Вы тут

У Магілёўскім раёне сёлета атрымалі не толькі ўраджай зерневых, але і экзатычных пладоў


Навіна пра тое, што ў агракамбінаце «Зара» спеюць бананы, хутка абляцела краіну. Сёння адкуль толькі сюды не прыязджаюць, каб падзівіцца на незвычайную з’яву. Карэспандэнт «Звязды» таксама адправілася ў славутую гаспадарку высвятляць падрабязнасці.


— Унук па справах паехаў у Гродна, а яму гавораць: гэта ж трэба — у Магілёве бананы вырасцілі! Ён жартам ім у адказ: дык гэта ж мая бабуля паклапацілася, — усміхаецца загадчыца па гаспадарцы Галіна Макар і дадае: — Мы тут самі не чакалі такога сюрпрызу.

Бананавыя расліны ў адміністрацыйным будынку аграгаспадаркі «Зара» растуць ужо 16 гадоў, але плады на іх з’явіліся ўпершыню. Былы легендарны кіраўнік «Зары» Леанід Маісееў спецыяльна ствараў умовы для экзатычнага саду. З яго лёгкай рукі адміністрацыйны будынак упрыгожыўся своеасаблівым фае-аранжарэяй. Першае, што трапляе на вочы, калі заходзіш у яго, — гэта шырокая лесвіца на другі паверх, за якой і адкрываецца від на зялёны аазіс з трапічнымі раслінамі. На 20 квадратных метрах буяюць манстэра, фікус, малачай белажыльчаты, дыфенбахія, традэсканцыя, спацыфілумы, падобны на папаратнік адзіянтум, які яшчэ называюць Венерын волас. Але саліруюць, канешне, бананы з іх раскідзістым шырокім лісцем.

Адказныя за ландшафтны дызайн спецыялісты — да Галіны Аляксееўны далучаецца яшчэ і непасрэдны даглядчык аранжарэі, кветкавод Людміла Навуменка — запрашаюць больш дэталёва пазнаёміцца з дзівам.

— Прыбудова ўзводзілася з такім намерам, каб выдзеліць зону з аранжарэяй, — расказваюць суразмоўніцы. — І першай раслінай, па пажаданні Леаніда Маісеева, стаў менавіта бананавы саджанец.

Каб яго росту нічога не замінала, прыбудову запраектавалі так, каб з першага паверха і да самой столі быў скразны праём. Атрымалася, што зялёны астравок ёсць не толькі на першым паверсе, але і на другім. Другі наогул нагадвае аглядную пляцоўку, якая дае магчымасць палюбавацца прыгажосцю з усіх бакоў. Тут жа знаходзяцца працоўныя кабінеты. Пальмы цягнуць да іх свае лісты і, напэўна, праніклі б і ўнутр, калі б іх крыху не падразалі. Пад столлю шмат святла, якое пранікае праз размешчаныя па перыметры вокны. Лісты ўпіраюцца ў шкло і, калі б не перашкода, даўно выскачылі б на вуліцу і накрылі сабой будынак.

Людміла Навуменка, якая працуе ў гаспадарцы з 1983 года, усміхаецца, што Леанід Маісееў вельмі клапаціўся пра экзатычную расліну і жартам казаў, што за яе галавой адказваюць. А работніца сапраўды перажывала. Спачатку расліна прыжывалася цяжка, даводзілася кансультавацца са спецыялістамі. Але потым замацавалася і з тых часоў не перастае радаваць. Саджанец, як толькі асвоіўся, за тры гады вымахаў да столі. І не толькі выцягнуўся, але яшчэ і даў шмат адросткаў. Так што цяпер тут ужо не адно, а некалькі дрэўцаў. Утварылася такая магутная каранёвая сістэма, што яны перыядычна паяўляюцца то тут, то там. Хаця дрэвам бананавую расліну называць можна толькі ўмоўна. Па-навуковаму гэта трава.

— Пад нашымі экзотамі нават падмурка няма, — бянтэжаць мяне суразмоўніцы. — Карані сыходзяць у адкрыты грунт. Але зімой яны не замярзаюць. Будынак ацяпляецца, і караням дастаткова камфортна. Тым больш што мы рэгулярна падкормліваем расліны, вясной азот уносім, восенню — фосфарна-калійныя ўгнаенні — яны ў нас ўсе мікраэлементы атрымліваюць. Грунт спецыяльны, дзе ўсё збалансавана.

Дрэвападобная трава зелянее ўсім работнікам на радасць, а наведвальнікаў часам прыводзіць у зман. Летась гаспадарку па справах наведала кіраўнік беларускага парламента Наталля Качанава. І спачатку нават не паверыла, што гэта жывыя расліны. Прыйшлося Галіне Макар расказваць гісторыю пра захапленне былога кіраўніка Леаніда Маісеева. На жаль, пладоў ён так і не дачакаўся, хаця і марыў.

