Вы тут

Зваротная сувязь


Ад сумнага да смешнага — крок (і назад — вядома ж — не болей). У мінулым стагоддзі стараннай, паслухмянай дзяўчынцы, якая не паступіла ў інстытут, радня, па так званым блаце, знайшла неблагую работу — сакратаркай у прыёмнай дырэктара... На пытанне, чым жа ўнучка займаецца (а яна якраз асвойвала друкарку (пішучую машынку), бабуля з форсам адказвала: «Друкуе...»

Акурат такое ж дзяўчо, у такой жа прыёмнай, але ў гэтым стагоддзі пасадзілі ўжо за камп'ютар і ў першы працоўны дзень папрасілі зайсці на пошту. Новая сакратарка (вось табе і паслухмяная?!) нават з месца не ўстала, заявіла: «Пісьмаў няма»...

Аб тым, што яны могуць быць не толькі ў камп'ютары на электроннай пошце, але і на звычайнай, размешчанай у суседнім будынку, яна проста не здагадалася, хоць (заўважце!) колькі там часу прайшло ад бабулінага «друкуе»? Вобмаль, як той кот наплакаў! Аднак за тыя «слёзы» да непазнавальнасці змяніўся не толькі спосаб напісання лістоў (ад шарыкавай асадкі да кам'ютара), не толькі хуткасць дастаўкі... У пісьмах, што прыносіць электронная пошта (тут і далей — пра пошту «Звязды»), ужо амаль не сустрэнеш сардэчнага: «Добрых дзён, дарагая рэдакцыя! Піша табе...» (і г. д.). У іх, электронных лістах, як правіла, «усё па сутнасці»: інфармацыя, пытанне, роздум, успамін, праўдзівая гісторыя, верш... Іншымі словамі, тое, што чытач знойдзе потым на старонках газеты пад рубрыкамі «Весткі з месцаў», «Была вайна», «Перажытае — незабытае», «Камандзіроўка па пісьму», «Чалавек — чалавеку», «...Народ на провадзе!», «Хто каго?»...


Але ж знойдзе — на жаль, не ўсё, па розных, уважлівых прычынах, а найперш — з-за недахопу месца на старонках «Звязды», бо мала хто (і не толькі з чытачоў) умее пісаць коратка. Тут і цяпер якраз пра вось гэту рэшту — у пераказе.

«...Да сёння ў памяці два імгненні. Першае — напрыканцы мінулага стагоддзя мы з калегам зайшлі ў цырульню на сталічнай вуліцы Маркса, — піша наш пастаянны чытач Аляксандр Матошка з Расоншчыны: — А там — чарга. І не малая... «Глянь, гэта ж Ніл Гілевіч», — шапнуў мой спадарожнік. І сапраўды — ну ні з кім не зблытаеш: сур'ёзны, засяроджаны твар, удумлівы аўтар, мудры позірк.

Другое — некалі ў газеце «Звязда» быў надрукаваны артыкул «Магутны Ніл», а на здымку ён у такім звычайным берэціку...

За гады, дзесяцігоддзі сталага жыцця я шмат каго перачытаў, у тым ліку з нашых айчынных класікаў — да «магутнага Ніла» «даплыў» толькі цяпер. «Паэзія — вечная мара аб Шчасці, вечная прага Гармоніі ў свеце, Згоды і Ладу паміж людзьмі.

А тым часам — жахлівы прывід хаосу стукаецца ў дзверы нашага дому...»

Такімі словамі пачынаецца першы том выбраных твораў паэта, выдадзены ў 1991 годзе. Ці не пра сёняшні дзень у свеце?

А далей — чытаць, чытаць і чытаць, захапляцца веліччу роднай мовы, якая — з-пад пяра Майстра — дыяментам асвятляе думкі: любавацца вянком санетаў «Нарач» і маленечкім вершам «Белыя сыплюцца долу крышталікі...», шчыра смяяцца з герояў камедыі «Формула іржавіны».

Словы паэта і на мемарыяльным вянцы ў Хатыні: «Людзі добрыя, помніце, мы любілі жыццё і радзіму нашу, і вас, дарагія! Мы згарэлі жывымі ў агні, наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхры пажараў жыццё не ўмірала!»

«Вобраз Ніла Сымонавіча, — згадваючы як бы «сустрэчу», піша наш чытач, — і цяпер перад вачыма, — строгі і велічны, з радзімкай на правай шчацэ... Задуменны:

«У гэты век, што адвучыў маўчаць, // У кожным абудзіўшы сверб размовы, // Я веру ў нясказаныя словы, // Якім, магчыма, і не прагучаць. // Дзівак, наіўны, смешны, як дзіця, // Я веру ў іх, як веруюючы — ў догмы. // І гэтай веры хопіць мне надоўга. // Ва ўсякім разе — да канца жыцця».


