Вы тут

Новыя погляды на Максіма Гарэцкага


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «ХХХ Гарэцкія чытанні», прысвечаная 130-годдзю з Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Арганізатарамі сустрэчы сумесна з музейшчыкамі выступілі Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук і Саюз пісьменнікаў Беларусі.


Творчая спадчына Максіма Гарэцкага ў пачатку ХХ стагоддзя моцна паўплывала на беларускіх літаратараў і дзеячаў культуры і мастацтва. Асоба пісьменніка, літаратуразнаўцы, лексікографа, фалькларыста, аднаго з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы і сёння прыцягвае ўвагу шматлікіх даследчыкаў. На адкрыцці канферэнцыі пляменнік класіка, беларускі геолаг, акадэмік Радзім Гарэцкі, заўважыў, што нягледзячы на тое, што беларускімі навукоўцамі зроблена шмат для вывучэння і папулярызацыі літаратурнай спадчыны Максіма Гарэцкага, выдадзены зборнікі дакладаў папярэдніх канферэнцый, кожны раз даследчыкі знаходзяць новыя тэмы і пытанні.

Пасля амаль 30-гадовага забыцця (Максім Гарэцкі быў рэпрэсаваны ў 30-х гадах) яго творчая спадчына вярталася да чытача паступова. У 1960-м годзе выйшла невялікае выданне «Выбранае», у 1973-м — пабачыў свет двухтомнік з яго творамі, а ў 1984-1986 гадах было падрыхтавана першае навукова-масавае выданне «Максім Гарэцкі. Збор твораў у 4 тамах».

Радзім Гарэцкі ўзгадаў 1980 год, калі Алесь Адамовіч скончыў кнігу «Браму скарбаў сваіх адчыняю», у якой звярнуў увагу на творчасць Максіма Гарэцкага, і напісаў, што месца гэтага пісьменніка побач з такімі класікамі, як Янка Купала і Якуб Колас. З таго часу колькасць прыхільнікаў і даследчыкаў творчасці класіка пачала хутка павялічвацца. Першыя «Гарэцкія чытанні» прайшлі ў 1992 годзе ў Горках, дзе Максім Іванавіч вучыўся і выкладаў. Форум праводзіўся на базе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па ініцыятыве тагачаснага дырэктара Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. Удельнікам тады задалі пытанне, чаму першая сустрэча адбылася напярэдадні, а не ў год, калі ў краіне будзе адзначацца 100 — годдзе Максіма Гарэцкага. Адказ на яго быў просты — першыя чытанні можна лічыць рэпетыцыяй, бо вопыту ў правядзенні такіх літаратуразнаўчых форумаў у арганізатараў яшчэ не было. Слова яны стрымалі — Гарэцкія чытанні сталі пастаяннымі. Некалькі сустрэч, на якіх даследчыкі дзяліліся сваімі напрацоўкамі, ідэямі, прайшлі ў розных гарадах нашай краіны, а пачынаючы з шостых чытанняў пастаяннай пляцоўкай стаў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. З 1994 па 2000 год у канферэнцыі брала ўдзел захавальніца спадчыны класіка беларускай літаратуры, дачка Максіма Гарэцкага — Галіна. Да чытанняў далучаліся многія вядомыя пісьменнікі: Янка Брыль, Васіль Быкаў, Навум Гальпяровіч, Ніл Гілевіч, Алесь Пісьмянкоў, Рыгор Барадулін, Мікола Мятліцкі, Іван Чыгрынаў, Віктар Шніп ды іншыя. Выступалі замежныя даследчыкі. Даклады рыхтавалі літаратуразнаўцы, лінгвісты, архіўныя і музейныя работнікі, фалькларысты, гісторыкі, філосафы, выкладчыкі і студэнты. Адна з пастаянных удзельніц Гарэцкіх чытанняў, кандыдат філалагічных навук Тэрэза Голуб узгадала, што пытанні, якія ўздымаліся на такіх канферэнцыях, былі разнапланавымі, а часам наогул нечаканымі. Напрыклад, на VIII Гарэцкіх чытаннях магілёўскі даследчык Валянцін Ермаловіч выступаў з дакладам «Вопыт сцэнічнага ўвасаблення п’ес Максіма Гарэцкага ў аматарскім тэатры», і гэта пры тым, што па драматургіі Масксіма Іванавіча наогул напісана мала. А на ХХ чытаннях кітайская студэнтка Гу Лі ўразіла сваёй тэмай «Вобразы харавой інструментальнай музыкі ў апавяданні Максіма Гарэцкага «Страшная музыкава песня».

