Вы тут

Чым цікавіць турыстаў мястэчка Дубае


У розны час гэтую маляўнічую вёску на беразе Днепра-Бугскага канала называлі Дубой, Дубае, Дубая, нават Дубай, як горад у Арабскіх Эміратах са знакамітым гатэлем у выглядзе ветразя... А сёння мы ведаем яе як Дубае. Аматарам прыроды спадабаюцца яе цудоўныя краявіды і велічны парк, а краязнаўцы змогуць азнаёміцца з гісторыяй, багатай на падзеі, легенды і імёны...


Пінскі Версаль

Першая згадка пра мястэчка Дубае адносіцца да 1498 года, калі канюшы Сянько Дзмітровіч атрымаў ад пінскай княгіні Мар’і Сямёнавай на гэтых землях чатыры дворышчы. Амаль праз сто гадоў тут узнік палац двараніна Полаза, а ў пачатку XVII стагоддзя мястэчка набыло новага ўладальніка — Альбрэхта Станіслава Радзівіла, які неўзабаве падарыў яго езуітам, якія арганізавалі ў маёнтку летнюю рэзідэнцыю. У замку быў размешчаны прытулак для сірот і школа. Узвялі каменны дом, пачалі будаваць на астраўку капліцу Узвышэння Святога Крыжа. Дарэчы, да 1636 года ў акрузе Дубая таксама існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр, ігуменам якога быў святы Афанасій Брэсцкі. Кожны год святары прыязджаюць на ўсталяваны ў памяць аб прыстанку крыж, каб ушанаваць памяць свяціцеля і брацію.

У другой палове XVIII стагоддзя сядзіба перайшла да графа Міхаіла Казіміра Агінскага, дзядзькі аўтара знакамітага Паланэза. Акрамя мастацтваў, граф разбіраўся і ў гідратэхніцы, стварыўшы ў маёнтку арыгінальную сістэму каналаў. Узровень вады рэгуляваўся з дапамогай дамбаў, а лішак спускаўся ў сажалкі за сядзібай, якія цягнуліся (каля 600 м) уздоўж алеі таполяў, што вяла да парому на рацэ Піна.

У канцы XVIII стагоддзя Дубае набыў пасол варшаўскага сойму Ігнацій Кужанецкі. За сотню гадоў валодання маёнтак ператварылі ў цуд, захаваны, дарэчы, на акварэлях Напалеона Орды.

Кужанецкія жылі на шырокую нагу, увесь час ладзячы грандыёзныя балі. Асабліва адзначыўся маршалак Пінскага павета Юзаф Кужанецкі, які закаціў гулянку ў Страсны тыдзень. Легенда абвяшчае, што ледзь госці размясцілася за застаўленым стравамі сталом, раздаўся грукат нябесны, зямля раскрылася і паглынула ўсіх бязбожнікаў... З тых часоў, калі хтосьці рызыкне прыйсці ў парк у ноч з Вялікай Пятніцы на Вялікую Суботу Страснога тыдня, то, магчыма, скрозь галіны дрэў разгледзіць вокны палаца, якія свецяцца, і водбліскі феерверкаў, экіпажаў, якія пад’язджаюць, і з якіх выходзяць дамы і кавалеры, што са смехам накіроўваюцца да сядзібы, пачуе гукі чароўна-ледзяной музыкі. Але роўна апоўначы прывіды мінулага з грукатам правальваюцца ў апраметную, і вакол зноў пануюць цемра і цішыня…

У 1885 годзе маёнтак пераходзіць да Івана Карла Шленкера — купца і прамыслоўцы з Лодзі, а затым і яго дачкі. У акрузе адкрываюцца броварны і цагельны заводы, прыватная малатарня, лакаматыўны млын, пякарня, крамы, а таксама земляробчая школа, дзе разводзілі каракулевых авечак, белых англійскіх свіней, трымалі пчол. Вучні вывучалі многія дысцыпліны, у тым ліку рыбаводства і пчалярства. Жывёлагадоўлю і агульную гаспадарку выкладаў вядомы польскі селекцыянер, дырэктар школы Раман Прускі. У 1939 годзе яго саслалі ў Сібір, а потым ён трапіў у англійскі легіён. У 1980 годзе ён прыязджаў у Дубой з прыёмным сынам дачкі Шленкера Станіславам…

З гэтым кутком Палесся звязана жыццё многіх выдатных людзей: праваслаўнага святога Афанасія Піліповіча, каталіцкага святара Андрэя Баболі, шведскага караля Карла XII, апошняга манарха Рэчы Паспалітай Аўгуста Панятоўскага, біскупа, гісторыка і паэта Адама Нарушэвіча, розных прадстаўнікоў іншых дваранскіх родаў. Тут нават здымалі фільм В. В. Корша-Сабліна «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Якуба Коласа «На расстанях»).

Пад шатамі старажытнага дуба

Жамчужына мястэчка — велічны парк, які ствараўся ў сярэдзіне XVIII — першай палове XIX стагоддзя «па ўзорах слаўнага Ленотра», французскага архітэктара — з сажалкамі, каналамі, фантанамі, кветнікамі, алеямі, за што і заслужыў назву «Пінскі Версаль». Час тут нібы спыніў свой бег, замёршы ў ціхамірным спакоі... Да гэтага часу галоўны ўваход на тэрыторыю парку адзначаюць два пілоны — цагляныя калоны вышынёй амаль у 5 м, ацалелыя ад уязной брамы.