Кажуць, у Празе над брамай, што вядзе на Вышаградскія могілкі, дзе знаходзіцца пантэон вялікіх чэхаў, напісана: «Хоць памерлі, але прамаўляюць»... Нашы вялікія таксама не маўчаць. «Вучыцеся і чытайце. Чытайце кнігі сур'ёзныя, — раіў не менш магутны Фёдар Дастаеўскі. — Жыццё зробіць астатняе». Калі будзе мір...

Гэта ўдакладненне — з ліста спадарыні Таццяны Чэкед з Гомеля. «Мой тата Міхаіл Міхайлавіч Сіпакоў прайшоў вайну ад пачатку да канца... У адным з баёў быў цяжка паранены, аднак пасля шпіталя зноў пайшоў на фронт і на радзіму вярнуўся пераможцам. Я заўсёды ганарылася і ганаруся сваім татам, — піша дачка. — Дзякуючы яму і яго пакаленню мы жывём пад мірным небам і ніколі не падумалі б, што ўсё пачне вяртацца назад, што ў суседстве з намі будзе адбывацца тое, што адбываецца...

Сёлетні, ужо сыходзячы, год аб'яўлены годам Міру і стваральнай працы. Як жа зрабіць, каб не толькі гэты, але і ўсе наступныя гады, дзесяцігоддзі былі якраз такімі, без кровапраліцця?»

Дзеля дасягнення гэтай мэты, на думку Таццяны Міхайлаўны, усе «народы павінны аб'яднацца ў адно цэлае, як тыя ж пяць пальцаў, і зрабіць ўсё! Толькі яднанне і ўзаемаразуменне, толькі спагада і любоў уратуюць мір».

І свет, як выглядае, таксама.


«На свята Перамогі мы заўсёды збіраемся разам, — піша Наталля Сівак з Чэрвеньскага раёна. — Гэтая традыцыя — яшчэ з маленства, калі да таты прыходзілі яго сябры-франтавікі, сядзелі за сталом, успаміналі жывых і загінулых, спявалі ваенныя песні. Так было штогод, пакуль татулечка быў жывы. Я расказвала пра яго і гэтыя сустрэчы сваім дзецям, цяпер расказваю ўнучкам. Традыцыя, дзякуй богу, не абрываецца.

Вось і сёлета надвячоркам прыехалі мае сын і дачка са сваімі сем'ямі. Абняліся, парадаваліся сустрэчы. Толькі ўнучка Ірынка была чамусьці надта сур'ёзная. «Я хачу табе нешта расказаць», — паабяцала мне, і мы з ёй прыселі на канапу. «Ведаеш, бабуля, аднойчы на нашу краіну напалі «фуршысты». Яны ўсіх забівалі. Нават маленькіх дзяцей, — голас у малечы дрыжаў, у вочках блішчэлі слёзы. «А хто ж такія фуршысты?» — спыталася я. «Гэта такія маленькія зялёныя жывёліны...» (Магчыма, выхавацелька ў садку нешта расказвала пра зялёную форму фашыстаў? Магчыма, ужывала слова «нелюдзі», якое дзіця зразумела па-свойму... І тым часам працягвала расповед). «Фуршысты прыехалі да нас на танках. А Сонін дзядуля быў танкістам. Ён давіў іх, давіў...»

— Я ўзяла ўнучку за руку, — працягвае Наталля Рыгораўна, — і падвяла да партрэта майго таты. Сказала: «Гэта, Ірачка, твой прадзядуля Грыша. Ён лятаў на самалёце і з неба страляў па фашыстах, збіваў іхнія самалёты...»

Простымі словамі я пастаралася расказаць дзіцяці пра тую вайну, пра Свята Перамогі. Паказала ўзнагароды прадзеда, які і сапраўды быў паветраным стралком-радыстам 207 Керчанскага гвардзейскага асобнага разведвальнага авіяцыйнага палка. Звалі яго Рыгор Паўлавіч Зольнікаў... Дадала яшчэ, што 9 Мая, у дзень Свята (ад слова «святое»!), людзі прыносяць кветкі салдатам-пераможцам.

Мы таксама нарэзалі прыгожы букет цюльпанаў і нарцысаў, паклалі каля помніка, што стаіць у нашай вёсцы. Але спачатку зрабілі некалькі фотаздымкаў дома. На іх Ірынка ў салдацкай форме і з партрэтам прадзеда».

Так з пакалення ў пакалення перадаюцца традыці, памяць.


