Вы тут

Ветэраны — гэта не ўзрост, гэта досвед


Сёлета Дзень пажылых людзей супаў з Днём настаўніка, што надзвычай сімвалічна. Бо хто, як не людзі шаноўнага ўзросту, могуць навучыць моладзь не толькі вучэбным прадметам, але і жыццёвым тонкасцям. Хто лепей за іх можа перадаць свой досвед і веды не дзеля адзнак, а для таго, каб маладое пакаленне стала лепшым за папярэдняе і магло спраўляцца з выклікамі, абапіраючыся на прыклад старэйшых. У спорце гэта працуе бездакорна. Так, спаборніцтвы, канкурэнцыя і падыходы да трэніровак мяняюцца пастаянна, але трэніроўкі сілы духу, настрой на барацьбу і адказнае стаўленне да сваёй працы ў спорце неабходныя ва ўсе часы. Маладым спартсменам пашанцавала, пра ўсё гэта ім могуць расказаць старэйшыя калегі, што і адбылося падчас сустрэчы актыву грамадскага аб'яднання «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» з навучэнцамі Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву.


«Вельмі важна, што ў нашай краіне адзначаюць Дзень пажылых людзей. Гэта даніна павагі да людзей сталага веку. Маёй маме нядаўна споўнілася 97 гадоў, і я схіляюся перад тым, што зроблена ёй, схіляюся перад нашымі ветэранамі спорту», — адзначыла Антаніна Кошаль, старшыня ГА «Ветэраны фізічнай культуры і спорту», першая алімпійская чэмпіёнка, выпускніца РГУАР. Яна расказала, што падчас яе вучобы ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ўмовы для трэніровак былі далёка не такімі, як цяпер. Пра гэта ведаюць і многія іншыя алімпійскія чэмпіёны. Антаніна Кошаль пажадала маладым спартсменам шанаваць тое, што яны маюць, і не забываць прыслухоўвацца да дарослых.

На сустрэчы прысутнічала і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава: «Ветэраны — гэта не колькасць гадоў, указаных у пашпарце. Ветэраны — гэта людзі, якія могуць ганарыцца сваім вопытам. Не кожнаму спартсмену-пачаткоўцу пашчасціць пазнаёміцца з легендамі спорту», — сказала яна. Асобна Таццяна Філімонава звярнулася да маладых спартсменаў: «Гэта ўнікальныя людзі, яны сталі алімпійскімі чэмпіёнамі, калі адной сотай часткі таго, што сёння ёсць у нашай краіне, не было. І яны могуць з поўнай упэўненасцю сказаць, што ў вас ёсць усё, каб таксама прыйсці да перамогі і праславіць нашу краіну. Я ўпэўнена, што ўсё ў вас атрымаецца. Тым больш ёсць такія людзі, якія гатовыя і шчаслівыя перадаваць свой вопыт».

Беларуская алімпійская акадэмія прапанавала ветэранам спорту ўбачыць свае значныя выступленні, а маладым спартсменам паказала, на што былі здольныя савецкія спартсмены. «Моладзь — гэта будучыня. А будучыня залежыць ад таго, якія каштоўнасці мы закладзём у наша маладое пакаленне. І вось гэтая пераемнасць пакаленняў, якую мы сёння назіраем паміж спартсменамі, я ўпэўнена, станоўча паўплывае на нашу моладзь. І вельмі прыемна, што ў нашых маладых спартсменаў ёсць магчымасць пераймаць бясцэнны вопыт старэйшага пакалення з першых вуснаў, з першых рук», — падкрэсліла Наталля Апанчук, дырэктар Беларускай алімпійскай акадэміі. Кадры хронікі перанеслі ўдзельнікаў сустрэчы ў мінулае, выклікалі лёгкую настальгію ў дарослага пакалення і мноства пытанняў у пакалення маладога. Сустрэча аказалася душэўнай і ў той жа час карыснай, бо юныя спартсмены атрымалі сапраўдныя чэмпіёнскія ўрокі, якія будуць карысныя не толькі ў спорце.

Антаніна Кошаль — мэтанакіраванасць і псіхалагічная ўстойлівасць

У алімпійскай чэмпіёнкі па спартыўнай гімнастыцы 1972 года пацікавіліся, якімі якасцямі павінен валодаць чэмпіён. Найперш яна назвала мэтанакіраванасць, якая дазваляе пераадольваць усе цяжкасці. Расказала, што для таго, каб адабрацца на алімпійскія спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы, трэба было прайсці мноства выпрабаванняў. Нават прыехаўшы ў Мюнхен у 1972 годзе, Антаніна Кошаль да апошняга не ведала, ці будзе яна ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Але мэтанакіраванасць і працаздольнасць прывялі яе ў шасцёрку найлепшых гімнастак Савецкага Саюза, а затым і на алімпійскі п'едэстал.