Сама зялёная зона, хоць і здзічэла, нягледзячы на самавіты ўзрост, па-ранейшаму пышная і таямнічая. Асабліва вясной, калі зямлю высцілае бела-ліловы дыван першацветаў, і ў золаце восеньскай лістоты... Строга сіметрычная водная сістэма з каналамі і сажалкамі, аналагаў якой няма ў Беларусі, акружае і разбівае парк на астраўкі. Сотні гадоў прайшлі з яго закладкі, аднак берагі вадаёмаў, нажаль ужо абмялелых, усё яшчэ захоўваюць выразнасць, хоць і параслі раслінамі, што, зрэшты, надае ім загадкавасць, а ў нашчадкаў выклікае надзею на аднаўленне былой велічы.

Парк і сёння насяляюць звыш 200 відаў птушак, тут растуць 35 відаў дрэў і кустоў, больш за 200 відаў траў. Шмат экзотаў, завезеных з розных краін у канцы XVІІІ стагоддзя, 190-гадовыя лістоўніцы еўрапейскія і хвоі Веймутава, 120-гадовыя ілжэтсугі канадскія... Растуць ясень плакучы, каштан конскі, рабінія, ложнаакацыя, клён вастралісты, граб, хвоя і інш. Хоць большасць каштоўных парод загінула, на іх месцы сфарміраваўся чорнаальшаннік грабавы і ясена-рознатраўны. Па перыметры захаваліся адзіночныя, найлепшыя ў рэспубліцы дрэвы піхты белай і яе самасеў. Гэта адзінае месца ў нашай краіне, дзе гэты чырвонакніжны від самааднаўляецца.

У глыбіні парку шамаціць аб мінулым дуб чарэшчаты — адна з галоўных славутасцяў Дубая. Велізарнае дрэва (з 10-павярховы дом, а абхват ствала большы чым 2 м!), паводле легенды, пасаджана ў гонар каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорцы (1518–1556). Мяркуецца, што яму больш за 450 гадоў! Колькі ж старац пабачыў на сваім вяку, сведкам якіх гістарычных падзей ён з’яўляецца!?

Мясцовыя жыхары называюць дуб Царом і сцвярджаюць, што, дакрануўшыся да яго ствала, можна здабыць сілы і здароўе. І я не ўтрымалася, дуб магутны абняла... і жаданне загадала.

Рэшткі раскошы былой

А вось будынкі сядзібы амаль не ацалелі. З паўднёвага яе боку, у куце парку пад кронамі клёнаў і каштанаў, побач з аблыселай ад старасці, амаль 200-гадовай лістоўніцай стаіць барочная капліца Узвышэння Крыжа Гасподняга. Збудаванне невялікае, але арыгінальнае, з купалам-шлемам з гранёным ліхтаром. Унутры была ляпніна, вітражы, фрэскі. Цяпер яны пад тоўстым пластом пабелкі.

Некалі капліца служыла касцёлам Святога Крыжа. У падвале быў склеп. Хто там пахаваны — невядома. Іканастас знішчылі, распяцце выкінулі ў сажалку. Адна з вяскоўцаў яго дастала і захавала. У 1920 г. касцёл адрэстаўравалі, а ў 1956 г. у ім паставілі дызельны генератар, зрабілі радыёвузел і пошту. Пах мазуту адчуваецца да гэтага часу. Дарэчы, першая ў Дубое электралямпачка таксама з’явілася тут. Цяпер капліца зноў у запусценні…

А вось уніяцкі храм са званіцай, пабудаваны на сродкі Клатыльды Кужанецкай у 1811 годзе, выглядае выдатна. Рэдкі на Палессі помнік архітэктуры класіцызму, але мае, як і капліца, васьмігранную форму. Аднавілі яго ў 1990 годзе, і сёння тут дзейнічае царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. На сценах — фрэскі канца XIX стагоддзя.

Захаваліся састарэлы флігель сельскагаспадарчай школы, дзе жылі прафесары, малачарня, вартоўня і майстэрня па вырабе аўчын, рэшткі навучальных агародаў, яблыневы сад. Калісьці ў сядзібе было 84 вуллі, сёння толькі некалькі штук — на Пчальніковым востраве, за капліцай, дзе арудуюць цяпер бабры.

Экатурысту на заметку

Тэрыторыя сядзібы (амаль 20 га) аб’яўлена помнікам прыроды, аднак частка яе падзелена на ўчасткі пад аграсядзібы. Можна ўбачыць выставу даваеннай сельгастэхнікі, палюбавацца на этнаграфічную калекцыю, прагуляцца па экасцежках парка і на суседнім возеры. Наведаць паромную пераправу і гідравузел з сучаснай шлюзавай камерай, што забяспечвае электрычнасцю дзве вёскі.

І парк, і дрэвы, і каналы, і сажалкі, і будынкі, — усё гэта прыцягвае ўвагу знаўцаў даўніны, вандроўцаў і проста ахвотных даведацца нешта новае пра гісторыю края і яго славутасці. Тут што ні крок адчуваецца дух часу і чакаюць тайны і загадкі... Так што не абавязкова кудысьці ехаць, каб дакрануцца да вялікай спадчыны мінулага. Проста азірніцеся навокал…

Таццяна МАІСЕЕВА, біёлаг, пісьменнік

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.