Вы тут

Хакеісты паспрабавалі сябе ў баскетболе, міні-футболе і эстафетным плаванні


У канцы жніўня Лядовы палац Маладзечна прымаў гасцей. Хакеісты ва ўзросце да 12 гадоў паспрабавалі свае сілы ў чатырох дысцыплінах: хакеі, баскетболе, міні-футболе і эстафетным плаванні. Турнір па мнагаборстве сярод дзіцячых хакейных камандаў прайшоў ужо чацвёрты год запар. Гэтым разам у ім выступалі выхаванцы мінскага «Дынама-Джуніверс», салігорскага «Шахцёра», ДЮСШ хакейнага клуба «Гомель», аршанскага «Лакаматыва», ДЮСШ хакейнага клуба «Бабруйск» і маладзечанскага «Дынама». Пераможца вызначаўся па найменшай суме занятых месцаў у спаборніцтвах у кожным з чатырох відаў спорту. Першае месца ў выніку занялі гаспадары — хлопцы з «Дынама-Маладзечна».


«Галоўная мэта — гадаваць гарманічна развітых хакеістаў, — распавёў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч. — Такія мультыспартыўныя турніры дазваляюць дзецям праявіць сябе не толькі ў хакеі, дзе ўсё ўжо знаёмае, але і ў іншых відах спорту. Прыемна, што гэты сусветны вопыт пераймаюць у нашых рэгіёнах і сёння мы з вамі адкрываем такі класны турнір у Маладзечне. Жадаю ўсім камандам поспеху і, вядома ж, абысціся без траўмаў, бо старт сезона ўжо зусім хутка!»

У першы дзень спаборніцтваў на лядовай арэне сустрэліся каманды «Дынама-Джуніверс» і маладзечанскага «Дынама». У выніку жорсткай барацьбы з лікам 3:2 перамога засталася за гаспадарамі арэны.

«Дзецям падабаецца, бо тут прадстаўленыя даволі цікавыя гульнявыя віды спорту, — адзначыў трэнер каманды «Дынама-Маладзечна» 2011 года Аляксандр Грэковіч. — Гэта, вядома, і хакей, і футбол, і баскетбол, і плаванне. Уся наша каманда атрымлівае задавальненне. Важна, што ёсць магчымасць пазаймацца на стадыёне і на плоскасных збудаваннях. Гульнявыя віды спорту самі па сабе дзецям лёгка даюцца. Бываюць і дастойныя пройгрышы, але перамагаць заўсёды прыемна. Гуляць у хатнім турніры добра, бо тут адчуваецца падтрымка трыбун і гледачоў».

Гулец каманды «Дынама-Маладзечна» 2011 года Сцяпан Шаранговічпадзяліўся ўражаннямі ад перамогі: «Каманда не патрабуе ад мяне вялікай колькасці галоў. Я сам ад сабе патрабую — павінен забіваць, і амаль на ўсіх гульнях раблю гэта. Цяжкіх матчаў не бывае, ёсць толькі матчы, у якіх мы павінны перамагаць і выйграваць. У мяне было дзве шайбы, я проста абыграў саперніка і спакойна забіў, нават не напружваючыся». Па словах спартсмена, ён ужо не першы раз удзельнічае ў турніры. «Добра гуляць пры сваіх балельшчыках і групе падтрымкі. Нам становіцца лягчэй перамагаць. І турнір сам па сабе атрымаўся вельмі добры. У іншых відах спорту спаборнічаць сапраўды гэтак жа, як і ў хакеі. Важна нідзе не прайграваць, а толькі перамагаць. Мне падабаюцца ўсе віды спорту, але з пералічаных — самы любімы ўсё ж такі хакей».

«З задавальненнем трэнірую ўсіх, але цяпер адказваю за набор 2017 года, — расказаў трэнер каманды «Дынама-Джуніверс» Яўген Лявонаў. — Гэтым разам мы прыехалі другім саставам «Дынама» 2012 года на турнір. Я часта выходжу дапамагаць з гэтымі хлопцамі галоўнаму трэнеру, добра ведаю ўсіх. Задача ў нас заўсёды адна — выходзіць і перамагаць». На думку трэнера, няпрофільныя віды спорту — гэта ўсё адна і тая ж гульня. У футболе і баскетболе ўсё пераносіцца з лядовай пляцоўкі на футбольную і баскетбольную.

«Дзеці павінны гуляць ва ўсе, гэта значыць калі ты гуляеш у футбол ці баскетбол, то і ў хакей згуляеш. Важнае разуменне самой гульні: дзе адкрыцца, дзе закрыцца, а дзе змяніцца. Усе нашы хлопцы ведаюць, што трэба рабіць. У сваю чаргу, лішні раз толькі карэкцірую і накіроўваю іх».

«Рыхтаваліся да турніру, настрой у камандзе быў добры, але, на жаль, сёння прайгралі, — рэзюмаваў гулец каманды «Дынама-Джуніверс» Леў Гаўрыловіч. — Таксама спаборнічалі з «Дынама-Маладзечна» ў футболе, але прайгралі з лікам 3:1. Паспелі яшчэ згуляць у футбол супраць салігорскага «Шахцёра».

У апошні дзень спаборніцтваў па выніках плавальнай эстафеты вызначылася выніковае размяшчэнне камандаў у мнагаборстве. Перамаглі гаспадары спаборніцтваў — юныя хакеісты «Дынама-Маладзечна». У тройку прызёраў увайшлі таксама хлопцы з Гомеля і мінскага «Дынама-Джуніверс».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.