Тэрэза Голуб падзялілася, што вельмі шчаслівая таму, што ў свой час дзякуючы вядомаму літаратуразнаўцу Міхасю Мушынскаму акунулася «ў мора гарэцказнаўства»: «Дзякуючы Гарэцкаму, я вывучала ўвесь шлях развіцця беларускай літаратуры, асабліва жахлівых гадоў рэпрэсій, пазнаёмілася з сям’ёй пісьменніка, чытала ліставанне, адкрывала цікавыя факты». Тэрэза Станіславаўна ўпэўнена, што ўжо наспеў час для выдання электроннага (а таксама і папяровага) выдання, прысвечанага Гарэцкім чытанням.

Многія пытанні, узнятыя Максімам Гарэцкім, актуальныя і сёння. Яшчэ член-карэспандэнт НАН Міхась Мушынскі адзначаў, што раман Максіма Гарэцкага «Камароўская хроніка», напісаны ў 30-ыя гады ХХ стагоддзя — гэта твор будучых часоў, літаратура ХХІ стагоддзя. На гэта звярнула ўвагу кандыдат філалагічных навук Вольга Губская: «Дадзены твор можна расчытваць бясконца, і здзіўляцца, як можна было так напісаць. Адчуванне, што гэта пісьменнік нашага часу. Цяпер яго твор адкрываеш — быццам чытаеш ці то штотыднёвік, ці то летапіс, ці прароцтва».

Кандыдат філалагічных навук, дактарант кафедры гісторыі Беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта Ігар Запрудскі звярнуўся да тэмы беларусазнаўчых даследаванняў Максіма Гарэцкага і назваў яго кнігу «Гісторыя беларускай літаратуры» «гісторыка-літаратуразнаўчым Евангеллем Беларусі»: «Я перакананы, што кожная навука мае кнігу, якая з’яўляецца пачаткам для пэўнай дысцыпліны. Так з кнігі Гарэцкага павінен пачынаць сваю працу кожны літаратуразнаўца».

Ваенная хроніка

Творчасць Максіма Гарэцкага можа быць запатрабаванай у розных галінах. Загадчык навукова-метадычнага аддзела Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Ганна Асіпук паказала, як музейныя калекцыі могуць служыць выдатнымі ілюстрацыямі да твора класіка «На імперыялістычнай вайне». У брэсцкім музее захоўваецца каля 700 прадметаў, якія адносяцца да часоў Першай сусветнай вайны. Даследчыца прыводзіла цытаты з твораў Гарэцкага і расказвала, якія музейныя экспанаты звязаны з падзеямі і з’явамі, апісанымі пісьменнікам. Калі пачалася Першая сусветная вайна, Максім Гарэцкі служыў у царскай арміі. У час службы пісьменнік вёў дзённікавыя запісы, якія ляглі ў аснову дакументальна-мастацкай аповесці «На імперыялістычнай вайне». У музеі захоўваецца фотаздымак 1914 года Пятра Хруцкага, які ваяваў на адным фронце з Гарэцкім. У пастаяннай экспазіцыі можна пабачыць георгіеўскія крыжы ўсіх чатырох ступеняў. Вядома, што Гарэцкі быў у верасні 1914 года ўзнагароджаны Георгіеўскім крыжом IV ступені. Гэты факт адкрыты дзякуючы дачцэ Максіма Іванавіча — Галіне. У творы «Літоўскі хутарок», а таксама ў дзённіку пісьменнік апісаў жахлівую сітуацыю з бежанцамі. Брэстчына сутыкнулася з гэтай бядой у гады Першай сусветнай, многія сем’і ў паніцы пакідалі родныя мясціны, прыхапіўшы сямейныя рэчы і свойскую жывёлу. Здымкі з тых часоў маюцца ў калекцыі музея.

