Вы тут

Юрый Шаўцоў: «У беларуска-кітайскага супрацоўніцтва каласальныя перспектывы»


У рамках рэдакцыйнага праекта «Пояс і шлях. 2013—2023» мы працягваем абмеркаванне рэалізацыі найбуйнейшай транснацыянальнай ініцыятывы сучаснасці, якая была вылучана Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам дзесяць гадоў таму. Аб тым, якія склаліся перадумовы для яе ўзнікнення, чаму Беларусь стала адным з ключавых удзельнікаў «Аднаго пояса, аднаго шляху», якія перспектывы далейшага развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, у эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе» распавёў вядомы беларускі палітолаг, усходазнавец Юрый ШАЎЦОЎ.


Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

— Юрый Вячаслававіч, якія склаліся перадумовы для ўзнікнення «Аднаго пояса, аднаго шляху»?

— Гэты праект шмат у чым насамрэч унікальны. Упершыню Кітаем з пачатку актыўнага пашырэння рэформаў была вылучана глабальная ідэя суразвіцця. Прычым не на ўзроўні двухбаковым, а праз увасабленне транснацыянальнай ініцыятывы, якая б была цікавая многім дзяржавам. Кітай пачаў выбудоўваць вялікае міжнароднае супрацоўніцтва, якое датычыцца перш за ўсё эканомікі. Але не толькі, гэта ўзаемадзеянне ў многіх галінах.

Кітай імкліва развіваецца. І дзесяць гадоў таму ён выйшаў на такі ўзровень развіцця, калі стала цалкам рэальнай задача пераўтварыцца з другой эканомікі ў першую. Яна мае на ўвазе глыбокія канкурэнтныя процівагі з ЗША, а таксама з іх саюзнікамі. Дагэтуль, пачынаючы з 1970-х, калі разгарнуліся маштабныя эканамічныя рэформы ў Кітаі, у краіну прыйшла вытворчасць, нават, хутчэй, зборка розных індустрыяльных прадуктаў развітых краін. Таму амерыканскі Дэтройт згас, а таксама мноства прадстаўнікоў вытворчага сектара. Гэта дало магчымасць для развітых краін перайсці да этапу развіцця, які яны называюць постіндустрыяльнасцю — развіцця на сваёй тэрыторыі ў асноўным сферы паслуг, а таксам навукі і навукова-тэхналагічных галін.

Пачынаючы з 2009 года Кітай дасягнуў узроўню другой эканомікі планеты і гэта прымусіла яго задумацца наконт далейшай стратэгіі развіцця. І яны зрабілі стаўку на пераход ад папярэдняй мадэлі, калі развіваліся перш за ўсё прыбярэжныя эканамічныя зоны, да развіцця ўсёй тэрыторыі. Пачаліся хуткія інвестыцыі ў энергетычную і транспартную інфраструктуру. Такім чынам, Кітай вырашыў зрабіць асноўным драйверам свайго эканамічнага развіцця ўсю нацыянальную тэрыторыю. А гэта можаце сабе ўявіць які па памерах праект. Тады яны адышлі ад ранейшай мадэлі, калі былі майстэрняй Захаду, і пачалі развівацца самастойна.

Сі Цзіньпін пад новую эканамічную мадэль развіцця мадэрнізаваў палітычную сістэму дзяржавы. У Кітаі стаў больш глыбокі гарызонт планавання. Таму ўзнікла патрэба ў тым, каб была больш высокая ступень канцэнтрацыі палітычнай улады. У новай мадэлі быў яшчэ адзін пункт — імклівае нарошчванне спажывання ўнутры краіны. За кошт гэтага яны ўзмацнілі ўнутраны попыт і такім чынам паставілі на парадак дня не толькі развіць цэнтральныя ці заходнія правінцыі, а і яшчэ перайсці да больш высокага тэхналагічнага ўзроўню.

