Вы тут

Сакрэты даўгалецця: генетыка, медыцына ці лад жыцця?


Мы ўсе з вамі з’яўляемся носьбітамі ўнікальнай генетычнай інфармацыі. ДНК чалавека можа расказаць пра многае: напрыклад, пра яго схільнасць да развіцця тых ці іншых захворванняў, індывідуальную адчувальнасць да лекавых прэпаратаў, перспектывы спартыўных перамог, наяўнасць неспрыяльных для заняткаў спортам генаў і пра яго псіхаэмацыянальныя асаблівасці. Ёсць нават ген, які ўплывае на імпульсіўныя падыходы да халадзільніка...


Не прысуд, а кіраўніцтва да дзеянняў

ДНК-тэсціраванне дазваляе ўстанавіць генетычныя фактары рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, атэрасклерозу, астэапарозу, дыябету, вянозных трамбозаў, рэўматоіднага артрыту, аўтаімунных захворванняў і гэтак далей. Асабліва актуальная такая інфармацыя для людзей, сваякі якіх мелі ў анамнезе гэтыя захворванні.

У Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій зрабіць генетычны пашпарт можа абсалютна любы чалавек.

— Генетычны пашпарт — адзін з брэндаў нашага інстытута. Ён з’яўляецца абавязковым этапам персаналізаванай медыцыны, заснаванай на індывідуальных асаблівасцях чалавека, — падкрэслівае намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Павел Марозік. — Афармленне такога дакумента можна разглядаць як кіраўніцтва да дзеяння. Атрыманыя веды дазваляюць ажыццявіць раннюю дыягностыку паталогій, карэктна вызначыць прагноз развіцця небяспечных ускладненняў і правільна выбраць метады прафілактыкі і лячэння. У выпадку неспрыяльнай спадчыннасці чалавек зможа скарэкціраваць свой лад жыцця, харчаванне, каб хвароба ў будучыні не праявілася. Мы сёння можам вызначаць рызыку ўзнікнення 19 сацыяльна значных захворванняў.

Калі раней вучоныя стараліся максімальна распаўсюдзіць у медыцынскім асяроддзі інфармацыю пра важнасць і магчымасці генетычнага тэсціравання, то сёння ўжо самі ўрачы звяртаюцца да нас у цяжкіх клінічных выпадках для генетычнага даследавання, каб устанавіць прычыну захворвання і зрабіць прагноз па яго працяканні. Акрамя гэтага, дзякуючы поўнагеномнаму секвеніраванню мы можам выяўляць найбольш распаўсюджаныя мутацыі ў беларускай папуляцыі і ў далейшым з дапамогай сучасных метадаў апрацоўкі інфармацыі вызначаць генетычны профіль насельніцтва. Гэта дазволіць сфарміраваць групы павышанай рызыкі па розных паталогіях і прагназаваць іх далейшае развіццё.

Унікальная калекцыя ДНК

Улічваючы тэндэнцыі развіцця генетыкі, многіх цікавіць пытанне падаўжэння жыцця чалавека. Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што працягласць жыцця залежыць ад генетыкі чалавека, ладу жыцця і навакольнага асяроддзя, а таксама сацыяльнай сферы, куды ўваходзіць і ахова здароўя. Уклад сацыяльнай сферы і ўзроўню аховы здароўя мінімальны — усяго ад 5 да 10 працэнтаў, а астатнія тры групы дзеляцца прыкладна пароўну. Гэта азначае, што генетыка вызначае даўгалецце чалавека прыкладна на 25–30 працэнтаў.

— Аднак наш лад жыцця, харчаванне і фізічная актыўнасць напрамую прадвызначаюцца генетычнымі асаблівасцямі, — тлумачыць вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Алена Міхаленка. — З 2018 года мы распачалі комплексныя даследаванні па праблеме даўгалецця. Яны праводзяцца вучонымі сумесна з БелМАПА і Мінскім абласным клінічным шпіталем інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава. Навукоўцамі-генетыкамі сабрана ўнікальная калекцыя ДНК. У ёй захоўваюцца ўзоры біяматэрыялу 190 доўгажыхароў (гэта людзі старэйшыя за 90 гадоў) і каля 500 чалавек ва ўзросце ад 60 да 89 гадоў. Сабраная калекцыя дазволіць навукоўцам-генетыкам даследаваць сакрэты даўгалецця нават пасля таго, як гэтыя людзі сыдуць з жыцця.

Па словах Алены Міхаленкі, першы кірунак даследаванняў звязаны з вывучэннем асаблівасцяў энергетычнага стану чалавека. Для гэтага адбіраліся пэўныя гены, якія ўплываюць на вугляводны і тлушчавы абмены, дапамагаюць арганізму пераадольваць акісляльны стрэс і неспрыяльныя ўздзеянні навакольнага асяроддзя.

