Вы тут

Мікола Чарняўскі і ягоныя казкі, што жывуць між нас


Са студэнцкай пары ўва мне жыве цяга да збірання аўтографаў. Колькі іх цяпер — дзвесце-трыста? Цяжка палічыць! Словам, многа. А гэтая кніжка казак слаўнага дзіцячага паэта і майго даўняга сябра Міколы Чарняўскага «Дзе ўзяць красоўкі для слана?» стала юбілейнаю — дзясятаю, што падорана аўтарам. Калі згадаць, што сёлета Мікола Мікалаевіч адзначыў сваё 80-годдзе, дык кнігу можна лічыць юбілейнай двойчы. 


У прадмове аўтар шчыра прызнаецца: 

Як зорных нябёсаў квяцістасць, 

Як шчырасць матулінай ласкі, 

Як свет непаўторны дзяцінства, 

Жывуць з намі 

Розныя казкі. 

Мікола Чарняўскі бачыць незвычайнае ў звычайным і вядзе нязмушаную гаворку з юным чытачом. Скажам, чаму паспрачаліся насельнікі адной градкі? Аўтар быццам пытаецца ў малога: «Прачытаў казку „Лясная сталоўка“ і зрабіў высновы для сябе?» Ён верыць, што падобная рэч дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам расці добрымі і справядлівымі.

Адразу цэлы дзясятак іх сабраўся пад адной вокладкай. Вершаваных і непаўторных. Казкі — гэта тая няпраўда, якую любяць і ў якую вераць дарослыя і дзеці, бо памятаюць знакамітае выказванне: «Сказка — ложь, а в ней намёк, добрым молодцам урок». Дык які ўрок прапануе сваім чытачам Мікола Чарняўскі? 

Дзве казкі ў кнізе пра вучобу. Гэта «Незвычайны ўрок» ды «Сычова навука». Дзядуля Барбос, адпраўляючы любімага ўнука Пушка ў школу, дае яму наказ: 

— Палёгкі не прасі! 

Хоць будзе цяжка часам — 

Навуку ўсё ж грызі! 

І Пушок праявіў сапраўдную стараннасць: пакуль вучыўся, дашчэнту згрыз свой аловак. Сыч жа такой рупнасці не праяўляў: варта было яму сутыкнуцца з цяжкасцямі, як ураз забыў дарогу ў школу, вырашыўшы: «Добра знаю «Сы» — гэтага даволі!» 

Усе звыкліся з тым, што Слон, захапіўшыся спортам, паб’е не адзін рэкорд. І праўда, ён падняў штангу вагою ў дзесяць тон, а гантэлі падкідваў, нібы мячыкі, вушамі. Чакалі ўбачыць таксама, як Слон прабяжыць пяцікіламетроўку, а ён на старт не выйшаў, бо красовак не знайшоў. Кот Мурмыла з аднайменнай казкі вельмі баяўся мыла і стаў такім мурзатым, што адвярнуліся ад яго ўсе суседзі. Добра, што ўрэшце Мурмыла зразумеў сваю памылку... 

Надумалі лясныя жыхары збудаваць сталоўку, каб лягчэй было перажыць зіму. Дружна ўзяліся за працу ўсе: і лось, і бабры, і дзяцел, і лісіца, і вожык, і барсук... Хоць мядзведзь спіць у берлагу, але і ён не адмовіўся дапамагаць, бо не любіць лайдачыць. Бадай што адна сарока «памагала... языком». 

Сцюжа загнала і яе ў сталоўку. Сарока заўважыла, што астатнія ядуць з апетытам, а ў яе сподку пуста, і вельмі зазлавала. Кухарка зайчыха цётка Зіна нядоўга трымала зло на памагатку языком і: 

Кашы ў сподак ёй паклала 

І катлетку дадала, 

Не забыўшы намякнуць: 

— Еш, ды хітраю не будзь! 

Мікола Чарняўскі бачыць незвычайнае ў звычайным і вядзе нязмушаную гаворку з юным чытачом. Скажам, чаму паспрачаліся насельнікі адной градкі? Аўтар быццам пытаецца ў малога: «Прачытаў казку «Лясная сталоўка» і зрабіў высновы для сябе?» Ён верыць, што падобная рэч дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам расці добрымі і справядлівымі. А хіба не навучыць дбайнасці казка пра ката Мурмылу?..

Схітрыць можа не толькі Сарока. Хіба інакш паводзіць сябе Смоўж у казцы «Смоўж-ашуканец»? Гэта ён прадаў Коніку сваю хатку, але выбірацца з яе не стаў, а пакуль той гуляў у лузе, уцёк далёка, так што цяпер Конік скача, мочыць штонікі ў расе і, змораны і змучаны, трымціць пад лістком ды ўсё жытло сваё шукае. 

Найбольшую шкоду гатова была прынесці злосная цётка Слізготка, ды людзі аказаліся дужэйшымі. Вось пад’ехала машына, скінула жвір, а дворнік пачаў яго рассыпаць па тых месцах, дзе слізка. Бязмерна здзівілі Слізготку дзеці. Яны, нават упаўшы і збіўшы каленкі, смяяліся і былі радыя зіме, так што ўрэшце зласлівіца зразумела: трэба быць такою, як яны, і цяпер можна бачыць, як цётка Слізготка катаецца з малымі, а то і шайбу ганяе. 

Іншыя творы таксама клічуць чытачоў у незвычайна светлую, казачную прастору, добра вядомую аўтару, дзе ўжываюцца і педагогіка, і вясёлая ўсмешка, і трапнае слова. Цікавы падарунак юным чытачам падрыхтавалі паэт Мікола Чарняўскі і Выдавецкі дом «Звязда». Дый дарослыя знойдуць тут шмат патрэбнага для сябе. 

Расціслаў БЕНЗЯРУК

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.