлівае непазбежнасць маштабавання і ўніверсалізацыі падыходаў гэтага аб’яднання.

Відавочна, што паспяховасць БРІКС заключаецца не ў колькасным пашырэнні, а ў рашучасці яго ўдзельнікаў да паслядоўнай рэалізацыі намечаных планаў. Цяперашні саміт выпрацоўвае шляхі далейшага міжнароднага ўзаемадзеяння ў сучасных рэаліях з улікам аб’ектыўнай ацэнкі неабарачальных глабальных змяненняў. Тым самым прадвызначаецца расклад сіл на геапалітычнай карце свету на сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву, што садзейнічае збалансаванаму развіццю суверэнных краін і забеспячэнню міжнароднай бяспекі. Удзел Рэспублікі Беларусь у саміце БРІКС чарговы раз пацвярджае запатрабаванасць беларускай дыпламатыі, уласцівай нашай краіне заўсёды ўзважанай глыбокай экспертызы прымаемых рашэнняў і вылучаемых нязменна міралюбных ініцыятыў. У той жа час парадак дня саміту і аб’яднання ў цэлым цалкам адпавядае нашым мэтам і нацыянальным інтарэсам — паскарэнне росту і ўстойлівае развіццё. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што Беларусь сэрцам, духам і сваімі намерамі заадно з усё больш мацнеючым саюзам аднадумцаў, якім і з’яўляецца БРІКС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.