Другі кірунак — гэта вывучэнне групы генаў, якія кантралююць актыўнасць шэрагу бялкоў і ферментаў. Дзякуючы ім навукоўцы выявілі пэўныя гены, нармальнае функцыянаванне якіх забяспечвае якасную работу цэлага шэрагу сістэм арганізма.

— Мы ўстанавілі, што ўзровень біяхімічных паказчыкаў крыві вызначаецца пэўнымі генамі і іх асаблівасцямі, — кажа Алена Міхаленка. — Высветлілася, што нават у тых пацыентаў, якія вядуць здаровы лад жыцця, сустракаюцца асаблівасці геному, якія правакуюць павышаныя ўзроўні халестэрыну і трыгліцэрыдаў у крыві. Яны могуць сустракацца і ў сваякоў. Таму неабходна генетычнае тэсціраванне блізкіх, каб у маладым узросце можна было адкарэкціраваць звычкі і рэжым харчавання, тым самым своечасова папярэдзіць развіццё шэрагу захворванняў, звязаных з парушэннем тлушчавага абмену. Такім людзям нараўне з захаваннем правільнага ладу жыцця патрэбна дадатковая карэкцыя тэрапіі, каб даўжэй захаваць актыўны лад жыцця.

Таксама высветлілася, што цукровы дыябет сустракаўся ў 7 працэнтаў доўгажыхароў, у другой групе лічбы былі вышэйшыя — захворванне дыягнаставанае ў 25 працэнтаў людзей. Можна меркаваць, што гэта сацыяльна значнае захворванне ўплывае на працягласць жыцця. Значыць, пацыенты проста не дажываюць да пэўнага ўзросту ў сілу таго, што ўзнікае само захворванне, пагаршаецца стан пацыента, і ён памірае раней.

Як адкарэкціраваць мікрабіём?

Яшчэ адзін кірунак — вывучэнне мікрабіёму доўгажыхароў. Мікрабіём — гэта ўнікальная супольнасць мікраарганізмаў, якія засяляюць канкрэтнае асяроддзе — тканкі і органы жывых арганізмаў, глебу, водныя экасістэмы і г. д. У прыватнасці, у нашым арганізме ўтрымліваецца больш як 35 трыльёнаў мікраарганізмаў. Мікрабіём уплывае на страваванне, імунную сістэму, гаенне ран, прафілактыку хвароб, кагнітыўныя функцыі і нават эмоцыі ў чалавека. Без яго мы былі б няздольныя засвойваць вітаміны і пажыўныя рэчывы, зусім інакш паводзілі б сябе і непрадказальна рэагавалі б на інфекцыі. Усе запаленчыя працэсы ў кішэчніку звязаны з парушэннямі мікрабіёму. Мікрабіём у людзей старэйшага ўзросту адрозніваецца ад мікрабіёму ў маладых. Даказана, што мікрабіём уплывае на працягласць жыцця.

Навукоўцамі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі былі атрыманы вынікі, якія ўзгадняюцца цяпер з данымі расійскіх вучоных.

— У людзей, старэйшых за 80 гадоў, было выяўлена павышанае ўтрыманне бактэрыі Akkermansіa. Расійскія навукоўцы правялі даследаванні функцыянальнай значнасці гэтай бактэрыі і паказалі, што менавіта яна ў ходзе свайго росту і развіцця спажывае бялок муцын, які ёсць у кішэчніку. Абнаўленне гэтага муцыну прыводзіць да таго, што ў людзей значна радзей развіваюцца хранічныя запаленчыя захворванні. І ў цэлым гэта ўплывае на стан здароўя і прадухіляе развіццё сацыяльна значных захворванняў, — тлумачыць Алена Міхаленка. — Даследаванні расійскіх калег таксама паказалі, што колькасць Akkermansіa ў спартсменаў вышэйшая, чым у людзей, якія вядуць пасіўны лад жыцця. Нармалізаваць наш мікрабіём можна з дапамогай прабіётыкаў, прэбіётыкаў, малочнакіслых заквасак і ў цэлым карэкцыі харчавання. Гастраэнтэролагі, дыетолагі, ведаючы ўвесь спектр асаблівасцяў мікрабіёму чалавека, яго лад жыцця, прафесію, могуць не толькі падоўжыць актыўнае жыццё пацыента, але і мінімізаваць развіццё хранічных захворванняў — сардэчна-сасудзістых паталогій, дыябету першага і другога тыпу, касцёва-мышачных паталогій, аўтаімунных захворванняў і шэрагу іншых.

Даследаванне працягваецца. І навукоўцам яшчэ трэба будзе высветліць, што неабходна рабіць, каб мы не проста жылі 90 гадоў, а жылі актыўна. Трэба быць нацэленымі менавіта на актыўнае даўгалецце. Пасля таго як вучоныя сумесна з медыкамі прааналізуюць і абагульняць усе вынікі, будзе прадстаўлены план карэкцыі ладу жыцця і лячэння пацыентаў.

