Вы тут

МАК зацвердзіў уключэнне новых відаў у праграму Алімпійскіх гульняў 2028


На гэтым тыдні ў індыйскім Мумбаі скончылася 141-я сесія Міжнароднага алімпійскага камітэта, якая вызначае развіццё сусветнага алімпійскага руху на бліжэйшыя гады. На жаль, для беларускага спорту добрых навін з палей саміта не прыйшло. Самае балючае пытанне аб вяртанні нашых спартсменаў на міжнародныя старты і іх допуск на Алімпійскія гульні 2024 года зноў засталося без адказу. Пазіцыя не змянілася: Міжнародны алімпійскі камітэт, як адзначыў дырэктар дэпартамента па сувязях з нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі Джэймс Маклеод, асуджае невыкананне рэкамендацый па допуску да спаборніцтваў беларусаў асобнымі федэрацыямі па відах спорту. І на гэтым увесь удзел МАК у вырашэнні гэтага пытання, якое выклікае крызіс алімпійскага руху. 


«Рэкамендацыі застаюцца ў сіле. МАК ставіць перад сабой мэту выключыць дыскрымінацыю спартсменаў на аснове іх нацыянальнасці. У сакавіку гэтага года МАК выпусціў спецыяльныя рэкамендацыі па допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў. З таго часу многія міжнародныя спартыўныя федэрацыі змаглі распрацаваць крытэрыі па вяртанні спартсменаў у нейтральным статусе. Часам адбываецца ўмяшанне ў прыняцце незалежных рашэнняў з боку федэрацый, калі краіны настойваюць на поўным адхіленні беларусаў і расіян і нядопуску іх да ўдзелу ў спаборніцтвах, нават адмаўляючы ў выдачы віз. МАК асуджае падобнае ўмяшанне і ўважліва вывучае такія выпадкі. Таксама вы ведаеце, што НАК Беларусі і Расіі не атрымалі запрашэння на Алімпійскія гульні. МАК пакідае за сабой права выслаць іх у прыдатны для гэтага час», — сказаў Маклеад на сесіі.

І на гэтым усё. У Міжнароднага алімпійскага камітэта былі больш важныя задачы падчас сесіі. І гэта нават не змены ў Алімпійскай хартыі. А ўключэнне ў праграму летніх Алімпійскіх гульняў 2028 у Лос-Анджэлесе года пяці новых відаў: сцяг-футбол, крыкет, лакрос, сквош і бейсбол.

«Гэтыя пяць прапанаваных відаў спорту поўнасцю адпавядаюць мясцовай спартыўнай культуры і прадэманструюць свету культавыя амерыканскія віды спорту. Іх уключэнне дасць магчымасць алімпійскаму руху ўзаемадзейнічаць з новымі супольнасцямі спартсменаў і балельшчыкаў у ЗША і ва ўсім свеце», — паведаміў прэзідэнт МАК Томас Бах. Гучыць, канешне, вельмі прыгожа, калі не ўлічваць, што геаграфія гэтых відаў не надта шырокая. Разгледзем іх падрабязней. 

Бейсбол быў часткай алімпійскай сям’і падчас Гульняў у 1904-м годзе. Затым быў закінуты. А на Гульнях 2020 года вярнуўся як дадатковы від спорта. Напэўна,  усе ведаюць, што бейсбол надзвычай папулярны ў ЗША, таму цалкам лагічным здаецца, што ён увайшоў у праграму Гульняў, якія прыме гэта краіна. 

Стрыечны брат бейсбола родам з Англіі — крыкет – шалёную папулярнасць набыў у Індыі. Сёння гэты спорт мае больш за мільён аматараў ва ўсім свеце. Кубак свету, які прайшоў у Індыі, прыцгянуў увагу ўсёй краіны. Міжнародны алімпійскі камітэт гэтым своечасова скарыстаўся. Паведамляецца, што правы на трансляцыю Гульняў у Парыжы Індыя набыла прыкладна за 18 мільёнаў еўра. Але ў выпадку ўключэння крыкету ў праграму Алімпіяды індыйцы гатовы заплаціць і ўсе 173 мільёнаў еўра. Вось і ўся няхітрая арыфметыка.

Сцяг-футбол, па сутнасці, – гэта спрошчаная версія амерыканскага футбола. У ім менш сутыкненняў, траўм. У кожнай камандзе па 5 гульцоў і адзін запасны, матч працягваецца 20 хвілін на адкрытым полі. Заканадаўца мод, як не цяжка здагадацца — Злучаныя Штаты Амерыкі. Але прызёрамі чэмпіянату свету 2021 года сталі Мексіка, Італія і Панама. 

Лакрос — гульня, мэта якой закінуць мяч у вароты саперніка, выкарыстоўваючы клюшку. Адзначна сцвярджаць пра яго сусветную папулярнасць цяжка. Лідары лакроса — ЗША і Канада, якія сталі пераможцамі чэмпіянату свету 2023. 

Сквош — адна з разнавіднасцей тэніса. Толькі замест сеткі — сцяна, а гульцы знаходзяцца з аднаго боку і адбіваюць мяч адзін аднаму ад сцяны. Прапаноўвалася ўключыць яго ў алімпійскую праграму яшчэ ў пачатку стагоддзя, але гэтую ідэю недастаткова падрыхтавалі. Варта адзанчыць, што сквош досыць папулярны ў свеце, мае свой прафесіяльны тур, рэйтынгавую сістэму. Але ў Беларусі шырокай папулярнасці ён не набыў. Як і іншыя новыя алімпійскія віды. У нашай краіне яны зусім не распаўсюджаны, хіба што выключна на аматарскім узроўні. Не сфарміраваныя нацыянальныя каманды, спартсмены не ўдзельнічаюць у міжнародных стартах. Таму Алімпійскія гульні 2028 года для нашай краіны будуць цікавымі толькі дзякуючы нашым традыцыйным відам, дзе, хочацца верыць, беларускія спартсмены будуць чэмпіёнамі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.