Для адносін паміж ЗША і КНР пераход Кітая да новай сістэмы абазначаў таксама глыбокія ўзрушэнні. Разышліся два галоўныя планетарныя гульцы. І гэта было сістэмным працэсам. ЗША перайшлі ў адказ на дзеянні Кітая да так званай новай індустрыялізацыі. Гэта абазначала перанос з КНР вытворчасцяў на тэрыторыю ЗША. Злучаныя Штаты раскансервавалі свае радовішчы нафты і рушылі ў дадзеным кірунку. Аднак Кітай ужо набраў моц і стаў важкім сусветным цэнтрам прыцягнення. Пры гэтым краіна не фарміруе блок, а развівае гібкую прадукцыйную сістэму стратэгічнага ўзаемадзеяння з краінамі і цэлымі рэгіёнамі. Таму «Адзін пояс, адзін шлях» стаў такім паспяховым, яго з'яўленне — патрэба часу.

— Беларусь стала адной з першых краін, якія далучыліся да ініцыятывы. Чаму так адбылося?

— Кітай заўжды спрыяў развіццю глабальных інфраструктурных праектаў, якія паляпшалі каналы камунікацыі паміж краінамі. Гэта ўзаемавыгадная справа, якая дазваляе пашыраць гандлёвыя стасункі. Адсюль узнік Новы Шаўковы шлях. У канцы 2000-х Кітай пачаў хутка нарошчваць імпарт з Расіі і Сярэдняй Азіі рознага кшталту сыравіны. КНР была зацікаўленая ў лепшай камунікацыі ў Еўразіі. Дагэтуль у Стары Свет тавары дастаўляліся толькі па моры — судна ішло ад двух тыдняў да двух месяцаў. І ўзнікла патрэба ў пастаўках у Еўропу больш хуткіх тавараў, якія адрозніваюцца па тыпе. Ёсць таварныя групы, што патрабуюць аператыўнай дастаўкі. Яны звязаныя з модай — напрыклад, сматфоны, пэўная бытавая тэхніка. Для такіх паставак аказваецца рэнтабельным выкарыстанне прамога наземнага злучэння. Адпаведна, КНР перайшла да будаўніцтва транспартных калідораў Кітай—Еўропа.

Раней казалі пра Новы Шаўковы шлях, але не прасоўваліся адпаведныя праекты. Пасля 2009 года гэта стала важнай тэмай. Мы трапілі на два з трох адпаведных транспартных калідораў. Адзін ідзе з Далёкага Усходу па Транссібу на Маскву. Другі — з Сінцзяна на Казахстан і на Маскву. Далей на Беларусь і на Санкт-Пецярбург. А ўлічваючы тое, што трэці калідор ідзе побач з Афганістанам — там нявызначанасць і доўгая вайна — і практычна не дзейнічае, Беларусь і Санкт-Пецярбург (дзе ў асноўным кабатажныя перавозкі) сталі асноўнымі пунктамі выхаду кітайскіх тавараў на еўрапейскі рынак і наадварот. Да 2014 года абвастрылася сітуацыя ва Украіне, якая фактычна абрэзала кітайскі транзіт. Мы ператварыліся ў адзіны калідор для дзвюх стратэгічных ветак. Гэта ўнікальны гістарычны шанц, які быў паспяхова выкарыстаны. Яшчэ адной нашай канкурэнтнай перавагай сталі брацкія ўзаемаадносіны з Расіяй.

Праз нашу краіну накіравалася 85 працэнтаў грузаабароту. Рост грузаперавозак праз Беларусь адбываўся каласальнымі тэмпамі — да 40 працэнтаў штогод. Рэальныя перспектывы будаўніцтва высакахуткаснай чыгункі Кітай—ЕС. Хуткасць цягнікоў тады дасягне 600-800 кіламетраў у гадзіну. Шлях з Кітая зойме 1-2 дні.

— Якую ролю тут адыграла палітычная воля?