«Па вечарах (бо днём жа справы і няма калі...) мы часта гутарым з сяброўкай-зямлячкай пра свой Давыд-Гарадок, пра наша дзяцінства, школу, агульных знаёмых, — піша спадарыня Валянціна Гудачкова. — Неяк раз сталі ўспамінаць тыя часы, калі толькі пераехалі ў Жыткавічы, калі пачулі мясцовую гамонку. Нам так смешна тады было: пра вельмі зручную рэч тут казалі «таке лоўке», пра нешта высокае — «нагле», падворак называўся (і называецца) селішчам, пайсці ў краму — значыць, пайсці «на горад», а хутка пайсці (альбо нешта зрабіць) — гэта ўжо «мітэлем» — не іначай.

Адна маладзіца вось гэтак, мітэлем, збіралася — спяшалася на спатканне. На паўдарозе ўспомніла, што «свісток не намазала». Не ведаеце, што б гэта значыла? Тады скажу: вусны не падчырвоніла...

Вакол нас вельмі шмат прыгожага і цікавага. Не лянуйся толькі — глядзі ды слухай, шануй...

А яшчэ — дададзім — запамінай, успамінай і... пішы — для сябе, бо шмат што забудзешся, для дзяцей і ўнукаў, бо гэта мо цяпер, малым, ім не трэба, а потым — як знойдуць, для іншых людзей, бо многім сапраўды цікава. Старая показка: «Адзін з'еш хоць вала, — адна і хвала». Дзяліцца трэба і тады...


Дзень добры, мая любімая «Звязда»! Пяць разоў на тыдзень да нас прыходзяць твае свежыя нумары, і я тады адразу ж кідаю ўсе справы, — піша спадарыня Бабко-Аляшкевіч з Салігоршчыны, — саджуся чытаць і заўсёды знаходжу нешта цікавае, аб чым нават не здагадалася б спытаць разумнага інтэрнэту! А тут — акуляры начапіў і нешта даведаўся, аб нечым задумаўся, успомніў, усміхнуўся, парадаваўся. Дзякуй вам... Яшчэ і за тое, што даяце слова сваім чытачам, знаходзіце месца для іх творчасці, для тых жа «праўдзівых гісторый». На мае, змешчаныя ў газеце, прыходзяць водгукі з многіх куткоў краіны. Значыць, людзі не забылі сваю родную мову, чытаюць на ёй — і «Звязду» таксама, а хто-ніхто з маіх знаёмых, можа, стаў і падпісчыкам?

Хацелася б верыць! Яшчэ і спадару Івану Янкову з Мінска, які дзякуе газеце «за яе нястомную і вельмі патрэбную працу, за тое, што «Звязда» не дае беларусам забыць, што яны беларусы, за тое, што ў «Неасабістым суб'ектыве», у «Нефармаце», у «Простай мове», «Ігуменскім тракце» аўтары пішуць як быццам пра сябе, пра свае ўражанні ды ўспаміны. І ў той жа час — гэта як бы пра мяне, а можа, і пра ўсіх беларусаў, бо ў нас агульная доля і агульная зямля са шчодрымі лясамі і палямі, з прыгожымі кветкамі...

Але ж на ёй яшчэ — безліч напамінаў пра мінулыя войны, на ёй — вёскі і вёсачкі, у якіх ледзьве ліпіць жыццё, пітушчыя бацькі, дзіцячыя дамы і дамы састарэлых... «Звязда» працуе каб зберагчы нашы душы, а ў іх — родную мову і культуру, каб не дазволіць забыць перажытае, каб засведчыць і будучым пакаленням расказаць, як мы жылі.

У гэтым ды многіх іншых, скажам так, неэлектронных лістах, дзе пакуль яшчэ застаецца месца для нечага «неістотнага», у канцы — прыпіска: «Па-ранейшаму застаюся з вамі».

А ў спадарыні Ніны Суран з вёскі Горная Рута, што ў Карэліцкім раёне, — нават верш «у тэму»:

Гэта пэўна ўжо любоў:

Я, «Звязда», з табою зноў!

Ты, хоць зорка, —

ды не з неба,

Ты — была і ёсць, што трэба!

Якой — і «была, і ёсць» — Ніна Іванаўна ведае як, магчыма, ніхто ці нямногія з нашых чытачоў, бо пастаянна выпісвае і чытае «Звязду»... 48 гадоў (!).

Здымаем капялюш, як той казаў, дзякуем за вернасць — ёй і, карыстаючыся выпадкам, усім, хто ў першы ці чарговы раз аформіў падпіску, хто чытаў і будзе чытаць па-беларуску (магутнага Ніла, Купалу і Коласа, Барадуліна і Бураўкіна, Караткевіча... Найстарэйшую беларускую «Звязду»), хто пісаў і, магчыма, будзе пісаць нам.

А ўжо якой пошце даверыць дастаўку, не так і важна: мы рады кожнаму лісту — у канверце і без. Толькі б з адрасам ды нумарам тэлефона — для аператыўнай зваротнай сувязі.

Аддзел пісьмаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.