Вы тут

Спартсмены пачынаюць бегаць — і ў іх абутак да дарожкі прыліпае


Важным пунктам у графіку савецкіх лёгкаатлетаў былі матчавыя сустрэчы СССР — ЗША. Турніры праводзіліся з 1958 па 1982 гады па чарзе ў савецкіх і амерыканскіх гарадах. Матч СССР — ЗША 1973-га года стаў самым памятным у гісторыі беларускай лёгкай атлетыкі.  Гэтую важную падзею прымаў Мінск. У сталіцы БССР выступалі беларусы Аляксандр Жыдкіх, Міхаіл Жалабоўскі, Віктар Мяснікоў, Аляксандр Бліняеў, Яўген Іўчанка, Яўген Гаўрыленка. За ходам спаборніцтваў у Мінску сачылі каля 32 тысяч чалавек. Аляксандр Бліняеў выйграў турнір дзесяціборцаў. Яўген Гаўрыленка быў лепшым на дыстанцыі 400 метраў. У спаборніцтвах хадакоў на дыстанцыі 20 кіламетраў першым да фінішу прыйшоў Яўген Іўчанка. У спрынце на 200 метраў беглі адразу двое беларусаў — Аляксандр Жыдкіх і Сяргей Каровін. Аляксандр прыйшоў да фінішу трэцім.


«Калі казаць пра непасрэдны ўнёсак беларускіх лёгкаатлетаў у поспех нашай зборнай, то самых добрых слоў заслугоўвае Яўген Гаўрыленка, які атрымаў вельмі важную перамогу над моцным амерыканскім бар’ерыстам Джымам Болдынгам. Спадабаліся Яўген Іўчанка і Віктар Мяснікоў, хаця ён і прышоў другім. Але асабліва я б адзначыў дзесяціборца 22-гадовага мінчаніна Аляксандра Бліняева, які бліскуча сябе паказаў у гэтым сезоне і здолеў у найцяжэйшай барацьбе ўзяць уверх над сваімі заакіянскімі сапернікамі. Па меры сваіх сіл выступалі беларускія лёгкаатлеты і ў іншых відах спаборніцтваў», — адзначаў у інтэрв’ю «Савецкаму спорту» начальнік аддзела лёгкай атлетыкі Усесаюзнага спорткамітэта А.С. Герчыкаў. Ён таксама адзначаў высокі ўзровень арганізацыі турніру. Сапраўды, на высокім узроўні праводзіць знакавыя мерапрыемствы беларусы ўмелі ўжо ў 1970-х гадах.

«У Мінску мы бачылі цудоўны рэканструяваны стадыён, сучасны навукова-метадычны цэнтр, у рэспубліцы выраслі добрыя трэнерскія кадры, якім пад сілу вырашаць самыя складаныя задачы. Расце разуменне неабходнасці да паглыбленай спецыялізацыі трэнераў у тым ці іншым відзе лёгкай атлетыкі. У рэспубліцы ёсць група перспектыўных юніёраў. Задача складаецца ў тым, каб ніводны з іх не быў страчаны для вялікага спорту», — дзяліўся Герчыкаў. 

Запомнілася сустрэча і спартсменам. Бар’ерыст Віктар Мяснікоў расказвае, што такой любові гледачоў як тады ў Мінску, беларускія лёгкаатлеты не адчувалі ніколі. «Наша каманда жыла ў гасцініцы „Мінск“, ад якой да стадыёна „Дынама“ рукой падаць. Але на стадыён нас вазілі на аўтобусе. Інакш было немагчыма. Нават дзясятак метраў ад аўтобуса да ўваходу на стадыён мы ішлі ў калідоры з балельшчыкаў. Апладысменты, крыкі „Хлопцы, мы за вас!“ надавалі ўпэўненасці. У тыя моманты атмасфера ў горадзе была фантастычнай. Усе, здавалася, жылі гэтым матчам», — успамінае ён.

Праўда, не абышлося і без кур’ёзаў: куды ж без іх. «Нейкаму арыгіналу прыйшло ў галаву пафарбаваць бітумныя дарожкі на стадыёне. Звычайнай фарбай пафарбавалі бітум, які там спрадвеку ляжаў і нікога сваім выглядам не бянтэжыў. Выходзім на трэніроўку і бачым новыя дарожкі, у нас вочы на лоб палезлі. Амерыканцы цікавяцца, што за пакрыццё. Мы на ўсе лады расхвальваем выдатнае савецкае пакрыццё, па якім не бяжыш — лётаеш. І ўсё б нічога, але фарба не паспела толкам высахнуць. Спартсмены пачынаюць бегаць — і ў іх абутак да дарожкі прыліпае. Унікальнае савецкае пакрыццё амерыканцаў здзівіла. Але добра выступіць не перашкодзіла, мы былі звыклыя да ўсяго», — расказвае Віктар Мяснікоў.

Кажуць, што гісторыя цыклічная. У 2019 годзе Мінск прыняў матч Еўропа — ЗША па лёгкай атлетыцы. Прайшоў ён, як не складана здагадацца, на стадыёне «Дынама». На старты ў складзе еўрапейскай каманды выйшлі вучні ўдзельнікаў матчу 1973-га года. У прыватнасці, зорку таго матча ў бегу з бар’ерамі Эльвіру Герман падрыхтаваў менавіта Віктар Мяснікоў. У 1973-м годзе з вынікам 216:163 перамаглі савецкія спартсмены. У 2019-м годзе з вынікам 724,50: 601,50 пераможцамі сталі лёгкаатлеты еўрапейскага кантыненту. Пераемнасць пакаленняў, як яна ёсць.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Сяргей Кавальчык: Самае каштоўнае ў жыцці даецца бясплатна

Сяргей Кавальчык: Самае каштоўнае ў жыцці даецца бясплатна

Размова з мастацкім кіраўніком тэатра імя М. Горкага.