Вы тут

Аганесян: Малады даследчык павінен быць свабодным і смелым


Юрый Аганесян — легенда ядзернай фізікі. Яго імем названы апошні з адкрытых элементаў табліцы Мендзялеева — інертны газ аганесон пад нумарам 118. Гэта сёння самы цяжкі хімічны элемент, створаны чалавекам, адкрыццё якога пацверджана.

Пры жыцці такога гонару былі ўдастоены ўсяго два чалавекі: акрамя Юрыя, гэта быў амерыканскі фізік Глен Сібарг, які даў сваё імя элементу пад нумарам 106 у 1997 годзе. Аганесян адкрыў новы клас ядзерных рэакцый — халоднае зліццё масіўных ядраў, якое ўжываюць для сінтэзу новых элементаў навукоўцы ўсяго свету.


Акадэмік РАН, доктар фізіка-матэматычных навук, Юрый Аганесян — навуковы кіраўнік сусветна вядомай Лабараторыяй ядзерных рэакцый імя Г. М. Флёрава Аб'яднанага інстытута ядзерных даследаванняў у Дубне. Ён прымаў удзел у работах па сінтэзе 104, 105 і 106 элементаў табліцы Мендзялеева і кіраваў адкрыццём хімічных элементаў ад 113 да 118 уключна. Заснаваў новы навуковы кірунак — фізіку цяжкіх іонаў сумесна з акадэмікам Георгіем Флёравым.

Фабрыка звышцяжкіх элементаў, створаная па ініцыятыве навуковага кіраўніка Лабараторыі ядзерных рэакцый акадэміка Юрыя Аганесяна, утрымлівае сусветнае лідарства ў галіне сінтэзу і вывучэння ўласцівасцяў звышцяжкіх элементаў. За час дзейнасці «фабрыкі» ў Лабараторыі ядзерных рэакцый у 2020—2022 гадах упершыню ў свеце былі атрыманы пяць новых ізатопаў звышцяжкіх элементаў. Перадавы даследчы комплекс, якім кіруе акадэмік Юрый Аганесян, задае новыя стандарты ў галіне сінтэзу і вывучэння ўласцівасцяў звышцяжкіх элементаў.

У Юрыя Аганесяна — мноства навуковых рэгалій і званняў. Сёлета славутаму фізіку споўнілася 90 гадоў. У дзень юбілею стала вядома, што акадэмік заснаваў штогадовую прэмію «Аганесон» для маладых навукоўцаў. Яна накіравана на заахвочванне маладых вучоных і спецыялістаў, якія дасягнулі поспехаў у тэарэтычных і эксперыментальных даследаваннях у галіне фізікі, хіміі, біялогіі і прыкладных задач. Акрамя гэтага, прэміяй будуць адзначацца навуковыя журналісты і папулярызатары навукі.

Юрый Аганесян часта выступае перад маладзёжнай аўдыторыяй. А ў Дзень ведаў яго слухачамі сталі студэнты і супрацоўнікі навуковых устаноў БДУ. Знакаміты навуковец падрыхтаваў для іх экскурс у гісторыю ядзернай фізікі, яго выступленне было прысвечана новым элементам табліцы Мендзялеева. Ён нагадаў, што навука аб атаме ўзнікла яшчэ ў антычную эпоху. За 400 гадоў да нашай эры грэчаскі філосаф Дэмакрыт выказаў здагадку, што ўсё ў навакольным свеце складаецца з драбнюткіх непадзельных часціц — атамаў, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. І больш за дзве тысячы гадоў гэты погляд на ўладкаванне навакольнага свету заставаўся нязменным.

У пачатку XІХ стагоддзя Джон Дальтан агучыў тэорыю, паводле якой атамы служаць будаўнічымі цаглінкамі для малекул, з якіх і складаецца ўсё ў свеце. Ён увёў паняцце «атамная вага», стварыў для яго метад разліку і склаў першую ў свеце табліцу суадносін атамных мас для 36 вядомых на той час хімічных элементаў.

А ў 1869 годзе Дзмітрый Мендзялееў склаў перыядычную табліцу з 63 вядомых у яго час хімічных элементаў. Ён выявіў, што іх уласцівасці залежаць ад іх атамнай вагі і паслядоўна мяняюцца праз кожныя восем нумароў.

Па меры развіцця навукі змянялася ўяўленне аб граніцах і формах матэрыялаў. З'явілася гіпотэза аб магчымым існаванні звышцяжкіх элементаў. Сінтэзаваць звышцяжкія хімічныя элементы навукоўцы пачалі яшчэ ў 40-я гады мінулага стагоддзя. Першымі элементамі сталі нептуній і плутоній, якім прысвоілі нумары 93 і 94 у табліцы Мендзялеева. З таго часу яна пашырылася. Звышцяжкія элементы створаны штучна, у прыродзе іх не існуе. Для вопыту бяруць два атамы з агульным лікам пратонаў, эквівалентным колькасці пратонаў у ядры будучага новага элемента, і на высокай хуткасці сутыкаюць іх у паскаральніку. Пры пападанні аднаго ядра ў іншае адбываецца іх зліццё, і ўзнікае сапраўды новы элемент. «Непасвячоным здаецца, што працэс просты і нават прымітыўны, аднак насамрэч ён можа займаць гады навуковых эксперыментаў», — кажа акадэмік Аганесян.

