Вы тут

55 гадоў таму ў Мехіка прайшлі Алімпійскія гульні


60 гадоў таму, у 1963-м годзе Міжнародны алімпійскі камітэт, выбраў Мехіка сталіцай ХІХ летніх Алімпійскіх гульняў. І гэта выклікала шмат рознагалоссяў і спрэчак: спартсменам вельмі складана выступаць на вялікай вышыні над узроўнем мора, а сталіца Мексікі знаходзіцца на вышыні 2300 метраў. Тым не менш, 55 гадоў таму, у 1968-м годзе, у Мехіка адкрыліся Алімпійскія гульні. Туды прыехаў 5531 спартсмен са 112 краін, што стала першым рэкордам гэтых Гульняў. Дзякуючы актыўнаму развіццю тэлебачання, больш за паўмільярда чалавек па ўсім свеце глядзелі прамыя трансляцыі алімпійскіх спаборніцтваў. Што да вышыні, то яна дапамагала ў спаборніцтвах, дзе патрэбныя інтэнсіўныя, але кароткія намаганні — у бегу на кароткія (да 800 метраў) дыстанцыі, скачках ці цяжкай атлетыцы. Але перашкаджала тым, хто спаборнічаў больш за дзве хвіліны: стайерам, плыўцам ці велагоншчыкам. Тыя Алімпійскія гульні ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «карнавал рэкордаў». Падчас Гульняў було ўсталявана 76 алімпійскіх і 28 сусветных рэкордаў. Узначальвалі гэты карнавал спартсмены з Савецкага Саюза. У складзе савецкай каманды ў Мехіка прыехалі 15 беларускіх спартсменаў. Алімпійскімі чэмпіёнамі сталі чатыры беларусы. Іх выступленні ў высокагор’і былі незабыўнымі і паднялі іх на спартыўныя вышыні. 


Алена Бялова

У Мехкіа Алена Бялова прыехала не ў статусе легенды фехтавання. У 1968-м годзе ў сілу ўзроста яна не ўваходзіла ў лік асноўных прэтэндэнтаў на алімпійскае золата. Яна ўжо была двухразовай чэмпіёнкай свету сярод моладзі і сярэбраным прызёрам першынства СССР, але ні ў адным міжнародным рэйтынгу напярэдадні Алімпіяды яе прозвішча не было. За некалькі дзён да выступлення ў Мехіка Алена Бялова атрымала траўму, адчула на сабе цяжкія ўмовы высокагор’я. Але ў 1968-м годзе дэбютантка стала чэмпіёнкай у асабістых і камандных спаборніцтвах фехтавальшчыц-рапірыстак. Алена Бялова — адзіная фехтавальшчыца, якая вярнулася з Мехіка з двума залатымі медалямі Алімпійскіх гульняў. Міжнародная федэрацыя фехтавання ўнесла Алену Бялову першым нумарам у спіс лепшых рапірыстак алімпійскага года, а на Радзіме яе ўзнагародзілі ордэнам Дружбы Народаў.

Таццяна Самусенка

У Мехіка пераможцай каманднага турніру стала яшчэ адна праслаўленая фехтавальшчыца Таццяна Самусенка. Яна ў адрозненні ад Алены Бяловай, ужо была алімпійскай чэмпіёнкай 1960-га года і сярэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў 1964-га года. 

У Мехіка наступіў зорны час гімнасткі Ларысы Петрык. За сваю філігранную тэхніку выканання элементаў беларуская гімнастка атрымала самую высокую адзнаку — 9.9 балаў і залаты алімпійскі медаль. Менавіта ў Мехіка ўвесь свет убачыў, чаго вартая Віцебская школа спартыўнай гімнастыкі. 

Ларыса Петрык

У цэнтры спартыўнага трылера ў Мехкіа апыныўся Аляксандр Мядзведзь. У 1968-м годзе ён ужо быў алімпійскім чэмпіёнам і справядліва лічыўся наймацнейшым барцом вольнага стылю ў свеце. У Мехіка ён ехаў толькі перамагаць. Да Алімпяды барцы рыхтаваліся ў Арменіі на базе Цахкадзор, прывыкалі да высакагор’я. Аляксандр Васільевіч успамінае, што іх рыхтавалі «як касманатаў»: за станам здароўя сачыла брыгада медыкаў, выкарыстоўвалі лепшыя аднаўленчыя прэпараты. Мала хто ведае, што ўсю сваю спартыўную кар’еру Аляксандр Мядзведзь правёў з арытміяй. З такім дыягназам працаваць ва ўмовах высокагор’я – адны пакуты. Нават узнімалі пытанне аб тым, што Мядзведзю варта прапусціць Гульні ў Мехіка. Але ён паехаў. «У Мехіка я, здаецца, прайшоў сем кругоў пекла. Так дрэнна, як там, мне, мусіць, ніколі не было. Сыходзіў з дывана, а перад вачыма толькі чорныя плямы. Але я нават віду не падаваў, што дрэнна сябе адчуваю. Праз некаторы час разумею: дурань я, што так здароўем сваім рызыкаваў. Але я не мог інакш, не мог спыніцца. Калі я выйшаў на дыван — значыць, я павінен перамагчы, чаго б мне гэта не каштавала. Я перамагаў, мяне дактары прыводзілі ў належны стан, і я зноў ішоў бароцца. Вядома, я надта нашкодзіў свайму здароўю. Але тады ў мяне былі думкі толькі аб перамогах», — дзеліцца чэмпіён. 

Аляксандр Мядзведзь

У такім стане Аляксандр Мядзведзь перамог вельмі моцнага суперніка Асмана Дураліева, у якім было 140 кілаграм вагі. Класічнай стала гісторыя, як падчас гэтай сутычкі Дураліеў сказаў Мядзведзю: «Сашка, супакойся, вазьмі свой бал і дай прайграць прыгожа». А чаго варты легендарны фінал супраць Вільфрыда Дзітрыха. Спрабуючы ўхапіць Мядзведзя за кісць, Дзітрых стукнуў таго па адзінцы (вялікім пальцы). «Здавалася, храбусценне пачуў на ўсю залу, а мой палец апынуўся ненатуральна выгінастым. А ў мяне маланкай у галаве прамільгнула думка: „Звярнуся да доктара — знімуць з турніру, у фінале“. Я імгненна прымаю рашэнне ўпраўляць палец. Пстрычка і ён становіцца на месца. Дзітрых ад убачанага аж збялеў. Перамагчы яго ўжо не ўяўляла ніякай цяжкасці», — расказвае Аляксандр Васільевіч. 

Так Аляксандр Мядзведзь другі раз стаў алімпійскім чэмпіёнам. Перамог насуперак усяму. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.