Не спадзявацца на генетычны код

Па словах галоўнага няштатнага спецыяліста па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людмілы Жылевіч, людзі сёння жывуць даўжэй. За апошнія 100 гадоў сярэдні ўзрост павялічыўся амаль на 20 гадоў. Жанчыны жывуць у сярэднім 78,4 года, мужчыны — на 10 гадоў менш.

У Беларусі доўгажыхароў (а доўгажыхарамі лічацца людзі ад 90 гадоў і старэйшыя) — каля 400 чалавек.

— Генетычная спадчыннасць не заўсёды з’яўляецца залогам даўгалецця, — канстатуе Людміла Жылевіч. — Выдатна, калі чалавек кажа: «У мяне ў родзе ўсе былі доўгажыхарамі» і настройвае свой мозг і жыццёвыя сістэмы на актыўнае даўгалецце. Але здараецца, што людзі, у каго сярод сваякоў былі доўгажыхары, нярэдка самі маюць кароткі перыяд жыцця. Напэўна, надзея толькі на генетычны код расслабляе, і чалавек не займаецца ўласным здароўем. А здароўе — тая сістэма, якая патрабуе пастаяннага кантролю, назірання і карэкцыі ў выпадку змянення параметраў.

Траекторыя старэння залежыць не толькі ад генетыкі. Навакольнае асяроддзе, наша харчаванне, мікрабіём, лад жыцця, клопат аб здароўі, своечасовы зварот па медыцынскую дапамогу — усё гэта таксама абавязковыя складальнікі даўгалецця. Даказана, што лад жыцця можа павялічыць яго працягласць на 10–20 гадоў.

«Між іншым, чалавеку важна ведаць, якія генетычныя праблемы ёсць у яго родзе. Гэта дазволіць зразумець, на якія рызыкі трэба звярнуць увагу. Пры наяўнасці праблемы, звязанай, напрыклад, з анкалагічным захворваннем — ракам кішэчніка, страўніка, малочнай залозы, — выпрацоўваецца рэакцыя паводзін. Чалавек ходзіць да доктара, назіраецца. Гэта прыклад таго, наколькі важны генетычны пашпарт, каб ведаць свае ўразлівыя месцы і ўздзейнічаць на іх», — падкрэслівае Людміла Жылевіч.

Спецыяліст папярэджвае, што перамена месца жыхарства, асабліва кліматычнага пояса, для людзей, старэйшых за 75 гадоў, — сапраўдная катастрофа і вялікі стрэс, які можа выклікаць абвастрэнне захворванняў і пагаршэнне стану здароўя чалавека.

На планеце ёсць зоны, дзе шмат доўгажыхароў. У іх розны клімат, розныя харчовыя звычкі ў насельніцтва, розная псіхалогія, менталітэт. Востраў Сардзінія — адзін з пяці рэгіёнаў свету з найбольшай колькасцю доўгажыхароў. Цікава, што людзі з вялікай працягласцю жыцця жывуць там пераважна ў сельскай мясцовасці, а гэта цяжкая фізічная праца і пэўная дыета з вялікім спажываннем малака і малочных прадуктаў... Якія фактары спрацоўваюць? Ці гэта павінен быць комплекс фактараў? Вучоныя пакуль толькі шукаюць адказы.

Таксама заўважана, напрыклад, што аптымісты жывуць даўжэй. Можа быць, у хуткім часе гэта змогуць даказаць і на навуковай аснове?

— Чалавечы арганізм — гэта экалагічнае асяроддзе. І мне заўсёды хочацца сказаць: а што ты зрабіў, каб тваё асяроддзе было здаровым? — падкрэслівае Людміла Жылевіч. — Мы сталі радзей казаць аб працягласці жыцця і робім упор на яго якасць. Трэба імкнуцца не проста да падаўжэння жыцця, а менавіта да актыўнага даўгалецця...

Правілы даўгалецця

Харчаванне павінана быць збалансаваным, без залішку солі і з дастатковай колькасцю бялку. Пажылым людзям лепш аддаваць перавагу беламу мясу. Важна ўжыванне тлушчаў і вугляводаў. Асноўны ўпор трэба рабіць менавіта на павольныя вугляводы — гэта кашы. Сілкаванне павінна быць частым — 4–5 раз на дзень.

Вельмі важна прытрымлівацца пітнога рэжыму. Вада — той жыватворны кампанент, які падтрымлівае наша даўгалецце.

Для прафілактыкі кагнітыўнага дэфіцыту рэкамендуецца нагружаць мозг і ўвесь час яго трэніраваць. Добра падыдзе разгадванне крыжаванак, карысна вучыць на памяць вершы, яшчэ лепей — вучыць замежную мову або асвоіць музычны інструмент. Горшае, што можа зрабіць чалавек, — перастаць вучыцца і ўтаропіцца ў тэлевізар, каб пасіўна паглынаць інфармацыю.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.