Аляксандр Раманькоў — патрыятызм

Сустрэча з ветэранамі спорту аказалася вельмі шчаслівай для спартсменаў, якія вучацца на аддзяленні фехтавання: яны сустрэліся з Аляксандрам Раманьковым, алімпійскім чэмпіёнам, двухразовым сярэбраным і двойчы бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў па фехтаванні. Як пажартаваў Аляксандр Анатольевіч, з моманту свайго алімпійскага трыумфу ў 1988 годзе ён не зусім не змяніўся. Алімпійскі чэмпіён даў маладым спартсменам урок патрыятызму. «Калі я працаваў у Аўстраліі, мне прапанавалі памяняць грамадзянства. Але пасля майго адказу да мяне з такімі пытаннямі ніхто не падыходзіў. Я сказаў, што мая родная Беларусь ні ў чым перада мной не вінаватая, гэта я ёй вінен за тое, што яна выхавала і за тое, што яна для мяне зрабіла», — расказаў ён. Асобную параду Аляксандр Анатольевіч даў і юным фехтавальшчыкам: «У фехтаванні галоўнае — зрабіць усё своечасова. А з якой хуткасцю — няважна». Прынамсі, каштоўная парада не толькі для фехтавання.

Леанід Тараненка — падтрымка блізкіх

З нядаўняга чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы беларуская каманда вярнулася ўсяго з адным медалём. Вынік не сказаць, каб надта добры. Але ў гісторыі айчыннай штангі ёсць сапраўды слаўныя старонкі. Адна з іх звязана з імем алімпійскага чэмпіёна 1980 года Леаніда Тараненкі. У 1988 годзе ён устанавіў сусветны рэкорд у штуршку — 266 кг, які пратрымаўся 33 гады і 3 месяцы. Гэта адзін з самых працяглых рэкордаў у гісторыі сусветнага спорту. Адказваючы на пытанне, як яму ўдалося прыйсці да такіх вынікаў, Леанід Тараненка расказаў, што ў яго была вельмі моцная падтрымка. «Ва Уладзіміра Высоцкага ёсць такія словы: «Падняцца па крутой спартыўнай лесвіцы мне дапамаглі мой трэнер, калектыў і мая сям'я». У мяне было ўсё менавіта так. Самае галоўнае — гэта трэнер, які вядзе спартсмена, і сям'я, якая яго падтрымлівае».

Сяргей Макаранка — працаздольнасць

Першы алімпійскі чэмпіён у гісторыі беларускага спорту, алімпійскі чэмпіён 1960 года ў веславанні на байдарках і каноэ Сяргей Макаранка расказаў, што дасягнуць спартыўных вяршынь яму дапамагла працаздольнасць. Жыццё алімпійскага чэмпіёна пачалося з вайны, бацька будучага спартсмена загінуў падчас абароны Брэсцкай крэпасці. У пасляваенны час умоў для заняткаў спортам не было ніякіх, а маладому хлопцу трэба было дапамагаць маці. «Я прайшоў вялікі працоўны шлях, быў матросам на рудавозе, рабочым на заводзе. Аднак займацца я хацеў толькі веславаннем і таму абраў для сябе спорт асноўным заняткам. І той досвед, які я атрымаў падчас працы на рудавозе і на заводзе, быў вельмі карысным і ў спорце, бо я ведаў, што такое праца», — прызнаўся чэмпіён.

Аляксандр Кедзяроў — адказнасць

Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1976 года па кулявой стральбе адзначыў, што ў гэтым спорце галоўнае — канцэнтрацыя, а ў жыцці — адказнасць. І часта, па яго словах, адно без другога не існуе. «Каб перамагчы мандраж перад спаборніцтвамі ці важным эказаменам, трэба: першае — засяродзіцца на сабе; другое — адэкватна рэагаваць на знешнюю інфармацыю», — расказаў Аляксандр Кедзяроў. — Ёсць такія паняцці, як «хачу» і «трэба». І перамагаць будуць тыя, хто кіруюцца паняццем «трэба». А калі гэта падмацоўваецца марай, то ўсё абавязкова атрымаецца».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.