Цуд адбыўся сёлета. У канцы чэрвеня супрацоўніцы звярнулі ўвагу на нейкі незвычайны «бутон» пад лістотай на адной з пальмаў. Ён быў падобны на кукурузны пачатак і хутка павялічваўся ў памерах. Тым часам выстраліла і другая расліна, якая таксама выпусціла квітнеючую стралу. Праз некалькі тыдняў пачаткі на дрэвах разгарнуліся, усе ўбачылі гронкі маленькіх зялёных бананаў і адчулі неверагодна прыемны фруктовы пах. Работнікі па чарзе бегалі любавацца незвычайнай з’явай. Ахалі, рабілі сэлфі на фоне незвычайных пладоў, захапляліся салодкім водарам і ўслых абмяркоўвалі незвычайную з’яву. Цікава, і з чым гэта звязана?

— Напэўна, лета было спякотнае, і «пальмы» адчулі сябе ў сваёй стыхіі, — мяркуюць мае экскурсаводы. — Бананавая расліна наогул непрадказальная. А магчыма, яна так аддзячыла за любоў і клопат, якімі тут яе акружылі. Мы іх вельмі любім, вось і яны пацягнуліся да нас з любоўю.

Магчыма, паўднёвыя жыхары адчулі глабальнае пацяпленне? Жыхары Афрыкі, Індыі цяпер вось беларускія прасторы асвойваюць. Пакуль, праўда, у аранжарэі.

— За бананавымі раслінамі вельмі цікава назіраць, — расказвае Галіна Макар. — Спачатку з’яўляецца такі зялёны слуп, а потым раскручваецца і пакрывае ўсё вакол сябе лісцем. Бачыце, пад столлю яны нават загнуліся. Вышыня іх 15 метраў, а дай ім волю, яны яшчэ на 10 метраў вымахаюць. Перыядычна прыходзіцца не толькі абразаць лісце, але і цалкам высякаць расліны. Вунь, бачыце пянькі засталіся. У іх нават ёсць кольцы, як у звычайных дрэў. Але ж расце хутка, як трава. Калі не рэгуляваць працэс, тут утварыўся б бананавы гай. Цяпер маем чатыры дарослыя расліны і шмат падлеткаў.

Першапачаткова ў зялёнай зоне быў зроблены яшчэ і акварыум з фантанам, але рыбкі там не прыжыліся. Тады яго засыпалі пяском і аддалі пад расліны. Некаторыя экзоты капрызнічаюць, ім не хапае святла і цяпла. Галіна Аляксееўна перасадзіла сюды інжыр, які ўжо пладаносіў, а ён загінуў. Нешта не спадабалася.

— У нас яшчэ і цяпліца ёсць, там для цеплалюбівых раслін больш камфортна і светла, — удакладняе спецыяліст. — У нас там і лімоны пладаносяць, і лаўр вымахаў высачэзны. Вырошчваем таксама расаду для азелянення. Усё, што бачыце каля нашага адміністрацыйнага будынка, а таксама на іншых аб’ектах — кароўніках, цялятніках, свінафермах, — вырашчана выключна нашымі рукамі. У нас вельмі шмат руж, гартэнзій. Нават з дрэвамі эксперыментуем. Раней на тэрыторыі агракамбіната раслі таполі, рабіны, дубы, клёны. Цяпер іх пацяснілі хвойнікі, істотна змяніўся ландшафт, стаў крыху паўднёвым.

— Але строіць планы па ўпрыгожванні тэрыторыі бананамі пакуль не спяшаемся, — смяюцца суразмоўніцы. — Добра, што яны ў нас у аранжарэі прыжыліся. Спадзяёмся, налета таксама будуць плады. Кажуць, што патрэбна пэўная каранёвая маса, каб яны выспявалі.

Тым не менш аранжарэя з бананавымі «пальмамі» сёння адна з візітак агракамбіната.

— Хоць на «Дажынках» нашы дасягненні ў вырошчванні бананаў не адзначалі, адчуваем глыбокае задавальненне, — смяюцца жанчыны і дадаюць: — У нас тут аўра ведаеце чаму такая добрая? Гэта таму, што наша кіраўніца Кацярына Зароўская вельмі адказная, за ўсё турбуецца і перажывае. Расліны гэта таксама адчуваюць.

Добра было б пакаштаваць на смак беларускія бананы, але восень крыху запаволіла працэс выспявання. Наўскідку з кожнай гронкі пладоў па 60 будзе.

Аграном аграгаспадаркі Яўген Сялюгін усміхаецца, што бананы хоць і прыцягнулі ўвагу ўсіх да «Зары», стаўку гаспадарка робіць на традыцыйныя зерневыя і зернебабовыя культуры. Іх сёлета тут было сабрана 26 тысяч тон пры ўраджайнасці 46 цэнтнераў з гектара. «Усе першыя месцы забралі на раённых «Дажынках», — задаволены аграном.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Магілёўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.