— Палітычная воля — адзін з галоўных фактараў, якія забяспечылі поспех. Калі б мы былі іншымі, як Літва ці Украіна, то і вынік быў бы адпаведны. Клайпеда мела ўсе шанцы для рэактыўнага развіцця, а паглядзіце, што адбылося. Будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху» паставіла пытанне наконт нашага геапалітычнага выбару, кім мы жадаем быць датычна Кітая. Быць проста транзітнай тэрыторыяй, або зрабіць гэта фактарам нашага інтэнсіўнага развіцця. У свеце шмат месцаў, дзе не выкарыстоўваецца выгаднае геаграфічнае становішча ў поўнай меры. Акрамя таго, своечасова было пастаўлена пытанне наконт стварэння «Вялікага каменя» з тым, каб мы не толькі бралі плату за транзіт, а і зрабілі пункт развіцця. І мы замахнуліся на самы грандыёзны праект такога кшталту за межамі Кітая. Яны пайшлі на яго. Гэта безумоўна цудоўны праект, ён паспяхова развіваецца. Нездарма «Вялікі камень» нярэдка называюць «свабоднай эканамічнай зонай Кітая, якая вынесена ва Усходнюю Еўропу».

Важны момант — беларуская дзяржаўнасць на належным узроўні. Мы даказалі здольнасць захоўваць кіруемасць краінай у 2020-м. Беларусь уваходзіць у тройку краін, з якімі Кітай дасягнуў найвышэйшага ўзроўню двухбаковага супрацоўніцтва. Яшчэ Расія і Пакістан, які рэалізоўвае праект так званага эканамічнага калідора з агульным аб'ёмам інвестыцый каля 50 мільярдаў долараў.

Мы здолелі кампенсаваць цяперашнія геапалітычныя рызыкі праз пастаўкі ў Кітай прадукцыі з Беларусі. Напрыклад, беларускія вытворцы першыя з постсавецкай прасторы пачалі пастаўляць ялавічыну ў КНР. Абсалютна правільна былі вызначаны пункты спецыялізацыі і вызначана стратэгія работы на кітайскім рынку.

— Якія перспектывы далейшага развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва?

— Ёсць усе перадумовы да таго, што беларуска-кітайскае супрацоўніцтва будзе пашырацца і надалей, у нас проста каласальныя перспектывы. Тут планы ўвогуле грандыёзныя. У нас пабудавана біятэхналагічная карпарацыя, што выводзіць Беларусь у сусветную пяцёрку краін-вытворцаў адпаведнай прадукцыі, якую мала хто здольны вырабляць.

Акрамя таго запланаваны другі індустрыяльны парк у Барані Аршанскага раёна. Там іншая спецыялізацыя. Калі ў «Вялікім камені» развіваюцца высокатэхналагічная вытворчасць плюс транзіт, прычым разнастайны, то на Аршаншчыне мяркуецца развіццё перш за ўсё сельскагаспадарчага кластара. Падключаюцца вядучыя кітайскія карпарацыі, якія займаюцца вытворчасцю прадуктаў харчавання. Плюс авіятранзіт — аэрадром быў сертыфікаваны на ўсе віды авіяперавозак.

Варта дакладна разумець, што «Адзін пояс, адзін шлях» — сістэмная з'ява, а не кан'юнктурная. Гэты ўнікальны праект цяпер аб'ектыўна ўзмацняецца. У тым ліку — праз узаемадзеянне на міжнародных пляцоўках новага тыпу: ШАС, БРІКС. Да работы ў якіх, дарэчы, Беларусь актыўна падключылася. Наша краіна фактычна стала членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, падала заяўку на ўступленне ў БРІКС.

Уплыў і роля Кітая будуць павялічвацца і надалей. Створаны ўсе перадумовы да таго, што Беларусь будзе пашыраць сваю прысутнасць на рынку сёння другой эканамічнай сілы планеты, а з 2025-га, як чакаецца, першай. Адпаведна будзе паглыбляцца двухбаковае супрацоўніцтва.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.