Максім Гарэцкі у сваіх творах апісаў зброю свайго войска і праціўніка, тое, як будаваліся ўмацаванні. А ў брэсцкім абласным музеі можна пабачыць інсталяцыю ліні акопаў часоў Першай сусветнай вайны.

Вядома, што Максім Гарэцкі служыў тэлефаністам. У калекцыі музея маецца тэлеграфны апарат, магчыма, такі, якім ён мог карыстацца. Жах на салдат расійскага войска наводзілі нямецкія дырыжаблі. Яны бамбілі Брэст-Літоўск, Баранавічы, Кобрын, Пінск, Лунінец. У сваіх запісах Гарэцкі называе гэты лятальны апарат ерапланам, калбасой, аэрастатам. У музеі прадстаўлена мадэль аднаго з дырыжабляў часоў Першай сусветнай.

У фондах захаваліся і лісты ваеннага ўрача, які знаходзіўся ў палоне ў Аўстра-Венгрыі, да сваіх родных. Як высветліла Ганна Асіпук, наладзіць перапіску паміж ваеннапалоннымі з абодвух бакоўуў той час дапамагала арганізацыя Чырвонага крыжа, на лістах ставіліся яе пазнакі.

Важкі след прадстаўнікоў роду

Падчас Гарэцкіх чытанняў даследчыкі звяртаюцца да лёсу і працы не толькі Максіма Іванавіча, але і іншых прадстаўнікоў знакамітага роду. Вядомымі геолагамі сталі яго брат і пляменнік. Так Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, які заўсёды выступае натхняльнікам і адным з арганізатараў чытанняў — вучоны ў галіне геалогіі і геатэктонікі, доктар геолага-мінералагічных навук. Ён, як і яго бацька, узначальваў навуковы інстытут, працаваў у вядучых ВНУ. Навуковыя дасягненні Радзіма Гаўрылавіча ў геалогіі, тэктоніцы пліт, прагнозе пошукаў і адкрыцці радовішчаў карысных выкапняў адлюстраваны ў сотнях навуковых публікацый. Ён выступаў ініцыятарам, арганізатарам і кіраўніком шэрагу міжнародных праектаў, вынікі якіх — атрыманыя новыя фундаментальныя веды аб будове нашай планеты. Шмат часу Радзім Гаўрылавіч удзяляе асветніцкай працы. Ім напісаны кнігі пра трагічныя старонкі жыцця братоў Гарэцкіх, на падставе ўспамінаў, дакументаў, эпісталярнай спадчыны паказана роля, якую адыгралі Гарэцкія ў беларускай гісторыі, адлюстраваны час, у якія яны жылі.

На жаль, сёння мала гаворыцца пра тое, якую ролю ў гісторыі асветы адыграў пляменнік Максіма Гарэцкага Усяслаў Гарэцкі. Па падручніках для пачатковага навучання, над якімі ён працаваў, сам ці ў суаўтарстве з калегамі, вучыліся мільёны савецкіх дзяцей, пачынаючы з 1960-х гадоў да распаду Савецкага Саюза. Вялікі ўплыў аказаў на юных вучняў падручнік «Родны край», распрацаваны жонкай Максіма Гарэцкага — Леанілай, па якім займаліся дзеці (прычым як у БССР, так і на тэрыторыі, якая знаходзілася пад Польшчай), выпушчаны ў 1919 годзе. Гэта чытанка шмат разоў перавыдавалася, у БССР па ёй займаліся да сярэдзіны 20-х гадоў мінулага стагоддзя, а ў Заходняй Беларусі — да 1936 года. Адным з тых дзяцей, хто вучыўся па гэтым падручніку, быў Янка Брыль...

Лёсы Гарэцкіх натхняюць мастакоў, яны ствараюць іх партрэты. У творчай і навуковай спадчыне даследчыкі знаходзяць падказкі для напрамкаў даследаванняў у розных галінах. Радуе, што з кожным годам гэта спадчына Гарэцкіх адкрываецца па-новаму. І як выказаў надзею Радзім Гарэцкі, напэўна, так будзе яшчэ доўгія гады.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.