Вы тут

У сядзібе Коласа вучылі адпачываць так, як тое рабілі нашы продкі


Абэрак, мазурка, вальс, полька, падыспань, кракавяк… Гэтыя і іншыя танцы развучылі наведвальнікі сталічнага музея Якуба Коласа ў апошні дзень лета. А дапамагала нам капэла славутага беларускага музыканта і мастака Алеся Лася «ТрыА». Таму цяпер кожны, хто далучыўся да гэтага незабыўнага майстар-класа, можа з гонарам казаць: «Мяне вучыў танцаваць сам Алесь Лось».


Пачаўся незвычайны ўрок са старажытнага танца «Крывы танок».

— Называецца ён так, бо гэты карагод водзяць крывымі, зігзападобнымі лініямі, — умудраецца распавядаць падчас танца ўдзельніца капэлы «ТрыА» Алеся Сівохіна. — Нашы продкі звычайна танцавалі яго, калі нешта рабілася ўпершыню. Дык вось і мы з вамі сёння ўпершыню сабраліся такой кампаніяй, разам праводзім лета і сустракаем восень. Кожны элемент танца мае глыбокае значэнне. Напрыклад, «качан» — сімвал плоднасці, дабрабыту, «кола» — сімвал сонца, еднасці людзей, «вужака» значыць мудрасць. У даўнія часы людзі шанавалі вужа, бо ён быў ахоўнікам гаспадаркі, амаль у кожнай вясковай хаце трымалі яго пад печкай, кармілі і аберагалі. Забіць яго лічылася вялікім грахом...

— Сёння наша сустрэча прысвечаная жанру смыкавай музыкі, — падкрэсліў Алесь Лось і правёў смыком па скрыпцы. — Ён сёння крыху падзабыты. Даўней жа смыкавыя капэлы гучалі па ўсёй Беларусі. Уся музыка, якую мы іграем, запісаная намі ў экспедыцыях па беларускіх вёсках. Вось цяпер, напрыклад, прапаную патанцаваць пад вальсок з Краснага Берага.

За дзве гадзіны, якія праляцелі, як адно імгненне, мы не толькі танцавалі пад традыцыйную музыку ў выкананні капэлы, але і даведаліся шмат цікавага пра гісторыю беларускіх танцаў. Ужо праз хвілін трыццаць у большасці з нас спіна была мокрая, а ногі гудзелі... Алесь Лось, заўважыўшы тое, усміхнуўся і сказаў, што раней на вяселлях адзін танец танцавалі не пяць хвілін, як мы на майстар-класе, а па пятнаццаць і больш. І не стамляліся. Прычым рабілі гэта так заўзята, што аж зямля дрыжэла. На танец, прысвечаны святу каня, мужчыны ўбівалі ў падэшву абутку кавалак чыгуну, каб аж іскры ляцелі з-пад ног, калі адбівалі такт на брукаванцы.

Таццяна, якая прыехала на майстар-клас з аграгарадка Наваселле, дзе працуе ў дзіцячым садку, распавяла гісторыю, як яна разам з сынам ездзіла ў Ракаў на танцавальную вечарыну.

— Ніколі не забудуся, як музыканты зайгралі кракавяк. Мы, маладзейшыя, ужо стаміліся даўно і адышлі ў бок, каб крыху аддыхацца. А дзве мясцовыя бабулькі працягвалі скакаць да апошняга. Такое адчуванне, што ў іх не было стомы ад слова «зусім». У нейкі момант музыка сціхла. Тады тыя бабулькі павярнуліся да сцэны — і кажуць, звяртаючыся да музыкантаў: «Ну што, здзьмуліся?!»

Самай малодшай сярод нас, танцорак, было дзесяць гадоў. Маша прыйшла на майстар-клас разам з мамай.

— Я вельмі люблю народныя танцы, — распавяла ў перапынку Настасся. — Пра гэты майстар-клас дазналася дзякуючы сябрам, якія, ведаючы, што я стараюся не прапускаць падобныя мерапрыемствы, скінулі абвестку. Дачку ўзяла з сабой упершыню. Маша раней займалася танцамі, праўда, сучаснымі. Тым не менш вы ж бачылі, народныя рухі хапае на ляту. Я буду шчаслівая, калі дачка таксама захопіцца беларускімі танцамі.

Было на майстар-класе і некалькі жанчын сталага веку. І ведаеце — іх энергіі і актыўнасці можна толькі па-добраму пазайздросціць. Людміла і Ала — сяброўкі, абедзве ўжо на пенсіі. Кажуць, раней рэгулярна, раз на тыдзень, хадзілі на танцы ў «Жар-птушку» ў парк Горкага.

— Там дзядзька ў саламяным капелюшы вучыў усіх ахвотных (а нас было нямала) беларускім танцам. Гэта быў цудоўны час. Калі выпадкова ў «Інстаграме» ўбачыла аб'яву, што ў музеі ладзіцца майстар-клас па беларускіх танцах, адразу ж патэлефанавала сяброўцы і не раздумваючы, вырашылі пайсці. Было б цудоўна, калі б хоць бы раз ці два на месяц тут або ў іншым месцы ладзіліся падобныя майстар-класы. Мы з задавальненнем хадзілі б. Праўда, Алачка?

— Анягож! Беларускія танцы, бы лекі. Патанцуеш гадзінку-другую і настрой узнімаецца, такое адчуванне, што памаладзела на гадоў дваццаць.

Як паведаміла вядучы навуковы супрацоўнік навукова-асветнага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Алена Жасткова, ідэя праекта «Танцы на палянцы» нарадзілася пасля апошняй «Ночы музеяў».

— У той вечар на сядзібе Якуба Коласа адбыўся майстар-клас па традыцыйных беларускіх танцах, яго праводзіла таксама капэла Алеся Лася. Дык вось, мы заўважылі, што шмат людзей прыйшло ў музей, менавіта каб патанцаваць. І падумалі, чаму б не ладзіць падобныя мерапрыемствы часцей. Тым больш у нас для гэтага ёсць усе ўмовы — каля сядзібы Якуба Коласа шмат месца для танцаў. Ужо ў ліпені на «Танцы на палянцы» запрасілі фальклорны ансамбль «Млынок» з купальскай праграмай. Наведвальнікам спадабалася, яны папрасілі запрасіць яшчэ раз Алеся Лася. Цяпер хочацца інтэрактыву, цікава не проста прыйсці, не толькі паслухаць выдатных музыкантаў, але і патанцаваць з імі, далучыцца да нейкай дзеі, чамусьці навучыцца. Плануем і ў далейшым праводзіць падобныя майстар-класы, запрашаць іншыя народныя гурты.
А яшчэ мне здаецца, што цікава было б зладзіць майстар-клас па народных аўтэнтычных спевах. Гэта, хутчэй за ўсё, арганізуем узімку, калі ўжо палянка для танцаў каля Коласавай сядзібы будзе пад снегам.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.