У вучонага часта пытаюцца: а якая карысць ад гэтых адкрыццяў фізікаў? На што ён звычайна адказвае: патрэбны час для таго, каб вынікі таго ці іншага адкрыцця былі б вывучаны настолькі добра, каб зразумець, як і дзе іх можна прымяніць. Але любое адкрыццё патрабуе неардынарных сродкаў. Яно, як правіла, не ляжыць не паверхні, да яго трэба ісці доўга. І па ходзе трэба вырашыць мноства праблем: і навуковых, і тэхнічных, якія да гэтага часу не ўзнімаліся. Практычная карысць гэтых адкрыццяў заключаецца найперш у тым, што такія даследаванні падцягваюць за сабой новыя тэхналогіі.

Дарэчы, у Юрыя Аганесяна вельмі цікавы лёс у навуцы. Па сямейнай традыцыі ён планаваў стаць архітэктарам, але разам з сябрамі падаў дакументы ў МІФІ. І ні разу пра гэта потым не пашкадаваў, хоць і творчасцю паралельна таксама спрабаваў пэўны час займацца.

«Лідар — той, на каго глядзяць і вучацца, яму давяраюць, за ім ідуць, — кажа Юрый Аганесян. І прыводзіць у прыклад акадэміка Георгія Флёрава. — Флёраў мяне не вучыў — я вучыўся, гледзячы на яго». Юрый Аганесян звяртаўся да мэра Масквы з прапановай на станцыі метро «Дынама» павесіць таблічку: «Тут у 1940 годзе маладымі фізікамі К. А. Петржаком і Г. М. Флёравым, якія працавалі пад кіраўніцтвам І. В. Курчатава, была ўстаноўлена новая з'ява — самаадвольнае дзяленне ўрану на дзве часткі». На жаль, але памятны знак там пакуль не з'явіўся.

Мы пацікавіліся ў Юрыя Аганесяна, якімі якасцямі павінен валодаць паспяховы вучоны?

— Навуку наперад павінны рухаць маладыя, — упэўнена кажа ён. — А малады вучоны павінен быць найперш свабодным, інакш нельга займацца навукай, і смелым. Заўважу, што смеласць мае на ўвазе наяўнасць ведаў, бо без іх, на адных толькі амбіцыях, далёка не пойдзеш. Пры гэтым трэба разумець, што быць вучоным вельмі цяжка. Навуковы пошук — як пошук грыбоў у лесе: у адзін бок пайшоў — нічога не знайшоў. Пайшоў у другі бок — зноў не знайшоў. Калі са ста спроб у цябе сем удалых, то ты геній. Не кожны пагодзіцца жыць у такіх умовах... Каб дасягнуць поспеху, патрабуецца прымяненне розных падыходаў. Наша старшае пакаленне нямала сіл прыклала для таго, каб выцягнуць фізіку на цяперашні высокі ўзровень, але далей справа за маладымі. Цяпер на нашай Фабрыцы звышцяжкіх элементаў працуе шмат моладзі. За імі будучыня.

У мяне часта пытаюцца, як стварыць творчы клімат. Шчыра кажу, што я не ведаю, што такое творчы клімат і як яго ствараць. Гэта, напэўна, штосьці не матэрыяльнае, а, хутчэй, духоўнае.

«Фізіка сёння развіваецца вельмі імклівымі тэмпамі, — падкрэслівае Юрый Аганесян. — Я маю на ўвазе ядзерную фізіку, фізіку часціц, астрафізіку. Там адкрыцці ідуць адно за адным. Мяркую, што рэчаіснасць апераджае нашы фантазіі. І тое, што сёння здаецца нам звышцяжкім, праз дзесяць гадоў будзе банальным».

На пытанне, а колькі наогул можа быць элементаў у табліцы Мендзялеева і дзе знаходзіцца мяжа матэрыяльнага свету, сёння адказвае навука, якая называецца «квантавая электрадынаміка». Згодна з тэорыяй, колькасць элементаў можа дайсці да 173, можа быць, да 174. «Мы атрымалі 118-ы элемент і сур'ёзна думаем пайсці далей на 120-ы, але да 170-га яшчэ вельмі вялікая дыстанцыя. Аднак я спыняцца не збіраюся, — усміхаецца паважаны вучоны. — Якімі ўласцівасцямі будуць валодаць новыя элементы, пакуль можна толькі здагадвацца...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.