Вы тут

Савет па біялагічнай бяспецы пры Саўміне створаны ў Беларусі


Пры Савеце Міністраў створаны Савет па біялагічнай бяспецы. Яго склад зацверджаны пастановай урада № 634 ад 28 верасня 2023 года, якая афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.


Згодна з дакументам узначаліць Савет прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Намеснікамі старшыні савета сталі намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка і старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. У складзе савета таксама міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

У Савет таксама ўвайшлі дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Ганчароў, Дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Уладзімір Гарбуноў, намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Невяроўскі і інш.

Савет па біялагічнай бяспецы пры Савеце Міністраў вызначаны як пастаянна дзеючае фарміраванне ў галіне забеспячэння біялагічнай бяспекі, якое ажыццяўляе каардынацыю работы па папярэджанні, выяўленні і зніжэнні біялагічных рызык, звязаных з негатыўным уздзеяннем небяспечных біялагічных фактараў на здароўе чалавека, жывёл, расліны, прадукцыю жывёльнага, расліннага паходжання і (або) навакольнае асяроддзе.

У абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі праблематыка біялагічнай бяспекі выдзелена асобным раздзелам. Як адзначыў 13 верасня падчас нарады ва ўрадзе прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, актуальнасць гэтага пытання з кожным годам толькі ўзрастае. Больш за тое, у апошняе дзесяцігоддзе назіраецца інтэнсіўнае распаўсюджванне шэрагу небяспечных інфекцыйных захворванняў сярод людзей і жывёл. «Гэта і ўспышкі цяжкіх рэспіраторных захворванняў, і пандэмія COVID-19, і панзаотыя афрыканскай чумы свіней, высокапатагеннага грыпу птушак і іншых. Мы бачым, што цяпер адбываюцца ўспышкі быццам бы даўно пераможаных хвароб чалавека і жывёл, нарастае праблема распаўсюджвання мікраарганізмаў, устойлівых да лячэння антыбіётыкамі», — растлумачыў тады кіраўнік беларускага ўрада.

Таксама, паводле яго слоў, вельмі вялікія асцярогі выклікае дзейнасць асобных дзяржаў па эксперыментаў у сферы мікраарганізмаў, біялагічныя лабараторыі незразумелага прызначэння. «Больш за тое, мы назіраем актыўнасць шэрагу краін, у тым ліку суседніх з намі, па даследаванні геному чалавека, жывёл, раслін, працы з патагеннымі мікраарганізмамі. І не заўсёды гэта мае на мэце стваральную навуковую цікавасць», — пазначыў праблематыку прэм’ер-міністр.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.